Часовы беларускі нацыянальны камітэт

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Часовы беларускі нацыянальны камітэт (ЧБНК) — беларуская грамадска-палітычная арганізацыя, каардынацыйны орган беларускага нацыянальнага руху ў час польска-савецкай вайны 1919-20 на тэрыторыі падкантрольнай польскім вайсковым фарміраванням.

ЧБНК створаны 10 жніўня 1919 ў Мінску, на другі дзень пасля таго, як горад занялі польскія войскі. Камітэт ставіў за мэту згуртаванне і каардынацыю дзейнасці ўсіх тагачасных беларускіх нацыянальных арганізацый для «падняцця нацыянальнага самапачуцця, духоўнай і матэрыяльнай культуры беларускага народу, а таксама абароны нацыянальных, культурных і рэлігійных яго інтарэсаў».

У склад камітэту ўвайшлі прадстаўнікі партый беларускіх эсэраў, сацыял-дэмакратаў, сацыял-федэралістаў і Беларускай хрысціянска-дэмакратычнай злучнасці, Беларускай вайсковай камісіі (БВК), Беларускага праваслаўнага народнага брацтва імя святых Кірылы і Лаўрэнція Тураўскіх, культурна-асветных арганізацый, навучальных устаноў і кааператываў. 12 жніўня 1919 абраны прэзідыум: А.Прушынскі (А.Гарун, старшыня да 17.10.1919), У. Ігнатоўскі (нам. старшыні), А. Аўсянік (сакратар), Я. Фарботка (пісар), Я. Луцэвіч-Іваноўская. Ганаровым членам абраны Я. Купала.

Старшыня ЧБНК А. Прушынскі вітаў начальніка Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскага і дзякаваў таму за вызваленне Гродна, Вільні і Мінска. Федэрацыйныя дэкларацыі кіраўніцтва Поьшчы былі ўспрыняты многімі членамі ЧБНК з яўнай прыязню.

ЧБНК праводзіў актыўную дзейнасць па арганізацыі беларускага школьніцтва, кнігавыданні, стварэнні нацыянальных культурна-асветных устаноў і маладзёжных гурткоў, па правядзенні беларусізацыі навучальных устаноў, царкоўнага і касцельнага богаслужэння, па развіцці беларускай прэсы.

Камітэт існаваў за кошт грашовых укладаў рэгіянальных беларускіх арганізацый, добраахвотных калектыўных і прыватных ахвяраванняў. Умовы дзеяння беларускіх арганізацый на падуладнай Польшчы тэрыторыі былі ў рэчаіснасці вельмі складанымі. 3-за недахопу фінансаў асаблівая ўвага аддавалася арганізацыі беларускіх кааператьгўных і прадпрымальніцкіх гаспадарчых структур.

Ва ўмовах, калі ўрад БНР знаходзіўся ў эміграцыі і Рада БНР не функцыянавала, а дзейнасць Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны была паралізавана рэпрэсіямі і адміністрацыйным уціскам з боку ўлад Польшчы, ЧБНК стаў галоўным каардынацыйным цэнтрам беларускага нацыянальнага руху.

Пры камітэце існавалі школьная секцыя на чале з С. Рак-Міхаплоўскім (30 жніўня 1919 рэарганізавана ў Мінскую беларускую школьную раду), сельскагаспадарчы аддзел (са студзеня 1920 Беларускі цэнтральны саюз сельскай гаспадаркі, ці Белсельсаюз), арганізацыйна-інструктарскі аддзел (кіраўнік Я. Трафімаў), выдавецкі аддзел (С. Некрашэвіч), аддзел дапамогі бедным дзецям (Луцэвіч-Іваноўская), для арганізацыі Беларускага нацыянальнага тэатра ўтворана тэатральная камісія (Ч. Родзевіч). Камітэт фундаваў выданне газет «Звон», «Беларусь», «Наша каляіна». часопіса «Рунь». Пры ЧБНК існаваў інстытут павятовых інструкгараў (рэзідэнтаў) па нацыянальан-культурных і кааператыўных справах (больш за 30 чал.), у выніку дзейнасці якога створаны беларускія нацыянальныя камітэты ў Бабруйску, Ігумене, Слуцку і інш., Беларуская рада ў Баранавічах, адкрыты беларускія школы, сельскагаспадарчыя і спажывецкія таварыствы, культурна-асветныя арганізацыі.

Ва ўмовах уціску польскімі ваеннымі і цывільнымі ўладамі беларускага нацыянальнага руху ЧБНК выступаў у абарону арыштаваных нацыянальных дзеячаў, супраць закрыцця беларускіх навучальных устаноў, узяў пад свой загад былую Мінскую земскую друкарню. Прымаліся намаганні праз перавыбары кіраўніцтва падпарадкаваць свайму ўплыву Беларускі цэнтральны саюз спажывецкіх таварыстваў, стварыць спартыўны аддзел, Беларускі народны банк.

10 сакавіка 1920 абраны новы склад прэзідыума ЧБНК, у які ўвайшлі К. Цярэшчанка (старшыня), А. Смоліч (намеснік старшыні), А. Крэпскі, М. Кудзелька (М. Чарот), А. Шатэрнік, А. Неканда-Трэпка. Дзейнасць камітэта адбывалася пад моцным уплывам беларускіх эсэраў і БКА, якія выкарыстоўвалі яго легальны статус для правядзення антыпольскай прапаганды і падпольнай работы. Пасля расколу Рады БНР у снежні 1919 большасць членаў ЧБНК падтрымала ўрад В. Ластоўскага.

ЧБНК некалькі разоў дамагаўся ад кіраўніцтва Грамадзянскага ўпраўлення ўсходніх зямель правядзення выбараў па стварэнні беларускіх прадстаўнічых краёвых і рэгіянальных органаў улады. Ідэя склікання восенню 1919 агульнага з’езда Міншчыны з мэтай утварэння Рады Міншчыны была адхілена польскай адміністрацыяй. У лютым 1920 ЧБНК дамагаўся ад генеральнага камісара ўпраўлення Е. Асмалоўскага правядзення ў Мінску 15 мая 1920 ІІ Усебеларускага з’езда (на гэты ж дзень планавалася склікаць усебеларускія з’езды настаўнікаў, спажывецкіх і сельскагаспадарчых таварыстваў), але ініцыятыва не была падтрымана не толькі польскай адміністрацыяй, але і прадстаўнікамі БПС-Р і БКА, якія асцерагаліся, што скліканне з’езда выкарыстаюць у сваіх мэтах польскія праўрадавыя арганізацыі (Страж крэсова і інш.) для заканадаўчага замацавання за Польшчай захопленых беларускіх тэрыторый.

3 пачаткам мірных перагавораў паміж Польшчай і Савецкай Расіяй у сакавіку 1920 ЧБНК прыняў рэзалюцыю. у якой канстатаваў недапушчэнне і незаконнасць прыняцця ваюючымі бакамі дыскрымінацыйных рашэнняў, якія закранаюць інтарэсы беларускага народа і пагражаюць цэласнасці Беларусі, пацвярджалася вернасць палажэнням Трэцяй устаўнай граматы БНР.

ЧБНК спыніў сваю дзейнасць у ліпені 1920 з прыходам у Мінск Чырвонай Арміі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ляхоўскі У. Беларуская справа падчас польскай акупацыі // Спадчына, 1994, № 6.