Мае шырокую шатровую крону і цыліндрычны ствол дыяметрам да 2 метраў, пакрыты гладкай светла-аліўкавай карой; у ніжняй частцы ствала, асабліва ў старых дрэў, кара цёмна-шэрая, глыбока парэпаная. Пупышкі белалямцавыя. Лісце чарговае, круглявае або трохкутна-яйкападобнае, 10-12 см даўжынёй і 5-10 см шырыні, ля аснавання злёгку сэрцападобнае, края вяліказубчастыя, форма выемкава 3-5 лопасцевая, зверху цёмнае, глянцавае, адваротны бок — белалямцавы, на круглых у сячэнні хвосціках, у 2-4 разы больш кароткіх за пласцінку. Кветкі аднаполыя, у ніцых суквеццях; пылавікі пурпурныя на кароткіх нітках; лычыкі двухраздзельныя, ярка-зялёныя, бледна-жоўтыя або цёмныя. Плод — каробачка. Цвіце ў сакавіку — красавіку, да з’яўлення лісця.
У прыродных умовах таполя белая расце па поймах рэк. Часта яе высаджваюць для азелянення гідрапаркаў і ў паркавых зонах. Недахоп — вялікая колькасць каранёвых парасткаў, якія, разрастаючыся, могуць разбураць асфальт. Яшчэ адзін мінус — таполю белую лёгка паражае расліна-паразіт амяла[10].