Тупі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тупі
Тупінамба
Агульная колькасць да 1 млн
Рэгіёны пражывання Бразілія
Мова тупі
Рэлігія анімізм, шаманізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы гуарані, гуараю, кавахіва, ваямпі

Тупі (парт.: tupí) — група малых індзейскіх народаў у Паўднёвай Амерыцы, якія размаўляюць на галіне тупі тупі-гуаранійскай моўнай групы. У Бразіліі існуе буйная субэтнічная група, што адносіць сябе да тупі і ўяўляе сабою метысаў індзейска-еўрапейскага паходжання.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Тупі сфарміраваліся ў паўднёвай Амазоніі, у міжрэччы Мадэйры і Шынгу. Каля 3 — 2,5 тысяч гадоў таму яны мігрыравалі да ўзбярэжжа Атлантыкі і да прыбыцця еўрапейцаў у Новы Свет насялялі тэрыторыі ад дэльты Амазонкі да вусця Ла-Платы. Яны падзяляліся на асобныя супольнасці, у тым ліку тупінамба, патыгуара, табажара, тупінікім і інш. Асабіста тупі называлі індзейцаў, што жылі ў раёне будучага Рыа-дэ-Жанэйра. Іх назва была распаўсюджана на ўсе плямёны, якія размаўлялі на блізкіх гаворках.

Каланізацыя і лёс тупі[правіць | правіць зыходнік]

У XVI ст. усходняе ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі пачало каланізавацца партугальцамі і іспанцамі. У XVII ст. да іх далучыліся галандцы і французы. Падобна іншым індзейцам тупі моцна пацярпелі ад з’яўлення еўрапейскіх хвароб, ад якіх у іх не было імунітэту. Іх колькасць значна знізілася яшчэ да пачатку перасяленчай каланізацыі. Пасля заснавання калоніі Сан-Вісэнты на месцы сучаснага Рыа-дэ-Жанэйра ў 1532 г. партугальцы паспрабавалі прымусіць тупі працаваць на сябе. Супраціўленне тубыльцаў прывяло да ваенных дзеянняў.

Езуіт Жазэ ды Аншыета распрацаваў план, згодна якому індзейскае насельніцтва калоній павінна было прыняць хрысціянства і перасяліцца ў асобныя вёскі пры каталіцкіх місіях. У 1574 г. ён быў ухвалены каралём. Большасць тупі, што трапіла ў місіянерскія паселішчы, была выратавана ад смерці, але іх нашчадкаў чакала асіміляцыя. План Ж. ды Аншыеты выклікаў незадаволенасць сярод каланістаў. Яны захапілі мясцовыя землі і разлічвалі самастойна эксплуатаваць тубыльцаў. У месцах, дзе індзейцы захоўвалі самастойнасць, узнік феномен куньядызму (ад парт.: cunhado «швагер»), калі партугальцы заключалі саюз з тупі праз шлюбы з іх жанчынамі, а потым прымушалі працаваць на сябе як сваякоў. Адным з наступстваў куньядызму стала фарміраванне ў калоніях пласту метысаў мамелука.

Акрамя прымусу еўрапейцы імкнуліся выкарыстоўваць тупі ў сваіх мэтах як саюзнікаў. Тупі ўдзельнічалі ў паходах бразільскіх бандэйрантаў у якасці ваеннай сілы, захоплівалі ў палон і прадавалі ў рабства іншых індзейцаў. Тупі ваявалі на баку партугальцаў, французаў і галандцаў, калі паміж імі ўзнікалі войны. Напрыклад, правадыр патыгуара Філіпэ Камарау (15801648 гг.)[1] узўначальваў бразільскае апалчэнне ў вайне з галандцамі, за што атрымаў шляхецкі тытул і ордэн. Яго суайчыннік Антоніа Параўпаба (пачатак XVII ст. — 1656 г. або 1657 г.)[2] змагаўся на баку галандцаў, тройчы наведваў Нідэрланды і заставіў пасля сябе падрабязныя запісы аб ваенных дзеяннях і лёсе індзейцаў.

Далёка не ўсе індзейцы-тупі былі знішчаны або асіміляваны. У Бразіліі захоўваюцца невялікія супольнасці патыгуара і тупінікім. У XIX — сярэдзіне XX ст. з развіццём ідэй рамантызму і нацыяналізму ў Бразіліі ўзгадкі пра тупі ў гісторыі, літаратуры і палітыцы набылі папулярнасць, іх атаяснялі з першаснымі бразільцамі. Назва тупі стала саманазвай значнай часткі метысаў, паколькі тэрмін мамелука меў абразлівы характар.

Традыцыйная культура і спадчына[правіць | правіць зыходнік]

Задоўга да міграцыі ў рэгіён Атлантыкі продкі тупі асвоілі ручное земляробства, вырошчвалі маніёк, кукурузу, арахіс, гарбузы. Важнымі заняткамі з’яўляліся рыбалоўства, збіральніцтва і паляванне. Тупі апрацоўвалі камень, косць, драўніну, выраблялі кераміку, здабывалі соль. Згодна сучасным даследаванням[3], абарыгены бразільскага ўзбярэжжа, што жылі 1200 гадоў таму, з’яўляліся адной з самых здаровых індзейскіх папуляцый Новага Свету.

Асноўнай сацыяльнай адзінкай была вялікая пашыраная сям'я. Часам такія сем'і стваралі асобныя паселішчы. Тупі практыкавалі палігінію, частай з’явай былі разводы. Сярод іх вылучаўся пласт правадыроў, улада якіх перадавалася па спадчыне. Некаторыя групы тупі, асабліва тупінамба, узгадваліся еўрапейцамі як надзвычай ваяўнічыя. Адзін з езуітаў XVI ст. паведамляў, што індзейцы часцяком пагаджаліся адмовіцца амаль ад усяго, толькі ад адной рэчы яны не хацелі адмаўляцца — ад культуры вядзення вайны[4]. Яны прытрымліваліся канібальскіх звычаяў.

У Бразіліі захаваліся шматлікія тапонімы, назвы прадметаў, жывёл і раслін, запазычаныя з моў тупі. У міжнародную лексіку ўвайшлі такія словы, як «маніёк», «ананас», «тукан», «ара» і г. д. Рымскі папа Павел V даў назву расліне тапінамбур у гонар племені тупінамба, хаця яно не мела да гэтай расліны ніякага дачынення[5]. Бразільскія каталікі шануюць імя Катарыны Парагуасу[6], дачкі правадыра тупінамба. Яна стала жонкай партугальца, прыняла хрысціянства і падтрымлівала яго распаўсюджанне ў Баіі. Шырока вядомы народны музычны інструмент тупі — маракас.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]