Меланезійцы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Хлопчыкі з Вануату

Меланезі́йцы — група народаў, карэнных насельнікаў Меланезіі. Насяляюць архіпелаг Бісмарка, Саламонавы астравы, Новую Каледонію, Фіджы, Новыя Гебрыды, паўночна-усходняе ўзбярэжжа Новай Гвінеі. Агульная колькасць — больш за 2 млн чалавек.

Этнічныя супольнасці[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Меланезіі вылучаецца 1319 моў, аднак толькі 250 - 300 моў належаць да меланезійскай галіны аўстранезійскай групы моў. У мінулым кожную мову атаесамлялі з наяўнасцю пэўнай этнічнай супольнасці. Аднак у нашы дні шырока распаўсюджаны штучныя мовы накшталт біслама, якімі карыстаюцца розныя народы. Акрамя таго, адбываецца культурная і палітычная інтэграцыя, што садзейнічае ўзнікненню буйных этнічных груп, якія размаўляюць на некалькіх мовах. Дакладнае вызначэнне колькасці этнічных супольнасцяў меланезійцаў зацяжарана тым, што ў Меланезіі захоўваецца падзел на дробныя традыцыйныя супольнасці, але ў той жа час вылучаюцца вялікія палітычныя аб'яднанні. Яны ўключаюць у сябе малыя супольнасці. Найбольшыя па колькасці групы меланезійцаў:

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Хаця антрапалогія і культура меланезійцаў вывучаюцца ўжо другое стагоддзе, пытанне аб іх паходжанні распрацавана значна горш, чым іншых груп народаў Аўстраліі і Акіяніі, да нашых дзён яно застаецца дыскусійным. Падобна папуасам і абарыгенам Аўстраліі, меланезійцы маюць ярка акрэсленыя рысы аўстралоіднай расы. Характэрным знешняй прыкметай меланезійцаў з’яўляецца тое, што сярод іх сустракаюцца людзі са светлымі валасамі. Генетыкі выявілі, што ген, які аказвае ўплыў на светлы колер валасоў, у меланезійцаў адрозніваецца ад еўрапейцаў[1]. Першыя людзі трапілі на тэрыторыю Меланезіі ў перыяд паміж 60 тысячамі і 35 тысячамі гадоў таму, але не вядома, ці з'яўляліся яны прамымі продкамі сучасных меланезійцаў.

Першыя даследчыкі Акіяніі рэдка вылучалі меланезійцаў і папуасаў як асобныя групы народаў менавіта з-за падабенства знешняга аблічча[2]. Дамінавалі розныя гіпотэзы іх паходжання з Афрыкі або Індыі. Аднак у далейшым стала вядома, што меланезійцы падобна палінезійцам і мікранезійцам размаўляюць на аўстранезійскіх мовах і маюць шматлікія падабенствы ў культуры з жыхарамі Палінезіі і Мікранезіі. Гэта стала прычынай таго, што меланезійцы фігуравалі ў розных тэорыях паходжання палінезійцаў або як пэўная субстратная група, якая з'явілася ў Акіяніі раней за продкаў палінезійцаў, або як нашчадкі агульных продкаў з палінезійцамі.

Швейцарскі даследчык Фелікс Шпайзер лічыў меланезійцаў нашчадкамі трэцяй хвалі мігрантаў-протааўстранезійцаў з тэрыторыі Інданезіі ў Акіянію. Яны змяшаліся з больш раннім папуаскім насельніцтвам, таму набылі аўстралоідныя рысы. Уплыў продкаў палінезійцаў адбыўся пазней ў выніку чацвёртай аўстранезійскай міграцыі. Перасяленне палінезійцаў толькі часткова закранула паўночна-ўсходнюю вобласць Меланезіі. Патрапіўшы на астравы ўсходняй Акіяніі, продкі палінезійцаў знайшлі тут цемнаскурае меланезійскае насельніцтва, змяшаліся з ім, пераняўшы сёе-тое з яго культуры. Гэтым Ф. Шпайзер тлумачыў частковае падабенства культур меланезійцаў і палінезійцаў[3]. Хаця асобныя часткі гіпотэзы Ф. Шпайзера абвяргаліся іншымі вучонымі, у цэлым яна застаецца асноўнай.

Апошнія генетычныя даследаванні[4][5][6] паказваюць, што меланезійцы і папуасы — прамыя нашчадкі старажытнага насельніцтва Азіі, якое першым мігрыравала ў Акіянію. Акрамя таго, выяўлена, што папуасы і меланезійцы — носьбіты генаў дзянісаўскага чалавека. Уплыў продкаў палінезійцаў меў месца пераважна на поўначы і ўсходзе Меланезіі, відавочна ў эпоху распаўсюджання культуры Лапіта. Аднак меланезійцы мелі прамыя адносіны да фарміравання палінезійцаў па мужчынскай лініі. У гэтай сувязі прапануецца гіпотэза, што продкі меланезійцаў адасобіліся ад папуасаў у выніку перасялення з вострава Новая Гвінея на іншыя астравы да міграцыі продкаў палінезійцаў і доўгі час развіваліся асобна. Шырокае рассяленне меланезійцаў у Меланезіі пачалося ўжо пасля таго, як продкі палінезійцаў прасунуліся ў межы Палінезіі.

Асаблівасці культуры[правіць | правіць зыходнік]

Новая Гвінея і Меланезія — адно са старажытнейшых месцаў на нашай планеце, дзе адбыўся пераход да сельскагаспадарчай вытворчасці[7]. Усе меланезійскія народы — заўзятыя земляробы.

Меланезіец не можа ўявіць сабе народа, што не апрацоўвае зямлю. Калі закантрактаваных у Меланезіі рабочых прывозілі ў Аўстралію, у Квінсленд, яны былі нямала здзіўлены, убачыўшы тут людзей, якія, хаця і былі чарнаскурымі, не ведалі земляробствы. Плантацыі ж еўрапейцаў не выклікалі да сябе з іх боку павагі: іх уласныя пасевы былі лепш. Са свайго боку, еўрапейскія назіральнікі не раз адзначалі адмысловую дбайнасць, з якой меланезійцы апрацоўваюць зямлю. Напрыклад, французскія вандроўнікі і пасяленцы на Новай Каледоніі прызнавалі, што агароды тубыльцаў у шматлікіх выпадках лепшыя за сялянскія агароды ў самай Францыі[8].

Вырошчвалі пераважна клубневыя культуры (тара, батат, ямс і інш.), какосавую пальму, хлебнае дрэва, бананы, на астравах Бісмаркасагавую пальму. Перад пасадкамі зямлю апрацоўвалі мужчыны з дапамогай завостраных калоў. Астатнюю працу да збору ўраджая выконвалі жанчыны. Адзіным вядомым ўгнаеннем быў попел. З прыходам еўрапейцаў шырока распаўсюдзіліся таварныя культуры — кава, чай, какава, цукровы трыснёг, ваніль, бавоўнік. Для ўнутранага спажывання сталі вырошчваць кукурузу, розную садавіну і гародніну.

Жывёлагадоўля не адыгрывала важнага значэння. Меланізійцы трымалі сабак, курэй і свінняў. Новакаледонцы свінняў ня ведалі. На некаторых астравах свінні з'яўляліся адзінкай абмену, але часцей для гэтага выкарыстоўвалі своеасаблівыя грошы — звязкі рэдкіх ракавін.

Рыбалоўства здаўна лічылася галоўным заняткам мужчын. Рыбу лавілі пераважна ў моры, адносна недалёка ад берага, на буйных астравах — на рэках. Меланезійцы валодаюць мноствам спосабаў здабычы. Акрамя рыбы, у моры здабываюць чарапах і малюскаў[9][10]. Сухапутнае паляванне амаль не развіта з-за адсутнасці багатай колькасці аб'ектаў здабычы. На некаторых астравах палююць на дзікоў і сабак, але часцей — на птушак. Пры гэтым карыстаюцца лукам і стрэламі.

Да прыходу еўрапейцаў рамяство не вылучылася ў самастойную галіну і было накіравана на забеспячэнне хатніх патрэб. Некаторае выключэнне мелі рамеснікі, якія выраблялі зброю і лодкі. На Фіджы будаўнікі лодак складалі асобы пласт насельніцтва са сваімі правадырамі. Іх паслугамі ахвотна карысталіся суседзі-палінезійцы. Здабыча і апрацоўка металаў адсутнічалі. Галоўнымі матэрыяламі для вырабу зброі і прылад працы былі дрэва, камень і ракавіны малюскаў, радзей — косць. Найбольш развітыя тэхналогіі апрацоўкі каменю існавалі на астравах Адміралцейства. Ганчарства было вядома толькі на Фіджы і Новых Гебрыдах, прычым ім займаліся выключна жанчыны. Іншыя традыцыйныя жаночыя рамёствы — пляценне і апрацоўка птушынага пер'я.

Асноўны традыцыйны тып паселішча — вёска, звычайна раскіданай планіроўкі, з рознай колькасцю хацін. Меланезійцы імкнуцца жыць каля мора. На Новай Брытаніі вёскі часцяком мелі пэўны план і добра ўмацоўваліся. Умацаваныя паселішчы таксама вядомы на Фіджы[11]. Жытлы лёгкія, будуюцца на па́лях і платформах, маюць разнастайную форму. Радзей сустракаюцца хаціны паўзямлянкавага тыпу, паглыбленыя ў зямлю. Цэнтральнае месца ў вёсцы займаў мужчынскі дом або дом правадыра.

Меланезійцы традыцыйна гатуюць ежу на адкрытым вогнішчы, вуглях або ў земляных пячах. Амаль паўсюдна паўседзённай ежай з'яўляюцца запечаныя клубневыя культуры і рыба. Мяса елі падчас святаў[12][13]. У якасці лёгкага наркотыка ўжывалі карані кавы. Іх або жавалі, або гатавалі напой. Прычым, месцы, дзе было распаўсюджана жаванне, ніколі не супадалі з месцамі распаўсюджання напою. У нашы дні народная кулінарыя ўзбагацілася еўрапейскімі і азіяцкімі стравамі, папулярны рыс, алкагольныя напоі, кава, чай, кансерваваныя прадукты.

Традыцыйная вопратка адрознівалася мінімалізмам. На некаторых астравах мужчыны і жанчыны наогул не апраналіся. Аднак меланезійцы заўсёды імкнуліся ўпрыгожыць цела з дапамогай татуіровак, парыкоў, штучных упрыгожванняў з раслін або ракавін. Пазней распаўсюдзіліся еўрапейскія формы вопраткі. Традыцыйным адзеннем лічыцца саронг лаплап з тапы або сплеценых раслінных валокнаў.

Галоўнай сацыяльнай адзінкай меланезійскага грамадства здаўна з'яўлялася тэрытарыяльная абшчына, якая звычайна аб'ядноўвала жыхароў адной вёскі. Абшчына кантралявала размеркаванне зямлі, ураджаяў, магчымасці аказання ўзаемадапамогі, абароны, займалася судом і г. д. Чальцы абшчыны маглі падзяляцца на матрылінейныя або патрылінейныя роды, групы па занятках, мужчынскую і жаночую часткі, малыя нуклеарныя сем'і, але ў выніку ўсе яны падпарадкоўваліся інтарэсам абшчыны. Шлюб звычайна заключаўся па дамоўленасці паміж сваякамі, але са згоды маладых. Мужчына павінен быў заплаціць за нявесту выкуп. У сваю чаргу, абшчына вылучала жаніху зямельны надзел, і ён меў магчымасць да пачатку вяселля пабудаваць сямейную хаціну.

Сістэма сваяцтва меланезійцаў вельмі складаная. Галоўным ў сям'і лічыцца бацька, але клопат пра зямельны надзел і дзяцей прыпадае пераважна на маці. У сямейным жыцці значную ролю адыгрываюць яе браты. Яны дапамагаюць апрацоўваць надзел, удзельнічаюць у выхаванні пляменнікаў. У сваю чаргу, муж атрымоўвае ежу з надзела, што апрацоўвае яго жонка і яе браты, але праяўляе клопат у дачыненні да сямей сясцёр або іншых жанчын свайго рода. У мужа і жонкі захоўваецца адрозная прыватная маёмасць на сямейныя рэчы. На Трабрыянскіх астравах пасля смерці мужа жонка вяртаецца да сваякоў са сваёй маёмасцю. У мінулым існавалі выпадкі палігініі.

У меланезійскім грамадстве ясна выяўлена апазіцыя паміж мужчынскім і жаночым светам[14]. Мужчыны адной вёскі аб'яднаны ў своеасаблівы клуб, цэнтрам якога з'яўляецца мужчынскі дом. На некаторых астравах у вёсках меліся асобныя жаночыя дамы. Мужчыны цураюцца займацца жаночымі справамі. Нават святы мужчыны і жанчыны адной сям'і, рода і абшчыны арганізуюць паасобку. У нашы дні апазіцыя захоўваецца і часцяком ператвараецца ў прычыну канфліктаў[15].

Вясковыя тэрытарыяльныя абшчыны маглі фарміраваць аб'яднанні накшталт племянных, але апошнія часцей не мелі адзінай арганізацыі ўлады і нават саманазвы. Некаторае выключэнне складалі меланезійскія грамадствы Фіджы і Новай Каледоніі, дзе меўся інстытут ваенных правадыроў вялікіх тэрытарыяльных аб'яднанняў. Інстытут вясковых правадыроў значна адрозніваецца ад палінезійскага або мікранезійскага. Гэта зразумелі ўжо першыя антраполагі, што працавалі ў Меланезіі, таму замянялі слова "правадыр" (англ.: chief) на "вялікі чалавек" (англ.: bigman). "Вялікія людзі" лічыліся валадарамі вялікай колькасці мана і прадстаўнікамі свайго рода, але галоўны ўплыў аказвалі праз спадчыннае ўладальнне зямлёю[16][17][18]. Уладанне абмяжоўвалася звычаямі размеркавання надзелаў абшчынай (пры гэтым яна магла не звяртаць увагу на фармальнага ўладальніка), не давала права продажу або арэнды. Нават ураджай з агародаў і дрэў належыў не ўладальніку, а таму, хто іх пасадзіў або яго нашчадкам. Аднак нават такое вельмі фармальнае права на зямлю ўзвышала правадыра над астатнімі абшчыннікамі і дазваляла праводзіць актыўную самастойную палітыку ў дачыненні да абшчыны.

Меланезійцы маюць багаты фальклорказкі, міфы, генеалагічныя паданні, рытуальныя песні і танцы.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя рэлігійныя вераванні меланезійцаў у сваёй аснове з'яўляліся політэістычнымі, заснаванымі на веры ў шматлікіх багоў, духаў і культурных герояў. Прычым, у адрозненні ад палінезійцаў і мікранізійцаў, меланезійцы не мелі адзінай міфалогіі. Імёны багоў і іх іерархія складаліся кожнай этнічнай групай асобна. Богі-стваральнікі свету не заўсёды шанаваліся як галоўныя. Разам з гэтым, даследчыкі заўважаюць пашыраныя міфы пра змеяў, блізнят і волатаў-людаедаў[19]. Агульнай для ўсіх меланезійцаў таксама з'яўлялася вера ў звышнатуральную сілу мана, якой надзялялі ўсіх людзей, прыродныя аб'екты і рэчы. Аднак, на думку вернікаў, мана размяркоўвалася па-рознаму. Людзі, што быццам бы валодалі большай мана, атрымоўвалі жыццёвы поспех, маглі быць правадырамі і лекарамі. Чужой мана можна было авалодаць у выніку забойства ўладальніка, практыкавання канібалізма, ахвярапрынашэнняў і розных магічных дзеянняў[20]. Магія лічылася пашыранай з'явай. Функцыі служак культу звычайна выконвалі старыя вопытныя мужчыны.

У XIX - XX стст. у выніку місіянерскай дзейнасці большасць вернікаў далучылася да розных плыняў хрысціянства. У XX ст. быў пашыраны культ карга. У нашы дні захоўваюцца толькі рэшткі традыцыйных культаў.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. The Origin of Blond Afros in Melanesia
  2. Меланезийцы. Краткий исторический обзор
  3. Происходжение народов Океании. Происхождение меланезийцев
  4. Why Am I Denisovan?
  5. Melanesian and Asian Origins of Polynesians: mtDNA and Y Chromosome Gradients Across the Pacific
  6. Mitochondrial DNA variation is an indicator of Austronesian influence in Island Melanesia
  7. Гл.: Timothy P Denham, José Iriarte, Luc Vrydaghs, RETHINKING AGRICULTURE: ARCHAEOLOGICAL AND ETHNOARCHAEOLOGICAL PERSPECTIVES. - Left Coast Press, 2009
  8. Народы Австралии и Океании / Под ред. С. А. Токорева, С. П. Толстова. - М.: АН СССР, 1956. С. 393
  9. Nearshore fisheries and human development in Vanuatu and other parts of Melanesia
  10. Traditional Methods of Fishing(SouthWest Pacific)
  11. THE MELANESIAN REGION — FORTIFIED PLACES OF FIJI
  12. Vanuatu local food tour
  13. Islands of the Pacific
  14. Bruce M. Knauft, Men, Modernity and Melanesia
  15. Imrana Jalal, HARMFUL PRACTICES AGAINST WOMEN IN PACIFIC ISLAND COUNTRIES: CUSTOMARY AND CONVENTIONAL LAWS
  16. History and Tradition in Melanesian Anthropology / Edited by James G. Carrier. - UNIVERSITY OF CALIFORNIA PRESS: Berkeley · Los Angeles · Oxford, 1992 P. 77 - 78, 119
  17. CHRISTOPHE SAND, Melanesian Tribes vs. Polynesian Chiefdoms: Recent Archaeological Assessment of a Classic Model of Sociopolitical Types in Oceania
  18. Harold M. Ross, Leadership Styles and Strategies in a Traditional Melanesian Society
  19. Melanesian Mythology
  20. RELIGION AND CUSTOMS OF THE MELANESIAN

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]