Тай
(Tày) | |
![]() | |
Агульная колькасць | 1863700 (2021 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | ![]() |
Мова | тай |
Рэлігія | культ продкаў, будызм |
Блізкія этнічныя групы | зяй, тайцы, лаа |
Тай (саманазва Tày, літаральна «чалавек») — тайскі народ на поўначы В'етнама і поўдні Кітая. Некаторыя прадстаўнікі тай таксама жывуць у Францыі і ЗША. Агульная колькасць (2021 г.) — 1 863 700 чал.[1]
Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]
Тай — нашчадкі мігрантаў, якія перасяліліся на поўдзень Кітая і поўнач В'етнама паміж 4 і 1 тысячагоддзямі да н. э. з далін на поўдзень ад ракі Янцзы. Суседзі-в'еты называлі іх тхо[2], аднак у наш час гэты тэрмін выкарыстоўваецца толькі для в'ет-мыонгскага племяннога насельніцтва Паўночнага В'етнама. Сярод кітайцаў распаўсюджаны тэрмін па-дай (кіт.: 岱依族)[3].
Культура[правіць | правіць зыходнік]
Тай жывуць на ніжніх схілах гор і займаюцца пераважна сельскай гаспадаркай. Вырошваюць галоўным чынам рыс, але таксама клубневыя культуры, кукурузу, садавіну і гародніну.
Вёскі засноўваюць каля падножжа гор. Звычайна яны складаюцца з 15 - 20 гаспадарак. Большыя па памерах паселішчы падзяляюцца на абшчыны з прыкладна такой жа колькасцю двароў. Традыцыйныя хаціны слупавыя. Раней яны будаваліся на па́лях, каб абараніць іх уладальнікаў ад дзікіх жывёл. У наш час распаўсюджаны двухпавярховыя наземныя жытлы, але першы паверх выкарыстоўваецца ў гаспадарчых мэтах, а другі як жыллё. Знутры жылая прастора падзяляецца на дзве камеры. У адной спяць. Другая частка — для баўлення часу і рытуальных дзеянняў. У ёй звычайна месціцца сямейны алтар. У памежных рэгіёнах сустракаюцца ўмацаваныя мураваныя будынкі.
Тай аддаюць перавагу баваўнянай чырвонай вопратцы. Жанчыны апранаюць чорныя штаны, а паверх іх — доўгія спадніцы з вузкімі рукавамі. З правага боку да падпахі робіцца выраз, які шчапляецца шпількамі. І мужчыны, і жанчыны таксама носяць доўгія каляровыя шалікі.
Асновай народнай кулінарыі з'яўляецца клейкая рысавая каша. Яна дапаўняецца смажанымі стравамі з садавіны і гародніны, лясной травой і карэннямі. У паўседзённым жыцці шырока распаўсюджаны алкагольныя напоі, розная выпечка.
У мінулым тай не мелі адзінага палітычнага саюза. Вёскі разам з навакольнымі землямі лічыліся маёмасцю правадыроў, а астатнія жыхары — іх падданымі. Сем'і былі пашыранымі. У казках і легендах узгадваюцца матрылакальныя шлюбы, але ў гістарычны час яны не зафіксаваны. Сексуальныя зносіны да шлюбу не забаронены, але выбар нявесты залежыць ад бацькоў жаніха. Будучая жонка ацэньваецца імі з пункту гледжання дабрабыта яе сям'і, сацыяльнага статусу і гараскопу.
Цяжарныя жанчыны іх мужы павінны прытрымлівацца шматлікіх абмежаванняў. У сям'і нараджэнне сына заўсёды лічыцца святам. Заахвочваецца паважлівае стаўленне дзяцей да аднагодкаў і пажылых. Сямейныя разводы рэдкія.
Народны каляндар заснаваны на месячных цыклах. Кожны цыкл суправаджаецца святам. Тай маюць багаты песенны фальклор.
Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]
Большасць вернікаў спавядае будызм. Шырока распаўсюджаны культ продкаў, розныя віды магіі, асабліва астралогія. У культуры кітайскіх тай назіраецца пэўны ўплыў даасізму. Тай вераць у існаванне асобых хатніх духаў і духаў нараджэння. У мінулым агульнавясковыя рытуалы выпраўлялі правадыры. Іх улада лічылася свяшчэннай.
Мова[правіць | правіць зыходнік]
Мова тай належыць да тайскай сям'і моў, мае шэраг дыялектаў. Да пачатку XX ст. тай карысталіся піктаграфічным пісьмом. Пазней быў распрацаваны алфавіт на аснове в'етнамскай лацінскай графікі.
Зноскі
- ↑ joshuaproject.net
- ↑ Who are the Tay people? Архівавана 15 ліпеня 2013.
- ↑ 岱依族
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- The Tày Архівавана 10 лістапада 2013.
- Tay Ethnic Minority Архівавана 27 студзеня 2011.
- 參加諒山省北山縣岱依族