Адам Антонавіч Вайніловіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Адам Антонавіч Вайніловіч
Нараджэнне 1 лістапада 1806(1806-11-01)
Смерць 22 снежня 1874(1874-12-22) (68 гадоў)
Месца пахавання
Род Вайніловічы
Бацька Антон Адамавіч Вайніловіч (1773—1855), слуцкі павятовы маршалак (1811—1818)
Маці Тэафілія Адынец
Жонка Ганна (Анэля) Эдвардаўна Ваньковіч (1826—31.12.1893)
Дзеці 1) Эдвард Адамавіч Вайніловіч (13.10.1847—16.06.1928); 2) Міхаліна Адамаўна Вайніловіч (1848—1941); 3) Габрыэла Адамаўна Вайніловіч (1850—1879); 4) Марыя Адамаўна Вайніловіч (1849—1927); 5) Ядвіга Адамаўна Вайніловіч (Кастравіцкая) (1864—1935)
Веравызнанне каталік
Адукацыя

Адам Антонавіч Вайніловіч (польск.: Adam Woyniłłowicz, руск.: Адам Антонович Войнилович), 1 лістапада 1806, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 22 снежня 1874, вёска Савічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя, — сярэднезаможны землеўласнік Слуцкага павета Мінскай губерні, папячыцель сельскіх запасных магазінаў Слуцкага павета (1835—1845). Быў бацькам віцэ-старшыні (1888—1907) і старшыні (1907—1921) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1878—1921), дэпутата (1906—1909) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні Эдварда Адамавіча Вайніловіча (1847—1928).

Паходжанне роду[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Вайніловічаў герба «Сыракомля», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Новагародскім ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага і Слуцкім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі.

Нарадзіўся 1 лістапада 1806 г. у сям’і Антона Адамавіча Вайніловіча (1773—1855), слуцкага павятовага маршалка (1811—1818), і яго жонкі Тэафіліі Адынец (1782—1845). Бацька Антон Адамавіч Вайніловіч быў сынам Адама Францішкавіча Вайніловіча (1739—1803), новагародскага падкаморага (1783—1797), і яго жонкі Караліны Каралеўны Сулістроўскай, якія пабраліся шлюбам у 1770 г.

Спачатку быў хрышчаны 21 лістапада 1806 г. у родавым маёнтку Савічы ва ўніяцкай царкве ў Савічах, а пасля 23 лістапада хрышчаны ў каталіцкім касцёле ў Цімкавічах (Слуцкі павет). Бацька назваў яго «Адамам» у гонар князя Адама-Ежы Чартарыйскага. Поўнае ж імя атрымаў «Адам-Дамінік»[1].

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

У маладосці ён, каталік, вучыўся ў Слуцку ў кальвінісцкай школе, а пасля вучыўся ў Віленскім універсітэце ў лепшыя часы гэтай адукацыйнай установы, жывучы ў доме свайго стрыя Яна Вайніловіча (1767—1844), члена «Радзівілаўскай камісіі», у Вільні.

Службовая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Пасля заканчэння ўніверсітэта Адам Вайніловіч быў накіраваны на стацкую службу — у канцылярыю Віленскага ўніверсітэта (з 1 кастрычніка 1827 г.), дзе 22 мая 1829 г. атрымаў чын губернскага сакратара[2]. З 1829 г. стаў жыць у маёнтку і займацца сельскай гаспадаркай.

Універсітэцкія веды дапамагалі яму займацца гаспадаркай і быць пасрэднікам у многіх зямельных спрэчках, за што атрымаў вялікі аўтарытэт у мясцовым грамадстве. Але службовую кар’еру зрабіў не вельмі прыкметную: быў прызначаны на пасаду ўчастковага інспектара часовага паліцэйскага ўпраўлення Слуцкага павета (з 20 жніўня 1832 па 9 чэрвеня 1842 г.), паралельна (па выніках дваранскіх выбараў у Мінску) быў выбраны 27 верасня 1832 г. дваранамі Слуцкага павета на пасаду гранічнага (межавага) суддзі Слуцкага павета (1832—1835). На чарговых дваранскіх выбарах у Мінску 12 верасня 1835 г. быў выбраны на пасаду папячыцеля сельскіх запасных магазінаў Слуцкага павета (1835—1845): на гэту пасаду ён пераабіраўся дваранамі Слуцкага павета на выбарах у 1838 і 1841 гг. Апошнім разам Адам Вайніловіч быў пераабраны на пасаду папячыцеля сельскіх запасных магазінаў Слуцкага павета (і другім кандыдатам на пасаду слуцкага павятовага маршалка) на дваранскіх выбарах у Мінску 30 кастрычніка 1844 г. і праслужыў да 25 красавіка 1845 г., калі падаў у адстаўку, не даслужыўшы кадэнцыі да 1847 г.[2]

Адзінай прыкметнай у межах Беларусі пасадай для Адама Вайніловіча была тая, што ў 1857 г. ён быў кампрамісарам у справе продажы вялізных Барысаўскіх маёнткаў (Стары Барысаў і інш.) князя Леана Людвікавіча Радзівіла (1808—1885) (з прычыны дзяржаўнага кантракту Саксоніі) расійскаму вялікаму князю Мікалаю Мікалаевічу (1831—1891)[3]. Менавіта з-за свайго вялікага досведу ва ўрэгуляванні зямельных спраў, эрудыцыі, добрасумленнасці, высакародства душы Адам Вайніловіч быў выбраны на гэту ролю арбітра. Праца Адама Вайніловіча ў Фінансавай камісіі, якая рыхтавала барысаўскія маёнткі для продажу, была паспяховай: амаль усе пабудовы ў маёнтку былі ўзведзены па яго планах і пад яго кіраўніцтвам, лугі асушаны, даўгі маёнтка ў значнай ступені выплачаны[3]. Гэтыя якасці душы і справавання бацькі ў поўнай меры праявяцца і ў дзейнасці яго сына Эдварда Вайніловіча (1847—1928).

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Ганна Эдвардаўна Вайніловіч (з роду Ваньковічаў) — жонка Адама Антонавіча Вайніловіча

Адам ажаніўся, маючы больш за 40 год, бо дагэтуль яго вельмі займала грамадская дзейнасць па ўладкаванні зямельных спрэчак паміж дваранамі. Жонкай стала Ганна (Анэля) Эдвардаўна Ваньковіч (1826—1893) — дачка Эдварда Станіслававіча Ваньковіча (1793—1872), мінскага павятовага харунжага (1817—1820), уласніка маёнтка Вялікая Сляпянка, Камароўка каля Мінска (зараз у межах Мінска вядомыя аднайменныя раёны), Зарэчча над Свіслачу Мінскага павета, і яго жонкі Міхаліны Станіславаўны Манюшкі, цёткі вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі. Яе род Ваньковічаў адносіўся да рэгіянальнай эліты Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, а пазней Мінскай губерні Расійскай імперыі, дзе і меў маёнткі (у Мінскім і Ігуменскім паветах). У прыватнасці, дзед Ганны Эдвардаўны Ваньковіч пан Станіслаў Аляксандравіч Ваньковіч (?—1812) быў барысаўскім павятовым маршалкам (1797—1802), а пасля мінскім губернскім маршалкам (1802—1806) і валодаў маёнткамі ў Мінскім, Ігуменскім і Барысаўскім паветах Мінскай губерні.

Ядвіга Адамаўна Вайніловіч (Кастравіцкая) (1864—1935) — дачка Адама Антонавіча Вайніловіча

У сям’і Вайніловічаў з пяццю дзецьмі (чатыры дачкі і сын Эдвард), меўшай не вельмі вялікі маёнтак, матэрыяльныя магчымасці былі вельмі абмежаваныя, бо маці Ганна з вялікай спадчыны сваіх бацькоў Ваньковічаў атрымала сабе толькі 10 000 рублёў срэбрам[3].

Сын Адама Эдвард Вайніловіч (1847—1928) стаў буйным гаспадарчым і палітычным дзеячам Расійскай імперыі і Беларусі — быў віцэ-старшынёй (1888—1907) і старшынёй (1907—1921) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1878—1921), дэпутатам (1906—1909) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, лідарам ліберальна-кансерватыўнага кірунку «краёвасці» і старшынёй Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907—1908), актыўным прыхільнікам дзяржаўнасці Беларусі.

Адна дачка Міхаліна Адамаўна Вайніловіч (1848—1941) маладой пайшла замуж за пажылога Атона Ігнатавіча Горвата (1809—1894), былога мінскага губернскага маршалка (1847—1853), для якога гэта быў другі шлюб. Першай жонкай Атона Горвата была Людвіка Львоўна Оштарп (8 чэрвеня 1807—?) — дачка мінскага губернскага маршалка (1823—1847) Льва Францавіча Оштарпа (1785—1851) ад яго жонкі Гелены Кунцэвіч. Міхаліна з Вайніловічаў Горват пабудавала парафіяльны касцёл у Цімкавічах (Слуцкі павет), у чым ёй дапамагаў пробашч Тадэвуш Аскерка.

Другая дачка Габрыэла Адамаўна Вайніловіч (1850—1879) узяла шлюб з Ежы Пятровічам Магільніцкім (1827—1915), уласнікам маёнтка Філі́павічы ў Слуцкім павеце, удзельнікам паўстання 1863—1864 гадоў і арганізатарам паўстання ў Слуцкім павеце, арыштаваным і высланым расійскімі ўладамі ў Сібір. Маёнтак Філі́павічы быў канфіскаваны расійскай уладай. Шлюб Ежы Магільніцкага і Габрыэлы адбыўся дзесьці пасля 1869 г. у Люблінскай губерні, калі Магільніцкі вярнуўся з высылкі з Сібіры і набыў маёнтак Бзовец у Краснастаўскім павеце Люблінскай губерні, дзе маладыя і пасяліліся[3].

Трэцяя дачка Марыя Адамаўна Вайніловіч (1849—1927) пайшла замуж за Ксаверыя Бельскага (1842—1919), уласніка маёнтка Ацечына ў Кобрынскім павеце.

Чацвёртая дачка Ядвіга Адамаўна Вайніловіч (1864—1935) — пабралася шлюбам з Вацлавам Генрыкавічам Кастравіцкім, уласнікам маёнтка Грыцкоўшчына (каля Койданава) у Мінскім павеце Мінскай губерні. Ядвіга была сяброўкай вядомай польскамоўнай пісьменніцы Марыі Родзевіч (1863—1944) з Ялаўца, а таксама «правай рукой» свайго брата Эдварда Вайніловіча. Пасля Рыжскага дагавора ў 1921 г. яна выехала разам з сямействам Вайніловічаў у Быдгашч, дзе памерла і была пахавана побач з братам Эдвардам на Старафарных могілках горада.

Паўстанне 1863—1864 гадоў і пагроза секвестра маёнткаў[правіць | правіць зыходнік]

Эдвард Вайніловіч са сваёй маці Ганнай

Брат Адама Тадэвуш Вайніловіч (1804—1878), з’яўляючыся патрыётам, аўтарытэтным і доўгачасовым слуцкім павятовым маршалкам (1845—1863), прыняў удзел у падзеях, звязаных з падпісаннем г.зв. «мінскага пратакола», калі падчас дваранскіх выбараў у Мінску ў 1862 г. дваране Мінскай губерні ўнеслі ў пратакол дваранскага сходу тэкст адрасу да расійскага цара аб жаданні злучыць Мінскую губерню ў адміністрацыйных адносінах з польскімі губерніямі Расійскай імперыі, мроячы аб адраджэнні былой Рэчы Паспалітай. Тадэвуш Вайніловіч падпісаўся пад пратаколам, падаў у адстаўку з пасады маршалка і нават са спакойнай душой у сваім маёнтку рыхтаваўся да высылкі расійскімі ўладамі за такі крок, але абышлося[4].

Эмацыйны патрыятычны запал ахапіў многія слаі грамадства літоўска-беларускіх губерняў, асабліва бурна на любыя водгукі падзей у Варшаве і сваім краі рэагавалі моладзь і жанчыны. Гімназічная моладзь Слуцка, сярод якой было больш за 300 вучняў, часта пакідала свае прамыя абавязкі вучыцца, каб удзельнічаць у патрыятычных дэманстрацыях як у касцёле, так і за яго межамі, насіла «патрыятычную біжутэрыю» (заколкі з «Арлом» ці «Пагоняй», запінкі да кашуль з партрэтамі Тадэвуша Касцюшкі, Анджэя Замойскага, Леапольда Кроненберга). Людзі сталага веку хадзілі на дэманстрацыі ў кунтушах і канфедэратках з какардамі з нацыянальнымі гербамі, спявалі патрыятычныя і рэлігійныя гімны ў касцёлах і на вуліцы, захапляліся мясцовымі агітатарамі (якія сваёй дзейнасцю рабілі сабе папулярнасць у народзе), перадавалі адзін аднаму нелегальную літаратуру, прыхоўвалі зброю, а часам і саміх паўстанцаў. Тых цвяроза думаючых людзей, што глядзелі глыбей і бачылі, што паўстанне не падрыхтавана і ўвогуле не мае шанцаў на поспех, а яго наступствы будуць неспрыяльнымі для края, узбуджаныя натоўпы ганьбавалі[5].

Сын Адама Вайніловіча Эдвард, які ў 18611865 гг.вучыўся ў Слуцкай кальвінісцкай гімназіі, быў патрыётам, але занатаваў у сваіх успамінах, што мала тады рэагаваў на заклікі мясцовых агітатараў і паўстанцкіх эмісараў і не падзяляў сфарміраваную тады агітатарамі ў людскім асяроддзі грамадскую думку Слуцка, якая пасля здрадзіла сваім жа героям: «Адзінае, што лічыў тады дрэнным і зараз не магу дараваць, гэта тое, што шырокія колы грамадства былі такія нявопытныя альбо загіпнатызаваныя. <…> Магу прывесці прыклады: графу Эмерыку Чапскаму, фундатару музея Чапскіх у Кракаве, а пасля дырэктару ляснога дэпартамента, пабілі вокны. Швагер мой, Ежы Магільніцкі[6], сасланы на катаргу, не меў міру ў стваральнікаў грамадскай думкі, якія пасля папівалі гарбатку з абаранкамі, калі яго маёнтак канфіскоўвалі. Памятаў усё гэта, і тая несправядлівасць паўплывала, напэўна, на тое, што занадта, можа, абыякава адносіўся да грамадскай думкі і не дабіваўся ніколі папулярнасці. Такім спосабам стваралася грамадская думка, якой пачалі паддавацца людзі насуперак сваім найглыбейшым перакананням, і неслі сваё жыццё і маёнтак у ахвяру, разумеючы нават усю бясплённасць сваёй самаахвярнасці. <…> Для ілюстрацыі настрою прывяду прыклад асабісты: меў шчасце мець матку, любоў якой да мяне была бязмежнай, і памятаю, як мяне, 15-гадовага юнака, яна падгаворвала, каб, калі прыйдзе хвіліна, стаў у шэрагі тагачасных мнімых абаронцаў айчыны. Хвіліна тая прыйшла — на маё шчасце, не быў дома, калі прыйшла да Савіч слуцкая партыя[7] пад кіраўніцтвам слаўнага палкоўніка Уладзіслава Машэўскага, некалькі асоб забралі маю стрэльбу, забралі 6 запрэжаных коней і пісара маёнтка, якога маці блаславіла і адправіла. Манеўравалі нядоўга, былі разбіты на мяжы Ігуменскага павета»[5].

Пісар маёнтка быў арыштаваны і даў сведчанні, таму Адаму Вайніловічу пагражаў секвестр маёнткаў. У маёнтак Савічы прыехаў п’яны царскі ўраднік Вінаградаў з казакамі і вартай з сялян, якія абкружылі двор і пачалі вопіс маёмасці, здзіўляючыся, што не знаходзяць грошай у маёнтку. Яшчэ раней у прыватнай бяседзе з братам Адама Тадэвушам Вайніловічам (1804—1878), слуцкім павятовым маршалкам (1845—1863), Вінаградаў (па даручэнні ваеннага начальніка Слуцкага павета казачага палкоўніка Астахава) папрасіў грашовы хабар, калі маршалак хацеў, каб на маёнтак брата Адама не наклалі секвестр. Некалькі дзён маёнтак знаходзіўся ў абкружэнні і распараджэнні казакоў, але Тадэвушу Вайніловічу ўдалося дабіцца зняцця секвестра з Савічаў да выроку суда, якога ў далейшым не адбылося[8].

Маёнткі[правіць | правіць зыходнік]

Некралог на Ганну Эдвардаўну Вайніловіч (1826—1893), размешчаны сынам Эдвардам Вайніловічам у часопісе «Kraj» (Санкт-Пецярбург, Расійская імперыя) у № 1 1894 г.

У 1846 г. бацька Антон Адамавіч Вайніловіч (1773—1855), з’яўляючыся старым чалавекам і хворым на ногі, перадаў кіраванне гаспадаркай сваім сынам, падзяліўшы свае маёнткі паміж двума сынамі (Тадэвушу — Кларымонт, Каралін; Адаму — Савічы, Пузаў і Браткова), вырашыў, што будзе жыць у сына Адама ў палацы ў Савічах на прыбыткі з дробнага маёнтка Дучава (Душава), якой Вайніловіч набыў у паноў Грыцкевічаў. Адышоўшы ад кіравання маёнткамі, стары Антон Вайніловіч заставаўся галоўнай асобай у доме, усім кіраваў і ўсё падпарадкоўвалася яго загадам[9].

Маёнткі Браткова, Пузава (разам 373 дзесяціны зямлі) і Савічы (333 дзесяціны) у Слуцкім павеце налічвалі 103 рэвізскія душы ў 1856 г.

Люцыян Янавіч Вайніловіч (1817—1884) ад сваёй жонкі Гелены Янаўны Вейсенгоф (1815—1880), дачкі знакамітага генерала Яна Вейсенгофа (1774—1848), які ў свой час быў нават ад’ютантам Якуба Ясінскага (1759—1794), не меў дзяцей. Шануючы родавыя сувязі і маючы вялікую замілаванасць да «радзіннага гнязда» (маёнтка Пузава ў Слуцкім павеце), Люцыян Вайніловіч вырашыў, што пасля сваёй смерці яго родавы маёнтак Пузаў (Пузава) і набыты маёнтак Пераходы ў Слуцкім павеце павінны перайсці Вайніловічам па мужчынскай лініі, у прыватнасці сыну свайго стрыечнага брата — Эдварду Адамавічу Вайніловічу. Люцыян падпісаў з Адамам Антонавічам Вайніловічам (1806—1874) у 1865 г. адпаведны дагавор. З таго часу Люцыян Вайніловіч і яго жонка абкружылі вялікай увагай маладога Эдварда, які пачаў часцей наведваць іх у Варшаве, завязалі з ім перапіску і з 1870-х гг. пачалі шукаць для Эдварда нявесту[10]. Паводле тастамента Уладзіміра Вейсенгофа пасля смерці Люцыяна Вайніловіча маёнтак Самакленск разам з пэўнай сумай на вядзенне гаспадаркі павінен быў перайсці ў валоданне Юзафа Вейсенгофа. Выканаўцам тастамента Люцыяна Вайніловіча (1817—1884) быў Эдвард Адамавіч Вайніловіч, які згодна з апошняй воляй перадаў маёнтак у Люблінскай губерні Юзафу Вейсенгофу[11].

Смерць[правіць | правіць зыходнік]

Надмагільны помнік Адама Вайніловіча на пахавальным кургане сям’і Вайніловічаў у вёсцы Савічы, зроблены Эдвардам Вайніловічам. Надпіс на помніку па-польску: «S. P. Adam Syn Antoniego WOYNILOWICZ ur. 1806 r. 1 Listopa um. 1874 r. 22 Grud w Sawiczach». Фота 2014 г.

У апошнія гады жыцця Адам Вайніловіч вельмі хварэў на атэрасклероз сасудаў ног, чым у свой час пакутавалі і яго бацька, і дзед. Хвароба не адступіла, хоць лячыўся і ў Варшаве. 22 снежня 1874 г., калі сына Эдварда не было пэўны час дома, Адам Вайніловіч памёр у палацы ў Савічах[12]. Ад атэрасклерозу сасудаў ног пазней памрэ і яго сын Эдвард.

Жонка Адама Ганна Эдвардаўна Вайніловіч (1826—1893) памёрла 31 снежня 1893 г. у Савічах[13]. 1 студзеня 1894 г. яе цела было перавезена ў Мінск, для таго каб 3 студзеня 1894 г. зрабіць набажэнства ў кафедральным Марыінскім касцёле. Пасля гэтага цела Ганны Вайніловіч перавезі ў Савічы (Слуцкі павет) і 5 студзеня 1894 г. яно было там пахавана. У 1894 г. у часопісе «Kraj» (Санкт-Пецярбург, Расійская імперыя) яе сын Эдвард Вайніловіч размеціў некралог на маці ў № 1 (1894 г.).

Зноскі

  1. Рыбчонак 2014, с. 29.
  2. а б Яцкевіч 2009, с. 11.
  3. а б в г Wspomnienia 1931, s. 9.
  4. Wspomnienia 1931, s. 16.
  5. а б Wspomnienia 1931, s. 17—18.
  6. Ежы Пятровіч Магільніцкі (1827—1915) узначаліў паўстанне ў Слуцкім павеце, быў высланы на катаргу, а пасля вызвалення ажаніўся з Габрыэлай Адамаўнай Вайніловіч (1850—1879), сястрой Эдварда.
  7. „Партыяй“ у часы паўстання называлі паўстанцкі атрад.
  8. Wspomnienia 1931, s. 19.
  9. Wspomnienia 1931, s. 7.
  10. Wspomnienia 1931, s. 28—30.
  11. Wspomnienia 1931, s. 29—30.
  12. Wspomnienia 1931, s. 35.
  13. Вайніловіч і Капыльшчына

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
  • Войнилович, Э. Воспоминания: Пер. с польск. / Общ. ред. В. Завальнюка. — Мн.: Издание Минской римо-католической парафии св. Симона и Елены, 2007. — 380 с. — 250 экз. (руск.)
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Wojniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s. (польск.)
  • Ваньковичи / Департамент по архивам и делопроизводству Министерства юстиции Республики Беларусь [и др.]; сост.: Н. А. Голубева, Н. М. Усова, Л. В. Языкович; под научной редакцией В. И. Прокопцова. — Минск : БелЭн, 2012. — 442 с.
  • Рыбчонак, С. Вайніловічы гербу «Сыракомля» / С. Рыбчонак // Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 3. В. / Дз. Матвейчык [і інш.]; навук. рэд. А. Рахуба. — Мінск, 2014. — С. 28—30. — 663 с. — ISBN 978-985-01-1095-4.
  • Яцкевіч, З. Радавод Эдварда Вайніловіча / З. Яцкевіч // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. — Мінск: Гісторыка-культурная ўстанова «Палоніка-Літуаніка»; Польскі інстытут у Мінску, 2009. — С. 8—12.
  • Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska. — Łomianki : LTW, 2011. — 369 s.
  • Jurkowski, R. Polacy-mińszczanie z kręgu Mińskiego Towarzystwa Rolniczego / R. Jurkowski // Знакамітыя мінчане : Матэрыялы VI Беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 9 лістап. 2005 г. / Бел. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка; рэдкал. А. Вялікі [і інш.]; навук. рэд. А. Вялікі і З. Вінніцкі. — Мінск: БДПУ, 2005. — С. 80—108.
  • Szpoper, D. Edward Woyniłłowicz i Mińskie Towarzystwo Rolnicze — przyczynek do dziejów polskiej myśli politycznej w Cesarstwie Rosyjskim do 1914 roku] / D. Szpoper // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларуска-польскай навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. / Гісторыка-культурная ўстанова «Палоніка-Літуаніка»; Польскі інстытут у Мінску. — Мінск, 2009. — С. 28—42. (альбо тое самае: Szpoper, D. Edward Woyniłłowicz i Mińskie Towarzystwo Rolnicze — przyczynek do dziejów polskiej myśli politycznej w Cesarstwie Rosyjskim do 1914 roku Архівавана 5 сакавіка 2016. / D. Szpoper // STUDIA IURIDICA TORUNIENSIA. — Т.V. [Электронны рэсурс])
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.