Міцэлій шматклетачны з гаўсторыямі, паразітуе ўнутры расліны-гаспадара, у канцы лета распадаецца на асобныя клеткі, з якіх развіваюцца споры. Хламідаспоры адзіночныя, шарападобныя, авальныя, эліпсоідныя ці прадаўгаватыя, абалонка іх бародаўчатая, шыпаватая, шчаціністая або гладкая, радзей сеткавая, жоўтая, карычневая, аліўкавая ці фіялетавая. У масе споры ўтвараюць парашок, які паступова цямнее і робіцца аліўкавым, карычневым, фіялетавым або чорным. Прарастае хламідаспора 3—4 (5)-клетачнай базідыяй, на верхавінцы ці па баках якой звычайна ўтвараюцца базідыяспоры.