Сепаратызм у СССР

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Пад сепаратызмам у СССР у гэтым артыкуле разумеюцца захады розных арганізацый і структур па стварэнню нацыянальных дзяржаў на тэрыторыі Савецкага саюза, незалежных ад савецкай улады ў Маскве. Слова «сепаратызм» выкарыстоўваецца ў навуковым, а не ў палітычным сэнсе, і можа ў пэўнай ступені лічыцца сінонімам тэрміну «барацьба за незалежнасць».

Нацыянальнае пытанне напярэдадні стварэння СССР[правіць | правіць зыходнік]

Пасля прыходу да ўлады ў Расіі ў лістападзе 1917 г. бальшавікі прынялі Дэкларацыю правоў народаў Расіі, якая дазваляла народам былой Расійскай імперыі ствараць свае нацыянальныя дзяржавы, незалежныя ад Савецкай Расіі[1]. Аднак дэ-факта спробы стварэння нацыянальных дзяржаў на тэрыторыі былой Расійскай імперыі не заўжды мелі прызнанне з боку Савецкай улады. Абвяшчэнне ССРБ (пазней ЛітБел і БССР) на Беларусі і УССР ва Украіне фактычна адбывалася па ініцыятыве «зверху» ад кіраўніцтва кампартыі бальшавікоў Расіі і суправаджалася агрэсіяй супраць усіх альтэрнатыўных форм дзяржаўнасці на гэтых тэрыторыях (напрыклад, баявымі дзеяннямі супраць войскаў Петлюры ва Украіне).

Сярод актаў барацьбы народаў былой Расійскай імперыі за незалежнасць ад Савецкай Расіі былі абвяшчэнне Беларускай народнай рэспублікі ў 1918 г., Слуцкае паўстанне 1921 г. і джыхад мусульманскіх народаў на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі ў 1919-22 гг. (рух басмачэй, аб якім гаворка пойдзе далей)

Нацыянальнае пытанне і нацыянальны сепаратызм у СССР у 1920-х-1950-х гг[правіць | правіць зыходнік]

31 снежня 1922 г. было аб'яўленна аб стварэнні новай дзяржавы — Саюза савецкіх сацыялістычных рэспублік. У розны час колькасць саюзных рэспублік СССР мянялася, але да восені 1939 г. Савецкі саюз займаў большую частку тэрыторыі былой Расійскай імперыі за выключэннем краін Прыбалтыцы, Польшчы і Фінляндыі, а таксама часткі Малдовы (Бесарабія) і Арменіі. Назва новай дзяржавы адлюстроўвала пэўную спробу вырашэння нацыянальнага пытання: усе народы Савецкага саюза фармальна мелі роўныя правы на развіцце нацыянальнай мовы, культуры і г. д. Тым не менш, не ўсе, што грамадзянін СССР меў дэ-юрэ, было яму даступна дэ-факта. І гэта стварала глебу для развіцця ідэй нацыянальнага сепаратызму ў розных рэспубліках краіны.

Басмачы ў Сярэдняй Азіі (1923-32 гг.)[правіць | правіць зыходнік]

У Сярэдняй Азіі ішоў фактычны працяг грамадзянскай вайны. Не ўсе былі задаволены новай уладай і яе палітыкай ваяўнічага атэізму; таксама многія спадзяваліся адрадзіць незалежнасць ад Расіі пасля распаду Расійскай імперыі і стварыць сваю дзяржаву паводле законаў шарыята. Мясцовыя жыхары туркменскага, узбекскага, казахскага паходжання стваралі ўзброенныя атрады, якія рабілі налеты на гарнізоны Чырвонай арміі. Базы такіх атрадаў размяшчаліся як у цяжкадаступных сельскіх мясцовасцях так і па-за межамі СССР, напрыклад у Іране. Рэлігійна-палітычная арганізацыя «Шура-і-іслам» і некакцёрыя асобныя лідары ісламскага насельніцтва Сярэдняй Азіі (такія як Джунаід-хан, Ібрагім-бек і інш.) каардынавалі дзейнасць гэтых узброенных груп Таксама ў шэрагу гарадоў адбываліся ўзброенныя паўстанні супраць савецкай улады (напрыклад у 1923 г. ў Харэзме). Паўстанцы і партызаны называлі сябе маджахедамі (тымі, хто вядзе свяшчэнную вайну), але ў гісторыю яны ўвайшлі як басмачы (налеччыкі).

Савецкая ўлада змагалася з басмачамі як метадамі карных аперацый і рэпрэсій, так і дыпламатыяй. Некаторыя атрады дабраахвотна складалі зброю ці пераходзілі на бок Чырвонай арміі. Барацьба з рухам басмачэй у асноўным завяршылася ў 1932-34 гг. Некаторыя даследчыкі лічаць, што баявыя дзеянні асобных партызанскіх груп працягваліся да 1942 г[2].

У савецкай кінематаграфіі тэма вайны з басмачамі адлюстрвана ў фільмах «Белае сонца пустыні», «Афіцэры» і інш. Вобраз басмача ў савецкай гістарыяграфіі і мастацтве — гэта вобраз злачынца. Але шэраг сучасных даследчыкаў імкнецца паказаць басмачэй, як змагароў за веру і незалежнасць народаў Сярэдняй Азіі[3].

Сепаратызм у Прыбалтыцы, Беларусі, Украіне ў 1939-сяр. 1950-х гг.[правіць | правіць зыходнік]

Новы віток нацыянальна афарбаванай барацьбы супраць савецкай улады пачаўся пасля ўваходу ў СССР Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны, Бесарабіі, Літвы, Латвіі і Эстоніі ў 1939-40 гг. Шэраг жыхароў краін Прыбалтыцы ўспрыняў працэсы далучэння Літвы, Латвіі і Эстоніі да Савецкага саюза як аннексію. Лідар эстонскага руху ветэранаў ВАВ Арнольд Мэры пракаментаваў стасунак насельніцтва прыбалтыйскіх краін да савецкай улады наступным чынам: «Ніякай масавай варожасці да рускіх ні ў 1939, ні ў 1940 г. не было… Была частка эстонскага насельніцтва, якая насуперак канонам геапалітыкі цікавілася лесам сваіх фабрык, дамоў, капіталаў і бягучых рахункаў. Таму як толькі пачаўся працэс саветызацыі і жыцце супрацьпаставіла векавую нянавісць да немцаў-прыгнятальнікаў і любоў да свайго рахунку ў банке, абстаноўка пачала змяняцца»[4]. Адбыліся выпадкі ўзброенных нападаў на чырвонаармейцаў, але яны яшчэ не носілі характару партызанскай вайны.

У Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне савецкія войскі сутыкнуліся са спробамі ўзброеннага супраціўлення з боку польскіх ваенных, паліцейскіх і асаднікаў толькі падчас вераснеўскага паходу 1939 г. на гэтыя тэрыторыі. Адразу савецкая ўлада нанесла прэвентыўны ўдар па палякам, якія маглі б распачаць партызанскую барацьбу: пачаліся масавыя арышты патэнцыяльна небяспечных элементаў, дзясяткі тысяч былі тайна расстраляны ў Курапатах, Катыні і іншых мясцінах. Многіх іншых адправілі ў высылку. Гэта прывяло да таго, што да пачатку ВАВ ніякіх баявых дзеянняў супраць новай улады на Беларусі і Украіне не вялося.

Трэба зазначыць, што да пачатку Другой сусветнай вайны польскія ўлады самі змагаліся з сепаратызмам у Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне, прычым на Беларусі барацьба носіла значна меньш крывавы характар і праводзілася пераважна прыхільнікамі савецкай улады, а не стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, у той жа час на Украіне ішла актыўная барацьба за незалежнасць мясцовых нацыяналістаў. Нярэдка гэта барацьба прыводзіла да актаў фізічнай расправы з асобамі польскага ці яўрэйскага паходжання. Аднак прыход савецкай улады спыніў гэта супрацьстаянне на пэўны час.

Сітуацыя кардынальна змянілася 22 чэрвеня 1941 г. Раптоўны напад гітлераўскай Германіі на СССР вымусіў Чырвоную армію адступіць на ўсход. У прыбалтыйскіх рэспубліках пачаліся масавыя ўзброенныя напады мясцовых сепаратыстаў на чырвонаармейцаў і прадстаўнікоў савецкай улады. У Заходняй Украіне салдаты нярэдка дэзертыравалі, а насельніцтва вітала наступаючыя нямецкія войскі. На акупаваных тэрыторыях немцы стваралі ўзброенныя арганізацыі і цывільныя структуры мясцовых сепаратыстаў. Сярод іх легіены войск СС Прыбалтыцы, украінскія нацыянальныя фарміраванні, Беларуская краевая абарона і іншыя. Тым не меньш, не ўсе змагары за незалежнасць таго ці іншага народа ад СССР масава пераходзілі на бок гітлераўскай Германіі. Некаторыя ўкраінскія нацыяналісты і партызанскія фарміраванні польскай Арміі Краевай да 1944 г. ваявалі пераважна супраць немцаў, а пасля 1944 г. распачалі барацьбу з наступаючымі часткамі Чырвонай арміі.

Тыя, хто ваяваў на баку гітлераўцаў дзеля стварэння ці адраджэння незалежнасці сваей краіны, не толькі не дасягнулі сваей мэты, але і сталі «пушачным мясам» для Германіі. Многія загінулі ў баях з Чырвонай арміяй, савецкімі партызанамі, войскамі Арміі Краевай і г.д. Былі выпадкі калі саладты Беларускай краевай абароны пераходзілі ў атрады савецкіх партызан ці нават на бок амерыканскай арміі[5]. Некаторыя трапілі ў савецкі палон і былі пакараны смерцю як здраднікі. Частка такіх калабарацыянстаў збегла ў Заходнюю Еўропу ці Амерыку.

У другой палове 1944 г. войскі Чырвонай Арміі ізноў занялі землі, якія ўвайшлі ў склад Савецкага саюза ў 1939—1940 гг. З гэтага моманту пачалася маштабная партызанская вайна Украінскай паўстанчай арміі (УПА), не раззброіўшыхся атрадаў польскай Арміі Краевай і атрадаў літоўскіх, латышскіх і эстонскіх сепаратыстаў супраць савецкай улады. Атрады партызан нападалі на невялікія злучэнні савецкіх войскаў і дробныя населеныя пункты. Былі выпадкі, калі ахвярамі такой партызанскай вайны рабіліся жыхары суцэльных весак Украіны і Беларусі. Але асноўнымі ахвярамі былі прадстаўнікі савецкай улады, актывісты кампартыі і камсамолу, міліцыянеры і ваенныя. У гэтай партызанскай вайне за незалежнасць асобае месца займае супрацьстаянне паміж польскімі і ўкраінскімі партызанамі, якое было адраджэннем канфлікту 1920-1930-х гг. На Украіне польскія партызаны забівалі этнічных украінцаў, а ўкраінцы — палякаў, нават калі гэтыя людзі не мелі ніякага дачынення да савецкай улады ці палітычнай барацьбы навогул.

Трэба таксама звярнуць увагу і на той факт, што ніякай узброеннай барацьбы за незалежнасць Беларусі не вялося пасля вяртання савецкай улады. Аднак у чэрвені-жніўні 1947 г. на Беларусі былі арыштаваны члены падпольных арганізацый, аб'яднаных вакол «Цэнтра беларускага вызваленчага руху». Іх абвінавацілі ў тым, што яны «праводзілі антысавецкую нацыяналістычную прапаганду, рыхтавалі кадры для правядзення тэрарыстычных актаў, збіралі зброю, распаўсюджвалі нацыяналістычную літаратуру»[6]. Паколькі яшчэ ў 1930-я гг. многія беларускія палітычныя і культурныя дзеячы былі зняволены ці пакараны смерцю па сфабрыкаваных справах, звязанных з ліквідацыяй «нацдэмаўшчыны» (г. зн. беларускага нацыяналізму), цяжка судзіць чым на самой справе займаліся абвінавачаныя. Таксама ў лютым 1947 г. шэраг маладых навучэнцаў Пастаўскага і Глыбоцкага педвучылішчаў былі арыштаваны як члены падпольнай арганізацыі «Саюз беларускіх патрыетаў», а ў жніўні-кастрычніку таго ж года былі арыштаваны яшчэ некалькі чалавек, абвінавачанных ва ўдзеле ў арганізацыі «Свабодная Беларусь»[7]. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што супраць савецкай улады вяла ўзброенную барацьбу і падпольная арганізацыя беларускіх нацыяналістаў «Чорны кот», але фактаў, якія падцвяджаюць яе існаванне і дзейнасць недастаткова [1].

Урад Сталіна адказаў на барацьбу сепаратыстаў палітыкай масавых рэпрэсій і перасяленняў. У сібірскія лагеры і спецпасяленні пачалі адпраўляць не толькі непрасрэдных удзельнікаў партызанскіх фарміраванняў, але і ўсіх, хто іх падтрымліваў ці падазраваўся ў падтрымцы. Сярод такіх недарбранадзейных элементаў былі заможныя сяляне, асобы непралетарскага паходжання, рэлігійныя дзеячы. Таксама разам з урадам камуністычнай Польшчы былі праведзены аперацыі па перасяленню 800 тыс. этнічных палякаў з Украіны ў Польшчу і 500 тыс. асоб украінскага паходжання з Польшчы на Украіну[8].

Яшчэ войскі МУС даволі эфектыўна праводзілі карныя аперацыі. Так да лета 1946 г. на тэрыторыі Беларусі яны арыштавалі 19051 ўдзельніка партызанскіх фарміраванняў і 3766 забілі ў баях і канфіскавалі 3588 куляметаў, 6947 аўтаматаў, 61430 вінтовак і 47 рацый[9].

Масавыя рэпрэсіі і карныя аперацыі прывялі да ліквідацыі ўсіх узброенных груп сепаратыстаў у першай палове 1950-х гг. ва ўсей заходняй частке СССР. Некаторыя дробныя групы і асобныя партызаны перайшлі ад палітычнага тэрору да крымінальнай дзейнасці (рабаўніцтва магазінаў і г.д.) і былі арыштаваны не пазней пачатку 1960-х гг.

Партызанская дзейнасць супраць савецкай улады ў заходняй частцы Савецкага саюза адлюстравана ў шэрагу савецкіх фільмаў: «Доўгая дарога ў дзюнах», «Прыступіць да ліквідацыі» і інш.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Узброенныя выступленні ў Чэчэна-інгушскай АССР падчас Вялікай Айчыннай вайны[правіць | правіць зыходнік]

У пачатку 1940-х гг. на тэрыторыі Чэчэна-інгушскай АССР дзейнічала некалькі невялікіх груп, да якіх у гісторыі ставяцца і як да барацьбітоў з савецкай уладай, і як да крымінальных злачынцаў, бо асноўным відам іх дзейнасці было рабаўніцтва магазінаў.

Калі ішла вайна з Германіяй, урад Сталіна прыняў рашэнне аб перасяленні чэчэнскага і інгушскага насельніцтва ў Кіргізію і аб ліквідацыі аўтаномнай рэспублікі. 23 лютага — 9 сакавіка 1944 г. падчас аперацыі «Пантера» было пераселена практычна ўсе насельніцтва рэ.спублікі. Пры гэтым войскі НКУС забілі 780 чалавек, арыштавалі 2016 "антысавецкіх элементаў, канфіскавалі 4868 вінтовак, 479 куляметаў і аўтаматаў[10].

Цяжка казаць ці існавала на самой справе праблема чэчэнскага сепаратызма ў 1940-х гг., але ліквідацыя Чэчэна-інгушскай АССР і дэпартацыя мясцовага насельніцтва ўклалі значную лепту ў сепаратысцкі рух чэчэнцаў 1990-х гг.

Падпольная барацьба сепаратыстаў у 1960—1985 гг[правіць | правіць зыходнік]

Калі ў 1930-1940-х гг. арыштам і рэпрэсіям з боку савецкай улады падвяргаліся не толькі тыя, каго сапраўды можна было аднесці да сепаратыстаў, але і тыя, каго толькі ў гэтым падазравалі, то пасля смерці Сталіна ў 1953 г. масавыя рэпрэсіі паступова спыніліся. Многім рэпрэсаваным сепаратыстам дазволілі вярнуцца жыць на радзіму і працаваць пад наглядам КДБ.

Савецкая ўлада змагалася з нацыянальным сепаратызмам наступным чынам: тых, хто распаўсюджваў антысавецкія ідэі, праводзіў агітацыю, расклеіваў лістоўкі і г. д. судзілі і адпраўлялі ў турму. Таксама ішла палітыка паступовай русіфікацыі саюзных рэспублік. З другога боку ўрад СССР штучна падтрымліваў адносна высокі ўзровень жыцця ў большасці саюзных рэспублік. У той час калі ў Расіі панаваў дэфіцыт многіх гаспадарчых тавараў, а слова «купіць» замянілася словам «дастаць», пра багацце грузінаў і армян хадзілі анекдоты. А. Мэры, словы якога ўзгадваліся вышэй, успамінаў: «Пры Касыгіне матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне Прыбалтыцы было непараўнальна з забеспячэннем расійскай глушы»[11].

Усе вышэй пералічаныя меры не спынілі дзейнасці сепаратысцкіх груповак і асобных дзеячаў, але прымусілі іх весці больш асцярожную барацьбу з савецкай уладай. Некаторыя ветэраны савецкай арміі ўзгадваюць, што падчас Карыбскага крызісу восені 1962 г. у Львове (Украіна) украінскія нацыяналісты расклеілі лістоўкі з пагрозамі ў адрас савецкіх ваенных. Падчас сумеснай аперацыі МУС і арміі некалькі дзясяткаў асоб былі затрыманы па падазрэнню ва ўдзеле ў гэтай акцыі.

8 студзеня 1977 года ў Маскве была ажыццёўлена серыя тэрарыстычных актаў: выбухі ў мятро, ля магазіна і на вуліцы 25 год Кастрычніка. Афіцыйная версія КДБ СССР і думка многіх даследчыкаў супадае ў тым, што гэтыя тэракты былі справай рук армянскіх нацыяналістаў Акопа Сцяпаняна, Завена Багдасар'яна і Сцяпана Зацікяна. Іх арыштавалі, судзілі і расстралялі. Дарэчы Сцяпан Зацікян займаўся падпольнай агітацыяй за незалежнасць Арменіі ад СССР яшчэ задоўга да падрыхтоўкі выбухаў у Маскве[12].

Расследаванню гэтай серыі тэрактаў быў прысвечан адзін з выпускаў парадачы «Следства вялі» з Леанідам Канеўскім.

Сепаратызм у час Перабудовы[правіць | правіць зыходнік]

Хваляванні 1986 г.[правіць | правіць зыходнік]

У сакавіку-красавіку 1986 г. ў Якуцку адбыўся шэраг студэнцкіх хваляванняў, ажыццяўленных якуцкімі студэнтамі[13][14]. Пасля тэрактаў 1977 г. гэтыя хваляванні былі «першай ластаўкай» крызісу савецкай нацыянальнай палітыцы, у аснове якой ляжала русіфікацыя нацыянальных рэспублік.

Другой «ластаўкай» сталі хваляванні ў Казахстане ў снежні 1986 г. з нагоды прызначэння 1-м сакратаром кампартыі Казахстана Г. Колбіна, які дагэтуль не жыў і не працываў у Казахскай ССР. У Алма-Аце адбыліся сутыкненні з міліцыяй і вайскоўцамі падчас якіх некалькі чалавек загінула, 1700 атрымалі цялесныя пашкоджанні і 8500 былі арыштаваны (потым 2 з арыштаваных прыгаварылі да смяротнага пакарання астатніх — да турэмнага зняволення, адміністрацыйнай адказнасці і г.д.)[15].

Падобныя акцыі пратэсту прайшлі ў гэты жа час у Карагандзе, аднак яны абышліся без вострых сутыкненняў з міліцыяй. І ў Алма-Аце, і ў Карагандзе мітынгуючыя патрабавалі пашырэння паўнамоцтв нацыянальных рэспублік у вырашэнні ўнутранных спраў.

Хваляванні ў Якуціі і Казахстане былі спынены жорсткімі рэпрэсіямі з боку савецкага ўрада на чале з М. Гарбачовым: студэнтаў выключалі з вну, рабочых і служачых звальнялі з работы, актывістаў судзілі. Трэба памятаць, што ў 1986 г. яшчэ не праводзілася палітыка Галоснасці, і дзейнасць савецкага ўрада ні чым не кантралявалася «знізу».

Галоснасць і сепаратызм[правіць | правіць зыходнік]

Сітуацыя радыкальна змянілася пасля абвяшчэння палітыкі Галоснасці ў 1988 г. Тады крытыка мінулых дзеянняў савецкай улады і тагачаснай рэчаіснасці больш не кантралявалася цэнзурнымі структурамі. Пачаўся працэс дэмакратызацыі савецкага грамадства, які фатальна аслабіў савецкую ўладу. Гэты працэс закрануў і нацыянальнае пытанне. У нацыянальных рэспубліках пачалося стварэнне народных франтоў, якія мелі першапачатковай мэтай павялічэнне ролі нацыянальнай мовы і культуры ў саюзных рэспубліках. Неўзабаве ад культурных мерапрыемств народныя франты перайшлі да палітычных акцый, што прывяло іх да поўнай канфрантацыі з савецкай уладай.

30 кастрычніка 1988 г. пад Мінскам ва ўрочышчы Курапаты Беларускі народны фронт "Адраджэннне правеў акцыю ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій. Супраць маніфестантаў улады БССР прымянілі сілу: міліцыянеры разагналі мітынг і шэсце з дапамогай газу «Чаромуха»[16].

У гэтым жа годзе армянскае насельніцтва Нагорнага Карабаху паставіла пытанне аб пераходзе Карабаху ў склад Армянскай ССР. Гэта стала пачаткам армяна-азербайджанскага канфлікту, які цягнуўся да распаду СССР, а потым перарос у вайну паміж Арменіяй і Азербайджанам.

Пасля таго, як у Абхазскай АССР мясцовае насельніцтва запатрабавала надання Абхазіі статуса саюзнай рэспублікі СССР, у Грузіі актывізавалася дзейнасць Грузінскага народнага фронту. Хваляванні ў Тбілісі дасягнулі свайго піку, калі 9 красавіка 1989 г. ля Дома Ураду падчас сутыкнення з савецкімі вайскоўцамі загінулі 19 чалавек і некалькі сот былі паранены[17]. На гэту рэпрэсіўную акцыю многія грузіны адказалі забастоўкай і працягам пратэстных акцый.

У канцы снежня 1989 — студзені 1990 г. Народны фронт Азербайджана ажыццявіў шэраг сілавых акцый па захопу ўлады ў некаторых гарадах рэспублікі і разбурэнню мяжы з Іранам. Найбольш радыкальныя дзеячы пачалі армянскія пагромы ў Баку і некаторых іншых гарадах. У адказ у ноч на 20 студзеня 1990 г. савецкая армія пачала штурм Баку і праз некалькі дзен авалодала ўсімі гарадамі рэспублікі. Гэта аперацыя па спыненню грамадзянскіх хваляванняў фактычна параўтварылася ў маштабную карную аперацыю, якая настроіла значную частку азербайджанцаў супраць савецкай улады. Падчас аперацыі загінула больш за сотню жыхароў Баку, сярод якіх шмат мірных жыхароў. Падзеі гэтага перыяду ўвайшлі ў гісторыю як Чорны Студзень.

Парад суверэнітэтаў і распад СССР[правіць | правіць зыходнік]

У 1988—1990 гг. кіраўніцтва саюзных рэспублік СССР і аўтаномных рэспублік Расіі пачало аб'яўляць аб нацыянальным суверенітэце. Гэты перыяд увайшоў у гісторыю пад назвай «парад суверэнітэтаў». Гэты парад адбыўся ў наступнай паслядоўнасці.

16 лістапада 1988 г. Эстонская ССР

18 красавіка 1989 г. Літоўская ССР

28 ліпеня 1989 г. Латвійская ССР

23 верасня 1989 г. Азербайджанская ССР

26 мая 1990 г. Грузінская ССР

12 чэрвеня 1990 г. РСФСР

20 чэрвеня 1990 г. Узбекская ССР

23 чэрвеня 1990 г. Малдаўская ССР

16 ліпеня 1990 г. Украінская ССР

27 ліпеня 1990 г. Беларуская ССР

9 жніўня 1990 г. Карэльская АССР

22 жніўня 1990 г. Туркменская ССР

24 жніўня 1990 г. Арменія і Таджыкістан

31 жніўня 1990 г. Татарская АССР

27 верасня 1990 г. Удмурція і Якуція

7 кастрычніка 1990 г. Чукотка, Бурація і Адыгея

11 кастрычніка 1990 г. Комі АССР і Башкірская АССР

17 кастрычніка 1990 г. Ямала-Ненецкая аўтаномная акруга

19 кастрычніка 1990 г. Калмыцкая АССР

22 кастрычніка 1990 г. Марыйская АССР

24 кастрычніка 1990 г. Чувашская АССР

25 кастрычніка 1990 г. Казахская ССР і Горна-Алтайская аўтаномная акруга

25 кастрычніка 1990 г. Іркуцкі рэгіен

15 снежня 1990 г. Кіргізія

За аб'яўленнямі дзяржаўнага суверэнітэту з цягам часу следвалі заяўленні аб выхадзе той ці іншай рэспублікі са складу СССР. Фактычна дзейнічаўшы ўрад СССР на чале з М. Гарбачовым спрабаваў супрацьпаставіць сепаратысцкім тэндэнцыям і дыпламатыю і сілу. Дыпламатычным крокам быў шэраг намаганняў 1991 г. па выпрацоўцы новага саюзнага дагавора і стварэння новага дзяржаўнага ўтварэння — Саюза сувярэнных дзяржаў. Спробы ўтрымаць сілай саюзныя рэспублікі ў складзе СССР яшчэ прыймаліся ў Літве і Латвіі.

У студзені 1991 г. пачаліся акцыі пратэсту рускамоўнага насельніцтва Літвы супраць выхаду рэспублікі са складу Савецкага саюза. Урад СССР увеў войскі спецыяльнага прызначэння ў Вільнюс. Ноччу 13 студзеня 1991 года падчас штурму тэлецэнтра літоўскай сталіцы савецкімі вайскамі загінулі 15 чалавек (у тым ліку адзін з афіцэраў групы «Альфа») і 600 былі паранены. 20 студзеня 1991 г. ў Рызе падчас перастрэлак паміж рыжскім АМАПам і мясцовымі дружыннікамі сіл нацыянальнай самаабароны загінулі 5 чалавек і былі паранены 8. 31 ліпеня 1991 г. былі забіты 7 мытнікаў і паліцэйскіх у мытным пункце Мядзінінкае; афіцыйная Рыга абвінаваціла ў гэтым супрацоўнікаў рыжскага і вільнюскага АМАПа, але яны сваю віну не прызналі[18].

Пасля спробы змяніць палітычны курс у СССР 18-21 жніўня 1991 г. савецкая ўлада канчаткова страціла сваю сілу, як цэнтральнай улады ў СССР. Аднак смерць Савецкага саюза наступіла пазней: 8 снежня 1991 г. С. Шушкевіч ад Беларусі, Б. Ельцін ад Расіі і Л. Кучма ад Украіны падпісалі ў Віскулях пагадненні аб скасаванні СССР і стварэнні новага канфедэратыўнага ўтварэння — Садружнасці незалежных дзяржаў, а 25 снежня таго ж года М. Гарбачоў склаў з сябе паўнамоцтвы прэзідэнта СССР. Пасля гэтага праблемы нацыянальнага сепаратызму і барацьбы за незалежнасць перайшлі на новы ўзровень і выразіліся ў вайне паміж Арменіяй і Азербайджанам, грузіна-абхазскім і грузіна-асецінскім канфліктам, вайне ў Чэчне і канфлікце ў Прыднестроўі і г.д.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Декларация прав народов России http://historiapure.narod2.ru/dakumenti__materiyali/deklaratsiya_prav_narodov_rossii_1917/
  2. Зевелев, А. И.; Поляков, Ю. А.; Чугунов, А. И. Басмачество: возникновение, сущность, крах. М. Наука 1981
  3. Узбеки Турции (часть III). «Басмачи» или участники национально-освободительного движения? http://www.fergananews.com/article.php?id=5725
  4. Сапожникова Г. М. Арнольд Мери: последний эстонский герой. Судьба человека как путеводитель по новейшей истории. — Таллин: Impressum, 2009. с.120-121
  5. Беларуская краевая абарона//Беларуская энцыклапедыя, т. 2, Мн: «Беларуская энцыклапедыя», 1996 с. 413
  6. НА РБ. Ф. 4, воп. 20, спр. 244, арк. 218 цыт. па: Касцюк М. П. і нш. Нарысы гісторыі Беларусі, ч. 2, Мн: «Беларусь», 1995, с. 337
  7. НА РБ. Ф. 4, воп. 20, спр. 244, арк. 216, 261 цыт. па: Касцюк М. П. і нш. Нарысы гісторыі Беларусі, ч. 2, Мн: «Беларусь», 1995, с. 337
  8. Jehovah's Witnesses Yearbook 2002, p. 156
  9. Очерки по истории милиции Белорусской ССР. 1917—1987. Мн. 1987, с. 258, 260 цыт. па: Касцюк М. П. і нш. Нарысы гісторыі Беларусі, ч. 2, Мн: «Беларусь», 1995, с. 342
  10. Артем Кречетников. Операция «Чечевица»: 65 лет депортации вайнахов http://news.bbc.co.uk/hi/russian/russia/newsid_7906000/7906059.stm
  11. Сапожникова Г. М. Арнольд Мери: последний эстонский герой. Судьба человека как путеводитель по новейшей истории. — Таллин: Impressum, 2009. с.123-124
  12. «Мы собирали и плавили снег». Независимая газета, 2004-02-09 http://www.ng.ru/events/2004-02-09/7_yrovoi.html
  13. Амелин В. Этнополитические конфликты: типы и формы проявления, региональные особености http://www.gumer.info/bibliotek_Buks/History/Article/Amelin_Konflikt.php
  14. Далан. Жизнь и судьба моя : Роман-эссе // Якутск : Бичик, 2003. — 334 с. : портр. с320-26 http://www.sakharov-center.ru/asfcd/auth/?t=page&num=12029
  15. http://libertykz.narod.ru/press_confer1.html
  16. Хартия97 30.10.2008 http://www.charter97.org/ru/news/2008/10/30/11594
  17. Заключение Комиссии Съезда народных депутатов СССР по расследованию событий, имевших место в г. Тбилиси 9 апреля 1989 года http://sobchak.org/rus/docs/zakluchenie.htm
  18. Ирина ХАЛИП. Кошмар в летнюю ночь. // Белорусская деловая газета, 11/06/2003