Тупінікім

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тупінікім
(Tupinãki)
Агульная колькасць 2630 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання Бразілія
Мова тупі
Рэлігія шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы патыгуара

Тупінікім (саманазва: Tupinãki, літаральна «галіна тупі»; парт.: Tupiniquim) — народ індзейскага паходжання ў Бразіліі. Агульная колькасць (2010 г.) — 2 630 чалавек.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Тупінікім — адзін з народаў тупі, які ў XVI ст. насяляў тэрыторыю сучасных бразільскіх штатаў Эспірыту-Санту і Баія. Мяркуюць, што да пачатку каланіяльнай эпохі яго колькасць набліжалася да 90 000 чалавек.

З 1534 г. на землях тупінікім сталі ўзнікаць партугальскія паселішчы. У адрозненні ад суседніх індзейскіх народаў, тупінікім не аказвалі супраціўлення і выступалі ў якасці саюзнікаў каланізатараў. Разам з езуіцкімі місіянерамі ўдзельнічалі ў заснаванні Сан-Паўлу ў 1554 г. У каланіяльны перыяд колькасць тупінікім стала скарачалася з-за хвароб, завезеных з Еўропы, ад якіх у індзейцаў не было імунітэту, удзеле ў рызыкоўных паходах бандэйрантаў, а таксама з-за асіміляцыі.

У XVI ст. езуіт Жазэ ды Аншыета распрацаваў план каланізацыі індзейскіх земляў, ухвалены ў 1574 г. партугальскай каронай. Згодна яму, індзейцы павінны былі перасяляцца ў асобныя паселішчы пры каталіцкіх місіях для далейшай хрысціянізацыі і пераходу да новага ладу жыцця. Першая езуіцкая місія для тупінікім была заснавана ў 1556 г. Аднак да 1580 г. яна была зачынена з-за эпідэміі воспы. Новая езуіцкая місія была заснавана ў пачатку XVI ст. У 1610 г. каланіяльныя ўлады перадалі ў карыстанне місіянерскаму паселішчу буйны зямельны надзел. Правы на яго падцвярджаліся ў 1760 г. У 1860 г. тэрыторыю тупінікім наведваў бразільскі імператар Педру II. Тым не меней, колькасць тупінікім стала скарачалася. У 1876 г. іх колькасць складала толькі 55 чалавек. З-за скарачэння насельніцтва і міжэтнічных шлюбаў яны практычна згубілі родную мову.

У другой палове XX ст. колькасць тупінікім расла, але яны пацярпелі ад скарачэння плошчы лясоў, што складалі значную частку іх зямель, а таксама з'яўлення нелегальных сельскіх паселішчаў на вырубках. Хаця ў 1985 г. правы карэннага народа на зямлю былі падцверджаны ўладамі Бразіліі, змаганне за іх застаецца актуальным і ў нашы дні.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Сучасная народная культура тупінікім фарміравалася ў каланіяльны час. Яе падмуркам з'яўлялася папярэдняя дакалумбавая культура, аднак вызначальным стала жыццё ў місіянерскіх вёсках. Актыўны ўплыў каланіяльнага грамадства прывёў да таго, што тупінікім лічаць у Бразіліі «цывілізаванымі індзейцамі». Да прыходу партугальцаў галоўнымі заняткамі тупінікім былі ручное земляробства, рыбалоўства, збіральніцтва і паляванне. Асноўнай сацыяльнай адзінкай была вялікая пашыраная сям'я, якая ўтварала самастойнае паселішча. Яно часта пераносілася з месца на месца з-за паніжэння ўрадлівасці глебы, смерці аднаго з чальцоў, благога прадвесця і г. д. Падобна іншым тупі, тупінікім практыкавалі канібалізм.

Місіянеры стваралі стацыянарныя паселішчы, жыхары якіх утваралі адзіную рэлігійную і гаспадарчую абшчыну. На чале яе стаяў правадыр з тытулам капітана або касіка, аднак яго дзеянні кантраляваліся з боку святароў. Тупінікім навучаліся плантацыйнай форме сельскай гаспадаркі і еўрапейскім рамёствам. У выніку ў місіянерскіх паселішчах існаваў падзел працы і грашовыя ўзаемаадносіны паміж чальцамі абшчын. Разам з гэтым, большасць зямель вакол паселішчаў былі заняты лясамі, што абумовіла працяг існавання папярэдніх форм здабычы, асабліва рыбалоўства і збіральніцтва.

Сучасныя тупінікім жывуць у цагляных дамах, размаўляюць па-партугальску, аднак захоўваюць генетычную спадчыну продкаў і асобную індзейскую тоеснасць. Займаюцца сельскай гаспадаркай, наймаюцца на працу на прамысловыя прадпрыемствы і буйныя плантацыі. Хрысціянскія святы суправаджаюцца традыцыйнымі танцамі пад барабанную музыку. Постаць «капітана барабанаў», арганізатара такіх вечарын, лічыцца містычнай. Некаторыя даследчыкі лічаць, што яна ўвабрала функцыі старажытных шаманаў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]