Маравія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Герб Маравіі. Мараўскі арол
Сцяг Маравіі[1][2]
Сцяг мараваў
Маравія ў сённяшняй Чэхіі

Мара́вія (чэшск.: Morava, славацк.: Morava, ням.: Mahren) — гістарычны рэгіён Чэшскай рэспублікі на ўсход ад гістарычнай вобласці Чэхія.

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Маравія ў цяперашні час тэрытарыяльна дзеліцца на наступныя адміністрацыйныя адзінкі (краіkraje): Мараўскасілезскі, Оламаўцкі, Злінскі, Паўднёвамараўскі і Высачына. На поўначы Маравія мяжуе з Польшчай і чэшскай часткай Сілезіі, на ўсходзе — са Славакіяй, на поўдні — з Ніжняй Аўстрыяй, на захадзе — з Чэхіяй. Асноўная рака — Марава; ад яе назвы і паходзіць назва рэгіёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Каля 400 года да н.э. Маравія была заселена кельтамі. Прыблізна ў 60 годзе да н.э. з гэтага рэгіёна сышлі кельцкія плямёны боі, выцесненыя маркаманамі і квадамі (германскімі плямёнамі), а тых у VI ст. змянілі мараване і іншыя славянскія плямёны. У 623—658 гадах Маравія ўваходзіла ў склад славянскага княства Само (пасля 658 года дзяржава распалася).

Пад канец VIII стагоддзя на тэрыторыі сённяшніх паўднёваўсходняй Маравіі і заходняй Славакіі ўтварылася дзяржава Вялікая Маравія, якая дасягнула вяршыні сваёй магутнасці ў IX стагоддзі — тады ў яе ўваходзілі часткі сённяшняй Чэхіі, Венгрыі і землі ўздоўж Віслы. У 907 годзе Вялікая Маравія пала пад напорам мадзьяраў, а мараўскія землі апынуліся пад уладай чэшскага князя.

З 999 па 1019 гады ўваходзіла ў польскую дзяржаву Баляслава Храбрага, затым ізноў вярнулася ў склад Багеміі (Чэхіі), з якой пасля падзяліла яе гістарычны шлях. У 1063 годзе тут была заснавана Оламаўцкая епіскапія. З 1182 года Маравія — імперскае маркграфства ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі. У гэты час адбывалася інтэнсіўная нямецкая каланізацыя.

У першай палове XV стагоддзя Маравія была ахоплена рухам пад кіраўніцтвам Яна Гуса. У пачатку XVI стагоддзя тут распаўсюджваюцца рэфармацыйныя вучэнні (лютэранства, анабаптызм).

З 1526 года Маравія разам з Чэхіяй увайшла ў імперыю Габсбургаў. У XVII стагоддзі Маравія фактычна стала адной з правінцый манархіі Габсбургаў.

У 1782 годзе Маравія была аб'яднана з аўстрыйскай Сілезіяй у адну адміністрацыйную адзінку з цэнтрам у Брно. У 1849 годзе вылучана ў адмысловую каронную зямлю Аўстра-Венгрыі. Маравія мела ўласны парламент, у які прадстаўнікі (чэхі і немцы) абіраліся ў этнічна падзеленых выбарчых акругах.

Пасля распаду Аўстра-Венгрыі ў 1918 годзе Маравія ўвайшла ў склад Чэхаславакіі.

У 1938 годзе ў выніку Мюнхенскай змовы значная частка Маравіі была захоплена Германіяй. У сакавіку 1939 года была акупіравана астатняя частка Маравіі, якая ўвайшла ў так званы Пратэктарат Багеміі і Маравіі. У маі 1945 года вызвалена Савецкім Войскам і вернута ў склад Чэхаславакіі. Пасля 1945 года большасць нямецкага насельніцтва была пераселена на тэрыторыю Германіі.

З 1993 года — у складзе Чэшскай Рэспублікі.

Гістарычнай сталіцай Маравіі да 1641 года быў горад Оламаўц, размешчаны ў цэнтры рэгіёна. З канца XVIII стагоддзя сталіцай стаў горад Брно.

Вядомыя асобы[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Svoboda, Zbyšek; Fojtík, Pavel; Exner, Petr; Martykán, Jaroslav (2013). "Odborné vexilologické stanovisko k moravské vlajce" (PDF). Vexilologie. Zpravodaj České vexilologické společnosti, o.s. č. 169. Brno: Česká vexilologická společnost. pp. 3319, 3320. Архівавана 24 верасня 2019.
  2. Pícha, František (2013). "Znaky a prapory v kronice Ottokara Štýrského" (PDF). Vexilologie. Zpravodaj České vexilologické společnosti, o.s. č. 169. Brno: Česká vexilologická společnost. pp. 3320–3324. Архівавана 24 верасня 2019.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]