Фортэск’ю Андэрсан
Фортэск’ю Андэрсан | |
---|---|
Род дзейнасці | святар |
Дата нараджэння | 1832 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 17 чэрвеня 1899 |
Месца смерці | |
Бацька | Джэймс Андэрсан (James Stuart Murray Anderson) |
Маці | Барбара Андэрсан (Barbara Charlotte Anderson) |
Жонка | Шарлота Фішэр (Charlotte Frances Fisher), Эма Сідней (Emma Sidley) |
Альма-матар |
Фортэск’ю Андэрсан (англ.: Fortescue Anderson; 1832, Шатландыя — 17 чэрвеня 1899, Вандсворт, Лондан, Англія[1]) — святар, аўтар кнігі падарожных нататак «Сем месяцаў у рускай Польшчы» («Seven Months’ Residence In Russian Poland In 1863») — апісаных ад першай асобы прыгод англічаніна на беларускіх землях у 1863 годзе.[2]
Паходжанне і сям’я
[правіць | правіць зыходнік]Бацька — Джэймс Андэрсан (James Stuart Murray Anderson), капелан англіканскай (магчыма, шатландскай) царквы. Маці — Барбара Андэрсан (Barbara Charlotte Anderson). Бацька меў вялікі ўплыў на сына. Магчыма, таму той таксама выбраў святарскую кар’еру.[3]
23 траўня 1865 ажаніўся з Шарлотай Фішэр (Charlotte Frances Fisher) у царкве Святога Мікалая ў Абердзіне (Абердзіншыр, Шатландыя)[4]. З Шарлотай Фішэр меў некалькі дзяцей[3].
10 кастрычніка 1882 ва ўзросце 50 гадоў ажаніўся другі раз з 26-гадовай Эмай Сідней (Emma Sidley) ў саборы Святога Мікалая ў Ньюкасле (Нартамберленд, Англія)[5].
Кар’ера
[правіць | правіць зыходнік]Скончыў Оксфардскі ўніверсітэт. Пэўны час жыў з бацькамі ў Боне (Нямеччына). Там пазнаёміўся з графам Аляксандрам Біспінгам, які вучыўся ў яго англійскай мове і запрасіў у 1863 годзе ў супольную паездку ў свае маёнткі ў Масалянах і Вярэйках (зараз Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці). У 1864 годзе выдаў кніжку паводле ўспамінаў з гэтага падарожжа.
З 1869 па 1899 год быў прыходскім святаром царквы Святога Болдрыда ў Норт-Бервіку (Шатландыя).[3]
Падарожжа па Гродзеншчыне
[правіць | правіць зыходнік]На Гродзеншчыну Андэрсан прыехаў на мяжы зімы і вясны 1863 года. Тады гэтыя землі належалі Расійскай імперыі. З Бона яны з Біспінгам ехалі праз Берлін, Маенбург, Кёнігсберг у карэце, у Вільні пераселі ў цягнік і прыехалі ў Гродна. Разам з сябрам яны наведвалі маёнткі Біспінга, якія толькі перайшлі яму ў спадчыну, і яго сваякоў.
У жніўні 1863 разам з Біспінгам быў беспадстаўна абвінавачаны ў датычнасці да ўзброенай барацьбы паўстанцаў 1863 года, арыштаваны і зняволены ў гродзенскай турме. Меркавана, гэта адбылося па ілжывым даносе. Сведкі, былыя паўстанцы, сцвярджалі, што чулі, што бачылі Андэрсана з графам у атрадзе паўстанцаў Лянкевіча і чулі, пра што ён казаў. Англічанін праз перакладчыка-яўрэя марна тлумачыў, што не ведае польскай мовы. Ён прасіў дазволу тэлеграфаваць у Пецярбург паслу, лорду Нейпіру, консулу ў Варшаву і бацьку ў Бон. Яму адмовілі. 7 верасня 1863 года следчая справа паступіла да губернатара Скварцова.
У вызваленні Андэрсана ўдзельнічалі міністры ўнутраных і замежных спраў Расійскай імперыі, брытанскія амбасадары ў Санкт-Пецярбургу і Варшаве. Пасля вызвалення быў высланы з Расійскай імперыі. Свайго сябра Біспінга ён ужо ніколі не сустрэў.
Ваенна-судовая справа Біспінга і Андэрсана захоўваецца ў гродзенскім архіве.[3]
Кніга Андэрсана
[правіць | правіць зыходнік]Пра сваё гасцяванне ў Біспінга, падарожжы і зняволенне напісаў кнігу. Упершыню яе выдалі ў Лондане ў 1864 годзе ў выдавецтве Macmillan and Co. У самых дробных дэталях аўтар апісаў адметнасці побыту, сацыяльнага-эканамічнага, нацыянальнага, палітычнага і рэлігійнага жыцця на землях тагачаснай Гродзенскай губерніі.
Другую частку ўспамінаў Андэрсан прысвяціў падзеям вызвольнага паўстання 1863 года на землях Літвы і Беларусі, свайму зняволенню, ходу следства і судоваму працэсу. У кнізе апісаны таксама ўмовы ўтрымання ў гродзенскай турме, праца следчай камісіі, прыведзена характарыстыкі некаторым чыноўнікам Гродзенскай губерні, у тым ліку губернатару.[3]
У фінале кнігі Андэрсан разважае пра Расію і тысячы скалечаных лёсаў эліты Літвы і Польшчы. Успаміны ён сканчае цытатай на лаціне з Тацыта[6]:
«Яны рабуюць, забіваюць і падпарадкоўваюць, хлусліва называючы гэта імперыяй; а таксама, дзе яны робяць пустыню, называюць гэта мірам».
Кніга атрымала ў Брытаніі шырокі розгалас. На яе выйшлі пазітыўныя рэцэнзіі ў папулярных газетах.[3]
Справа з арыштам брытанскага падданага ў Расійскай імперыі мела шырокі грамадскі рэзананс, дасягнула Парламента і 6 чэрвеня 1864 года стала прадметам слуханняў у Палаце Лордаў. Незаконны арышт брытанскага падданага прызналі недапушчальным.[7] Ці перадалі адпаведную ноту пратэсту ў Расійскую імперыю, невядома.
Інфармацыя пра падарожжа Андэрсана захавалася таксама ў дзённіках Джона Біспінга (брата Аляксандра), напісаных у 1885 годзе. Там ён згадвае, што Аляксандр Біспінг быў супраць выбуху паўстання і лічыў яго злом, зробленым Польшчы.[8]
У 2014 у Кракаве ў выдавецтве A.B.B. Nieruchomosci выйшаў пераклад кнігі на польскую мову. Перакладчыкам і ініцыятарам выдання стаў нашчадак Біспінгаў Адам Бенедыкт Біспінг (Adam Benedykt Bisping).[8] У прэзентацыях польскага выдання брала ўдзел таксама Ганна Біспінг-Валас (Anna Bisping-Walas).
Беларускі пераклад
[правіць | правіць зыходнік]Гродзенскім гісторыкам кніга «Seven Months’ Residence In Russian Poland In 1863» была вядомая даўно.[6] Частка перакладу на беларускую мову публікаваліся ў 2013 годзе ў альманаху «Горад святога Губерта». У ёй быў апісаны побыт Андэрса ў гродзенскай турме ў верасні 1863 года.[9]
На прэзэнтацыі альманаха адзін з аўтараў, Андрэй Вашкевіч, расказаў пра апублікаваны фрагмент і магчымую сустрэчу святара з лідарам паўстання Кастусём Каліноўскім.[10]
Цалкам пераклад ўпершыню выйшаў толькі ў 2023 годзе ў выдавецкай серыі «Гарадзенская бібліятэка»[2].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ England and Wales Death Registration Index 1837-2007 . FamilySearch.
- ↑ а б Выйшла чарговая кніга “Гарадзенскай бібліятэкі” - пра прыгоды англічаніна ў Беларусі 1863 года . Hrodna.life (25 снежня 2023). Праверана 12 лютага 2024.
- ↑ а б в г д е Андэрсан Ф. Сем месяцаў у рускай Польшчы / пер. з англ. Д. Фядотава, А. Радзюк. — Выдавецкае Aгенцтва «Экапрэс», 2023. — 163 с. — ISBN 978-83-67471-21-3.
- ↑ Entry for Fortescue Lennox MacDonald Anderson and James Stuart Murray Anderson, 10 Oct 1882 . FamilySearch.
- ↑ Entry for Fortescue Lennox MacDonald Anderson and James Stuart Murray Anderson, 10 Oct 1882 . FamilySearch.
- ↑ а б Справа Андэрсана. Ангельскі вязень у гарадзенскай турме ў 1863 годзе . budzma.org. Праверана 12 лютага 2024.
- ↑ Rev Fortescue Anderson Volume 175: debated on Monday 6 June 1864 .
- ↑ а б Siedem miesiecy w rosyjskiej Polsce roku 1863 | Fortescue L.M. Anderson(нявызн.). Lubimyczytać.pl. Праверана 12 лютага 2024.
- ↑ Горад Святога Губерта: альманах лакальнай гісторыі. Выпуск 7 / рэдкал. А.Смалянчук [і інш.]. — Гродна, 2013. — 166 с. — (Гарадзенская бібліятэка).
- ↑ “Горад Святога Губерта” сабраў цікавосткі пра часы паўстання – Твой стыль (28 жніўня 2013). Праверана 12 лютага 2024.