Універсал (кузаў)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Універсал Volkswagen Passat Variant

Універса́л (ад лац.: universalis — агульны, усеагульны) — тып закрытага кузава легкавога аўтамабіля. Мае 2 ці 3 рады сядзенняў, 3 ці 5 дзвярэй, адны з якіх заднія, багажнае аддзяленне за спінкай задняга сядзення. Заднія сядзенні (пры 3 радах сярэднія і заднія) могуць складвацца і павялічваць аб’ём багажнага аддзялення. Дазваляе выкарыстоўваць легкавы аўтамабіль як грузапасажырскі[1].

Першапачаткова гэта былі машыны для перавозкі грузаў. З часам яны набылі папулярнасць у якасці сямейных аўтамабіляў. Са з’яўленнем першых мінівэнаў попыт на ўніверсалы пачаў зніжацца. Частку сваёй прывабнасці ўніверсалы страцілі з ростам папулярнасці SUV.

Топ-20 універсалаў у свеце ў 2021 годзе[2]
1 Subaru Outback
2 Toyota Corolla
3 Škoda Octavia
4 VW Passat
5 BMW 3-серыі
6 Lada Vesta
7 Volvo V60
8 Lada Largus
9 Audi A4
10 Audi A6
11 Kia Ceed
12 Ford Focus
13 Seat/Cupra Leon
14 VW Golf
15 Škoda Superb
16 Škoda Fabia
17 Opel Astra
18 Mercedes-Benz CLA
19 BMW 5-серыі
20 Mercedes-Benz C-клас

Найбольшым попытам універсалы карыстаюцца ў Еўропе. У 2021 годзе на гэты рынак прыпадала 64% сусветных продажаў — крыху больш за адзін мільён адзінак з агульнай колькасці 1,6 мільёна машын. Еўропа гэта таксама рынак, дзе ўніверсалы маюць найбольшую долю — 8,3%. У астатнім свеце было прададзена 574 000 універсалаў. Продажы ў ЗША і Канадзе склалі 183 000 адзінак. Трэцім па велічыні рынкам стала Расія разам з былымі савецкімі рэспублікамі (140 000). Японія была чацвёртым рынкам. Пятае месца займае Кітай з усяго 107 000 машын[2].

Зноскі

  1. Універсал // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16).
  2. а б Motor1 Numbers: Europa, die letzte Zuflucht für Kombis (ням.). de.motor1.com (22 верасня 2022). Праверана 22 верасня 2022.