Прымакі (п’еса)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Літаратурны твор
«Прымакі»
Выданне
«Прымакі» ў пастаноўцы Брэсцкага драматычнага тэатра на паштовай мацы Беларусі
Жанр: п'еса
камедыя
сцэнічны жарт
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгінала: беларуская
Дата напісання: 31 ліпеня 1913
Дата першай публікацыі: 1920
Электронная версія

«Прымакі» — п'еса Янкі Купалы («сцэнічны жарт у адной дзеі»), завершаная 31 ліпеня 1913 года. Упершыню надрукаваная ў газеце «Рунь» у 1920 годзе (№ 5—8). Белавы аўтограф і машынапісны тэкст з праўкамі аўтара захоўваюцца ў Літаратурным музеі Янкі Купалы.[1]

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Падзеі твору адбываюцца на вёсцы. Максім Кутас прачынаецца ў чужой хаце і не можа зразумець, дзе ён і чаму сюды трапіў. Даведаўшыся, што начаваў у кумы Даміцэлі, ён, як і яна, вельмі перажывае. Але добра паснедаўшы, абое павесялелі і выправіліся шукаць: Даміцэля — мужа Трахіма Сініцу, Максім — жонку Паланею. Тыя (яны таксама начавалі разам) у сваю чаргу шукаюць іх. Урэшце ўсе збіраюцца ў хаце Трахіма і пачынаецца агульная валтузня і сварка. З'яўляюцца ўраднік з соцкім і высвятляюцца ўсе непаразуменні: на першы дзень Сёмухі Трахім і Максім у манапольцы, перапіўшы, заспрачаліся, чыя жонка горшая, ды, каб развязаць спрэчку, вырашылі імі памяняцца. Мацейка Кутас і Кацярына Сініца, якія кахаюць адзін аднаго, пасьмейваюцца са сваіх бацькоў. Калі ж тыя нарэшце мірацца паміж сабою, яны дамагаюцца іх блаславення.[1]

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Твор напісаны ў жанры народнага анекдоту і камедыі становішчаў з выкарыстаннем фарсавых сітуацый. Для п'есы ўласцівыя дасціпнасць і сакавітасць мовы, кідкасць фарбаў у абмалёўцы характараў герояў. Хаця п'еса па сваім сацыяльным гучанні і мастацкім абанульненні не ўздымаецца да ўзроўню сваёй папярэдніцы — камедыі «Паўлінка», — набыты Купалам у часе працы над «Паўлінкай» вопыт і майстэрства камедыяграфа ў ёй вельмі адчуваюцца. Аўтар выкарыстаў у п'есе традыцыі і прыёмы народных камедый і інтэрмедый, народныя песні, прыпеўкі. Адчуваецца ўплыў «Пінскай шляхты» В. Дуніна-Марцінкевіча, асабліва ў абмалёўцы характараў галоўных герояў.[1]

Пераклады і мастацкія ўвасабленні[правіць | правіць зыходнік]

На рускую мову п'есу пераклаў А. Пракоф'еў, на польскую — С. Артоўскі[1].

Камедыя заняла прыкметнае месца на беларускай прафесійнай і аматарскай тэатральнай сцэне. У 1936 годзе пастаноўку п'есы ажыццявіў Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ—2) і прадставіў разам з камедыяй «Паўлінка» на гастролях у Бабруйску.[2] Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ—1) паставіў «Вечар беларускіх вадэвіляў», у які побач з «Паўлінкай» увайшлі «Прымакі» (прэм'ера адбылася 25 мая 1944 года ў Томску). У 1972 годзе п'есу ставілі Гродзенскі абласны драматычны тэатр і Беларускі тэатр юнага гледача. П'еса ставілася як дыпломныя спектаклі ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце ў 1958 і 1979 гадах. П'есу таксама ставілі шматлікія народныя тэатры і самадзейныя калектывы Беларусі. У 1959 годзе п'еса ставілася на Беларускім радыё. Удзельнікамі радыёпастаноўкі сталі П. Малчанаў, В. Пола, Г. Глебаў, Г. Макарава. У 1967 годзе купалаўскі твор знайшоў сваё ўвасабленне ў тэлевізійным спектаклі Беларускага тэлебачання[1]. У 2007 годзе адбылася новая пастаноўка «Прымакоў» у Гродзенскім абласным драматычным тэатры.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Прымакі». — C. 506—507.
  2. Аб знаходжанні Я.Купалы ў Бабруйску. Край Магілёўскі. Праверана 1 лістапада 2012.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Прымакі» / Аўтар — А.Сабалеўскі — C. 506—507.
  • Гаробчанка, Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. — Мн., 1976. — С.21—22, 57—60, 114—115.
  • Есакоў, А. Янка Купала і беларускі тэатр. — Мн., 1972. — С.145—149.
  • Пятровіч, С. Тэатральная самадзейнасць Савецкай Беларусі. — Мн., 1972. — С.99, 137, 2334—234.
  • Семяновіч, А. Беларуская драматургія.- Мн., 1961. — С.72—76.
  • Ярош, М. Драматургія Янкі Купалы. — Мн., 1959. — С.72—76.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]