Ратума

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ратума
фідж. Rotuma
Пляж Мафману
Пляж Мафману
Характарыстыкі
Плошча46 км²
Насельніцтва2 002 чал.
Шчыльнасць насельніцтва43,52 чал./км²
Размяшчэнне
12°30′ пд. ш. 177°04′08″ у. д.HGЯO
АкваторыяЦіхі акіян
Краіна
Ратума (Фіджы)
Ратума
Ратума
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Востраў Рату́ма (фідж.: Rotuma) — востраў, залежная тэрыторыя Фіджы на поўдні Ціхага акіяна. Агульная плошча — 46 км². Насельніцтва — 2002 чал. (2007 г.), пераважна ратумцы.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Ратума месціцца ў паўднёвай частцы Ціхага акіяна ў 642 км на паўночны захад ад Сувы, сталіцы Фіджы. Даўжыня з захаду на ўсход — 14,48 км. Найбольшая шырыня — 4,59 км. На захадзе вылучаецца невялікі паўвостраў, злучаны кароткім перасмыкам каля 230 м у шырыню.

Востраў мае вулканічнае паходжанне, уяўляе сабою шчытавы вулкан. Суша сфарміравана базальтамі. Пейзаж пагорысты з шматлікімі невысокімі конусамі. Найвышэйшы пункт — 256 м. Узбярэжжа не абаронена рыфам, амываецца высокімі хвалямі.

Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя тэмпература на працягу года — 24 °C — 30 °C. Дажджлівы сезон цягнецца з лістапада да красавіка. Найбольш сухі месяц — жнівень.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Ратума быў населены каля VI — VII стст. н. э. Археолагі лічаць, што першыя пасяленцы былі блізкімі па культуры да палінезійцаў. Каля X ст. н. э. пачаліся сталыя кантакты з Фіджы. Знойдзены рэшткі керамікі, відавочна фіджыйскага паходжання. Ратумцы лічаць сябе нашчадкамі выхадцаў з палінезійскага вострава Саваі, аднак размаўляюць на меланезійскай мове, блізкай да фіджыйскай. Да прыбыцця еўрапейцаў у іх склалася грамадства з ясна акрэсленай сацыяльнай няроўнасцю на чале вярхоўных правадыроў.

Востраў быў адкрыты ў 1791 г. брытанскай экспедыцыяй, пасланай на пошук мяцежнікаў з карабля «Баўнці». У сярэдзіне XIX ст. на Ратума ўмацаваліся брытанская пратэстанцкая і французская каталіцкая місіі. Місіянеры здолелі прыцягнуць да сябе значную частку насельніцтва і паменшыць уплыў правадыроў. Аднак у выніку суперніцтва дзвюх місій на востраве ўспыхвалі рэлігійныя войны, якія цягнуліся да 1878 г. Рада правадыроў звярнулася з запытам да каралевы Вікторыі забяспечыць бяспеку іх радзімы. 13 мая 1881 г. Ратума быў далучаны да каланіяльных валоданняў Вялікабрытаніі і кіраваўся як частка брытанскай калоніі Фіджы. Дзень уключэння вострава ў склад брытанскіх тэрыторый да нашых дзён з’яўляецца святам — днём Ратума.

У 1970 г., калі Фіджы дасягнулі незалежнасці, Ратума быў далучаны да гэтай дзяржавы ў якасці залежнай тэрыторыі. У 1987 г., калі на Фіджы адбыўся ваенны пераварот, частка насельніцтва выступіла за абвяшчэнне незалежнай Рэспублікі Ратума. Аднак канфлікт не перарос у ваенныя сутыкненні. Пасля 1998 г. Ратума фактычна з’яўляецц цалкам інтэграванай часткай Рэспублікі Астравоў Фіджы.

Кіраванне[правіць | правіць зыходнік]

Ратума мае статус залежнай тэрыторыі ў складзе Фіджы. Падзяляецца на 7 аўтаномных акруг, кожная з якіх кіруецца радай. Таксама існуе агульная рада вострава. Яна выконвае функцыі мясцовага ўрада з вельмі абмежаванымі паўнамоцтвамі. У склад агульнай астраўной рады ўваходзяць правадыры буйных родаў, а таксама прызначаныя чыноўнікі. З 1998 г. дарослае насельніцтва Ратума складае асобную выбарчую акругу ў ніжэйшую палату парламента Фіджы. Акрамя таго, ратумцы маюць магчымасць ўдзельнічаць у выбарах як прадстаўнікі іншых выбарчых акруг. 1 прадстаўнік агульнай рады вострава з’яўляецца чальцом вышэйшай палаты парламента Фіджы.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Ратума з’яўляецца буйным пастаўшчыком копры. Вытворцы копры аб’яднаны ў кааператыў, які займаецца закупамі і рэалізацыяй, забяспечвае ўгнаеннямі і іншымі неабходнымі для вытворчасці таварамі. Развіваецца камерцыйнае рыбалоўства. Большая частка насельніцтва так або інакш займаецца сельскай гаспадаркай. Пры гэтым з 1980-ых гг. існуе моцная залежнасць астравіцян ад імпарту такіх харчовых прадуктаў, як рыс, мяса, малако і інш. Праца адміністрацыйных структур фактычна фінансуецца ўрадам Фіджы. Многія ратумцы шукаюць працу за межамі вострава. На Ратума дзейнічаюць порт і аэрапорт. Улады імкнуцца развіваць турызм.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]