Перайсці да зместу

Усевалад Якімюк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Усевалад Якімюк
Wsiewołod Jan Jakimiuk
Дата нараджэння 5 (18) студзеня 1902
Месца нараджэння
Дата смерці 24 лістапада 1991(1991-11-24) (89 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці інжынер
Навуковая сфера авіяцыя
Альма-матар
Узнагароды
залаты крыж Заслугі

Усе́валад Ян Якімю́к (польск.: Wsiewołod Jan Jakimiuk; 5 студзеня 1902, Кажына — верасень 1991, Парыж, Францыя) — польскі авіяцыйны інжынер, канструктар самалётаў у PZL, De Havilland і Sud Aviation.

Усевалад Якімюк нарадзіўся ў сям’і праваслаўнага святара. У 1920 скончыў сярэднюю школу ў Вільні, у 1925 скончыў магістарскую праграму па матэматыцы ва ўніверсітэце імя Стэфана Баторыя, працаваў настаўнікам матэматыкі ў віленскіх гімназіях.

У 1927—1929 навучаўся ў Вышэйшай школе аэранаўтыкі ў Парыжы, атрымаў дыплом інжынера авіяцыі, а пасля атрымаў ліцэнцыят па аэранаўтыцы ў Сарбоне.

Пачатак кар’еры ў Польшчы

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля сканчэння навучання вярнуўся ў Польшчу і ў 1930 уладкаваўся на працу ў Дзяржаўнае авіяцыйнае аб’яднанне ў Варшаве ў калектыў інжынера Зыгмунта Пулаўскага. Спачатку ўдзельнічаў у праектаванні знішчальніка PZL P.11, а па смерці Пулаўскага пераняў кіраўніцтва над праектамі серыйных знішчальнікаў PZL P.7 і PZL P.11. У 1933 годзе на базе ранейшых канструкцый спраектаваў знішчальнік PZL P.24 у версіях P.24A, P.24B, P.24C (1936), P.24E (1937), P.24F, P.24G, P.24H (1937) і P.24J (1939), якія пастаўляліся ў Балгарыю, Турцыю, Румынію і Грэцыю.

У 1931—1932 кіраваў удасканаленнем знішчальнікаў PZL P.8/1 і P.8/11, на базе якіх стварыў PZL P.28. У 1935 разам з інжынерам Тадэвушам Бадуэнам дэ Куртэнэ запатэнтаваў механізм кіравання кулямётам пілота.

Праца над пасажырскім самалётам

[правіць | правіць зыходнік]

У 1936 атрымаў заданне спраектаваць польскі пасажырскі самалёт для Польскіх авіяліній LOT, які б адпавядаў характарыстыкам амерыканскіх летакоў Douglas DC-2 і Lockheed L-10 Electra. Сканструяваны PZL.44 Wicher падняўся ў паветра ўжо 13 лістапада 1938, але, нягледзячы на станоўчыя вынікі выпрабавання ў PLL LOT не паступіў у масавую вытворчасць[1]. У 1937 годзе новы праект Якімюка PZL P.50 Jastrząb перамог ва ўнутраным конкурсе на самалёт-знішчальнік. Прататып быў пратэставаны ў лютым 1939 і накіраваны ў серыйную вытворчасць, аднак да пачатку Другой сусветнай вайны ніводны асобнік не быў сабраны. Былі створаныя таксама іншыя аналагі Jastrzębia з рознымі рухавікамі (замест даволі слабога рухавіку Bristol Mercury VIII), а версія з шараговым рухавіком Hispano Suiza 12 атрымала назву PZL P.56 Kania.

Ваенны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

1 верасня 1939 быў лёгка паранены нямецкім асколкам падчас бамбарзіроўкі Варшавы. Эвакуіраваны з тэхнічнымі кадрамі PZL у Румынію, пазней у Францыю, дзе быў адным з першых эвакуіраваных палякаў. Ужо ў лістападзе 1939 стаў кіраўніком калектыву польскіх інжынераў у майстэрні SNCA-SE (Société Nationale des Constructions Aéronautiques — Sud Est) пад Парыжам. Сабраў у канструктарскае бюро па працы над мадыфікацыямі знішчальніка SE-100 і бамбардзіравальніка LeO-45 купку выбітных польскіх канструктараў.

У маі 1940 наладзіў кантакт з брытанскім вытворцам De Havilland, ад якога атрымаў запрашэнне на працу ў канадскую філію ў Таронта. Улетку выехаў у Канаду, дзе здабыў візы і пазыкі на праезд для 200 польскіх спецыялістаў. У сакавіку 1941 сабраў вакол сябе пляяду выбітных інжынераў.

У De Havilland of Canada увёў у вытворчасць двухматорны навучальны самалёт Avro Anson (сабраныя 352 асобнікі) з улікам мясцовых асаблівасцей, пасля сканструяваў драўляныя крылы[2] для навучальнага NA-66 Harvard II і канструкцыю рухавіка Menasco для школьнага летаку DH.82 Tiger Moth. У 1942 распачаў вытворчасць знішчальніка-бамбардзіроўшчыка DH.98 Mosquito.

Паваенная Канада і Вялікабрытанія

[правіць | правіць зыходнік]

У 1945 на заказ RAF разам з інжынерам Стампнёўскім сканструяваў школьны самалёт DHC-1 Chipmunk, першы палёт якога адбыўся 22 мая 1946 года. Гэта быў першы самалёт вытворчасці De Havilland з практычна цалкам металічнай канструкцыі. У 1946—1947 з’явіўся лятак для лакальных палётаў DHC-2 Beaver, апрабаваны 18 жніўня 1947 і праект шматмэтавага і лакальнага самалёту DHC-3 Otter, апрабаванага 21 снежня 1951.

У 1948 пераехаў у Англію, дзе пачаў працаваць у канструктарскім бюро Havilland ў Гэтфілдзе, дзе працаваў над рэактыўным знішчальнікам DH-112 Sea Venom, апрабаваным 27 сакавіка 1953.

Праца ў Францыі

[правіць | правіць зыходнік]

У 1951 ізноў пераехаў у Францыю ў майстэрні SNCA-SE (Sud Est), дзе запраектаваў рэактыўны знішчальнік SE-5000 Baroudeur (апрабаваны 1 чэрвеня 1953, не трапіў у вытворчасць). Быў кансультантам пры праектаванні рэактыўнага пасажырскага летаку SE-210 Caravelle (апрабаваны 27 мая 1955).

Пасля аб’яднання французскіх вытворцаў у канцэрн Aérospatiale у 1962—1966 стаў адным з пяці камерцыйных дырэктараў пры будове звышгукавога французска-брытанскага самалёту Concorde (пратэставаны 2 лістапада 1969).

Апошнія гады жыцця

[правіць | правіць зыходнік]

У 1966—1972 быў старшынёй French Aerospace Corporation — прадстаўніцтва Aerospatiale ў Паўночнай і Цэнтральнай Амерыцы. У 1972 выйшаў на пенсію, працягваў працаваць тэхнічна-эканамічным кансультантам у Aerospatiale.

Памёр у верасні 1991 года ў Парыжы, дзе і пахаваны.

Зноскі

  1. Малая серыя самалётаў азначала б вышэйшую за канкурэнтаў цану, а набліжэнне вайны аддавала перавагу замовам з войску, таму замова на 10 пасажырскіх PZL.44 Wicher было скасавана.
  2. Драўляныя крылы замест алюмінійавых дазвалялі зэканоміць дэфіцытны метал на ваенныя патрэбы