Перайсці да зместу

Свята-Троіцкая царква (Лебедзева)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Праваслаўны храм
Свята-Троіцкая царква
54°18′46″ пн. ш. 26°42′27″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Лебедзева
Канфесія Правслаўе
Епархія Маладзечанская
Благачынне Гарадзілаўскае
Архітэктурны стыль рэтраспектыўна-рускі стыль
Дата пабудовы 1869 год
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Свята-Троіцкая царква — праваслаўны храм у аграгарадку Лебедзева Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці. Знаходзіцца ў цэнтры вёскі.

Царква праваслаўная ў Лебедзеве згадваецца пад 1558 годам. Паводле падання, на рынкавай плошчы, дзе былі яўрэйскія амбары, калісьці стаяла царква, пабудаваная намаганнямі княжны Аспасіі Радзівіл. Пасля Берасцейскай царкоўнай уніі (1596) доўгі час царква была ўніяцкай.

У канцы ХVІІІ ст. храм згарэў. На месцы пажару намаганнямі айца Вікенція Багушэвіча, прыхаджан і брацтва, якое існавала пры царкве, у 1798 годзе была пабудавана новая драўляная царква. Яе зноў асвяцілі ў гонар Прасвятой Тройцы. Ішоў час, будынак Лебедзеўскай царквы трухнеў і прыходзіў у заняпад. Яго рамонт быў праведзены толькі адзін раз, у 1838 годзе. У 1865 годзе Віленскім царкоўна-будаўнічым камітэтам была зроблена прапанова аб будаўніцтве новай царквы з цэглы, якое пачалося ў 1866 годзе пад кіраўніцтвам інжынера Полазава. Новы храм быў завершаны ў 1869 годзе. Неўзабаве выявіліся недахопы, зробленыя ў час праектавання і будаўніцтва. Захаваліся звесткі аб рамонтах у 1875, 1884 і 1890 гадах.

У 1892 г. прыход Свята-Траецкай царквы налічваў 2240 прыхаджан. Царкоўны зямельны надзел складаў 60 дзесяцін, з якіх ворыва і сенажвцяў было 49 дзесяцін. Пры лебедзеўскай царкве на пачатку ХХ ст. існавала багадзельня, у якой знаходзілі прытулак бяздомныя, інваліды, непрацаздольныя з усёй акругі. Яна была пабудавана за кошт сродкаў прыхаджан Лебедзеўскай воласці ў памяць аб нараджэнні нашчадка расійскага трона цэсарэвіча Аляксандра Мікалаевіча. Пра гэта ёсць запіс у кліравай ведамасці за 1914 г. У 1907 годзе стараннасцю і талентам мастака-іканапісца Арлоўскага быў распісаны інтэр’ер Свята-Траецкага храма. Частка інтэр’еру была распісана лебедзеўскім мастаком Раманам Семашкевічам. Захаваўся яго роспіс «Прасвятая Тройца».

У пачатку ХХ ст. Лебедзеўская царква славілася сваім царкоўным хорам, які быў створаны святаром Ігнаціем Нядвецкім (настаяцель у 1907—1947 гг.)

Падчас панавання Польшчы большасць насельніцтва на тэрыторыі лебедзеўскага прыходу была праваслаўнай. У час фашысцкай акупацыі Лебедзева (1941—1944) царква працавала. Пры вызваленні вёскі храм не пацярпеў. Свята-Траецкі храм многія гады падтрымліваўся стараннямі царкоўнага старасты Данілы Мікалаевіча Зянонавіча, які выконваў свае абавязкі на працягу больш 26 год. За сваю дзейнасць у чэрвені 1948 годзе ён быў узнагароджаны архіепіскапам Мінскім і Беларускім Піцірымам благаславеннай Архіерэйскай граматай.

У кастрычніку 1962 года ўлады прынялі рашэнне аб закрыцці лебедзеўскай Свята-Траецкай царквы. Неўзабаве пасля закрыцця храма ўся каштоўная маёмасць, у тым ліку і частка ікон, была вывезена ў Свята-Траецкую царкву в. Маркава. Зняты са званніцы былі і чатыры званы, якія былі адліты адпаведна ў 1776, 1792, 1808 і 1891-м гадах. Самы вялікі (250 кг) парэзалі на часткі і здалі на металалом. Лёс астатніх невядомы.

Пасля закрыцця царквы планавалася прыстасаваць яе пад калгасны клуб, аднак чвэрць стагоддзя храм служыў спачатку збожжасховішчам, а потым і складам ядахімікатаў. У 1978—1980 гг. пад відам рэстаўрацыі дах храма наогул раскрылі, што нанесла вялікую шкоду будынку і дрэнна паўплывала на роспісы зводаў і сцен.

У другой палове 1980-х гадоў пачалося адраджэнне храма. Прыхаджане сабралі больш за тысячу подпісаў у падтрымку адкрыцця царквы. Рамонтнымі работамі кіраваў айцец Вячаслаў Благавешчанскі. Першае богаслужэнне тут адбылося ў 1989 годзе. У храм былі вернуты іконы з Маркаўскай царквы, некаторыя перадалі мясцовыя жыхары. У красавіку 1989 года тут пачалося богаслужэнне. У 1990 годзе храм асвяціў Мітрапаліт Філарэт.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Будынак крыжовы ў плане, з паўкруглай апсідай і бакавымі прытворамі. У аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуюць двух'ярусная шатровая званіца (васьмярык на чацверыку) і васьмігранны светлавы барабан з купалам над сяродкрыжжам. Фасады члянёны высокімі адзінарнымі і здвоенымі арачнымі аконнымі праёмамі, круглымі люкарнамі, рэльефнымі крыжамі. Тры ўваходныя парталы вылучаны слуповымі ганкамі. У архітэктурным аздабленні выкарыстаны элементы старажытнарускай архітэктуры (кілепадобныя і арачныя броўкі, цыбулепадобныя галоўкі, зубчастыя фрызы і паясы).

У інтэр'еры пануе падкупальная прастора сяродкрыжжа, апсіда і бакавыя прыдзелы адкрываюцца ў малітоўную залу шырокімі арачнымі прасветамі. Падкупальны барабан абапіраецца на сцены пры дапамозе магутных (ад столі і амаль да падлогі) ветразей з выявамі евангелістаў; апсіда перакрыта конхай, размаляванай небасхілам з анёламі. Конхавае перакрыццё выкарыстана і ў бакавых прыдзелах. Фрэскавай размалёўкай пакрыта цыліндрычнае скляпенне прытвора.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.