Раса (надвор’е)
Раса́ — дробныя кроплі вады, якія ўтвараюцца ў працэсе кандэнсацыі вадзяной пары пры малавоблачным надвор’і ці ясным небе, пры штылі або слабым ветры ў выніку судакранання вільготнага паветра з халаднейшымі, ахалоджанымі начным выпраменьваннем паверхнямі (зямлёй, раслінамі, наземнымі прадметамі і інш.). На траве і лісці раслін кроплі звычайна зліваюцца ў буйнейшыя.
Як правіла, раса ўтвараецца ноччу або ўвечары, пасля захаду Сонца. Можа назірацца ў час смугі ці папярэднічаць утварэнню радыяцыйных туманаў, а таксама з’яўляцца разам з імі. На адкрытых гарызантальных паверхнях раса бывае багатай і ва ўмераных шыротах можа даваць да 0,5 мм слоя вады за ноч; гадавая колькасць вільгаці, якая ападае ў выглядзе расы, прыкладна 10-30 мм.
Раса адыгрывае важную ролю ў развіцці жывой прыроды. Яна з’яўляецца крыніцай вільгаці ў гарачыя і сухія перыяды для раслін і дробных жывёл. У працэсе кандэнсацыі вадзяной пары адбываецца ачышчэнне паветра ад забруджвальных рэчываў і выдзяленне цеплавой энергіі, таму замаразкі не ўзнікаюць.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 310. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]| Раса (надвор’е) на Вікісховішчы |
- Раса на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларуская энцыклапедыя»