Ратума (народ)
Ратума (Rotuma Hanua) | |
Рада правадыроў Ратумы, 1927 г.
| |
Агульная колькасць | 11300 тыс. (2014 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Фіджы |
Мова | ратума |
Рэлігія | анімізм, культ продкаў, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | канакі Новай Каледоніі, фіджыйцы |
Ратума (саманазва Rotuma Hanua) — меланезійскі народ, карэннае насельніцтва вострава Ратума (Фіджы). Агульная колькасць (2014 г.) — 11300 чал.[1]
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Паходжанне ратума з’яўляецца даволі спрэчным, паколькі антрапалагічна і па культуры яны больш падобны на палінезійцаў, аднак размаўляюць на меланезійскай мове, блізкай да фіджыйскай. Згодна паданням саміх ратума, іх першапродкам быў Раха, выхадзец з палінезійскага вострава Саваі. Археолагі высветлілі, што людзі з’явіліся на Ратума каля VI — VII стст. н. э. Некаторыя даследчыкі лічаць, што першыя пасяленцы былі палінезійцамі, аднак каля X ст. на востраў прыбылі меланезійцы, выхадцы з Фіджы. Захавалася кераміка гэтага часу, падобная на фіджыйскую. У выніку іх змешвання сфарміраваліся сучасныя ратума.
Існуе таксама думка, што першыя пасяленцы ўсёткі былі меланезійцамі, а міфалогія і культура, характэрныя для палінезійцаў, была запазычана ратума ў пазнейшы перыяд праз усталяванне сталых кантактаў з выхадцамі з Тонга і Самоа. Наяўнасць такіх кантактаў пацвярджаецца легендамі саміх ратума.
Генетычнае даследаванне сучасных жыхароў вострава[2] паказала, што яны вельмі блізкія па паходжанню да палінезійцаў.
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Асноўным заняткам ратума здаўна з’яўляецца земляробства. Вырошчваюць клубневыя культуры, хлебнае дрэва, бананы, какосавую пальму і г. д. Зямлю апрацоўваюць мужчыны. Жывёлагадоўля мае дадатковы характар. Трымаюць свінняў, курэй, коз. Да хрысціянізацыі трымалі на мяса сабак. Распаўсюджаны прыбярэжнае рыбалоўства і збор малюскаў.
Асноўны тып паселішча — вёска. Звычайна вёскі ратума месцяцца не далёка ад мора, агароджваюцца нізкім мурам, каб прадухіліць бегства свінняў. Традыцыйныя драўляныя хаціны каркаснага тыпу будаваліся на па́лях. Акрамя звычайнага жытла, у фальклоры ўзгадваюцца асаблівыя дамы для нежанатых юнакоў. У наш час пераважаюць пабудовы сучаснага тыпу. Характэрна наяўнасць бляшаных дахаў. Яны выкарыстоўваюцца для збору чыстай дажджавой вады. У мінулым на Ратума выраблялі тапу, з якой шылі мужчынскую і жаночую вопратку.
Асноўнай адзінкай грамадства з’яўляецца пашыраная сям’я на чале бацькі. Адлік сваяцтва вядзецца адначасова па мужчынскай і жаночай лініі, падтрымліваюцца шчыльныя стасункі не толькі з родным бацькам, але і з братамі маці. Сувязі з сям’ёй застаюцца важнымі нават для тых, хто пакідае родны востраў. Звычайна, ратума, што жывуць асобна, імкнуцца прыняць удзел у жыцці сям’і праз падтрымку грашыма, пры гэтым могуць разлічваць на зваротную дапамогу. Сем’і аб’ядноўваюцца ў роды.
Ужо да прыбыцця еўрапейцаў увесь востраў Ратума быў падзелены на 7 раёнаў. На чале кожнага з іх стаяў правадыр gagaj 'es itu’u. Правадыры аб’ядноўваліся ў раду вострава, якая вырашала агульныя для ўсіх жыхароў пытанні. Асаблівая роля ў радзе належала тром правадырам — fakpure, sau і mua. Правадыр fakpure прадстаўляў род, што перамог у апошняй вайне, адказваў за арганізацыю сустрэч і цырымоній, найважнейшай з якіх была сумеснае распіванне лёгкага наркатычнага напоя кавы. Sau лічыўся вярхоўным правадыром, і еўрапейцы нават называлі яго каралем Ратума. На самой жа справе, sau меў вельмі абмежаваныя паўнамоцтвы і часцяком выконваў ролю марыянеткі fakpure. Ён выбіраўся з ліку правадыроў раёнаў і выконваў абавязкі на працягу абмежаванага часу. Функцыі mua да канца не зразумелы. Мяркуецца, што да хрысціянізацыі ён быў першасвятаром і ў далейшым захаваў фармальна высокі статус.
У выніку доўгіх рэлігійных войн XIX ст. паміж пратэстантамі і каталікамі вярхоўныя правадыры згубілі ўладу над простымі абшчыннікамі. Таму ў 1879 г. рада звярнулася да каралевы Вялікабрытаніі з прапановай прыняць Ратума ў склад залежных ад яе тэрыторый. У 1881 г. востраў фактычна перайшоў пад кіраванне брытанскай каланіяльнай адміністрацыі на Фіджы. Брытанскія чыноўнікі ўзнавілі папярэднюю сістэму кіравання і вярнулі правадырам іх паўнамоцтвы, хаця абмежавалі раду сваім прадстаўніком. Пасля абвяшчэння незалежнасці Фіджы роля прадстаўніка ўрада на Ратума значна паменшылася, а правадыроў — вырасла.
Ратума выдатна захавалі духоўную спадчыну. Яны вядомы сваімі меладычнымі спевамі і танцамі, шматлікімі міфамі, легендамі і гістарычнымі паданнямі, мастацтвам татуіроўкі.
Рэлігія
[правіць | правіць зыходнік]Старажытныя рэлігійныя вераванні ратума абапіраліся на анімістычныя ўяўленні аб існаванні духаў памерлых атуа. Кожны род і сям’я імкнуліся захаваць кантакт са сваімі атуа для атьрымання ад іх дапамогі і, наадварот, прадухіліць адмоўны ўплыў з боку чужых атуа. Чалавек, у якога быццам бы ўсяляўся атуа, называўся сур’атуа. Вярхоўныя правадыры мелі асабістых духаў-заступнікаў аіту. Акрамя таго, меліся духі-ахоўнікі пэўных раёнаў вострава або злыя духі.
З канца XVIII ст. прадрымаліся спробы ахрысціць ратума. Канчаткова гэты працэс завершыўся да 1874 г. У нашы дні большасць вернікаў належаць да каталіцызму і розных плыняў пратэстантызму.
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- rotuma.net
- ROTUMA Aspects of History Архівавана 28 жніўня 2014.
- Rotuma by Alan Howard
- Where Has Rotuman Culture Gone? And What is it Doing There?
- Countries and Their Cultures Rotuma
- EXOTIC AND INDIGENOUS: CERAMIC SHERDS FROM THE ISLAND OF ROTUMA Архівавана 12 лютага 2018.
- ROTUMA. Its History, Traditions and Customs. By W. E. RUSSELL Архівавана 2 лютага 2018.