Перайсці да зместу

Свята-Іаана-Прадцечанская царква (Вішнявец)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Іаана-Прадцечанская царква
53°20′54,53″ пн. ш. 26°41′12,54″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Вішнявец
Канфесія Праваслаўе
Епархія Маладзечанская
Благачынне Стаўбцоўскае
Тып будынка базіліка
Архітэктурны стыль барока
Дата пабудовы 1742 год
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000609шыфр 612Г000609
Стан дзейнічае
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Іаана-Прадцечанская царква — дзеючы праваслаўны храм у вёсцы Вішнявец Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці. Пабудавана як уніяцкая царква.

Царква заснавана ў 1640 годзе нясвіжскімі бенедыкцінкамі, якім у 1590 годзе вёску перадаў ва ўладанне Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка. Новая царква пабудавана ў 1742 годзе і карэнным чынам перабудавана пад праваслаўную пасля скасавання уніі да 1850 года. Быў істотна зменены галоўны фасад, пазбаўлены свайго арыгінальнага завяршэння. Бакавыя вежы замянілі цыбулепадобныя галоўкі на глухіх барабанах, а франтон цэнтральнай часткі — невялікі паўцыркульны «какошнік». Аднак захавалася аўтэнтычная архітэктоніка храма ў выглядзе трохнефавай базілікі з вузкай пласцінай фасада-нартэкса.

У 1853 годзе Уладзіслаў Сыракомля пісаў пра гэту царкву:

" Вельмі шкада, што сёння, белячы царкву і аздабляючы яе блішчастымі купаламі, сціраюць і характэрныя асаблівасці далёкага мінулага[1] "

Царква дзейнічае. Калісьці тут знаходзіўся цудатворны абраз Маці Божай (вядомы з канца XVII ст., лёс невядомы). Занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэспубліканскага значэння.

Выгляд царквы ў 2007 годзе

Помнік архітэктуры барока. Мураваная трохнефная базіліка з паўцыркульнымі апсідай і дзвюхвежавым галоўным фасадам, вырашаным як самастойны аб’ём. Цэнтральная кампазіцыйная вось галоўнага фасада вылучаная какошнікам. Па баках будынак увянчаны цыбулепадобнымі галоўкамі на высокіх цыліндрычных барабанах. Сцены звонку і ўнутры расчлянёныя пілястрамі, завершаныя развітымі прафіляванымі карнізамі. Аконныя праёмы з лучковымі, на галоўным фасадзе з паўцыркульнымі завяршэннямі.

У інтэр’еры чатыры масіўныя слупы вылучаюць цэнтральны неф, перакрыты цыліндрычным скляпеннем. Бакавыя нефы, значна ніжэйшыя і вузейшыя за галоўны, разам з нартэксам перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. У процілеглай ад алтара частцы будынку вылучаны бабінец, дзе размешчаныя хоры, звязаныя з асношным памяшканнем вітымі лесвіцамі. Пластыка інтэр’ера захавалася ў першапачатковым выглядзе. Пілоны з боку цэнтральнага нефа апрацаваныя пілястрамі і стылізаванымі іанічнымі капітэлямі. Глухая агароджа хораў увязаная ў агульную кампазіцыю з цыліндрычнымі аб’ёмамі лесвіц. Лесвічныя шахты ўзвышаюцца да ўзроўню парапету хораў і абмежаваныя агульным прафіляваным карнізам. Парапет у цэнтральнай частцы мае пукатую паверхню.

Зноскі

  1. Сыракомля У. Вандроўскі па маіх былых ваколіцах // Выбраныя творы. — Мн.: Беларуская навука, 2011. — С. 290.