Амфара

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

А́мфара (стар.-грэч.: ἀμφορεύς «пасудзіна з дзвюма ручкамі») — антычная пасудзіна яйцападобнай формы з дзвюма вертыкальнымі ручкамі, нярэдка з вострым канічным дном. Быў распаўсюджаны ў грэкаў і рымлян. Часцей за ўсё амфары рабіліся з гліны, аднак сустракаюцца і амфары з бронзы. Служылі, галоўным чынам, для захоўвання аліўкавага алею або віна. Таксама выкарыстоўваліся ў якасці ўрны для пахавання і пры галасаванні. Размаляваныя амфары (панафінейскія амфары) служылі прызам у спартыўных спаборніцтвах.

Аб'ём амфары можа складаць ад 5 да 50 л. Вялікія высокія амфары выкарыстоўваліся для транспартавання вадкасцей. У Рыме амфары аб'ёмам 26,03 літра (старажытнарымскі кубічны пед ці грэчаскі «талант») ужываліся для вымярэння вадкасцей.

На тэрыторыі Беларусі амфары прывозіліся, верагодна, з грэчаскіх калоній у Крыме. Дзякуючы вузкаму цыліндрычнаму горлу лёгка закаркоўваліся і герметычна заліваліся воскам. Фрагменты амфары вылучаліся сярод мясцовай керамікі тоўстым (10—12 мм) моцна спечаным лёгкім чарапком крэмавага ці светла-ружовага колеру, тонкадысперсным на зломе, з прыкметамі вырабу на нажным крузе. Знешняя паверхня аздаблялася дробным шматрадным лінейным рыфленнем. На многіх фрагментах захаваліся малюнкі, надпісы, асобныя літары (на амфарах з Полацка прадрапана літара «А»). На ўсходнеславянскіх тэрыторыях, асабліва ў бязлесных раёнах, амфары сталі прататыпамі тарных амфарападобных пасудзін-карчаг. Самыя раннія амфары знойдзены пры раскопках гарадзішчаў зарубінецкай культуры ранняга жалезнага веку на поўдні Беларусі, шырокае распаўсюджанне набылі ў сярэдневяковы час.

Класіфікацыя[правіць | правіць зыходнік]

Распрацоўшчыкам тыпалогіі класіфікацыі амфар з'яўляецца нямецкі археолаг Генрых Дрэсель.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Амфара // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с. — С. 36. — ISBN 5-85700-077-7.
  • Здановіч, Н. І. Амфара / Н. І. Здановіч // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 28 — 29. — ISBN 978-985-11-0353-5.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons