Сядзіба Вольскіх (Жалезніца)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Сядзіба Вольскіх
53°15′42″ пн. ш. 25°53′25″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map

Сядзіба Вольскіх — колішні сядзібна-паркавы комплекс у Жалезніцы Баранавіцкага раёна. Размешчаная над ракой Мышанкай.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старадаўняя сядзіба. Паводле пісьмовых крыніц, Жалезніца вядома з 1471 года як маёнтак у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Належаў Кежгайлам, Хадкевічам, Камароўскім, Кашыцам, пазней — Завішам[1].

У другой палове XIX стагоддзя Жалезніца была набыта Вольскімі. У пачатку XX стагоддзя маёнтак па невядомых прычынах быў здадзены ў арэнду Равінскаму. Сам Вольскі з сям’ёй з’ехаў у Польшчу[2].

Адсутнасць гаспадара стала прычынай заняпаду маёнтка, разбурэнні будоў. У 1911—1912 гадах землі маёнтка былі перададзены ў Мінскі банк, які пасля падзяліў іх на некалькі ўчасткаў, што здаваліся ў арэнду з выплатай у 55 гадоў. У час Першай сусветнай вайны праз Жалезніцу прайшла вузкакалейная чыгунка ад вёскі Міцкавічы[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Сядзібна-паркавы ансамбль у Жалезніцы знаходзіцца на берагах ракі Мышанкі і складаецца з трох адасобленых частак.

Аснову ансамбля складае сядзіба, размешчаная на левым беразе Мышанкі, на поўдзень ад аўтадарогі Пастарынне — Катмінаўцы. У цэнтры сядзібы размяшчаўся сядзібны дом[2] (не захаваўся)[1]. На месцы сядзібы ў пасляваенны час існавала школа (закрыта)[1]. З колішніх збудаванняў сядзібы засталіся рэшткі дваровай сыраварні[1] канца XIX стагоддзя[2].

Сядзібу атачалі пасадкі дрэў і кустоў. У наш час дрэвава-хмызняковая расліннасць прадстаўлена спірэяй вербалістай, каштанам конскім звычайным (узрост у дрэў — 110—120 гадоў), лістоўніцай еўрапейскай[2].

Побач з дваром існаваў касцёл, пазней перабудаваны пад праваслаўную царкву, якая была знішчана ў час Другой сусветнай вайны[1].

На поўнач ад аўтадарогі размяшчаецца парк плошчай 7 га. У яго аснове — чатыры паляны, утвораныя таполяй белай (серабрыстай), ліпай буйналістай, клёнам чырвоным, клёнам вастралістым, клёнам ясенялістым, вярбой белай, вярбой ломкай. Цэнтральная паляна аформлена двума кустарнікавымі баскетамі спірэі[2].

На адной з палян выяўлены падмурак пабудовы, складзенай з бутавага каменю[2].

На правым беразе ракі Мышанкі, на ўзвышшы размяшчаюцца руіны капліцы-пахавальні ў стылі неакласіцызму. Вакол капліцы знаходзяцца невялікія могілкі (самае старое з захаваных пахаванняў датавана 1911 годам)[2]. Яе будынак квадратны ў плане, з элементамі класіцызму. Уваход вылучаны порцікам на чатырох масіўных калонах, які завершаны трохвугольным шчытком. Унутры капліцы існавала некалькі скляпоў[1], якія былі разрабаваны яшчэ ў сярэдзіне XX стагоддзя[2]. Да капліца-пахавальні вядзе алея з белых таполяў[2].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]