Трайдзень

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Трайдзень
Трайдзень
Гравюра з выявай Трайдзеня з «Апісання Еўрапейскай Сарматыі» Гваньіні (1581). Гэта ж гравюра выкарыстоўвалася складальнікам і як партрэт Леха II, сына Крака
Вялікі князь літоўскі
1269/1270 — 1282
Папярэднік: Шварн Данілавіч
Пераемнік: Будзікід
 
Нараджэнне: 1220
Смерць: 1282(1282)
Кернаў, Віленскі павет, Віленскае ваяводства, Вялікае Княства Літоўскае
Бацька: Від(?)
Дзеці: сыны: Будзікід(?), Будзівід(?)
дачка:Гаўдэмунда

Трайдзень, Трайдзен (? — 1282) — вялікі князь літоўскі (1270—1282). Вёў зацятую барацьбу з Тэўтонскім ордэнам і Галіцка-Валынскім княствам, здолеў утрымаць Вялікае Княства Літоўскае практычна ў тых самых межах, у якіх атрымаў[1].

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паходжанне невядомае. Пазнейшыя летапісы называюць бацьку Трайдзеня — Віда, і яго брата Гердзеня, быццам сваякоў Міндоўга і разам з ім нашчадкаў полацкіх князёў, але праўдзівасць гэтых звестак лічыцца сумнеўнай. Ёсць меркаванне, што Традзень не быў сваяком Міндоўга і, калі прыйшоў да ўлады, цалкам змяніў палітыку, якую вёў Войшалк і Шварн, і за часам Трайдзеня ў дзяржаве замест руска-праваслаўнай запанавала літоўска-паганская партыя. Між тым, сучасныя Трайдзеню крыніцы сведчаць, што браты Трайдзеня (Борза, Лесій, Свелкеній, Сірпуцій) былі праваслаўнымі, таму не выключанае праваслаўе і Трайдзеня. Таксама і боязь Льва Данілавіча помсты за забойства Войшалка сведчаць хутчэй за тое, што Трайдзень меў сваяцкія сувязі з родам Міндоўга і працягваў палітыку Войшалка.

Мікола Ермаловіч меркаваў, што Трайдзень меў славянскае паходжанне[2]. Вячаслаў Насевіч выказаў гіпотэзу, што Трайдзень (Трайдзен) быў яцвяжскім князем — уладаром княства Дайнава, якое змяшчалася на поўнач ад Горадна абапал Нёмана[1].

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Сустрэча Трайдзеня з будучай жонкай, мазавецкай князёўнай Ганнай. Міхал Эльвіра Андрыёлі, XIX стагоддзе

Да 1270 г. пра Трайдзеня амаль нічога не вядома. Галіцка-Валынскі летапіс паведамляе, што за часам Міндоўга ён удзельнічаў у войнах з галіцка-валынскі князямі, і ў гэтых войнах загінулі яго браты Борза, Лесій, Свелкеній. У «Хроніцы Быхаўца», як і ў іншых беларускіх летапісах XVI ст., гісторыя Трайдзеня вельмі заблытаная. «Хроніка Быхаўца» адзначае, што Трайдзень не быў яцвяжскім князем па паходжанні, а проста да таго, як стаў вялікім князем у Новагародку[3], быў пастаўлены сваім старэйшым братам Нарымонтам князем у яцвягаў, якія страцілі к гэтаму часу сваіх князёў і лёгка паддаліся яго ўладзе[3]; пасля ён збудаваў над р. Бобр горад, які назваў Райгорадам[3].

У 1270 г. Трайдзень заняў вялікакняскі сталец ВКЛ. Узыходжанне на трон Трайдзеня азначала адраджэнне паганскіх культаў, магчыма «чыстку» прыхільнікаў прагаліцкай партыі. Для Галіцка-Валынскага княства падзея была вельмі непажаданай, аб чым сведчыць абурэнне валынскага летапісца, які негатыўна характарызаваў яго, маўляў, Трайдзень злейшы за Ірада і Нерона.

Трайдзень працягваў палітыку апоры на Новагародскае, Гарадзенскае і Полацкае княствы для ўключэння ў склад сваёй дзяржавы балцкія землі, найперш Нальшанаў і Дзяволтвы, а таксама Жамойць, землі яцвягаў, селаў і земгалаў[4]. Пры гэтым ён змушаны быў бараніцца ад Тэўтонскага ордэна. Трайдзень падтрымліваў барацьбу прусаў з немцамі, у 1273 г. ён дапамог князю Команту ў арганізацыі паходу ў Кульмскую зямлю. Шмат прусаў (а таксама яцвягаў) уцякалі ад нямецкага націску ў ВКЛ, дзе знайшлі прытулак. Вядома, што Трайдзень у 1276 г. пасяліў прусаў каля Гродна і Слоніма.

Выкліканы абраннем Трайдзена канфлікт з Галіцка-Валынскім княствам на доўгі час ставіць Літву ва ўмовы барацьбы на два фронты. Праўда, спачатку Трайдзен варагуе толькі з Уладзімірам Васількавічам Валынскім і захоўвае мірныя дачыненні з Львом Галіцкім. Аднак хутка і гэтыя адносіны псуюцца. Пра канчатковы разрыў сведчыць тое, што ў 1274 г. Трайдзень сіламі гарадзенцаў захапіў і разрабаваў Драгічын, які належаў Льву. У 1275 г. той, помсцячы за разрабаванне Драгічына, паслаў па дапамогу да хана Менгу-Цімура. Хан пасылаў да Льва войска на чале з Ягурчынам, а таксама загадаў ісці супраць Літвы рускім князям — Раману Бранскаму, Глебу Смаленскаму, князям тураўскім і пінскім. З-за сварак паміж удзельнікамі, паход быў няўдалы, узяўшы вакольны горад Новагародка яны пайшлі з ВКЛ.

У 1277 г. Трайдзень аблажыў Дзюнабург, у яго войску было шмат русінаў-лучнікаў, напэўна палачанаў, для штурму выкарыстоўваліся чатыры вялікія рухомыя абложныя вежы і балісты. Праз 4 тыдні аблога была знята з-за нападу на Літву галіцка-татарскіх войскаў на чале з Мамшынам, праўда, і гэты галіцка-татарскі паход быў няўдалы з-за сварак паміж удзельнікамі.

Рэшткі старажытных умацаванняў у Кернаве, які нямецкая хроніка называе «горадам у зямлі Трайдзеня», а некаторыя даследчыкі на гэтай аснове лічаць сталіцай Трайдзеня.

У канцы 1278 г. Трайдзень пасылаў брата Сірпуція на дапамогу яцвягам, якія ваявалі Мазовію і Усходнюю Польшчу — літоўскія войскі дайшлі да Любліна. Найбольш пацярпела Мазовія, мазавецкія князі разарвалі адносіны з Тэўтонскім ордэнам і заключылі перамір'е з Трайдзенем. Адначасова, лівонскія войскі ўварваліся ў Літву, разрабавалі яе і ў студзені 1279 г. аблажылі Кернаў (Кернава). Ордэнскія крыніцы называюць Кернаў «горадам у зямлі Традзеня» або «горадам Трайдзеня», з гэтае прычыны некаторыя даследчыкі лічаць Кернаў тагачаснай сталіцай ВКЛ або горадам, якім валодаў Трайдзень да заняцця вялікакняскага стальца. Аблога немцамі Кернава была няўдалай, у лютым немцы разрабавалі ваколіцы і з вялікімі палонам пайшлі да Лівоніі. Трайдзень нагнаў іх каля Ашэрадэна і разбіў 5 сакавіка 1279 г. у бітве пры Ашэрадэне. Поспех пры Ашэрадэне быў замацаваны заключэннем у 1279 г. міру і саюзу паміж Мазовіяй і ВКЛ. Саюз быў скіраваны супраць Тэўтонскага ордэна і Польшчы.

У выніку даволі жорсткай барацьбы Панямонне засталося за Трайдзенам, хоць і ў спустошаным выглядзе. Да таго ж у 1279 годзе ўвесь тэатр ваенных дзеянняў з прылеглымі раёнамі Польшчы і Русі ахапіў моцны голад, вынік неўраджаю. І тым не менш сімбіёз з рускімі княствамі значна павялічваў ваенны патэнцыял Літвы. Дачка Трайдзена Гаўдэмунда (у хрышчэнні Соф'я) выйшла замуж за мазавецкага князя Баляслава II з Плоцка, якому яна нарадзіла сыноў Зямовіта і Трайдзена (названых у гонар дзядоў). Яшчэ больш Плоцкае княства трапіла пад уплыў Трайдзена, калі ён ваеннай сілай прымусіў свайго зяця адмовіцца ад саюза з тэўтонцамі. Пад літоўскім кантролем заставаліся земгалы. У саюзе з Літвой дзейнічалі і князі захаваўшых незалежнасць яцвягаў. Да гэтага году Мацей Стрыйкоўскі адносіць і шлюб, верагодна другі, Трайдзеня з мазавецкай княжной Ганнай.

У 1280 г. Трайдзень зноў дапамагае Команту ў паходзе на Самбію. Паводле трайдзеневага загаду Найміс ваюе Памезанію. У 1280 г., паводле падання, была заснаванае Коўна. У 1281 г. Трайдзень захапіў Герцыке, адрэзаў Дынабург ад астатняй Лівоніі і прымусіў немцаў аддаць яму Дынабург узамен Герцыке.

Менавіта пры Трайдзені ў склад ВКЛ канчаткова былі ўключаны прылеглыя землі яцвягаў, земгалаў і селаў, узнавіліся далёкія набегі на Польшчу і эстонскія ўладанні крыжакоў (востраў Саарэмаа і інш.)[4].

Смерць і нашчадкі[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Галіцка-Валынскага летапісу, Трайдзень памёр сваёй смерцю. Пазнейшая «Хроніка Быхаўца» апавядае, што Трайдзеня забілі падасланыя забойцы[5].

Імя яго пераемніка не называюць ні рускія, ні крыжацкія, ні польскія крыніцы. Сваіх братоў ён перажыў, пра сыноў надзейных звестак таксама няма. Магчыма, яго пераемнікам быў нейкі князь Даўмонт, якога Троіцкі летапіс называе князем літоўскім і паведамляе пра яго смерць у дальнім набегу на вярхоўі Волгі ў 1285 годзе.

Літоўскія генеалагічныя легенды, пісьмова зафіксаваныя ў XVI ст., кажуць пра змену «дынастыі Кітаўруса», апошнім прадстаўніком якой з'яўляўся Трайдзен, новай дынастыяй — «родам Калюмнаў». Пры гэтым нашчадкі «роду Кітаўруса» засталіся ў Літве. Сярод іх быў і Даўмонт — продак пазнейшых князёў Свірскіх, а таксама Гольша (родапачынальнік Гальшанскіх) і Гедрус (родапачынальнік князёў Гедройцаў).

Магчымы радавод[правіць | правіць зыходнік]

 NN
 ├──>NN 
 │    ├─>?Від
 │    │    ├─>Трайдзень 
 │    │    │     ├─>Будзікід  
 │    │    │     ├─>Будзівід
 │    │    │     │     ├─>Віцень
 │    │    │     │     ├─>ГедзімінГЕДЗІМІНАВІЧЫ
 │    │    │     │     ├─>Воін
 │    │    │     │     └─>Фёдар
 │    │    │     └─>Гаўдэмунда
 │    │    ├─>Борза       
 │    │    ├─>Лесій        
 │    │    ├─>Свелкеній   
 │    │    ├─>Сірпуцій    
 │    │    └─>NN дачка    
 │    └─>Гердзень ∞ Еўпраксія
 │          ├─>Андрэй 
 │          └─>?
 │                
 └──>NN
      ├─>Даўспрунк
      │     ├─>ТаўцівілБрачыслаўна кнж. полацкая
      │     │     └─>Іван       
      │     ├─>Едзівід
      │     └─>NN дачка ∞ Даніла Раманавіч кн. галіцкі
      ├─>Міндоўг
      │     ├─>Войшалк 
      │     ├─>NN сын 
      │     ├─>NN сын 
      │     ├─>?Даўмонт 
      │     ├─>NN дачка              
      │     ├─>Рукля
      │     └─>Рупек
      └─>NN дачка
            └─>Транята

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: Падзеі і асобы
  2. Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 333-334.
  3. 3,0 3,1 3,2 Ермаловіч, М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды / М. Ермаловіч. — Мінск : Мастацкая літаратура, 1990. — С. 333.
  4. 4,0 4,1 Насевіч В. Трайдзен // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8. С. 517—518.
  5. ПСРЛ. Т.32. Хроника Быховца. — М., 1975. — С. 136 «A z onoie wyżpisanoie waśni kniaź weliki Dowmont naprawił szesty mużykow na brata swoieho Troydena, zabity, hde ż on szoł bezpecznie z łaźni, y tyie ieho mużyki zdradne zabili.»

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]


Папярэднік:
Шварн Данілавіч
вялікі князь літоўскі
12701282
Пераемнік:
Даўмонт