Народны камісарыят юстыцыі БССР

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Народны камісарыят юстыцыі Беларускай ССР
скарочана — Наркамюст БССР
  • Камісарыят юстыцыі БССР
Выява лагатыпа
Агульная інфармацыя
Краіна
Юрысдыкцыя БССР
Дата стварэння 5 лютага 1919
Дата скасавання 26 сакавіка 1946
Заменена на Міністэрства юстыцыі БССР
Вышэйшае ведамства Савет Народных Камісараў БССР

Наро́дны камісарыя́т юсты́цыі Белару́скай ССР (скар. Наркамат юстыцыі БССР) быў утвораны 5 лютага 1919 года згодна з рашэннем ЦВК БССР пад назвай Камісарыята юстыцыі БССР. З 1946 года пераўтвораны ў Міністэрства юстыцыі БССР.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Стварэннне[правіць | правіць зыходнік]

У сувязі з утварэннем 27 лютага 1919 года Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Літвы і Беларусі пытанні юстыцыі былі ўскладзеныя на ўтвораны ў сакавіку 1919 года Народны камісарыят юстыцыі (Наркамюст, НКЮ) ЛітБел, а на тэрыторыі Мінскай губерні — Мінскі губернскі аддзел юстыцыі. Пасля адступлення з Беларусі польскіх войскаў, паступова змяняючы статус і падпарадкаванасць, аднавілася дзейнасць Наркамюста Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі: з ліпеня 1920 года — як аддзела юстыцыі Мінгубрэўкама, з 1 жніўня 1920 года — аддзела юстыцыі Ваенрэўкама ССРБ, з 26 жніўня 1920 года — Камісарыята юстыцыі Ваенрэўкама ССРБ.

На камісарыят юстыцыі рэспублікі ўскладалася задача забеспячэння рэвалюцыйнай законнасці, арганізацыі новай, сапраўды дэмакратычнай сістэмы судовых органаў. Яго структура ўключала ў сябе аддзелы: Агульны, Судова-следчы, заканадаўчых прапаноў і кадыфікацыі, Натарыяльны, Карны (папраўча-працоўны).


1920-я гады[правіць | правіць зыходнік]

У выніку дзейнасці Камісарыята юстыцыі ў 1920 годзе:

  • арганізаваны судова-следчы апарат;
  • разасланыя па паветах інструктары-арганізатары, якія падбіралі на месцах кадры работнікаў судовага і следчага апарата;
  • арганізаваны Народныя суды і Камеры Народных следчых;
  • у сувязі з паступленнем вялікай колькасці касацыйных скаргаў вырашалася пытанне аб арганізацыі Савета народных суддзяў;
  • усталяваны парадак, у сілу якога Ваенрэўкам не зацвярджаў ніякіх распараджэнняў па любому ведамству, перш чым не быў дадзены водгук Камісарыята юстыцыі аб іх адпаведнасці Савецкім законам.

II з’езд Саветаў ССР Беларусі, які праходзіў 1317 снежня 1920 года, унёс дапаўненні ў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, якія ўстанаўлівалі ўтварэнне Цэнтральным Выканаўчым Камітэтам Беларусі Савета Народных Камісараў (СНК).

Кіраўніцтва дзейнасцю Наркамюста ажыццяўлялася Народным камісарам, пры якім засноўвалася Калегія ў якасці дарадчага органа. Калегія ажыццяўляла таксама Вышэйшы судовы кантроль, пераглядала ў парадку нагляду прысуды і рашэнні Рэвалюцыйнага трыбунала і Народных судоў, праводзіла ў жыццё амністыі. Пры Наркамаце юстыцыі знаходзіўся Савет народных суддзяў (Саўнарсуд) і Рэвалюцыйны трыбунал Беларусі. На месцах органамі юстыцыі кіравалі павятовыя бюро юстыцыі, якія падпарадкоўваліся Наркамату юстыцыі.

Пастановай трэцяй сесіі ЦВК ССР Беларусі прынятае рашэнне распаўсюдзіць з 1 ліпеня 1922 года дзеянне Крымінальнага кодэкса РСФСР і Крымінальна-працэсуальнага кодэкса РСФСР на тэрыторыі Беларусі. У Крымінальна-працэсуальным кодэксе былі замацаваны найважнейшыя дэмакратычныя прынцыпы крымінальнага працэсу: публічнасць, галоснасць, права абвінавачанага на абарону, нацыянальная мова судавытворчасці, удзел народных засядацеляў і калегіяльнасць у разглядзе спраў. Кодэкс сканцэнтраваў і дэталізаваў пытанні прызначэння і правядзення экспертызы на папярэднім і судовым следстве; пытанні, якія адносяцца да судовай экспертызы, выкладаліся ў 40 артыкулах Кодэкса.

Рэалізацыя норм крымінальнага працэсу паслужыла падставай для арганізацыйных мерапрыемстваў па стварэнні дзяржаўных органаў навукова-судовай экспертызы. Гэтаму спрыяла і адкрыццё ў Мінску ў 1921 годзе Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Першымі ў ССР Беларусі пачалі стварацца судова-медыцынская і судовапсіхіатрычная экспертызы.

Упершыню найбольш поўна і канкрэтна былі вызначаны задачы і структура Наркамюста ў «Палажэнні аб Народным камісарыяце юстыцыі ССР Беларусі» ў 1922 годзе. У сістэму Народнага камісарыята юстыцыі ўваходзілі павятовыя органы юстыцыі, камеры нарсудоў, павятовыя аддзелы аховы рэвалюцыйнай законнасці. На чале НКЮ стаяў Камісар юстыцыі, які з’яўляўся і Пракурорам Касацыйнага трыбунала. Старшыні Касацыйнага трыбунала і Рэвалюцыйнага трыбунала вылучаліся Народным камісарам юстыцыі і зацвярджаліся Саўнаркамам. Калегія вышэйшага нагляду Наркамюста складалася з народнага камісара юстыцыі, Старшыні Касацыйнага трыбунала і Старшыні Рэвалюцыйнага трыбунала.

На працягу 1922 года структура органаў юстыцыі зведала шэраг змяненняў. Савет народных суддзяў і Рэвалюцыйны трыбунал былі аб’яднаны ў адзіны Вышэйшы Суд Рэспублікі, які складаўся з трох аддзяленняў: асобай падсуднасці, крымінальнай і грамадзянскай.

Згодна з пастановай ЦВК Беларусі ад 13 снежня 1922 года месцы зняволення перадаваліся з вядзення Наркамюста ў вядзенне Народнага камісарыята ўнутраных спраў. Цэнтральны папраўча-працоўны аддзел быў перададзены ў вядзенне НКУС і перайменаваны ў Галоўнае ўпраўленне месцамі зняволення. Разам з тым за органамі НКЮ захоўваліся ўсе правы «нагляду за заканамернасцю і ўмовамі ўтрымання арыштаваных ва ўсіх месцах зняволення ў поўным аб’ёме, прадугледжаным КПК, Палажэннем аб Пракуратуры».

1 кастрычніка 1924 года ў Наркамюсце быў сфармаваны Натарыяльны аддзел[1], на які ўскладаліся наступныя функцыі: назіранне і кантроль за дзейнасцю натарыяльных кантор; рэгістрацыя накладаючыхся на будынкі і правы забудовы забарон і дазволаў, выдача даведак аб іх; загадванне натарыяльным архівам і выдача са спраў і кніг даведак, копій выпісак.

На пасяджэнні СНК БССР 20 красавіка 1925 года было вырашана пашырыць апарат НКЮ. У камісарыяце быў утвораны Аддзел судаўладкавання і судовага нагляду, у Аддзеле пракуратуры сфармаваныя пададдзелы: агульнага кіравання, агульнага нагляду, па назіранню за органамі дазнання, следства і АДПУ, дзяржаўнага абвінавачвання.

Важным участкам працы ў дзейнасці Народнага камісарыята юстыцыі з’яўлялася прававая асвета. У мэтах прававой прапаганды штомесяц выходзіў часопіс «Весці НКЮ», які рашэннем калегіі Наркамюста ад 6 студзеня 1928 года быў перайменаваны ў «Рэвалюцыйную законнасць».

З 10 ліпеня 1927 года Народны камісарыят юстыцыі быў пераведзены на функцыянальную сістэму кіравання з ліквідацыяй ўнутраных структурных падраздзяленняў. Уся праца дзялілася паміж адказнымі выканаўцамі (інспектарамі), падначаленымі непасрэдна Народнаму камісару.

Пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных Камісараў БССР ад 15 чэрвеня 1929 года было прынята новае Палажэнне аб Народным камісарыяце юстыцыі БССР[2]. Новыя напрамкі дзейнасці НКЮ БССР, устаноўленыя практычна адразу пасля прыняцця Палажэння аб Наркамюсце БССР, паслужылі падставай да фарміравання новых органаў, уваходзячыя ў структуру, а таксама сістэму Наркамюста.

1930-я гады[правіць | правіць зыходнік]

У адпаведнасці з пастановай ЦВК і СНК БССР ад 22 снежня 1930 года быў ліквідаваны Народны камісарыят унутраных спраў БССР, і Народнаму камісарыяту юстыцыі перададзены месцы зняволення, пытанні арганізацыі ссылкі з прымусовымі працамі, а таксама прымусовых работ без утрымання пад вартай. У сакавіку 1931 года ў складзе НКЮ БССР на правах аддзела ствараецца інспекцыя месцаў зняволення, пераўтвораная неўзабаве ва ўпраўленне папраўча-працоўнымі ўстановамі. Наркамюст БССР ажыццяўляў агульнае кіраўніцтва папраўча-працоўнай палітыкай, праводзіў вывучэнне злачыннасці і метадаў барацьбы з ёй. Пракуратура Беларускай ССР заставалася ў сістэме Наркамюста да 1936 года.

З утварэннем Наркамата юстыцыі СССР наркаматы ў рэспубліках сталі саюзна-рэспубліканскімі. Па Палажэнню аб НКЮ СССР, зацверджаным 8 снежня 1936 года, у Наркамаце юстыцыі БССР і ў абласных упраўленнях НКЮ былі сканцэнтраваны ўсе функцыі судовага кіравання.

8 кастрычніка 1939 года Савет Народных Камісараў БССР зацвердзіў «Палажэнне аб Народным камісарыяце юстыцыі БССР»[3], у якім улічаны арганізацыйныя змены, унесеныя ў сістэму судовых і пракурорскіх органаў Канстытуцыяй СССР 1936 года.

На Народны камісарыят юстыцыі БССР ускладалася:

  • кіраўніцтва дзейнасцю ўпраўленняў НКЮ БССР пры абласных Саветах дэпутатаў працоўных;
  • арганізацыя судоў Беларускай ССР, кантроль за станам работы судовых органаў і дача кіруючых указанняў па арганізацыі і паляпшэнню іх працы;
  • арганізацыя натарыяльных органаў і кіраўніцтва іх дзейнасцю ў адпаведнасці з Палажэннем аб натарыяльных органах;
  • арганізацыя і кіраўніцтва дзейнасцю адвакатуры ў адпаведнасці з Палажэннем аб адвакатуры;
  • падрыхтоўка і перападрыхтоўка кадраў органаў НКЮ БССР, суда, пракуратуры, натарыяту, адвакатуры і арбітражу;
  • сістэматызацыя і падрыхтоўка матэрыялаў па кадыфікацыі законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета і пастаноў Урада Беларускай ССР.

Палажэнне аб Народным камісарыяце юстыцыі БССР было адменена толькі ў верасні 1962 года ў сувязі з прыняццем Закона аб судаўладкаванні, Крымінальнага і Крымінальна-працэсуальнага кодэксаў Беларускай ССР.

1940-я[правіць | правіць зыходнік]

У чэрвені 1941 года ў сувязі з нямецка-фашысцкай акупацыяй тэрыторыі Беларусі Народны камісарыят юстыцыі БССР быў эвакуіраваны з Мінска ў Маскву, дзе працягваў сваю дзейнасць. З вызваленнем частцы тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх акупантаў Наркамюст БССР у снежні 1943 года пераехаў з Масквы ў Навабеліцу, а ў ліпені 1944 года — у Мінск.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 26 сакавіка 1946 г. Народны камісарыят юстыцыі БССР быў ператвораны ў Міністэрства юстыцыі БССР.

Наркамы[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Циркуляр Народного Комиссариата Юстиции от 7 октября 1924 г. № 68 «Об организации при Народном Комиссариате Юстиции БССР Нотариального отдела и его функциях»(руск.) // Собрание узаконений и распоряжений Рабоче-крестьянского Правительства Социалистической Советской Республики Белоруссии. — Мн.: 1924. — № 21. — С. 17—18.
  2. Пастанова ЦВК і СНК БССР ад 15 чэрвеня 1929 г. «Палажэнне аб Народным камісарыяце Юстыцыі БССР» // Збор законаў і загадаў Рабоча-сялянскага ўраду Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. — Мн.: 1929. — № 21. — С. 442—446.
  3. Пастанова СНК БССР ад 8 кастрычніка 1939 г. № 939/Р.3 «Палажэнне аб Народным Камісарыяце Юстыцыі БССР» // Збор пастаноў і распараджэнняў Урада Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. — Мн.: 1939. — № 51. — С. 543—548.
  4. Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР ад 7 чэрвеня 1928 г. «Аб вызваленні т. Сягаля, Майсея Абрамовіча, ад абавязкаў Народнага Камісара Юстыцыі БССР і Пракурора Рэспублікі і пра ўскладанне на тав. Гохмана, Станіслава Маркавіча, часовага выканання абавязкаў Народнага Камісара Юстыцыі БССР і Пракурора Рэспублікі» // Збор законаў і загадаў Рабоча-сялянскага ўраду Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. — Мн.: 1928. — № 74. — С. 7.
  5. Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР ад 26 снежня 1932 г. «Аб вызваленні т. Ляўкова М. А. ад абавязкаў Народнага Камісара Юстыцыі і Пракурора Рэспублікі» // Збор законаў і загадаў Рабоча-сялянскага ўраду Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. — Мн.: 1932. — № 19. — С. 495.
  6. Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР ад 26 снежня 1932 г. «Аб прызначэнні т. Судакова А. С. Народным Камісарам Юстыцыі БССР і Пракурорам Рэспублікі» // Збор законаў і загадаў Рабоча-сялянскага ўраду Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. — Мн.: 1932. — № 74. — С. 7.
  7. Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР ад 4 мая 1933 г. «Аб вызваленні т. Судакова А. С. ад абавязкаў Народнага Камісара Юстыцыі БССР і Пракурора Рэспублікі» // Збор законаў і загадаў Рабоча-сялянскага ўраду Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. — Мн.: 1933. — № 19. — С. 10.
  8. Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР ад 28 ліпеня 1933 г. «Аб прызначэнні тав. Кузьміна П. В. Народным Камісарам Юстыцыі БССР і Пракурорам Рэспублікі» // Збор законаў і загадаў Рабоча-сялянскага ўраду Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. — Мн.: 1933. — № 32. — С. 13.
  9. Пастанова Прэзідыума ЦВК БССР ад 21 красавіка 1938 г. «Аб прызначэнні тав. Лодысева С. Ц. Народным Камісарам Юстыцыі БССР» // Збор законаў і распараджэнняў Рабоча-сялянскага ўрада Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. — Мн.: 1938. — № 9. — С. 13.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]