Свята-Мікалаеўская царква (Юрацішкі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Мікалаеўская царква
54°01′45″ пн. ш. 25°55′56″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Гарадскі пасёлак Юрацішкі
Канфесія Праваслаўе
Епархія Лідская
Благачынне Іўеўскае
Архітэктурны стыль народнае дойлідства
Першае згадванне 1520
Будаўніцтва 20122014 гады
Стан дзейнічае
Сайт yuratkhram.by
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Мікалаеўская царква — праваслаўны храм у гарадскім пасёлку Юрацішкі Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці. Знаходзіцца на вул. Савецкай, 27[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Царква ў пачатку XX стагоддзя.

Ініцыятарам будаўніцтва праваслаўнага храма ў Юрацiшках былі канцлер вялікі літоўскі Альбрэхт Гаштольд і яго жонка Сафія з князёў Вярэйскіх. Царква была збудавана каля 1520 года, мела галоўны прастол у гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворцы і бакавы прастол у гонар Святой Параскевы Пятніцы. Яна была пабудавана драўляным зрубам, стаяла сярод сялянскіх хат. Аб першапачатковым выглядзе храма звестак не захавалася[1].

6 чэрвеня 1532 года Альбрэхт Гаштольд сваёй дарчай граматай надаў царкве і яе святарам каля 90 га зямлі, 5 пляцаў у Юрацішках, некалькі сенажацяў і права збіраць мыта на кірмашах у дні Святога Мікалая і Дзясятай Пятніцы пасля Вялікадня. Першым настаяцелем царквы быў святар Яфрэм Марціновіч[2].

Храм некалькі разоў быў капітальна рэстаўраваны. У 1840 годзе быў праведзены капітальны рамонт: падняты сцены, падкладзены дадатковы каменны падмурак і пакладзены новы гонтавы дах. У 1864 ці 1867 годзе над прытворам была пабудавана званіца з шатровым завяршэннем[2]. Над званіцай быў уладкаваны купал, увянчаны пазалочаным жалезным крыжам. Над алтаром ўсталявалі іншую галоўку, крытую жалезам, афарбаваную блакітным колерам з жалезным высерабраным крыжам[1].

Падчас Першай Сусветнай вайны на непрацяглы час храм стаў нямецкім ваенным шпіталем. Аднак параненыя, якія знаходзіліся ў ім, паміралі. Іх магілы захаваліся побач з царквой. Неўзабаве шпіталь быў перанесены ў вёску Савічы[2].

Царква дзейнічала ў савецкі час. У 2005 годзе вакол храма ўзвялі новую агароджу. У 2007 годзе ўсталявалі новыя купалы і крыжы, пакрытыя нітра-тытанам і нержавеючай бляхай, замянілі аконныя рамы і пасадзлі дрэвы. У 2009 годзе сцены храма і званіцы звонку абабілі жоўтым сайдынгам, абтынкавалі падмурак дэкаратыўнай тынкоўкай пад камень, уладкавалі вадасцёкавую сістэму і правялі паравое ацяпленне. У 2010 годзе ў храме зрабілі ўнутраны рамонт[1].

5 лютага 2012 годзе ў час набажэнства ў царкве здарыўся пажар. Агонь цалкам знішчыў дах і драўляныя перакрыцці на плошчы 30 кв.м, пашкодзіў памяшканне кацельні памерам 2×2 метры, сцены ўнутры храма і маёмасць. Прычынай узгарання выявілася парушэнне правіл пячнога ацяплення[3].

22 мая 2014 года архіепіскап Навагрудскі і Лідскі Гурый асвяціў адноўленую пасля пажара царкву[1]. У ёй захоўваюцца цудатворны Юрацішкоўскі абраз Божай Маці і вялікі архіў[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Да пажара 2012 года ўяўляла сабой твор народнага дойлідства. Трохзрубны будынак складаўся з прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёма, пяціграннай апсіды і квадратнага ў плане бабінца. Зрубы аднолькавай вышыні былі завершаны агульнай прафіляванай цягай карніза. Асноўны аб’ём і апсіда былі накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай і трохвугольнымі навісямі ў месцах злучэння зрубаў.

Па баках апсіды знаходзіліся нізкія сіметрычныя прыбудовы, размешчаныя на адной лініі з бакавымі сценамі асноўнага зруба. Бабінец быў завершаны чацверыковай шатровай званіцай з галоўкай. Сцены былі гарызантальна ашаляваны і аздоблены шырокімі лапаткамі.

Зноскі

  1. а б в г д Приход храма Святителя Николая Чудотворца п. Юратишки Ивьевского района Лидской епархии Белорусской Православной Церкви. — Лидская епархия (руск.)
  2. а б в г Стренковский, С. П. Под омофором Святителя Николая Чудотворца : история православного прихода в местечке Юратишки. — Минск : МГИРО, 2017. — С. 29—30, 47—59, 130, 140, 198—204.
  3. Пожар вспыхнул в церкви в Ивьевском районе во время службы Архівавана 21 верасня 2020.. // Tut.by, 5 лютага 2012. (руск.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]