Фрына

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Фрына на карціне мастака Генрыха Семірадскага

Фры́на (грэч.: Φρύνη; лац.: Phryne) — славутая гетэра, якая жыла ў Старажытнай Грэцыі ў 4 ст. да н.э. (прыкладныя гады жыцця: 390—330). Сёння яна вядомая перадусім як каханая і мадэль мастакоў Праксіцеля і Апелеса. Першы вылепіў з яе «Афрадыту Кнідскую», другі намаляваў «Афрадыту Анадыямену».

Сапраўднае імя дзяўчыны было Мнесарэт. Фрына — гэта мянушка, што перакладаецца як «жаба» (у яе была жаўтлявая скура). Нарадзілася Фрына ў Феспіі, што ў Беотыі, але пражывала напачатку ў Мегарах, а затым у Афінах. Лічылася адной з самых сарамлівых гетэр, якая ніколі не наведвала грамадскія лазні і прылюдна распраналася толькі двойчы на год падчас Элеўсінскіх і Пасейдонавых містэрый, калі на яе ўскладаўся абавязак сысці да мора і ўзнесці з дапамогай сваёй прыгажосці хвалу багам. Менавіта гэтыя эпізоды і натхнілі грэчаскіх майстроў скарыстацца вобразам Фрыны для мастацкага ўвасаблення багіні Афрадыты.

Прыгажосць Фрыны зрабіла яе славутай і заможнай. Так, яна на свае грошы прапанавала аднавіць гарадскія муры Фіваў (што ў Фесаліі), разбураныя Аляксандрам Македонскім, але з адной умовай: каб на іх было напісана «Разбураныя Аляксандрам, адноўленыя гетэрай Фрынай». Жыхары горада адмовіліся ад гэтай прапановы.

Плату за паслугі Фрына брала ў залежнасці ад уласнай прыязні да палюбоўнікаў: так, вядома, што яна аддалася задарма філосафу Дыягену праз тое, што надзвычай упадабала яго розум. У легенду перавярнулася яе спроба (Фрына нават пайшла ў заклад) прымусіць закахацца ў сябе філосафа Ксенакрата. Гэты чалавек, вядомы сваім высакародствам і маральнай чысцінёй, прызвычаіўся ўсе свае дні праводзіць у роздуме. Аднак, што можна было сказаць пра ночы? Фрына прыбралася ў найлепшы строй, упрыгожыла яго каштоўнымі камянямі і пагрукала ўначы да Ксенакрата, сказаўшы, што шукае схованкі ад рабаўнікоў. Той дазволіў Фрыне застацца. Яна лягла да Ксенакрата ў ложак, прытулілася да яго і паспрабавала абудзіць у ім хоць нейкае падабенства жарсці. Ксенакрат не паварушыўся. У адчаі Фрына збегла ад яго, а пасля адмовілася заплаціць доўг, сказаўшы: «Я збіралася разварушыць чалавека, а не статую».

Самы вядомы эпізод з жыцця Фрыны наўпрост звязаны з яе грамадскай працай. Абвінавачаная ў абылганні і перакручванні сутнасці Элеўсінскіх містэрый, а таксама ў патуранні брудным антымаральным паводзінам грамадзян, яна вымушаная была з'явіцца перад Афінскім судом. Палюбоўнік Фрыны Гіперыд ніяк не мог абараніць яе з дапамогай свайго рытарычнага ўмельства, а таму ў апошнім слове па-просту сарваў з Фрыны пакрывала і раскрыў яе прыгажосць перад судом. Уражаныя бездакорнасцю аголенага цела красуні, суддзі прыйшлі да высновы, што яе прыгажосць не магла хаваць у сабе ніякага падступства, і апраўдалі Фрыну.

«Фрына перад арэапагам», Ж.-Л. Жэром, 1861

Вобраз Фрыны неаднойчы натхняў мастакоў і скульптараў на стварэнне выдатных твораў мастацтва, на ейную прыгажосць сваімі вершамі адгукаліся паэты. Сярод іншых свае працы ёй прысвяцілі Джозеф Цёрнер, Генрых Семірадскі, Густаў Буланжэ, Дэчка Узунаў, Уільям Уэтмар Сторы, Дзімітрыс Варас, у сваіх вершах яе ўзгадалі Шарль Бадлер і Райнер Марыя Рыльке. Сцэна суду над Фрынай лягла ў аснову сюжэта вядомай карціны мастака 19 стагоддзя Ж.-Л. Жэрома «Фрына перад Арэапагам» (1861).

Ад імя Фрыны французскі філосаф Жан Бадрыяр утварыў слова фрынеізм, якім ён абазначыў мадэль жаночых паводзін, прынятую ў сучасным грамадстве.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]