Перайсці да зместу

Тапаграфічная карта

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тапаграфічная карта
Выява
Асноўная тэма твора тапаграфія і рэльеф
Аўтадарожная карта
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Прыклад легенды тапаграфічнай карты

Тапаграфі́чная ка́рта[1] — універсальная геаграфічная карта, на якой дэталёва адлюстраваны размешчаныя на мясцовасці прыродныя і сацыяльна-эканамічныя аб’екты, іх колькасныя і якасныя характарыстыкі. Прызначаныя для шматмэтавага гаспадарчага, навуковага, адукацыйнага і ваеннага прымянення.

Падзяляюцца на

  • аглядна-тапаграфічныя (маштабы 1:500 000, 1:1 000 000),
  • уласна тапаграфічныя (маштабы 1:5000 — 1:200 000),
  • тапаграфічныя планы (маштабы 1:500, 1:1000, 1:2000)[1].

Уласна тапаграфічныя карты ў сваю чаргу падзяляюцца на

  • буйнамаштабныя (маштабы 1:5000, 1:10 000),
  • сярэднемаштабныя (маштабы 1:25 000, 1:50 000),
  • дробнамаштабныя (маштабы 1:100 000, 1:200 000)[1].

Да тапаграфічных карт таксама адносяць фотатапаграфічныя, аэратапаграфічныя, косматапаграфічныя і лічбавыя карты[1].

Змест і афармленне

[правіць | правіць зыходнік]

Тапаграфічныя карты складаюцца асобнымі лістамі, абмежаванымі мерыдыянамі і паралелямі, аб’яднанымі адзінай картаграфічнай праекцыяй (роўнавугольная папярочна-цыліндрычная праекцыя Гаўса—Кругера), сістэмай разграфкі і наменклатуры (умоўнае абазначэнне лістоў) і ўмоўнымі знакамі. Праецыраванне паверхні мясцовасці ажыццяўляецца на аснове дзяржаўнай геадэзічнай сеткі па 6-градусных геадэзічных зонах. Кожная з зон мае самастойную прамавугольную сістэму каардынат, якая наносіцца на карты ў выглядзе прамавугольнай кіламетровай сеткі.

На тапаграфічных картах тапаграфічнымі ўмоўнымі знакамі паказваецца рэльеф, граніцы, гідраграфія, расліннае покрыва, грунты, населеныя пункты, дарогі, чыгункі, трубаправоды, прамысловыя, сацыяльна-культурныя, сельскагаспадарчыя і іншыя аб’екты, геадэзічныя пункты. Таксама даюцца лікавыя характарыстыкі аб’ектаў, тлумачальныя надпісы і геаграфічныя назвы.

За рамкай ліста карты змяшчаюць яго наменклатуру, назву адпаведнай адміністрацыйнай адзінкі і галоўнага населенага пункта, колькасны і лінейны маштабы, звесткі аб сістэмах каардынат і вышынь, сячэнні рэльефу, метадзе і даце вырабу і праверкі (абнаўлення) карты. На пазарамачных палях аглядна-тапаграфічных карт таксама прыводзяцца: умоўныя знакі да дадзенага ліста, шкала прыступак вышынь, схема межаў; на ўласна тапаграфічных картах — схема збліжэння мерыдыянаў і магнітнага схілення, шкала залажэнняў, дадатковыя абазначэнні аб’ектаў; на тапаграфічных планах — назва пляцоўкі, схема ўсяго ўчастка здымкі і тэксты аб прызначэнні плана, увязцы, зрэзаў водаў і іншая інфармацыя.

Ствараюцца і абнаўляюцца тапаграфічныя карты на аснове аэрафотатапаграфічных, касмічных і тапаграфічных здымак.

  • Явід П. П. Тапаграфі́чныя ка́рты // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 428. — 552 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Ка́рта; Тапаграфі́чная ка́рта // Геаграфічныя паняцці і тэрміны: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. М. Курловіч і інш. Мн.: БелЭн, 1993. — С. 146, 282. — 333 с. — (Энцыкл. б-чка школьніка). 14 000 экз. ISBN 5-85700-085-8.
  • Топографи́ческие ка́рты / Гольдман Л. М. // Т. 26. Тихоходки — Ульяново. М. : Советская энциклопедия, 1977. — С. 83—84. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
  • Топографи́ческая ка́рта // География. Современная иллюстрированная энциклопедия. Ч. 2: М—Я. / А. П. Горкин — М.: Росмэн, 2006. — 986 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-353-02443-5. (руск.) — (Современная иллюстрированная энциклопедия «Росмэн». География)
  • Соколов И. А. Топографическая карта и местность. Изд. 2-е, перераб. и доп. — М., ДОСААФ, 1975. — 96 с. с ил. — 60 000 экз. (руск.)
  • Шульдешов Л. С. Военная топография : учебное пособие(недаступная спасылка) / Л. С. Шульдешов, В. А. Родионов, В. А. Софронов, В. В. Углянский. — Москва : КНОРУС, 2019. — 164 с. — (Военная подготовка). — ISBN 978-5-406-06569-3. (руск.)