Сафокл
| Сафокл | |
|---|---|
| стар.-грэч.: Σοφοκλῆς | |
| | |
| Асабістыя звесткі | |
| Дата нараджэння | каля 496 да н.э.[1] |
| Месца нараджэння | |
| Дата смерці | каля 406 да н.э.[1] |
| Месца смерці | |
| Грамадзянства | |
| Дзеці | Iophon[d] і Ariston[d] |
| Прафесійная дзейнасць | |
| Род дзейнасці | аўтар трагедый, драматург, пісьменнік, святар, палітык |
| Жанр | старажытнагрэчаская трагедыя[d] |
| Мова твораў | старажытнагрэчаская мова |
Сафо́кл (грэч. Σοφοκλής; каля 496 да н.э., Калон, Атыка — 406 да н.э.) — старажытнагрэчаскі драматург.
Нарадзіўся ў 495 годзе да н. э., у афінскім прадмесці Калон. Месца свайго нараджэння, здаўна праслаўленае святынямі і алтарамі Пасейдона, Афіны, Еўменід, Дэметры, Праметэя, паэт апеў у трагедыі «Эдып ў Калоне». Паходзіў з заможнай сям'і Сафіла, атрымаў добрую адукацыю.
Пасля Саламінскай бітвы (480 год да н. э.) удзельнічаў у народным свяце як кіраўнік хору. Двойчы быў абраны на пасаду стратэга і адзін раз выконваў абавязкі члена калегіі, якая ведала саюзнай казной. Афіняне абралі Сафокла ў стратэгі ў 440 годзе да н. э. падчас Самоскай вайны пад уражаннем яго трагедыі «Антыгона», пастаноўка якой на сцэне прыпадае, такім чынам, да 441 года да н. э.
Галоўным яго заняткам было складанне трагедый для афінскага тэатра. Першая тэтралогія, пастаўленая Сафоклам у 469 годзе да н. э., прынесла яму перамогу над Эсхілам і адкрыла сабой шэраг перамог, атрыманых на сцэне ў спаборніцтвах з іншымі трагікамі. Крытык Арыстафан Візантыйскі прыпісваў Сафоклу 123 трагедыі.
Сафокл адрозніваўся вясёлым, таварыскім характарам, не цураўся радасцяў жыцця, як відаць са слоў нейкага Кефала ў Платонавай «Дзяржаве» (I, 3). Быў блізка знаёмы з гісторыкам Герадотам. Памёр Сафокл на 90-м годзе жыцця, у 406 г. да н. э. у горадзе Афіны. Гараджане збудавалі яму ахвярнік і штогод ўшаноўвалі як героя.
Сын Сафокла — Іяфон сам стаў афінскім трагікаў.
Біяграфічныя звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Граў важную ролю пры ўвядзенні ў Афінах культу Асклепія (420—419 да н.э.), і за гэта, відаць, атрымаў і рэлігійнае ўшанаванне — пасля смерці, як паўбог, атрымаў імя Дэксій.
Сын Сафіла; ані разу не пакідаў Афінаў. Меў спакойны, ураўнаважаны характар, карыстаўся агульнай любоўю; сябраваў з Перыклам.
18 разоў перамагаў са сваімі творамі на конкурсах, усе іншыя разы браў другое месца. Аўтар трагедый. Буйнейшую трагедыю «Цар Эдып» напісаў у семдзесят пяць гадоў. А ў дзевяноста зноў вярнуўся да любімага героя ў п'есе «Эдып у Калоне», каб усё ж высветліць для сябе, чаму багі караюць невінаватага.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Крытык Арыстафан Візантыйскі прыпісваў Сафоклу 123 трагедыі. Да нашага часу дайшлі поўныя тэксты сямі трагедый: «Цар Эдып» («Эдып-цар»), «Антыгона», «Электра», «Філактэт», «Аякс», «Трахінянкі», «Эдып у Калоне».
Сюжэт трагедыі «Цар Эдып» наступны. Эдып забівае бацьку, не ведаючы, што гэта бацька, і бярэ шлюб з маці, зноў-такі не ўяўляючы ісціны. Багі караюць яго, хоць усё было прадвызначана імі ж яшчэ да з’яўлення Эдыпа на свет. У маладосці, даведаўшыся пра сваю небяспечную будучыню ў Дэльфійскага аракула, Эдып робіць усё, каб пазбегнуць такога лёсу, але кожны яго крок толькі садзейнічае запланаванаму на Небе развіццю падзей. Удары Року, здаецца, знішчаюць чалавека: маці-жонка Іакаста заканчвае жыццё самагубствам, сам Эдып асляпляе сябе і пакідае Фівы. І ўсё ж у кашмарнай сітуацыі застаецца нешта нявыяўленае, нявытлумачанае. Высакародны чалавек ідзе на злачынствы па волі багоў, і яны ж вінавацяць яго ў гэтым. Эдып адчувае, што багі адступіліся ад яго, і адзінае яго імкненне — зноў яму, злачынцу, наблізіцца да багоў.
У трагедыі «Эдып у Калоне» апісваецца дзіўная смерць Эдыпа: ён проста знікае ў ззянні святла, нібы багі, як бы кампенсуючы сваю несправядлівасць у адносінах да чалавека, прымаюць яго да сябе. Нямецкі філосаф Ф. Ніцшэ (XIX ст.) выказаў меркаванне, што сваёй незвычайнай смерцю Эдып заслужыў свет, дзе не дзейнічае Рок. Для іншага буйнейшага філосафа і псіхолага — аўстрыйца 3. Фрэйда — сюжэт пра Эдыпа стаў асновай яго тэорыі псіхааналізу.
Надзвычай глыбокая па змесце яшчэ адна трагедыя Сафокла — «Антыгона». Яна распавядае пра дзяцей Эдыпа, бо Рок звычайна карае ўвесь род. Сыны героя Этэокл і Палінік не маглі падзяліць уладу пасля смерці бацькі. Палінік вядзе ворагаў на горад Фівы. Абодва сыны Эдыпа гінуць. Функцыі ўладара бярэ на сябе брат Іакасты — Крэонт. Ён з пашанай хавае Этэокла, які адстойваў родны горад, а труп здрадніка Палініка кідае на спажыву сабакам і драпежным птушкам. Пад пагрозай смяротнага пакарання сястра абодвух загінулых Антыгона хавае Палініка. Крэонт жорстка карае сваю пляменніцу, замураваўшы яе жывою. У склепе Антыгона заканчвае жыццё самагубствам. Ад адчаю закалоў сябе яе жаніх Гемон — сын Крэонта. Маці Гемона, жонка Крэонта, таксама выбірае смерць. Крэонт застаецца адзін, расплаціўшыся адзінотай за сваю вернасць літары закону.
Сафокл не асуджае ніводнага са сваіх герояў. Учынак Антыгоны, безумоўна, выклікае захапленне. Але і Крэонт мае рацыю на ўзроўні палітычнай неабходнасці, цяжкага ваеннага становішча горада. Ён лічыць, што ўшанаваць мёртвага здрадніка Палініка — значыць пакрыўдзіць памяць патрыёта Этэокла. Вобраз Крэонта ўвасабляе сабою дзяржаўны парадак і грамадзянскае права, юрыдычны закон. Космас Антыгоны больш шырокі. Яна адстойвае пераважнае права няпісаных законаў, якімі заўсёды кіруецца народ, над законамі афіцыйнымі. Антыгона спакойна прымае смерць, даючы ўрок перавагі свабоднай душы над палітычным парадкам.
Усведамленне абмежаванасці чалавечых магчымасцей пад уладай вечных багоў (законаў Космасу) не пазбаўляе герояў Сафокла актыўнасці, свабоды волі, адказнасці за свае дзеянні. У той жа час тут усё ж сцвярджаецца ўсёмагутнасць волі багоў, прытым, што маральна-этычны сэнс іх імкненняў застаецца загадкай для людзей. Няпісаныя законы, якімі кіруецца Антыгона, устаноўленыя, на думку аўтара, багамі, а Крэонт, які іх парушае, ва ўсім церпіць паразу. Імкненне змагацца з Рокам у Эдыпа непазбежна заканчваецца расплатай ад Рока — тых жа Законаў. Воля багоў усёмагутная, але ж людзі, якія супрацьстаяць ёй, — Эдып, Крэонт — таксама надзеленыя магутнай воляй. Таму гэтыя вобразы атрымаліся такія яркія, незвычайныя. Праўда, велічныя, моцныя духам і тыя, хто змагаецца за свае правы кіравацца няпісанымі законамі ў жорстка рэгламентаваным соцыуме — як Антыгона. Героі Сафокла, што самастойна выбіралі свой шлях, сведчылі пра ўсё большае значэнне індывідуальнага пачатку ў літаратуры Антычнасці.
На беларускую мову творы Сафокла перакладалі Ю. Дрэйзін, Л. Баршчэўскі.

Змены ў пастаноўцы дзеяння
[правіць | правіць зыходнік]Адпаведна поспехам, якімі трагедыя была абавязаная Сафоклу, ім зробленыя новаўвядзенні ў сцэнічнай пастаноўцы п'ес. Так, ён павялічыў колькасць акцёраў да трох, а колькасць харэўтаў з 12 да 15, скараціўшы ў той жа час харавыя часткі трагедыі, удасканаліў дэкарацыі, маскі, наогул бутафорскі бок тэатра, унёс змену ў пастаноўку трагедый у выглядзе тэтралогіі, хоць не вядома ў дакладнасці, у чым гэтая перамена выяўлялася. Нарэшце, ён жа ўвёў ва ўжыванне размаляваныя дэкарацыі. Усе перамены мелі мэтай надаць дзеянню драмы на сцэне больш руху, узмацніць ілюзію і ўражанне, якое атрымлівае глядач ад трагедыі. Захоўваючы за імпрэзай характар ўшанавання боства, святога дзейства, якім была трагедыя першапачаткова, па самым паходжанні сваім з культу Дыяніса, Сафокл ачалавечыў яго значна больш, чым Эсхіл. Ачалавечванне легендарнага і міфічнага свету багоў і герояў пайшло следам непазбежна, як толькі паэт засяродзіў сваю ўвагу на больш глыбокім аналізе душэўных станаў герояў, якія былі вядомыя публіцы да гэтага часу толькі па знешніх зменнасцях іх зямнога жыцця. Адлюстраваць душэўны свет напаўбагоў магчыма было няйначай, як рысамі простых смяротных. Пачатак такому абыходжанню з легендарным матэрыялам пакладзены быў бацькам трагедыі Эсхілам: дастаткова нагадаць створаныя ім вобразы Праметэя або Арэста; Сафокл пайшоў далей па слядах папярэдніка.
Характэрныя рысы драматургіі
[правіць | правіць зыходнік]Сафокл любіў сутыкаць паміж сабой герояў з рознымі жыццёвымі прынцыпамі (Крэонт і Антыгона, Адысей і Неапталем і інш.) або супрацьпастаўляць людзей з аднолькавымі поглядамі, але з рознымі характарамі — дзеля падкрэслення сілы характару аднаго пры яго сутыкненні з іншым, слабахарактарным (Антыгона і Ісмена, Электра і Хрысафеміда). Ён любіць і ўмее адлюстроўваць перапады ў настроі герояў — пераход ад вышэйшага запалу да стану заняпаду сіл, калі чалавек прыходзіць да горкага ўсведамлення сваёй слабасці і бездапаможнасці. Гэты пералом можна назіраць і ў Эдыпа ў фінале трагедыі «Цар Эдып», і ў Крэонта, які даведаўся пра смерць жонкі і сына, і ў Аякса (у трагедыі «Аякс»). Для трагедый Сафокла характэрныя рэдкія па майстэрстве дыялогі, дынамічнасць дзеяння, натуральнасць у развязванні складаных драматычных вузлоў.
Сюжэты трагедый
[правіць | правіць зыходнік]Ледзь не ва ўсіх трагедыях, якія дайшлі да нас, не шэраг палажэнняў ці знешніх падзей прыкоўвае да сябе ўвагу гледачоў, але паслядоўнасць душэўных станаў, перажываных героямі пад уплывам адносін, адразу ясна і канчаткова пастаўленых у трагедыі. Зместам «Эдыпа» служыць адзін момант з ўнутранага жыцця героя: выяўленне злачынстваў, ім зробленых, да пачатку трагедыі.
У «Антыгоне» дзеянне трагедыі пачынаецца з таго моманту, калі царская забарона хаваць Палініка абвешчана фіванцам праз вяшчальніка і Антыгона беспаваротна вырашыла гэту забарону парушыць. У абедзвюх трагедыях глядач сочыць за развіццём матываў, вызначаных на самым пачатку драмы, і знешняя развязка той ці іншай драмы можа быць лёгка прадбачаная гледачом. Якіх-небудзь нечаканасцяў, заблытаных ускладненняў аўтарам не ўводзіцца ў трагедыю. Але пры гэтым Сафокл дае нам не абстрактнае ўвасабленне той ці іншай жарсці або схільнасці; героі яго — жывыя людзі з уласцівымі чалавечай прыродзе слабасцямі, са знаёмымі кожнаму пачуццямі, адсюль непазбежныя ваганні, памылкі, злачынствы і г. д. Іншыя асобы, якія ўдзельнічаюць у дзеянні кожная надзеленая індывідуальнымі рысамі.
У «Эанце» душэўны стан героя вызначаны падзеяй, якая папярэднічае дзеянню трагедыі, і тое, што складае яе змест, гэта — рашучасць Эанта на самагубства, калі ён адчуў усю ганьбу дзеяння, учыненага ім у стане вар'яцтва.
Асабліва яркім узорам манеры паэта служыць «Электра». Забойства маці наканавана Апалонам, і выканаўца яго павінен з'явіцца ў асобе сына злачыннай Клітэмнестры, Арэста; але гераіняй трагедыі абраная Электра; яна прыходзіць да рашэння, згоднага з божай воляй, незалежна ад аракула, глыбока абражаная ў сваім даччыным пачуцці паводзінамі маці. Тое ж самае мы бачым у «Філактэце» і «Трахінянках». Выбар падобных сюжэтаў і падобная распрацоўка асноўных тэм скарачалі ролю звышнатуральных фактараў, бостваў або лёсу: месца для іх застаецца мала; з легендарных герояў амаль здымаецца пячатка звышчалавечнасці, якая адрознівала іх у першапачатковых пра іх паданнях. Як Сакрат звёў філасофію з неба на зямлю, так трагікі раней яго звялі напаўбагоў з іх пастаментаў, а багоў адхілілі яго ад непасрэднага ўмяшання ў людскія адносіны, пакінуўшы за імі ролю вярхоўных кіраўнікоў лёсаў чалавека. Катастрофа, якая спасцігае героя, досыць падрыхтаваная яго асабістымі якасцямі ў залежнасці ад навакольных умоў; але калі катастрофа выбухнула, гледачу даецца зразумець, што яна згодная з воляй багоў, з патрабаваннямі вышэйшай праўды, з божым наканаваннем і адбылася дзеля навучання смяротных за віну самога героя, як у «Эанце», або яго продкаў, як у «Эдыпе» або «Антыгоне». Разам з аддаленнем ад людской мітусні, ад людскіх жарсцяў і сутыкненняў, боствы робяцца больш спірытуалістычнымі, а чалавек больш свабодным у сваіх рашэннях і ўчынках і больш за іх адказным. З іншага боку, вырак аб вінаватасці чалавека ставіцца ў залежнасць ад яго памкненняў, ад ступені яго свядомасці і наўмыснасці. У самім сабе, ва ўласных свядомасці і сумленні герой носіць або асуджэнне, або апраўданне сабе, і патрабаванне сумлення супадае з прысудам багоў, нават калі яно аказваецца ў відавочнай супярэчнасці і са станоўчым законам, і са спрадвечнымі вераваннямі. Эдып — сын злачыннага бацькі, і ён мусіць цярпець за віну бацькі; і забойства бацькі, і кровазмяшэнне з маці наканаваныя бажаством і прадказаныя яму аракулам. Але ён асабіста, па сваіх уласных якасцях, не заслугоўвае гэткай цяжкай долі; злачынствы ўчыненыя ім у недасведчанасці, і да таго ж адкупленыя шэрагам зневажанняў і душэўных выпрабаванняў. І гэты самы Эдып набывае сабе літасць багоў; ён атрымлівае не толькі поўнае прабачэнне, але і славу праведніка, ганараванага далучыцца да ліку багоў. Да таго самага дома, заплямленага злачынствамі, належыць Антыгона; яна парушае царскую волю і за гэта асуджаная на пакаранне смерцю. Але яна парушыла закон з чыстага памкнення, жадаючы палегчыць долю памерлага брата, і без таго няшчаснага, і перакананая ў тым, што яе рашэнне будзе даспадобы багам, што яно адпавядае іх настаўленням, існуючым ад веку і больш абавязковым для людзей, чым любыя законы, прыдуманыя людзьмі. Антыгона гіне, але як ахвяра памылкі Крэонта, менш чулага да патрабавання чалавечай прыроды, яна, загінулая, пакідае па сабе памяць годнай жанчыны; яе велікадушнасць, праўда ацэненыя пасля смерці усімі фіванскімі грамадзянамі, засведчаныя ўвачавідкі багамі і раскаяннем самога Крэонта. У вачах не адных грэкаў смерць Антыгоны вартая таго жыцця, на якое асуджаная сястра яе Ісмена, якая з-за страху смерці ўхілілася ад удзелу ў выкананні доўгу, і яшчэ ў большай меры вартая таго жыцця, якім асуджаны жыць Крэонт, які не знаходзіць сабе падтрымкі і апраўдання ні ў людзей побач, ні ва ўласным сумленні, па сваёй віне страціўшы ўсіх блізкіх і дарагіх яму, пад цяжарам праклёну каханай жонкі, загінулай з-за яго ж. Так скарыстаўся паэт імёнамі і палажэннямі, створанымі задоўга да яго ў іншым настроі дзеля іншых мэтаў народнай фантазіяй і паэтамі. У аповедзе аб гучных подзвігах герояў, якія ўздзейнічалі на ўяўленні многіх пакаленняў, пра цудоўныя прыгоды напаўбога, ён удыхнуў новае жыццё, зразумелае яго сучаснікам і наступным пакаленням, сілай сваёй назіральнасці і мастацкага генія паклікаў да дзейнай праявы найглыбейшыя душэўныя эмоцыі і ўзбудзіў у сваіх сучаснікаў новыя думкі і пытанні.
Як навізной і смеласцю пытанняў, якія ўздымаюцца аўтарам, так і яшчэ болей схільнасцю афінян да дыялектыкі, тлумачыцца агульная асаблівасць сафоклавых трагедый у параўнанні з новай драмай, а менавіта: асноўная тэма трагедыі развіваецца ў моўным спаборніцтве паміж двума супернікамі, прытым кожны бок даводзіць становішча да яго крайніх наступстваў, адстойваючы сваё права; дзякуючы гэтаму, пакуль спаборніцтва доўжыцца, чытач атрымлівае ўражанне толькі адноснай справядлівасці або памылковасці таго ці іншага становішча; звычайна бакі разыходзяцца, высветліўшы многія падрабязнасці спрэчнага пытання, але не прапаноўваючы старонняму сведку гатовай высновы. Гэтае апошняе павінна быць вынята чытачом ці гледачом з усяго ходу драмы. Вось чаму ў новай філалагічнай літаратуры існуюць шматлікія і супярэчлівыя спробы адказаць на пытанне: як глядзіць на прадмет спрэчкі сам паэт, за якім са спаборніх бакоў варта разам з паэтам прызнаваць пераважанне праўды або ўсю праўду; ці мае рацыю Крэонт, які забараняе хаваць астанкі Палініка, або мае рацыю Антыгона, якая насуперак царскай забароне здзяйсняе абрад пахавання над целам брата? Вінаваты ці не вінаваты Эдып у зробленых ім злачынствах, і, такім чынам, ці заслужаныя бедствы, якія яго спасцігаюць? і т. п. Аднак, героі Сафокла не толькі спаборнічаюць, яны перажываюць на сцэне цяжкія душэўныя пакуты ад спасціглых іх бедстваў і знаходзяць сабе палёгку ад пакут толькі ва ўсведамленні сваёй праўды ці таго, што злачынства іх здзейсненае па недасведчанасці або наканаванае багамі. Сцэны, поўныя глыбокага пафасу, якія захапляюць і новага чытача, ёсць ва ўсіх ацалелых трагедыях Сафокла, і няма ў гэтых сцэнах ні напышлівасці, ні рыторыкі. Прыкладам неймаверныя плачы Дэяніры, Антыгоны, Эанта перад смерцю, Філактэта, які падманам трапіў у рукі лютых ворагаў, Эдыпа, перакананага ў тым, што ён сам — той бязбожнік, які наклікаў на фіванскую зямлю гнеў багоў. Гэтым спалучэннем ў адной і той жа асобе высокага гераізму, калі неабходна абараніць растаптаную праўду або здзейсніць слаўны подзвіг, і пяшчотнай адчувальнасці да няшчасцяў, якія наваліліся, калі доўг ужо выкананы або фатальная памылка непапраўная, Сафокл дасягае вышэйшага эфекту, раскрываючы ў сваіх велічных вобразах рысы, якія яднаюць іх са звычайнымі людзьмі і выклікаюць да іх больш спагады.
Да нас дайшло сем трагедый Сафокла, з якіх па змесце тры належаць да фіванскага цыклу паданняў: «Эдып», «Эдып ў Калоне» і «Антыгона»; адна — да Гераклава цыклу: «Дэяніра», і тры — да траянскага: «Эант», найбольш ранняя з трагедый Сафокла, «Электра» і «Філактэт». Акрамя таго, у розных пісьменнікаў захавалася каля 1000 фрагментаў. Акрамя трагедый, старажытнасць прыпісвала Сафоклу элегіі, пеаны і празаічнае разважанне аб хоры.
У аснову «Трахінянак» лягло паданне пра Дэяніру. Тамленне закаханай жанчыны ў чаканні мужа, пакуты рэўнасці і няўтешная жальба Дэяніры ад весткі пра цярпенні атручанага Геракла складаюць галоўны змест «Трахінянак».
У «Філактэце», пастаўленым на сцэну ў 409 годзе да н. э., паэт з выключным мастацтвам развівае трагічнае становішча, створанае калізіяй трох розных характараў: Філактэта, Адысея і Неапталема. Дзеянне трагедыі адносіцца да дзясятага года траянскай вайны, а месцам дзеяння служыць востраў Лемнас, дзе грэкі яшчэ на шляху пад Трою пакінулі фесалійскага правадыра Філактэта пасля таго, як на Хрысе ён быў укушаны атрутнай змяёй, а атрыманая ад укусу рана, распаўсюджваючы смурод, зрабіла яго няздольным да ўдзелу ў ваеннай справе. Пакінулі яго па парадзе Адысея. Самотны, забыты ўсімі, змучаны ад раны, Філактэт здабывае сабе варты жалю пражытак паляваннем: ён па-майстэрску валодае лукам і стрэламі Геракла. Аднак, паводле слоў аракула, Троя можа быць ўзятая грэкамі няйначай, як пры дапамозе гэтага цудоўнага лука. Тады толькі грэкі ўспамінаюць аб няшчасным пакутніку, а Адысей бярэ на сябе працу неадменна даставіць Філактэта пад Трою ці, прынамсі, завалодаць яго зброяй. Але ён ведае, што Філактэт ненавідзіць яго, як свайго лютага ворага, што яму самому ніколі не ўдасца схіліць Філактэта да прымірэння з грэкамі або сілай авалодаць ім, што трэба будзе дзейнічаць хітрасцю і падманам, і прыладай сваёй задумы ён абірае юнака Неапталема, які не ўдзельнічаў ў крыўдзе, да таго ж сына Ахіла, любімца Філактэта. Грэчаскае судна ўжо прыстала да Лемнаса, і грэкі высадзіліся на бераг. Перад гледачом адкрываецца пячора, убогае жытло слаўнага героя, затым і сам герой, змучаны хваробай, адзінотай і нягодамі: ложак яго — дрэўнае лісце на голай зямлі, тут жа драўляны збан для пітва, крэсіва і рыззё, запэцканае крывёю і гноем. Высакародны юнак і з ім хор паплечнікаў Ахіла глыбока кранутыя выглядам няшчаснага. Але Неапталем звязаў сябе словам, дадзеным Адысею, авалодаць Філактэтам пры дапамозе хлусні і падману, і абяцанне сваё ён выканае. Але калі жаласны выгляд пакутніка выклікае спачуванне ў юнаку, то поўны давер, любоў і ласка, з якімі ставіцца да яго стары Філактэт з першага моманту і аддае яму сябе ў рукі, ад яго адзінага чакаючы канца сваім пакутам, зрыньваюць Неапталема ў цяжкую барацьбу з самім сабой. Але ў той жа час Філактэт непахісны: ён не можа дараваць грэкам крыўды, яму нанесенай; ён ні за што не пойдзе пад Трою, не дапаможа грэкам пераможна скончыць вайну; ён вернецца дадому, і Неапталем адвязе яго ў родную дарагую зямлю. Толькі думка аб радзіме дае яму сілы несці цяжар жыцця. Прырода Неапталема абураецца супраць падманных, падступных дзеянняў, і толькі асабістае ўмяшанне Адысея робіць яго уладальнікам зброі Філактэта: даверам старога карыстаецца юнак для таго, каб загубіць яго. Нарэшце, усе меркаванні аб неабходнасці дзеля славы грэкаў здабыць зброю Геракла, аб тым, што ён звязаў сябе абяцаннем перад Адысеем, пра тое, што не Філактэт, а ён, Неапталем, будзе з гэтага часу ворагам грэкаў, саступаюць у юнаку голасу яго сумлення, які абурыўся супраць падману і гвалту. Ён вяртае лук, набывае зноў давер і гатовы суправаджаць Філактэта на радзіму. Толькі з'яўленне Геракла на сцэне (deus ex machina) і яго напамін, што Зеўс і Лёс загадваюць Філактэту адправіцца пад Трою і дапамагчы грэкам давяршыць распачатую барацьбу, схіляюць героя і разам з ім Неапталема ісці за грэкамі. Галоўная дзеючая асоба трагедыі — Неапталем. Калі Антыгона па патрабаванні свайго сумлення лічыць для сябе абавязковым парушыць волю цара, то па такім жа самым імкненні сэрца Неапталем ідзе далей: ён парушае дадзенае абяцанне і адмаўляецца шляхам падступства супраць чалавека, які даверыўся яму, дзейнічаць у інтарэсах усяго грэчаскага войска. Ні ў адной са сваіх трагедый паэт не выступаў з такой сілай за права чалавека ўзгадніць свае паводзіны з паняццем вышэйшай праўды, нават калі б яны супярэчылі самым хітрым развагам розуму (lang-el|Άλλ? Εί δικαια τών σοφών κρείσσω τάδε}}). Важна, што спачуванне паэта і гледачоў да велікадушнага і праўдзівага юнака бясспрэчнае, тады як падступны і неразборлівы на сродкі Адысей малюецца ў самым непрывабным выглядзе. Правілу, што мэтай апраўдваюцца сродкі, прамаўляецца ў гэтай трагедыі рашучае асуджэнне.
У «Эанце» завязка драмы ў тым, што спрэчка паміж Эантам (Аякс) і Адысеем з-за ўзбраення Ахіла вырашаная ахейцамі на карысць апошняга. Ён пакляўся быў адпомсціць перш за ўсё Адысею і Атрыдам, але Афіна, заступніца ахейцаў, пазбаўляе яго розуму, і ён ў жарсці прымае хатніх жывёл за ворагаў сваіх і лупцуе іх. Розум вярнуўся да Эанта, і герой адчувае сябе цяжка зганьбаваным. З гэтага моманту пачынаецца трагедыя, якая сканчаецца самагубствам героя, якому папярэднічае знакаміты маналог Эанта, развітанне з жыццём і яго радасцямі. Паміж Атрыдамі і адзінакроўным братам Эанта Тэўкорам узгараецца спрэчка. Ці хаваць астанкі памерлага, ці пакінуць іх на ахвяру сабакам — спрэчка, якая вырашаецца на карысць пахавання.
Памяць
[правіць | правіць зыходнік]Верагодныя выявы — бюст гераізаванага Сафокла з павязкай жраца (захоўваецца у Ватыкане) і яго відавочныя копіі, таксама копія прыжыццёвай статуі (у музеі Латэранскага палацу.
Беларускія пераклады
[правіць | правіць зыходнік]- Сафокль. Антыгона / Пер. Ю. Дрэйзіна. Менск, 1926.
- Эсхіл. Прыкуты Праметэй; Сафокл. Антыгона. Мн., 1993.
- Сафокл. Эдып-цар / Пер. Л.Баршчэўскага // Дзеяслоў. 2009. № 6 (43); 2-е, папр. выданне // Старагрэцкая драматургія. Мн., 2020 («Драматургі свету»).
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б Národní autority České republiky Праверана 11 ліпеня 2022.
- ↑ L. C. Sophocles // Encyclopædia Britannica: a dictionary of arts, sciences, literature and general information / H. Chisholm — 11 — New York, Cambridge, England: University Press, 1911. — Vol. 25. — P. 424–429.
- ↑ а б Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
- ↑ Národní autority České republiky Праверана 26 мая 2024.
- ↑ а б Biblioteca Virtual Miguel de Cervantes — 1999. Праверана 13 мая 2020.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Баршчэўскі Л. П. Сафокл // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 201. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Шамякіна Т. Антычная літаратура // Міфалогія і беларуская літаратура: нарысы і эсэ / Таццяна Шамякіна. — Мінск: Маст. літ., 2008. — С. 213—242. ISBN 978-985-02-0925-2.
- Хафнер Г. Выдающиеся портреты античности : 337 портретов в слове и образе / Пер. с нем. В. А. Сеферьянц. — М.: Прогресс, 1984. — 311 с. (руск.)
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сафокл- Збор фрагментаў Сафокла ва Ўолкера (1921) (грэч.)