Слуцкая беларуская гімназія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Слуцкая беларуская гімназія, або Слуцкая народная агульная гімназія Хаўруса настаўнікаў — сярэдняя навучальная ўстанова ў Слуцку, якая дзейнічала ў 1917—1920 гг.

Утворана ў ліпені 1917 года па ініцыятыве камісара Слуцкага павета пры Часовым урадзе Р. К. Астроўскага, які стаў першым дырэктарам. Утрымлівалася за кошт субсідый Слуцкага павятовага земства і платы за навучанне, атрымлівала грашовыя дапамогі ад урада БНР у 1918 годе, Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску ў 1920 годзе.

У розны час у склад педагагічнай рады ўваходзілі: М. Штэрнаў (дырэктар у 1919—1920), П. Я. Жаўрыд, А. Істочнікава, Э. Людвіг, А. Макарава, С. К. Петрашкевіч, П. Сутрыс, М. Травін, М. Ярац і інш. Навучальная праграма гімназіі будавалася на ўзор былых расійскіх гімназій, дадаткова ўведзены беларуская мова як абавязковы прадмет, гісторыя і геаграфія Беларусі (факультатыўныя), якія выкладаліся на беларускай мове.

Асноўны кантынгент навучэнцаў — сялянскія дзеці з навакольных вёсак. Гімназісты з бедных сем’яў вызваляліся ад платы за навучанне. У гімназіі вучыліся С. Бусел, Л. Рыдлеўскі, М. Каберац, А. Яцэвіч (Змагар) і інш.

Пры гімназіі дзейнічала беларуская маладзёжная арганізацыя «Папараць-кветка».

У верасні 1920 гімназія пераўтворана ў савацкую школу 2-й ступені.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]