Танала

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Танала
(Tanala)
Агульная колькасць 1423000 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання Мадагаскар
Мова малагасійская
Рэлігія культ продкаў, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы іншыя малагасійцы

Танала (малагас. Tanala, літаральна «лясныя людзі») — этнічная група малагасійцаў. Насяляюць частку паўднёва-усходняга Мадагаскара. Агульная колькасць (2022 г.) — 1 423 000 чалавек[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паводле паданняў саміх танала, іх продкі прыйшлі на населеную імі ў нашы дні тэрыторыю з усходняга ўзбярэжжа і цэнтральнага плато Мадагаскара. Мяркуецца, што гэта былі прадстаўнікі розных груп малагасійцаў, выціснутыя у лясную зону заваёўнікамі. Суседзі называлі танала тых, хто вёў пэўны лад жыцця, заснаваны на лясной гаспадарцы, збіральніцве і паляванні. Вылучаюцца дзве асноўныя групы танала — менабэ, і ікунгу.

= Асаблівасці культуры=[правіць | правіць зыходнік]

Асновай жыццязабеспячэння танала з'яўляецца сельская гаспадарка. Доўгі час практыкавалі падсечна-агнявое земляробства, апрацоўвалі адносна невялікія ляды, забалочаныя месцы, рабілі тэрасы на схілах пагоркаў. Вырошчвалі рыс, фасолю, клубневыя культуры, бананы, пазней для камерцыйных патрэб — гваздзік, каву, цукровы трыснёг і інш.

Жывёлагадоўля мае дапаможнае значэнне. Трымаюць зебу, сабак, курэй і качак. Статкі зебу звычайна малыя. Ялавічыну ўжываюць рэдка. У асноўным, у рытуальных мэтах. Малако перад ужываннем кіпяцяць або кісляць, вырабляюць з яго тварог. Крадзеж зебу лічыцца ганаровым для мужчын, таму рагатую жывёлу зберагаюць у ўмацаваных загонах. Яйкі курэй і качак лічацца дэлікатэсам. Сабак выкарыстоўваюць пад час палявання на дзікоў.

Збіральніцтвам звычайна займаюцца жанчыны і дзеці. Раней асаблівае значэнне меў збор пчаліных мёду і воску, якія з'яўляліся галоўнымі прадуктамі для гандлю з іншымі этнічнымі групамі. Збіралі таксама карэнне і плады дзікіх раслін, лекавыя і атрутныя травы.

Паляванне ніколі не адыгрывала значнай ролі ў гаспадарчым жыцці, паколькі ў лясах Мадагаскара не захавалася буйных жывёлін. Палююць з дапамогай цяжкіх дзідаў і розных пастак на птушак, дзікоў і лемураў. Злоўленых дзікіх звяроў часцяком пакідаюць жывымі і адкормліваюць для далейшага забою.

Большае значэнне для жыццязабеспячэння мае лоў рыбы, асабліва рачнога вугра. Рыбу здабываюць з дапамогай доўгіх дзідаў, крукоў, кашоў, сетак. Практыкуюцца атручванне рыбы расліннымі алкалоідамі. Рыбу звычайна вэндзяць для доўгатэрміновага захавання, а непасрэдна перад ужываннем — вараць.

Распаўсюджаныя рамёствы: кавальства, апрацоўка драўніны, рогаў і косці зебу, выраб керамікі, пляценне і г. д.

Танала жывуць пераважна ў невялікіх вёсках. Жытлы будуюць каркаснага тыпу. Выкарыстоўваюць у якасці будаўнічых матэрыялаў пальмавае лісце і драўніну, бамбук, гліну. Хаціны часта ўзвышаюцца над зямлёй на па́лях, паміж якімі па старому звычаю кладуць камяні, каб пад час нападу ворагі не маглі падпаўзці і выткнуць дзідай гаспадароў праз шчыліны ў падлозе.

Традыцыйнае адзенне складалася з халатаў акандзу, насцегнавых повязяў салака, плеценых капялюшоў і мантый ламба. Упрыгожванні апраналі толькі ў святочныя дні. Мужчыны і жанчыны насілі каралі і срэбраныя ланцужкі. У мінулым танала славіліся сваімі прычоскамі. Валасы сцягваліся ў доўгія косы, змацоўваліся разам ніткамі і абмазваліся тлушчам. Мужчыны галілі твар з дапамогай жалезных пінцэтаў. На руках і грудзях рабілі татуіроўку.

Танала захавалі мноства прымавак, гістарычных паданняў, песеннае мастацтва.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Размаўляюць на некалькіх дыялектах малагасійскай мовы.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць танала (70%) спавядаюць традыцыйную рэлігію, заснаваную на кульце продкаў. Значную ролю ў грамадстве адыгрываюць шаманы ўмбіасі. Таксама распаўсюджана хрысціянства.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]