Касцёл Святой Яўфіміі і кляштар бенедыкцінак (Нясвіж)
Славутасць | |
Касцёл Святой Яўфіміі і кляштар бенедыкцінак | |
---|---|
| |
53°12′57″ пн. ш. 26°40′54″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Нясвіж |
Канфесія | Рымска-каталіцкая царква |
Епархія | Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
Ордэнская прыналежнасць | бенедыкцінкі |
Архітэктурны стыль | барока |
Заснавальнік | Яўхімія Радзівіл |
Будаўніцтва | 1590—1596 гады |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000480 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Касцёл Святой Яўфіміі і кляштар бенедыкцінак — каталіцкі сакральны комплекс ў г. Нясвіжы, размешчаны па вул. Чкалава, 8. Помнік архітэктуры барока. Цяпер тут педагагічнае вучылішча.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл Святой Яўфіміі і кляштар будаваліся адначасова ў 1590—1596 гг. і стварылі цэласны архітэктурны ансамбль, архітэктурнае вырашэнне якога не падобнае ні да аднаго заходнееўрапейскага ўзору. Гэта быў першы ў краі жаночы каталіцкі кляштар і адзін з пяці кляштараў, якія заснаваў у канцы XVI ст. у сваім горадзе Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка разам з братам кардыналам Юрыем Радзівілам. Касцёл быў названы ў гонар Св. Яўфіміі (імя жонкі князя Эльжбеты Яўфіміі з Вішнявецкіх). Першае набажэнства ў касцёле адбылося 12 чэрвеня 1597 г. Меў на той час абарончае значэнне.
Складзеныя Т. Макоўскім у пачатку XVII ст. чарцёж плана і аксанаметрычны малюнак Нясвіжа сведчаць аб адсутнасці вышынных дамінантаў у архітэктуры кляштара XVII ст. Толькі адна невялікая галоўка падымалася над цэнтральнай часткай храма. Невысокімі былі таксама вароты ўваходу ў кляштар.
У XVII—XVIII стст. зробленыя некаторыя перабудовы, так у 1720-я гг. кляштар быў рэканструяваны, яго ўпрыгожыла шмат'ярусная вежа. У 1763 г. была пабудавана другая трох'ярусная вежа-званіца.
У 1864 г. былі закончаны ўнутраныя пераробкі. У 1866 г. касцёл перададзены праваслаўнай царкве, кляштар зачынены ў 1876 г. і прыстасаваны пад казармы. Таксама ў другой палове XIX ст. разабрана васьмігранная трох'ярусная вежа-званіца, якая прымыкала да заходняга фасада. У 1920—1945 гг. кляштар аднавіў сваю дзейнасць. З 1994 г. у кляштары педагагічны каледж на базе педагагічнага вучылішча, заснаванага ў 1984 г.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Кляштарны комплекс размяшчаўся поруч паўднёва-ўсходняга бастыёна горада-крэпасці, што забяспечвала яму дзве лініі ўмацаванняў па межах участка. Дадаткова тэрыторыя кляштара па перыметры была абгароджана сцяной.
Касцёл з кляштарным корпусам
[правіць | правіць зыходнік]Жылы корпус з касцёлам, вежа-брама (XVIII ст.), гаспадарчыя пабудовы, размешчаныя вакол унутранага дворыку, утвараюць адзіны комплекс. У цэнтры змяшчаецца мураваны аднанефавы храм, арыентаваны алтаром на ўсход. Па баках ад яго, сіметрычна размяшчаліся прыбудаваныя мураваныя карпусы. Уваход у храм, як гэта было прынята ў кляштарах самага строгага статуту, ажыццяўляўся непасрэдна з унутраных калідораў кляштара.
Жылы манастырскі корпус з касцёлам — двухпавярховы Е-падобны ў плане будынак з рознавялікімі бакавымі крыламі. Цэнтральная частка на вышыню двух паверхаў была прыстасавана пад касцёл (аднанефны, з пяціграннай апсідай і невялікім трансептам). У бакавых крылах размяшчаліся келлі, гаспадарчыя і службовыя памяшканні, у паўднёвым крыле — зала-трапезная. Галоўны фасад корпуса арыентаваны ва ўнутраны дворык. Яго кампазіцыйным цэнтрам з'яўляецца рызаліт (фасад касцёла). Архітэктура касцёла адрозніваецца крайняй прастатой, складаныя формы былі выкарыстаны толькі ў вырашэнні ўсходняй алтарнай сцяны, выступаючай з-за лініі кляштарных будынкаў і дэкарыраванай трыма пілястрамі, лучковымі аконнымі праёмамі. Завяршэнне рызаліту (шмат'ярусная вежа) не захавалася. Падкрэсленае вылучэнне ў архітэктуры і галоўнага параднага фасада храма, і яго алтарнай, усходняй часткі, звернутай да найбольш таемнай, сакральнай зоны кляштара, сведчыць аб арыентацыі касцёла нясвіжскіх бенедыкцінак на найстаражытныя і асноватворныя для ордэна ўзоры манастырскай архітэктуры.
Архітэктурна-прасторавая арганізацыя двух замкнёных двароў, сфарміраваных як з заходняга, так і з усходняга, алтарнага боку храма, мае нерэгулярны і досыць выпадковы характар. Галоўны ўваход размешчаны асіметрычна, у паўночным крыле. Гладкія сцены фасадаў прарэзаныя прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Унутраная планіроўка калідорная, часткова змененая, прыстасаваная для сучасных патрэб.
Вежа-брама
[правіць | правіць зыходнік]Вежа-брама з'яўляецца галоўным уваходам на тэрыторыю кляштара. Размешчаная паміж манастырскімі сценамі, па цэнтральнай восі ўнутранага дворыку. Прамавугольная ў плане. Звонку падзеленая развітымі прафіляванымі цягамі на тры ярусы, што паступова змяншаюцца. Першы ярус прарэзаны аркай, над якой размешчаны высокі праём, другі з арачным аконным праёмам у цэнтры, абрамленым ліштвай, трэці ярус таксама з арачным праёмам, дэкарыраваны крывалінейным карнізам. Кожны ярус па вуглах раскрапаваны пілястрамі. Вежа завершаная фігурным купалком са шпілем. У формах вежы выкарыстаны прыёмы барочных вырашэнняў, аднак барочная пластыка і дэкор маюць вельмі стрыманы характар. Дзверы аздобленыя мастацкай акоўкай.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — ISBN 5-85700-078-5.
- Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
- Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. Мн.: Ураджай, 2001.— 287 с.: іл. ISBN 985-04-0499-X, с. 73-76.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Касцёл Святой Яўфіміі і кляштар бенедыкцінак (Нясвіж)
- Касцёл Святой Яўфіміі і кляштар бенедыкцінак (Нясвіж) на сайце Radzima.org
- Касцёл Святой Яўфіміі і кляштар бенедыкцінак (Нясвіж) на сайце Глобус Беларусі (руск.)