Геаграфія Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Рэспубліка Беларусь — краіна ва Усходняй Еўропе. Плошча складае 207,6 тыс. км².

Адміністрацыйнымі адзінкамі Беларусі з’яўляюцца вобласці. Краіна падзяляецца на шэсць абласцей: Брэсцкую, Віцебскую, Гомельскую, Гродзенскую, Магілёўскую і Мінскую. Таксама вылучаецца ў якасці асобнай адміністрацыйнай адзінкі горад Мінск.

Вобласці, у сваю чаргу, падзяляюцца на раёны. Усяго ў Беларусі налічваецца 118 раёнаў.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Беларусь на карце

Беларусь мяжуе з Расіяй, Латвіяй на поўначы, Літвою на паўночным захадзе, Польшчай на захадзе, Украінай на поўдні; непасрэднага выхаду да мора не мае.

Касмічны здымак Беларусі, спадарожнік MODIS Terra, 29 чэрвеня 2010 года

Фізіка-геаграфічнае становішча Рэспублікі Беларусь абумоўлена яе знаходжаннем ва ўмераных шыротах Усходняга паўшар’я, на прасторы Усходне-Еўрапейскай раўніны. Тэрыторыя Беларусі знаходзіцца ў цэнтры Еўропы, у басейнах верхняга цячэння Дняпра і Нёмана, сярэдняга цячэння Заходняй Дзвіны і Заходняга Буга, сярэдняга і ніжняга цячэння Прыпяці. Амаль напалову краіну дзеліць Балтыйска-Чарнаморскі водападзел. На басейн Балтыйскага мора прыпадае 42 % тэрыторыі, а на басейн Чорнага мора — 58 % тэрыторыі краіны. На гэты конт яшчэ ў пачатку XX ст. беларускі географ А. Смоліч пісаў: «Беларускі народ шчыльнаю масаю засяляе вялікі прастор Зямлі ў самай геаметрычнай сярэдзіне Еўропы, на вялікай Еўрапейскай раўніне, паміж Балтыйскім і Чорным морамі».

Знак «Геаграфічны цэнтр Еўропы» ў Полацку

У 2000 беларускія навукоўцы і супрацоўнікі РУП «Белкосмааэрагеадэзія» абнародавалі разлікі, паводле якіх геаграфічны цэнтр Еўропы размешчаны ў Віцебскай вобласці, паблізу возера Шо, умоўны пункт — ля берага возера Івесь у аднайменным пасёлку. Для разлікаў выкарыстоўвалася адмыслова распрацаваная камп’ютарная праграма. Еўропу ўзялі за адзінае цэлае, уключыўшы акваторыі Белага і Балтыйскага мораў, Вялікабрытанію, Ірландыю і іншыя астраўныя землі. Атрыманую ў выніку прастору пакрылі інтэгральнай сеткай і па ёй вылічылі цэнтральны пункт. У 2008 г. сталі вядомыя паўторныя разлікі, паводле іх цэнтр Еўропы знаходзіцца на 55º30´ пн.ш. і 28º48´ у.д. ў горадзе Полацку. Памятны знак «Геаграфічны цэнтр Еўропы» адкрыўся ў Полацку 31 мая 2008.

Паводле разлікаў спецыялістаў аб’яднання «Белгеадэзія», выкананых у 1996 г., геаграфічны цэнтр Беларусі размешчаны за 70 км на паўднёвы ўсход ад Мінска, каля вёскі Антонава Навасёлкаўскага сельсавета Пухавіцкага раёна.

Крайнія пункты Беларусі
Напрамак Бліжэйшыя геаграф. аб’екты Геаграф. каардынаты
Поўнач возера Асвейскае 56˚10′ пн.ш.
Поўдзень гарадскі пасёлак Камарын 51˚16′ пн.ш.
Захад горад Высокае 23˚11′ у.д.
Усход гарадскі пасёлак Хоцімск 32˚47′ у.д.

Крайні паўночны пункт Беларусі знаходзіцца на мяжы з Латвіяй і Расійскай Федэрацыей. На поўнач ад дзяржаўнай мяжы змешана-лясныя ландшафты змяняюцца таёжнымі. Дзяржаўная мяжа з Расіяй праходзіць па ўзвышшах і нізінах. Яе перасякаюць рэкі Заходняя Дзвіна, Дняпро, Сож і інш. На поўдні Беларусь мяжуе з Украінай, на некаторым працягу мяжа ідзе па Дняпры, а затым па Палескай нізіне, перасякаецца шматлікімі прытокамі Прыпяці, што цякуць з поўдня. На поўдзень ад дзяржаўнай мяжы лясная зона змяняецца лесастэпам. На захадзе Беларусь мяжуе з Польшчай. Вялікі ўчастак мяжы (150 км) праходзіць па р. Заходні Буг, затым мяжа ідзе праз Белавежскую пушчу, па р. Свіслач, паблізу ад беларуска-польскай мяжы праходзіць водападзел Нёмана і Віслы. На мяжы Беларусі, Польшчы і Літвы раскінуліся Аўгустоўская і Гродзенская пушчы. На паўночным захадзе Беларусь мяжуе з Літвой і Латвіяй. Урэз р. Нёман на мяжы з Літвою — самы нізкі пункт Беларусі. Дзяржаўная мяжа праходзіць па рэках Дзісна і Заходняя Дзвіна, азёрах Дрысвяты і Рычы.

Тым не менш, межы краіны не ўтвараюцца ярка выяўленымі або цяжкадаступнымі прыроднымі рубяжамі; яны праходзяць па раўнінах і ўзвышшах, гэта спрыяе свабоднай цыркуляцыі паветраных мас праз тэрыторыю Беларусі, фарміраванню транзітнага рачнога сцёку, міграцыям жывых арганізмаў. У шматлікіх месцах дзяржаўная мяжа Беларусі перасечана транспартнымі магістралямі. Асаблівасці эканоміка-геаграфічнага становішча (ЭГС) Беларусі абумоўлены яе размяшченнем у цэнтры Еўропы. Праз тэрыторыю Беларусі праходзяць самыя кароткія транспартныя шляхі з Расіі ў краіны Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а таксама з басейна Балтыйскага мора да Чорнага. Праз тэрыторыю Беларусі праходзяць важныя транспартныя магістралі, у тым ліку чыгунка, якая перасякае ўсю Еўразію ад Ціхага да Атлантычнага акіяна. Такое размяшчэнне спрыяе развіццю гандлёвых сувязей Беларусі з рознымі краінамі, яе інтэграцыі ў супольнасць еўрапейскіх дзяржаў. ЭГС Беларусі спрыяе развіццю ў яе межах камунікацый для забеспячэння сувязей паміж рознымі краінамі, міжнароднага турызму.

Аднак на працягу гісторыі размяшчэнне Беларусі ў цэнтры Еўропы не раз прыводзіла да таго, што на яе тэрыторыі сутыкаліся інтарэсы вялікіх дзяржаў. Абедзве сусветнай вайны пракаціліся праз тэрыторыю Беларусі. У цяперашні час такое палітыка-геаграфічнае становішча патрабуе ад Беларусі правядзення збалансаванай, шматвектарнай знешняй палітыкі.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

Геалагічная будова і карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Крэйдавы кар’ер. Крычаўскі раён

У геалагічным сэнсе Беларусь размешчана на захадзе Усходне-Еўрапейскай платформы. Старажытны крышталічны падмурак складзены з магматычных і метамарфічных парод, залягае на глыбіні да 5-6 км (Прыпяцкі прагін), каля в. Глушкавічы Лельчыцкага раёна выходзіць на паверхню. Платформавы чахол складзены пераважна з асадкавых горных парод, укрывае практычна ўсю тэрыторыю Беларусі.

На Беларусі выяўлена і разведана больш за 5 тыс. радовішчаў і пакладаў карысных выкапняў. Сярод іх: нафта і спадарожны газ, каменная і калійныя солі, буры вугаль, гаручыя сланцы, даламіты, торф, мергелі, сапрапелі, гліны, будаўнічыя пяскі, пясчана-жвіровы матэрыял, будаўнічы і абліцовачны камень, жалезныя руды і інш.

Рэльеф[правіць | правіць зыходнік]

Беларусь знаходзіцца на Усходне-Еўрапейскай раўніне. У яе межах вылучаюцца ўзвышшы (абсалютная вышыня больш 200 м), раўніны (150—200 м) і нізіны (да 150 м). Найбольш прыпаднятая цэнтральная частка Беларусі — Беларуская града. Тут размешчана Мінскае ўзвышша, на якім знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі — гара Дзяржынская (345 м); вышыню больш за 300 м маюць яшчэ шэраг пунктаў — горы Лысая, Маяк і інш. Трохі саступаюць Мінскаму ўзвышшу па абсалютных вышынях Навагрудскае (г. Замкавая — 323 м), Ашмянскае, Віцебскае ўзвышшы. Найбуйнейшыя нізіны на тэрыторыі Беларусі: Палеская, Верхнянёманская, Полацкая, Нарачана-Вілейская. Самы нізкі пункт — урэз ракі Нёман на мяжы з Літвой, да 90 м над узроўнем мора.

Асаблівасці рэльефу Беларусі цесна звязаныя з геалагічнай будовай тэрыторыі. Да прыпаднятых участкаў крышталічнага падмурка прымеркаваныя ўзвышшы. Тэрыторыі з глыбокім заляганнем крышталічнага падмурка звычайна занятыя нізінамі.

Вырашальным жа фактарам фарміравання рэльефу Беларусі сталі ледавікі. На працягу апошніх 500—600 тыс. гадоў тэрыторыя Беларусі выпрабавала не менш 5 зледзяненняў. Ледавікі насоўваліся на тэрыторыю Беларусі, галоўным чынам, са Скандынавіі. Найбольш працяглым было Дняпроўскае зледзяненне, якое пакрывала ўсю тэрыторыю Беларусі. Апошняе зледзяненне — Паазерскае; ледавік, які пакінуў тэрыторыю Беларусі каля 10 тыс. гадоў назад, займаў толькі поўнач Беларусі.

Мінскае ўзвышша

Ледавіковыя адклады, транспартаваныя ледавіком, называюць марэнай. Марэнныя адклады на Беларусі складаюцца з пяску і гліны, жвіру, галькі, валуноў. Старажытныя ледавікі сфарміравалі марэнныя ўзгоркі, узвышшы, грады і раўніны. Найбольш характэрныя марэнныя формы рэльефу для Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі (Беларуская града, Віцебская ўзвышша, Браслаўская града і інш.). Патокамі адталых ледавіковых вод створаныя водна-ледавіковыя (флювіягляцыяльныя) раўніны і нізіны (Цэнтральнабярэзінская раўніна і інш.). Іх паверхня складзеная пераважна пясчанымі адкладамі, плоская і слабахвалістая, часта забалочаная. Пасля раставання ледавіка ўзнікалі буйныя прыледавіковыя азёры. Пазней яны былі спушчаны па рэках. Цяпер на іх месцы — азёрна-ледавіковыя нізіны (Полацкая і інш.).

Яшчэ адным фактарам фарміравання сучаснага рэльефу Беларусі была дзейнасць рэк, якія сфарміравалі рачныя даліны. Буйныя рэкі маюць даліны шырынёй у некалькі кіламетраў. Найбольшай шырынёй адрозніваюцца даліны рэк на Палессі, так шырыня даліны Прыпяці дасягае 75 км.

Сучасны рэльеф змяняецца пад дзеяннем не толькі прыродных, але і антрапагенных фактараў. У месцах здабычы карысных выкапняў узнікаюць кар’еры, а з адвалаў пустой пароды ўтворацца тэрыконы (напр., адыходы калійнай вытворчасці каля Салігорска).

Гл. таксама Палессе, тып мясцовасці

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Абсалютныя максімумы і мінімумы тэмператур у абласных цэнтрах Беларусі
Спадарожнікавы здымак. Беларусь, снежань 2002.

Беларусь знаходзіцца ў зоне ўмерана-кантынентальнага клімату.

Клімат Беларусі фарміруецца пад дзеяннем фактараў, якія ўплываюць на клімат усёй Усходне-Еўрапейскай раўніны. Галоўныя з іх — геаграфічнае становішча (у першую чаргу — геаграфічная шырата) і рэльеф. Асаблівасці клімату Беларусі тлумачацца яе размяшчэннем ва ўмераных шыротах, параўнальнай блізкасцю да Атлантычнага акіяна, адсутнасцю прыродных бар’ераў на шляху паветраных мас: марскіх — з захаду і кантынентальных — з усходу і паўднёвага ўсходу.

Самы цёплы месяц года ліпень, самы халодны, найчасцей, студзень. Так, у Мінску сярэдняя тэмпература студзеня складае −6,9 ºС, а ў ліпені яна дасягае 17,8 ºС. Сярэдняя тэмпература змяняецца ў залежнасці ад рэгіёнаў Беларусі. У ліпені сярэдняя тэмпература складае ад 17 °C на поўначы да 18,5 °C на поўдні. Сярэдняя тэмпература ў студзені вагаецца ад −4,5 °C на паўднёвым захадзе да −8 °C на паўночным усходзе. У некаторых рэгіёнах тэмпература, ніжэйшая за нуль, захоўваецца больш як трэць года.

На тэрыторыі Беларусі ў сярэднім за год выпадае 600—700 мм ападкаў. 70 % ападкаў у выглядзе дажджу выпадае ў красавіку-кастрычніку. Колькасць снежных дзён у Беларусі ад 75 на паўднёвым захадзе да 125 на паўночным усходзе. Максімальная вышыня снежнага покрыва адпаведна ад 15 да 30 см.

На Беларусі пераважаюць заходнія вятры. З захаду на ўсход павялічваецца кантынентальнасць клімату.

Сярэдняя тэмпература паветра ў Беларусі ў студзені[1] Сярэдняя тэмпература паветра ў Беларусі ў ліпені[1] Сярэдняя колькасць ападкаў у Беларусі ў студзені (у міліметрах)[2] Сярэдняя колькасць ападкаў у Беларусі ў ліпені (у міліметрах)[2]

Унутраныя воды[правіць | правіць зыходнік]

Рака Пціч у Акцябрскім раёне
Возера Нарач

На Беларусі больш за 20 тыс. рэк. Самыя працяглыя і мнагаводныя рэкі Дняпро, Заходняя Дзвіна, Нёман, Прыпяць.

Беларусь часта называюць «сінявокай» з-за вялікай колькасці азёр: іх у Беларусі налічваецца каля 11 тыс. Агульная іх плошча каля 2 тыс. км², агульны аб’ём вады каля 6 км³. Азёр плошчай больш за 10 км² налічваецца 20. Самае вялікае па плошчы возера Нарач (79,6 км²), самае глыбокае — Доўгае возера (глыбіня 53,7 м). Да найбольшых належаць азёры Асвейскае (52,8 км²), Чырвонае (40,8 км²), Лукомскае (37,7 км²), Дрывяты (36,1 км²) і інш. Найбольш азёр на поўначы краіны — у Беларускім Паазер’і і на поўдні — у Беларускім Палессі. У асобных раёнах (Браслаўскі, Ушацкі) пад азёрамі да 10 % тэрыторыі. Многія азёры ўтвараюць групы, у іх ліку Ушацкая група азёр, якая ўключае каля 40 азёр, сістэма Браслаўскіх азёр (больш за 50) і інш. Катлавіны азёр найчасцей ледавіковага (пераважна на поўначы), рачнога, карставага паходжання. Азёры паўночнай часткі краіны звычайна размешчаны ў межах марэнных узвышшаў і раўнін. У большасці яны маюць добра выражаныя берагі, стромкія, высокія схілы. Самыя буйныя азёры Беларускага Палесся ляжаць у плоскіх забалочаных паніжэннях і акружаныя тарфянымі балотамі.

Сярод штучных азёр найбольшае Вілейскае вадасховішча.

Тэрыторыя краіны багатая на балоты. Найбольш багаты балотамі рэгіён — Палессе.

Глебы[правіць | правіць зыходнік]

Асаблівасці геалагічнага мінулага Беларусі, яе рэльефу, клімату, расліннасці абумовілі складаную будову глебавага покрыва тэрыторыі. Асноўныя глебаўтваральныя пароды тыповыя для зоны ледавіковай акумуляцыі: азёрна-ледавіковыя, марэнныя, водна-ледавіковыя адклады, алювіяльныя наносы, торф. Сярод глебаўтваральных працэсаў пераважаюць дзярновы (пад лугавой травяністай расліннасцю), падзолісты (пад лясной расліннасцю), балотны (у паніжаных месцах, дзе назапашваецца вільгаць) і іх спалучэнні.

З улікам ступені праяўлення асноўнага глебаўтваральнага працэсу вылучаны тыпы глебаў Беларусі: дзярнова-падзолістыя глебы, дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы, тарфяна-балотныя глебы, поймавыя глебы, дзярнова-карбанатныя глебы, дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Паводле механічнага складу адрозніваюць гліністыя, сугліністыя, супясчаныя, пясчаныя і тарфяныя глебы.

Расліннасць[правіць | правіць зыходнік]

Доля плошчы раёнаў Беларусі пад лясамі.     болей за 60%     50—60%     40—50%     30—40%     20—30%     меней за 20%

Лясы займаюць 36 % тэрыторыі краіны. На Беларусі 28 відаў дзікарослых дрэў. Найбольш важныя лесаўтваральныя пароды: хвоя, елка, дуб, ясень, ліпа, клён, граб, бярозы павіслая (бародаўчатая) і пушыстая, асіна, вольхі чорная і шэрая. Шмат дрэў інтрадукаваных: лістоўніцы сібірская і еўрапейская, хвоі Банкса, Мурэя, веймутава, дуб паўночны, таполі пірамідальная, лаўралістая, бальзамічная і інш.

Прыроднае расліннае покрыва Беларусі займае прыблізна 70 % тэрыторыі. Колькасць відаў раслін сягае 12000. Больш за 200 відаў раслін ахоўваецца дзяржавай.

Жывёльны свет, ахова прыроды[правіць | правіць зыходнік]

Жывёльны свет Беларусі налічвае 457 відаў пазваночных (у тым ліку 73 віды млекакормячых, 290 відаў птушак, прыблізна 60 відаў рыб) і больш за 20 тысяч беспазваночных жывёл. Важнае гаспадарчае значэнне маюць промыслава-паляўнічыя віды жывёл — лісіца, куніца, заяц, выдра, тхор, гарнастай, а таксама лось і дзік. Больш за 180 відаў жывёл ахоўваецца дзяржавай.

Заканадаўства Беларусі вызначае асноўныя кірункі палітыкі краіны ў галіне экалогіі і аховы прыроды (законы «Аб ахове навакольнага асяроддзя», «Аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету» і іншыя). Беларусь далучылася да канвенцыі аб біяразнастайнасці, згодна з якой краіна абавязалася стварыць сістэму ахоўваемых раёнаў і актыўна ўдзельнічаць у вырашэнні пытання аб захаванні біялагічнай разнастайнасці.

Ахоўваемыя прыродныя тэрыторыі:

Фізіка-геаграфічнае раянаванне[правіць | правіць зыходнік]

Фізіка-геаграфічнае раянаванне Беларусі.

А. Падзона мяшаных лясоў

I. Беларуска-валдайская правінцыя
а. Акруга Беларускага Паазер’я
  1. Нешчардаўскае ўзвышша
  2. Полацкая нізіна
  3. Свянцянскія грады
  4. Ушацка-Лепельскае ўзвышша
  5. Чашніцкая раўніна
  6. Гарадоцкае ўзвышша
  7. Віцебскае ўзвышша
  8. Суражская нізіна
  9. Лучоская нізіна
  10. Верхнебярэзінская нізіна
  11. Нарачана-Вілейская нізіна
б. Акруга Беларускай грады
12. Ашмянскае ўзвышша
13. Мінскае ўзвышша
14. Аршанскае ўзвышша
II. Правінцыя Усходняй Прыбалтыкі
15. Латгальскае ўзвышша
16. Браслаўская града
III. Заходне-Беларуская правінцыя
17. Лідская раўніна
18. Сярэднянёманская нізіна
19. Верхнянёманская нізіна
20. Паўднёва-Заходняе адгалінаванне Беларускай грады
21. Капыльская града і раўніны, якія яе акаймоўваюць
22. Баранавіцкая раўніна
23. Прыбугская раўніна
IV. Усходне-Беларуская правінцыя
24. Горацка-Мсціслаўская раўніна
25. Аршанска-Магілёўская раўніна
V. Перадпалеская правінцыя
26. Цэнтральнабярэзінская раўніна
27. Чачорская раўніна

А. Падзона шыракалістых лясоў

VI. Палеская правінцыя
28. Брэсцкае Палессе
29. Загароддзе
30. Прыпяцкае Палессе
31. Гомельскае Палессе
32. Мазырскае Палессе

Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Колькасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь паводле папярэдніх дадзеных на 1 студзеня 2009 склала 9671,4 тыс. чал. і за 2008 зменшылася на 18,4 тыс. чал.[3] З 1993 года насельніцтва Беларусі ўстойліва скарачаецца.

У 2007 нараджальнасць склала (у разліку на тыс. жыхароў) 10,7, а смяротнасць 13,7. У 2008 нараджальнасць (у разліку на тыс. жыхароў) 11,1, смяротнасць 13,9, натуральная ўбыль насельніцтва −2,8.[3]

Нацыянальны склад насельніцтва Беларусі (1999): беларусы (81,3 %), рускія (11,3 %), палякі (3,9 %), украінцы (2,3 %), іншыя (1,2 %). Паводле ацэнак, 60-70 % жыхароў Беларусі лічаць сябе праваслаўнымі, 15-20 % каталікамі, 5-10 % пратэстантамі, уніятамі. Пашыраны атэізм.

Больш за 70 % насельніцтва Беларусі жыве ў гарадах. Колькасць насельніцтва ў 14 гарадах Беларусі перасягае 100 тыс. чалавек. У Мінску на 1 студзеня 2009 года налічвалася 1 млн 829,1 тыс. жыхароў. На другім месцы — Гомель (488,1 тыс.), на трэцім — Магілёў (372,0 тыс.). Далей ідуць іншыя абласныя цэнтры: Віцебск (347,5 тыс.), Гродна (338,2 тыс.) i Брэст (318,0 тыс.). У Бабруйску на 1 студзеня 2009 пражывалі 219,0 тыс. чал., Баранавічах — 168,9 тыс., Барысаве — 150,0 тыс., Пінску — 131,2 тыс., Оршы — 122,2 тыс., Мазыры — 112,2 тыс., Салігорску — 101,4 тыс., Наваполацку — 101,0 тыс. чалавек.[4]

Гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Прамысловасць[правіць | правіць зыходнік]

Трактар «Беларус 2522ДВ». Сельскагаспадарчая выстаўка ў Мінску

Асноўныя галіны прамысловасці Беларусі: машынабудаванне, металаапрацоўка, хімічная і нафтахімічная прамысловасць. Таксама развіты паліўная прамысловасць і электраэнергетыка, лёгкая, харчовая, лясная і дрэваапрацоўчая галіны прамысловасці, вытворчасць будаўнічых матэрыялаў.

Прыблізна 100 буйных прадпрыемстваў складаюць аснову беларускай прамысловасці. Сярод іх Мінскі трактарны завод, Мінскі аўтамабільны завод, завод па вытворчасці халадзільнікаў «Атлант», завод па вытворчасці тэлевізараў «Гарызонт», Наваполацкі і Мазырскі нафтаперапрацоўчыя заводы, «Беларуськалій» — найбуйнейшы ў свеце вытворца калійных угнаенняў і іншыя.

Сельская гаспадарка[правіць | правіць зыходнік]

Статак кароў на пашы (Шумілінскі раён)

У Беларусі вырошчавюцца збожжавыя (ячмень, жыта, авёс, пшаніца, трыцікале, кукуруза), кармавыя культуры, цукровыя буракі, лён, рапс, бульба.

Жывёлагадоўля мае малочна-мясны кірунак.

Транспарт[правіць | правіць зыходнік]

На Беларусі найбольшае значэнне мае чыгуначны, аўтамабільны, трубаправодны транспарт. На асобных рэках існуе суднаходства. Дзейнічае Нацыянальны аэрапорт Мінск і інш.

Працягласць чыгуначных пуцей — 5511 км, у т.л. электрыфікаваных — 897 км. Аўтамабільных дарог — 85,7 тыс. км, у т.л. з цвёрдым пакрыццём — 74,3 тыс. км. Агульная працягласць нафтаправодаў — 2984 км, нафтапрадуктаправодаў — 1107 км, газаправодаў — 7421 км (2008).

Знешнія эканамічныя сувязі[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі знешнегандлёвымі партнёрамі Беларусі з’яўляюцца Расія і ЕС.

Па выніках 2006 у краіны ЕС было экспартавана 45,5 % прадукцыі, у Расію — 43,6 %. Акрамя Расіі экспарт у вялікіх аб’ёмах адбываўся ў Нідэрланды — 17,7 %, Вялікабрытанію — 7,5 %, Украіну — 6,3 %, Польшчу — 5,2 %, Германію — 3,8 %.

Большая частка імпарту (58,6 %) ажыццяўлялася з Расіі; іншыя важнеёшыя партнёры: Германія — 7,5 %, Украіна — 6,3 %, Польшча — 3,4 %, Кітай — 2,5 %. У імпарце пераважалі: паліва і мінеральная сыравіна (33,4 %), машыны і абсталяванне (16,1 %), металы і вырабы з іх (11,7 %).

Увогуле, тавараабарот адбываўся больш як са 130 краінамі. Аб’ём імпарту быў большы за аб’ём экспарту.

Прыродна-гаспадарчае раянаванне[правіць | правіць зыходнік]

У розных частках Беларусі існуюць пэўныя асаблівасці рэльефу, клімату, глеб, расліннасці. Хоць наглядаюцца некаторыя адрозненні паміж усходам і захадам краіны, яны больш праяўляюцца ў напрамку з поўначы на поўдзень. З імі звязаны некаторыя асаблівасці рассялення і гаспадарчай дзейнасці насельніцтва, адрозненні ў ступені асвоенасці тэрыторыі. Так, марэнны рэльеф, вялікая колькасць азёр, параўнальна высокая лясістасць на поўначы Беларусі абумовілі драбнаконтурнасць сельскагаспадарчых угоддзяў і перавагу невялікіх населеных пунктаў. З пашырэннем сугліністых глеб, халаднаватым дажджлівым летам звязана развіццё льнаводства. Цэнтральная частка Беларусі вызначаецца ўзвышаным рэльефам, разнастайным глебавым покрывам, меншай лясістасцю і забалочанасцю, высокай шчыльнасцю насельніцтва, найбольшай асвоенасцю ў прамысловых, транспартных і сельскагаспадарчых адносінах. Плоскі рэльеф, высокая забалочанасць (каля палавіны балот асушана) і лясістасць абумовілі ўзровень гаспадарчай асвоенасці паўднёвай часткі Беларусі. Там сканцэнтравана здабыча калійных солей (мела ўсесаюзнае значэнне), будаўнічага каменю, нафты. Своеасаблівы характар на поўдні мае сельскае рассяленне — населеныя пункты тут больш буйныя, размешчаны яны па тэрыторыі даволі рэдка. Усё гэта дало падставы для вылучэння ў межах Беларусі трох прыродна-гаспадарчых раёнаў: Паўночная Беларусь (Беларускае Паазер’е), Цэнтральная Беларусь, Паўднёвая Беларусь (Беларускае Палессе).

Даследаванне[правіць | правіць зыходнік]

На першым этапе геаграфічных даследаванняў тэрыторыя сучаснай Беларусі знаходзілася ў складзе ВКЛ, Рэчы Паспалітай, а потым Расіі. Даследаванні насілі эпізадычны характар і звычайна не ахоплівалі ўсю тэрыторыю Беларусі. Недасканалымі былі прылады і абсталяванне. Аднак ужо на першым этапе з’явіліся карты тэрыторыі, былі адкрыты радовішчы карысных выкапняў, растлумачана ўтварэнне рэльефу, апісаны глебы і расліннасць. Былі сабраны статыстычныя звесткі аб насельніцтве і гаспадарцы Беларусі, яе прыродных рэсурсах. З’явіліся першыя метэаралагічныя і гідралагічныя станцыі.

З 1919 года актывізавалася вывучэнне прыродных умоў і гаспадаркі Беларусі як самастойнай рэспублікі (у складзе СССР). З’явіліся нацыянальныя навучальныя і навуковыя ўстановы, былі заснаваны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і Акадэмія навук Беларусі. Даследаванні пачалі праводзіцца планамерна і ахопліваць усю тэрыторыю рэспублікі. Найбольш вялікі ўклад у станаўленне геаграфічнай навукі ў Беларусі на дадзеным этапе ўнёс Аркадзь Смоліч.

Сучасны этап геаграфічных даследаванняў Беларусі пачаўся пасля Вялікай Айчыннай вайны і мае шэраг адметных рыс. Даследаванні грунтуюцца на вялікім фактычным матэрыяле, сабраным на папярэдніх этапах. Вылучылася шмат новых напрамкаў у сістэме геаграфічных навук: меліярацыйная геаграфія, геаграфія турызму, геаэкалогія і інш. Дэталёвыя глебавыя, геалагічныя, геамарфалагічныя і іншыя здымкі тэрыторыі Беларусі дазволілі скласці буйнамаштабныя тэматычныя карты. Паспяхова развіваецца прагназаванне, мадэліраванне, ствараюцца геаінфармацыйныя сістэмы. Удасканальваюцца тэхналогіі і методыкі правядзення даследчых прац. Створаны галіновыя навукова-даследчыя інстытуты і лабараторыі.

Фактычны матэрыял, сабраны вучонымі, абагульнены ў шматлікіх манаграфіях, даведніках, галіновых картах і атласах. Асобна можна вылучыць энцыклапедыі «Прырода Беларусі» (1986—1989 гг. і 2009—2011 гг.). Адным з найбольш поўных навукова-даведачных выданняў, прысвечаных геаграфіі Беларусі, з’яўляецца Нацыянальны атлас Беларусі.

У апошні час у геаграфічных даследаваннях павялічылася роля экалагічнай тэматыкі. Перш за ўсё, дзякуючы даследаванням вучоных БДУ з’явілася новая галіна геаграфічнай навукі — геаэкалогія.

Зноскі

  1. а б Клімат // Беларуская энцыклапедыя. — Т. 18, ч. 2: Беларусь. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 41.
  2. а б Клімат // Беларуская энцыклапедыя. — Т. 18, ч. 2: Беларусь. — Мн.: Беларуская энцыклапедыя, 2004. — С. 43.
  3. а б https://web.archive.org/web/20090210203232/http://belstat.gov.by/homep/ru/indicators/pressrel/demogr.php
  4. Численность населения Республики Беларусь на 1 января 2009 года по административно-территориальным единицам. — Мн., 2009.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Брылеўскі М. М., Смалякоў Г. С. Геаграфія Беларусі: вучэбны дапаможнік для 10-га кл / 3-е выд. — Мн.: Народная асвета, 2012. — 302 с. ISBN 978-985-03-1787-2
  • Геаграфія Беларусі: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1992.
  • Нацыянальны атлас Беларусі / Складз. і падрыхт. да друку Рэсп. унітарн. прадпрыемствам «Белкартаграфія» у 2000—2002 гг., Гал. рэдкал. М. У. Мясніковіч (старшыня) і інш. — Мінск : Белкартаграфія, 2002. — 292 с.
  • Сацыяльна-эканамічная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Пад рэд. А. В. Саломкі, К. Р. Кірэенка. — Мн., 1997.
  • Смоліч А. Геаграфія Беларусі. — 4-е выд. — Мн., 1993.
  • Сідор С. І., Смалякоў Г. С., Лопух П. С. Геаграфія Беларусі ў пытаннях і адказах. — Мн., 1998.
  • Фізічная геаграфія Беларусі: вучэб. дап. для студ. геагр. фак. / пад рэд. Б. М. Гурскага, К. К. Кудло. — Мн., 1995. 192 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]