Уладзімір Міхайлавіч Пракулевіч
Уладзімір Міхайлавіч Пракулевіч | |
---|---|
Род дзейнасці | журналіст, публіцыст |
Дата нараджэння | 2 снежня 1887 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 20 жніўня 1938 (50 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Жонка |
Альжбэта Пракулевіч (Пракапчук) Елізавета Цітова |
Альма-матар | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Уладзі́мір Міха́йлавіч Пракуле́віч (2 снежня 1887, в. Красналукі, цяпер Чашніцкі раён, Віцебская вобласць, Беларусь — 20 жніўня 1938, Свярдлоўская вобласць) — беларускі грамадскі і палітычны дзеяч, публіцыст, журналіст, юрыст. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну 1920 г.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў сям’і земскага чыноўніка Барысаўскага павета. Скончыў Смаленскую гімназію (1907). У 1912 г. скончыў Маскоўскі ўніверсітэт, юрыдычны факультэт[заўв 1]. У часе вучобы быў сакратаром марксісцкага часопіса «Возрождение», загадчыкам аддзела хронікі ў газеце «Копейка». У часе Рэвалюцыі 1905—1907 гг. ўдзельнічаў у працы сацыял-дэмакратычных гурткоў (РСДРП і Бунду).
Да Першай сусветнай вайны працаваў «помощником столоначальника с низшим окладом» у Мінскай казённай палаце[1], з 1914 г. — у Мінскім акруговым судзе. У Мінску жыў у гатэлі Брысталь на Падгорнай вуліцы. З пачаткам вайны эвакуіраваўся ў Маскву, пазней — рахункавод у структуры Усерасійскага камітэта земскіх і гарадскіх саюзаў па забеспячэнні войска. З ліпеня 1917 г. у Мінску на судовых пасадах[2].
У 1918 г. абраны старшынёй Слуцкага з’езда міравых суддзяў. З прыходам бальшавікоў працаваў міравым суддзём у мястэчку Вызна, прыхільнік Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПСР). З узнаўленнем савецкай улады ў ліпені 1920 г. на пасадзе суддзі ў Слуцку[2].
Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920 г., член прэзідыума Першага беларускага з’езда Случчыны.
У 1921 г. пераехаў у Вільню. Уваходзіў у склад Віленскага Беланацкама, сябар Загранічнага бюро БПСР. У 1922 г. у ліку 33 дзеячаў высланы польскімі ўладамі з Вільні. Жыў у Коўне[2]. Са жніўня 1923 г. дзяржаўны сакратар Урада БНР. З канца 1923 г. у Празе, удзельнічае ў нацыянальных арганізацыях беларускай эміграцыі. У Празе жыў па адрасе Benediktská ul. 1a, u K. Levy. Удзельнік 2-й Берлінскай беларускай палітычнай канферэнцыі, падпісаўся пад рэзалюцыяй аб ліквідацыі ўрада БНР[2].
З траўня 1926 г. у Савецкай Беларусі, жыве ў Менску. Працаваў у Дзяржаўнай бібліятэцы БССР (намеснік дырэктара), адначасова сакратар бібліяграфічнай камісіі Інбелкульта.
19 ліпеня 1930 г. арыштаваны ДПУ БССР па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі». Пастановай Калегіі АДПУ СССР ад 10 красавіка 1932 г. на пяць гадоў высланы ў г. Перм (Расія). У 1933 пераведзены ў Сарапул, а адтуль ў 1935 г. у Свярдлоўск. Працаваў пазаштатным юрыстам у гарадскім бюро тэхнічнага ўліку. Зноў арыштаваны УНКВД па Свярдлоўскай вобласці 9 студзеня 1938 г. і 10 ліпеня 1938 г. прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны 20 жніўня 1938 г[3]. Месца пахаванняў расстраляных у Свярдлоўску (цяпер Екацярынбург) — 12-ты кіламетр Маскоўскага тракту (аўтадарога Екацярынбург — Першаўральск, цяпер тут мемарыяльны комплекс)[3][4]. Па першым прысудзе рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988 г., па другім 26 красавіка 1989 г[3].
Працы
[правіць | правіць зыходнік]- Сыстэматычны сьпіс навуковых прац аб прыродзе Беларусі за 1926 і 1927 гг. // Запіскі аддзелу прыроды і гаспадаркі. Т. 1. Менск, 1928. С. 253—292.
- Бібліяграфія Мазыршчыны // Наш край. № 8-9 (1928). С. 97—106.
- Літаратура аб саматужных рамёствах і промыслах БССР за 1926-1928 гг. // Запіскі аддзелу прыроды і народнай гаспадаркі. Т. 3. Менск, 1929. С. 261—276.
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Асабістая справа захоўваецца ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Масквы.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Памятная книжка Минской губернии на 1914 год. С. 69.
- ↑ а б в г Слуцкі збройны чын 2006, с. 317.
- ↑ а б в Ількевіч 2009, с. 600.
- ↑ Мемориальный комплекс жертвам политических репрессий, г. Екатеринбург (руск.). gulagmuseum.org. Архівавана з першакрыніцы 21 сакавіка 2017. Праверана 21 сакавіка 2017.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — С. 549. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
- Мікалай Ількевіч Апошняя справа паўстанца Пракулевіча // ARCHE : часопіс. — 2009. — № 3. — С. 555—604. — ISSN 1392—9682.
- Ул. Ляхоўскі, Ул. Міхнюк, А. Гесь. Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакументах і ўспамінах. — 2-ое выд. дапрац.. — Мінск: Энцыклапедыкс, 2006. — 400 с. — ISBN 985–6599–25–3.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Уладзімір Міхайлавіч Пракулевіч
- Слоўнік Маракова
- Пакутнікі Беларусі — Сайт клуба «Спадчына»
- Асобы
- Нарадзіліся 2 снежня
- Нарадзіліся ў 1887 годзе
- Нарадзіліся ў Барысаўскім павеце
- Памерлі 20 жніўня
- Памерлі ў 1938 годзе
- Памерлі ў Свярдлоўскай вобласці
- Пахаваныя ў Расіі
- Выпускнікі МДУ
- Публіцысты Беларусі
- Публіцысты паводле алфавіта
- Журналісты Беларусі
- Журналісты паводле алфавіта
- Юрысты Беларусі
- Юрысты паводле алфавіта
- Палітыкі Беларусі
- Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі»
- Удзельнікі Слуцкага паўстання
- Члены Беларускай рады Случчыны
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай
- Расстраляныя ў РСФСР
- Пасмяротна рэабілітаваныя ў СССР