Перайсці да зместу

Таўкачыкі (танец)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Таўкачыкі
Кірунак: народны танец, танец-гульня
Памер: 2/4
Тэмп: ад умеранага да жвавага
Вытокі: беларускія
Паджанры:
гульня-карагод, ілюстравана-выяўленчы гульнявы танец

«Таўка́чыкі»[1][2] — старадаўні беларускі народны танец (танец-гульня[1]).

Танец імітуе працэс абівання і таўчэння зерня ў ступе. Музычны памер 2/4. Тэмп ад умеранага да жвавага[2]. Вядомы ў двух харэаграфічных варыянтах: гульня-карагод, ілюстравана-выяўленчы гульнявы танец[1].

Найбольш старажытны варыянт уяўляў сабой сольны імправізаваны танец, у якім выканаўца з двума таўкачамі ці кіямі ў руках імітаваў працоўны працэс: пастукваў кіямі, прытупваў і прыпяваў[2]. Часам выканаўца падскокваў як мага вышэй, станавіўся на рукі[2].

Шырокае распаўсюджанне атрымаў варыянт танца гульня-карагод, што выконваўся на крыжы, які ўтваралі дзве пакладзеныя на падлогу доўгія лучыны, вілы і чапяла або простыя кіі. Адзін, пapa ці група танцораў пад песню ці прыпеўку пераскоквалі ў рытме музыкі з квадрата ў квадрат рознымі спосабамі: па-дэ-баскам, на адной ці дзвюх нагах, з адной нагі на другую і іншымі[2], стараючыся не закрануць рэчаў, якія ўтвараюць крыж на падлозе. Танцавальны варыянт таўкачыкаў мае тую ж сэнсавую нагрузку, але можа выконвацца сола ці парамі ў суправаджэнні песні, прыпевак або пад акампанемент дудкі са скрыпкай[1].

Танец «Таўкачыкі» найбольш распаўсюджаны на тэрыторыі сучасных Брэсцкай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей Беларусі. Танцы на крыжы, падобныя на «Таўкачыкі», бытавалі ў розных рэгіёнах Беларусі: «Лучыніца», «Заёнец», «Магера», а часам і «Мікіта»[2]. Падобныя танцы вядомы ў некаторых народаў Прыбалтыкі[1].

У 1913 годзе танец «Таўкачыкі» быў выкарыстаны ў спектаклі па п’есе Янкі Купалы «Прымакі», у 1920-я гады ў спектаклі БДТ па п’есе «Машэка» Е. Мірановіча (у пастаноўцы К. Алексютовіча) і ў 1984 годзе ў аднайменнай пастаноўцы на Беларускім тэлебачанні[1].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]