Перайсці да зместу

Філіп Швабскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Філіп Швабскі
Philipp von Schwaben
біскуп Вюрцбурга
1190 — 1191
Папярэднік Готфрыд фон Шпіцэнберг
Пераемнік Генрых III фон Берг
маркграф Тасканы
1195 — 1197
Папярэднік Крысціян дзі Магонца
Пераемнік тытул скасаваны
герцаг Швабіі
15 жніўня 1196 — 21 чэрвеня 1208
Папярэднік Конрад II
Пераемнік Фрыдрых VII
кароль Германіі
(Рымскі кароль)
6 сакавіка 1198 — 21 чэрвеня 1208
Каранацыя 6 верасня 1198, Майнц
паўторная каранацыя:
6 студзеня 1205, Ахен
Сумесна з Атон IV Браўншвайгскі (9 чэрвеня 1198 — 21 чэрвеня 1208)
Папярэднік Генрых VI
Пераемнік Атон IV Браўншвайгскі

Нараджэнне жнівень 1177
Смерць 21 чэрвеня 1208[2] (30 гадоў)
Месца пахавання
Род Гогенштаўфены
Бацька Фрыдрых I Барбароса[3]
Маці Беатрыс I[3]
Жонка Ірына Ангеліна[3][4]
Дзеці Beatrice of Swabia[d][3], Кунігунда Швабская[d][3], Лізавета Гогенштаўфен[d][3] і Marie of Hohenstaufen[d][3]
Веравызнанне Каталіцкая Царква[5]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Філіп Швабскі (ням.: Philipp von Schwaben; жнівень 1177 — 21 чэрвеня 1208, Бамберг) — біскуп Вюрцбурга (11901191), маркграф Тасканы (11951197), герцаг Швабіі (11961208), кароль Германіі (11981208), малодшы сын імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фрыдрыха I Барбаросы і пфальцграфіні Бургундыі Беатрыс I Бургундскай. Добра адукаваны і паважаны кіраўнік, ён 10 гадоў свайго жыцця правёў у барацьбе за карону Свяшчэннай Рымскай імперыі, але быў забіты адпрэчаным жаніхом сваёй дачкі.

Імператар Фрыдрых I Барбароса з дзяцінства рыхтаваў Філіпа, свайго малодшага з сыноў, да духоўнай кар’еры, у выніку ён атрымаў вельмі добрую адукацыю. У 1189 годзе Філіп быў прызначаны пробашчам царквы Святой Марыі Ахене, а ў 1190 годзе быў абраны біскупам Вюрцбурга, аднак не быў пасвечаны.

Але ў 1191 годзе памёр у час Трэцяга крыжовага паходу адзін са старэйшых братоў Філіпа, герцаг Швабіі Фрыдрых VI, яшчэ раней, у 1190 годзе патануў яго бацька, імператар Фрыдрых, пасля чаго імператарскі прастол дастаўся старэйшаму з братоў, Генрыху VI.

У Фрыдрыха Швабскага дзяцей не было, так што Швабію Генрых VI перадаў наступнаму па старшынстве брату Конраду II, да гэтага — герцагу Ротэнбурга. Яшчэ адзін брат, Атон, кіраваў Бургундскім пфальцграфствам, дзе ўграз у барацьбе са знаццю, паказаўшы сябе малаздольным кіраўніком. З улікам таго, што ніхто са старэйшых братоў не меў сыноў, гэта адкрывала перад Філіпам нядрэнныя перспектывы.

Філіп Швабскі. Мініяцюра з рукапісу 1200 года. Манастыр Санкт-Гален.

Узімку 1191/1192 года Філіп адрокся ад духоўнага сану і адмовіўся ад Вюрцбургскай дыяцэзіі, дзе замест яго біскупам быў пасвечаны Генрых III Бергскі. Імператар Генрых пайшоў яму насустрач і ў 1193 годзе Філіпу было дазволена стаць недухоўнай асобай. Аднак у 1194 годзе ў Генрыха нарадзіўся сын Фрыдрых, што аддаліла Філіпа ад трона.

У 1195 годзе імператар Генрых перадаў Філіпу ў лен Тасканскае маркграфства, якое мела важнае стратэгічнае значэнне для імперыі, паколькі праз яго пралягала дарога ў Рым і Паўднёвую Італію, што ўваходзіла ў склад Сіцылійскага каралеўства, якім Генрых авалодаў у 1194 годзе. А пасля смерці ў 1196 годзе Конрада II Швабскага Філіп атрымаў і яго ўладанні — герцагства Швабію.

25 мая 1197 года Філіп ажаніўся з Ірынай Ангелінай, дачкой імператара Візантыі Ісака II Ангела, удаве сіцылійскага прынца Ражэра V, герцага Апуліі, з якой ён быў заручаны 2/3 красавіка 1195 года. Неўзабаве пасля гэтага, 28 верасня 1197 года, нечакана памёр імператар Генрых. У апошнія гады свайго жыцця ён спрабаваў зрабіць імператарскую карону спадчыннай, што сустрэла супраціўленне германскіх феадалаў і духавенства. Спадчынніку Генрыха, Фрыдрыху, было толькі 3 гады. Яго маці, каралева Канстанцыя, для таго, каб забяспечыць свайму сыну сіцылійскую карону, выгнала ўсіх германскіх паплечнікаў свайго мужа. У выніку Сіцылійскае каралеўства, каралём якога 3 верасня 1198 года быў каранаваны чатырохгадовы Фрыдрых, ізноў адасобілася ад імперыі.

Двайныя выбары германскага караля

[правіць | правіць зыходнік]
Статуя Філіпа Швабскага.

У момант смерці брата Філіп знаходзіўся ў Італіі, збіраючыся забраць сына Генрыха Фрыдрыха і адвесці яго ў Германію. Даведаўшыся пра тое, што абылося ён быў вымушаны пакінуць пляменніка ў Сіцыліі, а сам з цяжкасцю дабраўся ў Германію. Там ён даволі хутка зразумеў, што адстойваць правы пляменніка яму будзе цяжка. Прыхільнікі Гогенштаўфенаў пераканалі яго прыняць карону самому. 6 сакавіка 1198 года ў Іхтэрсгаўзене, а затым 8 сакавіка на з’ездзе знаці ў Мюльгаўзене Філіп быў абраны каралём Германіі (рымскім каралём). 6 верасня ён быў каранаваны ў Майнце архібіскупам Тарэнтэза Эма.

Аднак да таго моманту ў Філіпа з’явіўся супернік. Праціўнікі Гогенштаўфенаў, на чале якіх стаяў архібіскуп кёльнскі Адольф Альтэнскі, абвінавацілі Філіпа ў тым, што ён парушыў прысягу свайму пляменніку і высунулі свайго кандыдата. Ім апынуўся прадстаўнік дынастыі Вельфаў Атон Браўншвайгскі, малодшы сын Генрыха Льва, пазбаўленага імператарам Фрыдрыхам большай часткі сваіх уладанняў. Маці Атона была англійская прынцэса Мацільда, а сам ён быў выгадаваны пры англійскім двары, дзе жыў з васьмігадовага ўзросту. Яго дзядзька, кароль Англіі Рычард I Львінае Сэрца, перадаў Атону ў 1196 годзе ў леннае валоданне графства Пуацье.

9 чэрвеня ў Кёльне праціўнікі Гогенштаўфенаў выбралі каралём Германіі Атона, а 12 ліпеня архібіскуп Адольф каранаваў яго ў Ахене. Такім чынам у Германіі апынулася адначасова 2 кіраўнікі. Філіп быў каранаваны сапраўднымі каралеўскімі рэгаліямі, але ў «няправільным месцы» (Майнцы замест Ахена) і «няправільным» архібіскупам (Тарэнтэза, а не Кёльна), аднак пры каранацыі «правільным» архібіскупам у Ахене Атона Браўншвайгскага не выкарыстоўваліся сапраўдныя рэгаліі. Атона падтрымліваў яго дзядзька Рычард Англійскі, у той час як Філіп звярнуўся за падтрымкай да караля Францыі Філіпа II Аўгуста, які варагаваў з Англіяй.

Умяшанне Інакенція III

[правіць | правіць зыходнік]

Пры такім становішчы ўзрасла роля Папы Рымскага, якім у 1198 годзе стаў Інакенцій III. Ён вырашыў скарыстацца акалічнасцямі для таго, каб умацаваць становішча папскай курыі ў імперыі.

Гэтаму спрыяла і тое, што каралева Сіцыліі Канстанцыя, якая памерла ў тым жа 1198 годзе, прызначыла апекуном свайго сына Фрыдрыха Папу Інакенція, прызнаўшы яго, акрамя таго, сюзерэнам Сіцылійскага каралеўства. Атон Браўншвайгскі настойліва шукаў апору ў Інакенціі, аднак ён не стаў умешвацца ў справы каралеўства, у якім паміж Філіпам і Атонам развязалася міжусобная вайна.

Архібіскуп Майнца, Конрад I, канцлер імперыі, які вярнуўся ў той час з Крыжовага паходу, паспрабаваў стварыць трэцюю партыю, якая адстойвала інтарэсы Фрыдрыха Сіцылійскага, але поспеху ў гэтым не дамогся.

У 1199 годзе загінуў кароль Рычард Англійскі, у выніку перавага апынулася на баку Філіпа. Аднак тут умяшаўся Папа Інакенцій, які нечакана прыняў бок партыі Вельфаў. 1 сакавіка 1201 года ён прызнаў права на прастол за Атонам, а ў чэрвені таго ж года выпусціў Нейскі канкардат, у якім агаварыў, што прымае пад сваю руку ўладанні ў Паўночнай Італіі. У выніку Атон пагадзіўся саступіць Папе Равенскі экзархат, Пентапаліс, Анконскую і Тасканскую маркі, а таксама герцагства Спалета. Тады ж кароль Даніі заняў Гольштэйн. А Філіпа і яго прыхільнікаў Папа адлучыў ад царквы, што, аднак, не мела ніякіх наступстваў.

Барацьба з Атонам IV

[правіць | правіць зыходнік]
Надмагільная пліта Філіпа Швабскага. Шпаер, кафедральны сабор.

Да 1203 года перавагай валодаў Атон. Аднак да 1204 года яго пазіцыі саслаблі.

У тым жа годзе ад Атона на бок Філіпа Швабскага перайшлі многія феадалы, у тым ліку і брат Атона, пфальцграф Рэйнскі Генрых V, герцаг Брабанта Генрых I, ландграф Цюрынгіі, кароль Чэхіі Пржэмысл Отакар I і нават архібіскуп кёльнскі Адольф Альтэнскі, які 6 студзеня 1205 года ў Ахене паўторна каранаваў Філіпа Швабскага.

У гэтых акалічнасцях Папа Інакенцій пачаў перамовы з Філіпам, з якога ў 1207 годзе было знята адлучэнне на рэйхстагу ў Вормсе. Пад націскам духавенства Філіп і Атон сустрэліся на з’ездзе ў Кведлінбургу, дзе Філіп прапанаваў свайму суперніку ў абмен на адмову ад кароны руку адной са сваіх дочак і Швабію. Аднак Атон з абуранасцю адпрэчыў гэта прапановы.

У выніку барацьба аднавілася, але перавага была на баку Філіпа, які сабраў вялікую армію. Акрамя таго, Філіпу ўдалося перацягнуць на свой бок Папу, для чаго ён прапанаваў руку сваёй другой дачкі брату Інакенція, графу Рыкарду, у адказ Папа павінен быў адмовіцца ад правоў на Таскану, Спалета і Анконскую марку, якія павінны былі адысці да Рыкарда як пасаг дачкі Філіпа.

Але 21 чэрвеня 1208 года на вяселлі пляменніцы Філіпа ў Бамбергу пфальцграф Баварыі Атон VIII фон Вітэльсбах закалоў караля Філіпа. Прычынай гэтаму паслужыла тое, што Філіп абяцаў Атону руку сваёй дачкі, але абяцання не стрымаў.

Філіп не пакінуў сыноў, толькі дочак. Для таго, каб пазбегнуць анархіі, партыя Гогенштаўфенаў прызнала каралём Германіі Атона Браўншвайгскага, які ажаніўся з Беатрысай, старэйшай дачкі Філіпа. Пфальцграф Атон, забойца Філіпа, быў абезгалоўлены ў 1209 годзе. Цела Філіпа было пахавана 22 чэрвеня 1208 года ў кафедральным саборы Бамберга, але на Раство 1213 года яго перапахавалі ў кафедральным саборы Шпаера.

Зноскі

  1. Deutsche Nationalbibliothek Record #118593854 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 11 снежня 2014.
  2. а б autori vari FILIPPO DI SVEVIA, RE DI GERMANIA // Enciclopedia Federiciana / O. Zecchino, G. Arnaldi, A. Esch et al. — 2005. Праверана 4 верасня 2023.
  3. а б в г д е ё Kindred Britain
  4. (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.
  5. Catholic-Hierarchy.orgUSA: 1990. Праверана 19 кастрычніка 2020.
  • Бульст-Тиле Мария Луиза, Йордан Карл, Флекенштейн Йозеф. Священная Римская империя: эпоха становления / Пер. с нем. Дробинской К.Л., Неборской Л.Н. под редакцией Ермаченко И.О. — СПб.: Евразия, 2008. — 480 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-5-8071-310-9.
  • Егер О. Филипп Швабский и Оттон IV // Средние века. — Издание исправленное и дополненное. — СПб.: «Специальная литература», 1997. — Т. 2. — С. 340—343. — (Всемирная история в четырёх томах). — 10 000 экз. — ISBN 5—87685-085-3.
  • Andreas Bihrer. König Philipp von Schwaben — Bamberg, 21. Juni 1208(ням.) // Michael Sommer (Hrsg.) Politische Morde. Vom Altertum bis zur Gegenwart. — Darmstadt: 2005. — P. 117—126.
  • Peter Csendes. Philipp von Schwaben (Gestalten des Mittelalters und der Renaissance). — Darmstadt, 2003. — ISBN 3-89678-458-7.
  • Joachim Heinzle. Philippe — des rîhes krône — der weise. Krönung und Krone in Walthers Sprüchen für Philipp von Schwaben(ням.) // Thomas Bein (Hrsg.) Walther von der Vogelweide. Textkritik und Edition. — Berlin: 1999. — P. 225—237.
  • Bernd Ulrich Hucker. Der Königsmord von 1208 — Privatrache oder Staatsstreich? // Die Andechs-Meranier in Franken. Europäisches Fürstentum im Mittelalter. — Mainz: 1998. — С. 111—128.
  • Bernd Ulrich Hucker Philipp von Schwaben // Neue Deutsche Biographie (NDB). Band 20. — Berlin: Duncker & Humblot, 2001. — P. 370—372.(недаступная спасылка)
  • Hans Martin Schaller. Der deutsche Thronstreit und Europa 1198–1218. Philipp von Schwaben, Otto IV., Friedrich II // Mario Kramp (Hrsg.) Krönungen. Könige in Aachen. Geschichte und Mythos. — Mainz: 2000. — P. 398–406.
  • Bernd Schütte. König Philipp von Schwaben: Itinerar - Urkundenvergabe - Hof. — Hannover, 2002. — ISBN 3-7752-5751-9.
  • Christoph Waldecker. Philipp von Schwaben // Biographisch-Bibliographisches Kirchenlexikon (BBKL). Band 25. — Nordhausen: 2005. — P. 1070—1095. — ISBN 3-88309-332-7.
  • Alfred Winkelmann Philipp von Schwaben // Allgemeine Deutsche Biographie (ADB). Band 25. — Leipzig: Duncker & Humblot, 1887. — P. 742—754.
  • Eduard Winkelmann. Philipp von Schwaben und Otto IV. von Braunschweig, 1.Bd., König Philipp von Schwaben, 1197–1208. — Leipzig. — 1873., Neudruck Darmstadt 1963
  • Egon Boshof. Innozenz III. und der deutsche Thronstreit, Papst Innozenz III. Weichensteller der Geschichte Europas / Hrsg. von Thomas Frenz. — Stuttgart, 2000. — P. 51—67.
  • Klaus von Eickels. Otto IV. (1198-1218) und Philipp (1198-1208) // Hrsg. von Bernd Schneidmüller — Stefan Weinfurter. Die deutschen Herrscher des Mittelalters. Historische Portraits von Heinrich I. bis Maximilian I.. — München: 2003. — P. 272—292.