Тураўскае гарадзішча
гарадзішча | |
Тураўскае гарадзішча | |
---|---|
52°04′25,38″ пн. ш. 27°43′19,71″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | Тураў |
Тып будынка | гарадзішча |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000360 |
Тураўскае гарадзішча — гарадзішча старажытнага Турава перыяду ранняга Сярэднявечча, знаходзіцца ў паўночна-заходняй частцы горада, пры ўпадзенні былой р. Язда, якая ў 1925 годзе адведзена ў асушальны канал, у р. Струмень.
Тураўскае гарадзішча мае памеры 180х200 м. Гарадзішча старажытнага Турава ўключала падзеленыя глыбокім ровам на 2 пляцоўкі: дзядзінец (75х70 м) і вакольны горад (150х100 м), якія былі ўмацаваны валамі (цяпер разбураны). З боку поля ў некаторых месцах прасочваюцца рэшткі рова.
Матэрыялы раскопак сведчаць аб тым, што старажытны Тураў меў шырокія гандлёвыя сувязі з Кіевам, Паўночным Прычарнамор'ем, Блізкім Усходам, Малой Азіяй, Валынню і Прыбалтыкай. Вялікае развіццё тут атрымалі жалезаапрацоўчае, ювелірнае, касцярэзнае, дрэваапрацоўчае, шавецкае і ганчарнае рамёствы.
У 2012—2015 гадах у рамках дзяржаўнай праграмы «Замкі Беларусі» на Замкавай гары запланавана будаўніцтва гісторыка-культурнага комплексу «Замчышча».
Даследванні
[правіць | правіць зыходнік]Даследавалі ў 1889 У. З. Завітневіч, у 1909 А. К. Снітка, у 1927 А. Д. Каваленя і С. С. Шутаў, абследавалі ў 1929 А. М. Ляўданскі, у 1974 Л. Д. Побаль. Раскопкі ў 1961 г. праводзілі В. В. Сядоў і М. Д. Палубаярынава, у 1963 М. К. Каргер раскапаў руіны храма XII ст., дзе выявіў пахаванні ў саркафагах, як мяркуецца тураўскіх князёў.
Даследаваў замчышча ў 1962—63 і ў 1968 П. Ф. Лысенка. Выяўлены рэшткі 35 пабудоў, з іх 24 жылых, 10 печаў (7 глінабітных, 3 з выкарыстаннем цэглы). Знойдзены рэшткі амфар з Паўночнага Прычарнамор'я, інструменты і прылады працы, зброя, прадметы гаспадарчага ўжытку, ювелірныя вырабы, фрагменты бронзавага посуду, засцежкі для кніг, прадметы рэлігійнага культу. Шмат знаходак ганчарнага керамічнага посуду, абломкаў цэглы, паліваных дэкаратыўных плітак, тыгляў для плаўкі каляровых металаў, падсвечнікаў і інш. Да рэдкіх знаходак адносяцца 4 свінцовыя рэльефныя абразкі з выявамі Багародзіцы, прападобнай Ефрасінні (?) або Анастасіі (?), велікамучаніцы (магчыма, Варвары) і свяціцеля (магчыма, Кірылы Тураўскага) 13—14 ст.
Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Тураўскім краязнаўчым музеі і Музеі гісторыі Палесся ў Пінску, Інстытуце гісторыі НАНБ і Інстытуце археалогіі РАН.
Цікавыя факты
[правіць | правіць зыходнік]- Выява Тураўскага гарадзішча прысутнічае на адваротным баку беларускай банкноты наміналам 20 рублёў узору 2009 года.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, [1984—1988].
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Тураўскае гарадзішча на сайце Radzima.org
- Тураўскае гарадзішча на сайце «Архіварта»