Соф’я Сяргееўна Шамардзіна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Соф’я Сяргееўна Шамардзіна
Sofja Šamardzina.jpg
Старшыня Галоўпалітасветы БССР пра Наркамасветы БССР
1925 — 1927
 
Партыя:
Адукацыя:
Дзейнасць: палітык, мемуарыстка
Месца працы:
Член у:
Нараджэнне: 1894
Смерць: 1980
Пахаванне:

Соф’я Сяргееўна Шамардзіна (1894, Нясвіж1980, Перадзелкіна, Маскоўская вобласць) — беларуская савецкая грамадская і палітычная дзяячка, мемуарыстка. Супрацоўніца Наркамасветы БССР, Наркамюстыцыі БССР, аддзела па рабоце сярод жанчын пры ЦК КП(б)Б, старшыня Галоўпалітасветы БССР у 1925—1927 гадах.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў 1894 годзе ў Нясвіжы, дзе ў той акцызным чыноўнікам служыў яе бацька — былы вайсковы афіцэр. Бацька — Сяргей Іванавіч Шамардзін, паходзіў з сібірскіх татар, аднак Соф’я Шамардзіна ў 1924 годзе ў партыйнай анкеце пазначыла сябе як беларуска[1]. Напачатку XX ст. сям’я Шамардзіных пераехала ў Мінск. У 1913 годзе скончыла Мінскую жаночую гімназію, выправілася на вучобу ў Санкт-Пецярбург на Бястужаўскія курсы(руск.) бел., якім дагэтуль быў нададзены статус вышэйшай навучальнай установы[2].

У Санкт-Пецярбургу, паводле просьбы бацькоў Шамардзіной, ёй дапамагаў адаптавацца літаратурны крытык і журналіст Карней Чукоўскі, якога бацькі ведалі з папярэдніх прыездаў да мінскага сябра — хірурга Я. Шабада. Увосень 1913 года Шамардзіна пазнаёмілася з Уладзімірам Маякоўскім, з якім завязаліся любоўныя стасункі[2]. У тым жа годзе зрабіла аборт. Напачатку 1914 года пасля непрацяглага знаходжання ў Мінску выпраўляецца з групай футурыстаў з канцэртамі на поўдзень Расійскай імперыі, дзе завязвае рамантычныя стасункі з Ігарам Севяраніным[3].

Пасля пачатку Першай сусветнай вайны Соф’я Шамардзіна кідае вучобу і накіроўваецца сястрой міласэрнасці на фронт, дзе трапляе ў ваенны шпіталь пад Люблінам. У пачатку 1917 года нараджае сына, які памірае ўзімку таго ж года[4]. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі вяртаецца ў Менск, працуе ў штабе гарадской міліцыі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фрунзэ[4]. У канцы лета 1917 года пераязджае ў Цюмень, дзе працуе на тэхнічнай рабоце ў земстве, а таксама ў мясцовай кааперацыі. У 1919 годзе ўступае ў РКП(б), пасля чаго пэўны час працуе ў калегіі Надзвычайнай камісіі ў Табольску[5]. У 1920 годзе Шамардзіну пераводзяць на партыйную работу ў Краснаярск. Па заканчэнні савецка-польскай вайны вяртаецца ў Менск, дзе ў доме па адрасе вуліца Шырокая, 28 па-ранейшаму жылі яе маці, брат з сястрой і пляменніца[5].

Займае пасады ў Народным камісарыяце асветы, Народным камісарыяце юстыцыі, аддзеле па рабоце сярод жанчын пры ЦК КП(б)Б. Знаёміцца з наркамам ваенных і ўнутраных спраў Язэпам Адамовічам, з якім паводле тагачасных норм сумесна жыве без афармлення шлюбу[5]. Неўзабаве становіцца памочнікам пракурора. У 1922 годзе паступае на завочнае аддзяленне 1-га Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1925 годзе займае пасаду старшыні Галоўпалітасветы — структуры ў складзе Наркамасветы БССР, якая адказвала за камуністычнае выхаванне рабочых[6]. Сябра нарады жанаддзела ЦК КП(б)Б. У 1926 годзе абраная сябрам Менскага гарадскога савета[7]. У 1927 годзе абраная сябрам Усебеларускага з’езда саветаў ад Магілёўскай акругі.

У 1927 годзе Язэп Адамовіч прызначаны сябрам Прэзідыума Вышэйшага савета народнай гаспадаркі СССР, таму Соф’я Шамардзіна з ім пераязджае ў Маскву. У Маскве Шамардзіна займае пасаду ў ЦК Усесаюзнага прафесійнага саюза работнікаў мастацтваў, дзякуючы чаму ўваходзіць у кола тагачаснай савецкай эліты[8].

У 1932 годзе разам з Адамовічам пераязджае ў Варашылаў, на будоўлі цукровага завода. У 1934 годзе пераязджаюць у Петрапаўлаўск-Камчацкі, куды Адамовіча прызначылі начальнікам рыбапрамысловай арганізацыі, тут Шамардзіна займае пасаду загадчыка аддзела кіруючых партыйных органаў абкама[9].

22 красавіка 1937 года, пасля публічных абвінавачанняў у сувязі з трацкістамі Язэп Адамовіч застрэліўся. У лістападзе 1937 года Соф’я Шамардзіна арыштаваная. Паводле пастановы асобай нарады пры НКУС СССР ад 22 снежня 1937 года Соф’я Шамардзіна прысуджаная да 10 гадоў працоўных лагераў за «контррэвалюцыйную дзейнасць». Тэрмін адбывала ў паўночных лагерах Архангельскай вобласці. Праз два гады пасля вызвалення арыштаваная супрацоўнікамі Куйбышаўскага раённага аддзела УМДБ па Маскоўскай вобласці, змешчаная ў Бутырскую турму[10]. У траўні 1949 года прыгавораная да спецпасялення ў горадзе Ігарка Краснаярскага краю, дзе ішло будаўніцтва Транспалярнай чыгуначнай магістралі[11].

15 ліпеня 1955 года Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР адмяніла абедзве пастановы асобых нарадаў у адносінах да Соф’і Шамардзіной, крымінальныя справы спыненыя праз адсутнасць складу злачынства[11].

Жыла ў невялікім пакоі камунальнай кватэры ў Маскве. Апошнія гады, паводле пратэкцыі Лілі Брык(руск.) бел., атрымала месца ў пансіянаце ў Перадзелкіне(руск.) бел., дзе памерла ў 1980 годзе. Пахаваная на пасялковых могілках Перадзелкіна(руск.) бел.[11].

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Шамардзіна С. Старонкі з біяграфіі Язэпа Адамовіча. // Полымя. — 1966. — № 4.
  • Софія Шамардзіна. Я рада, што ведала яго. // Такі ён быў: успаміны пра Янку Купалу; Жыдовіч І.К. (склад.) — Мінск, 1975.
  • Софья Шамардина. Футуристическая юность. // Имя этой теме: любовь!: современницы о Маяковском / составление, вступительная статья, комментарии В.В.Катаняна — Москва, 1993.

Вобраз у творчасці[правіць | правіць зыходнік]

Соф’я Шамардзіна — прататып Марыі ў лірычнай паэме Уладзіміра Маякоўскага «Воблака ў штанах», згадваецца ў трагедыі «Уладзімір Маякоўскі». Соф’і Шамардзіной прысвечаная паэма Ігара Севяраніна «Званы сабора пачуццяў».

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гужалоўскі А. А. Сэксуальная рэвалюцыя ў Савецкай Беларусі. 1917—1929 гг.. — Мінск: А. М. Янушкевіч, 2017. — 258 с.
  • Севярынец Г. Як каханка Маякоўскага стала першай лэдзі БССР // Наша гісторыя : часопіс. — Мінск: 2018. — № 4. — С. 59—62. — ISSN 2617-2305.