Руска-беларускі слоўнік Александровіча
| Руска-беларускі слоўнік Александровіча | |
|---|---|
| | |
| Аўтар | Андрэй Іванавіч Александровіч |
| Мова арыгінала | беларуская |
| Выпуск | 1937 |
«Руска-беларускі слоўнік» — нарматыўны (да другой паловы 1938 года) руска-беларускі слоўнік, выданы ў адным томе ў Менску ў першай палове 1937 года пад рэдакцыяй Андрэя Александровіча[1].
Адметнасцямі слоўніка былі надзвычай доўгі час, патрачаны на яго падрыхтоўку, і моцны ўплыў ідэалагічных і палітычных фактараў на яго выхад. Праца над ім ішла ў атмасферы татальнага кантролю, тэрору і рэпрэсій сярод беларускіх лінгвістаў у 1930-я гады[2][3].
Гісторыя стварэння
[правіць | правіць зыходнік]Праца над новым руска-беларускім слоўнікам была ініцыяваная 30 кастрычніка 1930 года[4] пасля масавых рэпрэсій у беларускай мовазнаўчай навуцы (справа «Саюза вызвалення Беларусі») і забароны карыстання працамі «ворагаў народа», у тым ліку папярэднім «Расійска-беларускім слоўнікам» (1928) М. Байкова і С. Некрашэвіча. Першапачаткова здача ў друк планавалася на 1 чэрвеня 1931 года, затым тэрміны неаднаразова пераносіліся на 1932 і 1933 гады[2], але рэальная праца над слоўнікам пачалася, відаць, толькі ў пачатку 1932 года[2]. Агульную рэдакцыю ў гэты час ажыццяўлялі прэзідэнт БАН П. Горын, дырэктар Дзяржаўнага выдавецтва Беларусі (ДВБ) А. Некрашэвіч, адказны рэдактар газеты «Савецкая Беларусь» П. Шастакоў і вучоны сакратар Інстытута мовазнаўства П. Юргелевіч[5].
Як цэлае, першая рэдакцыя слоўніка не была гатова раней за вясну 1933 года[2]. Але палітычныя падзеі (новая хваля барацьбы з «нацыянал-дэмакратызмам» 1933—1934 гадоў) спынілі выпуск: адзін з рэдактараў, А. Некрашэвіч, быў зняты з пасады 12 сакавіка 1933 года[6], а ў прэсе была агучана думка пра тое, што «нацдэмы» стараліся «засмеціць» новы рыхтаваны слоўнік[2]. Апроч таго, пасля пастановы СНК БССР «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу» спатрэбілася карэнная перапрацоўка слоўніка на новы правапіс, адпаведнае рашэнне аб чым было прынята прэзідыумам Акадэміі навук 27 жніўня 1933 года[7]. Між іншым, 8 верасня 1933 года прэзідыум БАН звяртаўся з просьбай адрэдагаваць падрыхтаваны слоўнік і даць па ім разгорнуты водгук да Б. Тарашкевіча[7] (але вынік гэтага звароту невядомы). Каля канца 1933 — пачатку 1934 года новым адказным рэдактарам замест рэпрэсаваных лінгвістаў быў прызначаны лаяльны партыі пісьменнік А. Александровіч[2].
Выпуск, перапланаваны на 1934 год, не адбыўся. Імаверна, што ў канцы 1934 года ранейшая праца была забракаваная, і пачалася падрыхтоўка новай рэдакцыі з запланаванай здачай у друк у канцы 1935 года[2]. Слоўнік быў у асноўным гатовы не пазней за ліпень 1935 года, атрымаў станоўчую рэцэнзію А. Александровіча, і 19 жніўня 1935 года прэзідыум акадэміі пастанавіў тэрмінова здаць яго ў друк[8]. Канчаткова ён выйшаў у свет толькі ў першай палове 1937 года.
Неўзабаве пасля арышту самога А. Александровіча 1 ліпеня 1938 года слоўнікам было забаронена карыстацца, паколькі ён лічыўся падрыхтаваным пад кіраўніцтвам «ворага народа»[1].
Лёс двухтомнага рукапісу
[правіць | правіць зыходнік]У 1930-я гады ў Інстытуце мовазнаўства паралельна рыхтаваўся і вялікі двухтомны руска-беларускі слоўнік, які так і не быў выдадзены. У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захаваліся фрагменты гэтага рукапіснага слоўніка, датаваныя 1936 годам[9]. Яны ўключаюць каля 11 тысяч слоў на літары А, Б, В, Д і Ж. Параўнанне гэтага рукапісу са слоўнікам 1937 года паказвае, што аб'ём двухтомніка павінен быў скласці каля 100 тысяч адзінак, што ў 2–3 разы перавышала вакабуляр выдадзенага аднатомніка[10]. У рукапісе фіксуецца значнае скарачэнне колькасці беларускіх сінонімаў і штучнае ўвядзенне словаўтваральных русізмаў або царкоўнаславянізмаў (напрыклад, возмутительный — абураючы замест абуральны, ввергать — увяргаць замест ўкідаць), што сведчыць пра ціск і выкананне аўтарамі «ідэалагічнага» заказу па набліжэнні беларускай мовы да рускай[11].
Ацэнкі
[правіць | правіць зыходнік]Яшчэ да забароны слоўнік 1937 года крытыкаваўся за надзвычайную русіфікаванасць беларускай часткі. Даследчык Л. Шакун адзначаў у ім вялікі крэн у бок збліжэння беларускай мовы з рускай і сцвярджаў, што выданне было вытрымана ў духу тагачасных ідэалагічных установак, таму яно «не набыло аўтарытэту ў грамадстве»[1]. Разам з тым, паколькі слоўнік быў прызначаны перадусім «для партыйнага, камсамольскага, фабрычна-заводскага і калгаснага актыву»[8], ён, магчыма, цалкам задавальняў патрэбы менавіта гэтай моцна русіфікаванай аўдыторыі[12].
Імаверна, гэты слоўнік атаясамліваецца з так званай «другой рэдакцыяй» руска-беларускага слоўніка, узгаданай К. Гурскім 10 жніўня 1938 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» сярод «першых дзвюх рэдакцый, якія былі зроблены ворагамі народа» і якія папярэднічалі пачатку працы над трэцяй рэдакцыяй[13][1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- 1 2 3 4 Запрудскі 2015, с. 172.
- 1 2 3 4 5 6 7 Запрудскі 1998, с. 110–114.
- ↑ Запрудскі 2015, с. 172–178.
- ↑ Запрудскі 2015, с. 173.
- ↑ Запрудскі 2015, с. 174.
- ↑ Запрудскі 2015, с. 175.
- 1 2 Запрудскі 2015, с. 176.
- 1 2 Запрудскі 2015, с. 178.
- ↑ Запрудскі 2015, с. 180.
- ↑ Запрудскі 2015, с. 181.
- ↑ Запрудскі 2015, с. 183–186.
- ↑ Запрудскі 1998, с. 113.
- ↑ Запрудскі 1998, с. 110.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Запрудскі С. М. Да перадгісторыі «Руска-беларускага слоўніка» пад рэдакцыяй А. Александровіча // Vocabulum et vocabularium : Сб. научн. трудов по лексикографии / отв. ред. В. В. Дубичинский. — Гродно: ГрГУ, 1998. — В. 5. — С. 110—114. — ISSN 0453-79998.
- Запрудскі С. М. Гісторыя беларускага мовазнаўства (1918–1941) : дапаможнік. — Мінск: БДУ, 2015. — 191 с. — ISBN 978-985-566-249-6.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]| Руска-беларускі слоўнік Александровіча ў Вікікрыніцах | |
| Руска-беларускі слоўнік Александровіча на Вікісховішчы |
- Руска-беларускі слоўнік Архівавана 9 красавіка 2024.