Генрых I (герцаг Брабанта)
Генрых I Смелы | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
фр.: Henri Ier le Courageux / le Guerroyeur ням.: Heinrich I. der Mutige нідэрл.: Hendrik I den Kryger / de krijgshaftige | |||||||
| |||||||
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | першы герцаг | ||||||
Пераемнік | Генрых II (герцаг Брабанта) | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Готфрыд VII | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
1165 |
||||||
Смерць |
5 верасня 1235 |
||||||
Месца пахавання | |||||||
Род | Лувенскі дом[d] | ||||||
Бацька | Готфрыд III (граф Лувенскі) | ||||||
Маці | Маргарыта Лімбургская | ||||||
Жонка |
1) Мацільда Булонская 2) Марыя Французская |
||||||
Дзеці |
ад 1-га шлюбу: Адэлаіда, Марыя, Маргарыта, Мацільда, Генрых, Готфрыд ад 2-га шлюбу: Лізавета, Марыя |
||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Генрых I Смелы[1] (магчыма Лёвен, 1165 год — Кёльн, 5 верасня 1235 года) — граф Брусельскі (1179), першы герцаг Брабанта (з 1183 года) і герцаг Ніжняй Латарынгіі (фармальна, з 1190 года). Граф Лувена, маркграф Антверпена. Удзельнік Трэцяга крыжовага паходу. На працягу большай часткі сваёго валадарання вёў палітыку балансавання паміж манархічнымі дынастыямі Свяшчэннай Рымскай імперыі: Вельфамі і Гогенштаўфенамі. Неаднаразовы ўдзельнік ваенных канфліктаў, у тым ліку і бітваў пры Стэпе і Бувіне.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Бацька Генрыха Готфрыд III рана стаў прыцягваць сына да палітыкі: ужо ў 1179 годзе Генрых стаў вядомы як рыцар, але яшчэ не граф (лац.: miles nec non comes).
У тым жа годзе ён ажаніўся з Мацільдай Булонскай, пляменніцай Філіпа Эльзаскага, дачкой яго брата Мацье, графа Булонскага і Марыі, дачкі англійскага караля Стэфана. Паводле шлюбнага кантракту, Генрых фактычна адмаўляўся ад кіравання большай часткай Брабанта на карысць Філіпа Эльзаскага[2].
Паміж 1182 і 1184 гадамі Генрых удзельнічаў у абароне Іерусаліма[3], за што імператар надаў Брабант статус герцагства і зрабіў Генрыха першым герцагам Брабанта.
Канфлікт з графам Лоана і герцагам Лімбурга (1189—1191)
[правіць | правіць зыходнік]У 1189 годзе Генрых пачаў ваенныя дзеянні супраць уласнага дзядзькі, герцага Лімбурга[1]. Нагодай для канфлікту паслужыў продаж графу Лоана апякунства над Сінт-Тройдэнам, які раней уваходзіў у пасаг маці Генрыха Маргарыты Лімбургскай. На чале войска з 700 вершнікаў і 60 тысяч пехацінцаў Генрых уварваўся ў Лоан і аблажыў Сінт-Тройдэн.
У адказ па просьбе графа Лоана граф Эно ўвёў войскі ў Брабант і Генрыху прыйшлося тэрмінова зняць аблогу. Тым не менш, з пункту гледжання палітычнай кампанія Генрыха была вельмі паспяховай: паводле заключанага пры пасродніцтве графа Фландрыі мірнага дагавора граф Лоана абавязаўся выплаціць 800 марак срэбрам і пакуль гэта сума не выплачана цалкам, прызнаць сумеснае з Генрыхам валоданне Сінт-Тройдэнам[1]. Да 1191 года Генрых таксама заключыў мір з герцагам Лімбурга, паводле якога да Брабанта адыходзілі алоды ў Арлоне і Герцагенраце[1].
Выбары біскупа Льежскага (1191—1193)
[правіць | правіць зыходнік]У барацьбе Вельфаў з Гогенштаўфенамі Генрых перыядычна змяняў сваю палітычную прыхільнасць. Першы істотны канфлікт з Гогенштаўфенамі ўзнік у сувязі з выбарамі біскупа льежскага пасля смерці біскупа 5 жніўня 1191 года.
8 верасня льежскі капітул мусіў быў выбраць біскупа. Выбранне павінна было быць зацверджана як Папам, так і імператарам, таму што льежскі біскуп з’яўляўся главой княства, якое ўваходзіла ў склад імперыі. Адным кандыдатам, падтрыманым графам Эно, быў стрыечны брат графа Альберт Рэтэльскі, сын Беатрысы Намюрскай, сястры яго маці Адэлаіды.
Шанцы Альберта Рэтэльскага ўяўляліся асабліва высокімі[1], таму што ён даводзіўся дзядзькам Канстанцыі, жонцы імператара Генрыха VI (братам яе маці Беатрысы). Іншым кандыдатам быў брат Генрыха Альберт. Большасцю галасоў перавага была аддадзена апошняму, аднак частка членаў капітула аддала перавагу і Альберту Рэтэльскаму[1][4]. У пачатку 1192 года імператар Генрых VI абвясціў, што праз рознагалоссі, якія мелі месца ў час выбараў у верасні, права прызначэння біскупа перайшло да яго па праве сюзерэна, і што яго выбар паў на Лотара Хо(х)стадскага, льежскага каноніка, як і абодва Альберта. Рашэнне імператара супярэчыла ўмовам вормскага канкардата[1]. У адказ на рашэнне імператара Альберт Брабанцкі адправіўся ў Рым, дзе Папа Цэлесцін III пасвяціў яго ў дыяканы і паслаў да архібіскупа Рэймса, які 19 верасня 1192 года пасвяціў Альберта ў святары, а на наступны дзень у біскупы. Калі 24 лістапада таго ж года Альберт адправіўся ў Льеж, на яго напалі паслядоўнікі Генрыха VI, якія нанеслі яму смяротную рану ў сэрца. У 1613 годзе біскуп Льежа Альберт быў прылічаны Папам Паўлам V да ліку святых.[5]
У адказ на забойства брата ў пачатку 1193 года герцаг Генрых разбурыў графства Хохстадэ, якое належала брату прызначанага Генрыхам VI біскупа. Больш таго, герцагу ўдалося сабраць цэлы шэраг кіраўнікоў нізоўяў Рэйна і тым самым вымусіць імператара пайсці на перамір’е (не пазней 13 мая 1193 года)[1].
Удзел у крыжовым паходзе (1197)
[правіць | правіць зыходнік]1194 год адзначыўся шэрагам сутыкненняў з графам Фландрыі, пачатак якіх узыходзіць яшчэ да 1182 года і скончыўся мірным пагадненнем у тым жа 1194 годзе. Гарантамі пагаднення выступілі дваранства і гарады: Антверпен, Брусель, Жамблу, Жадонь, Заўтлеу, Лёвен, Лір, Нівель і Тынен[6]. Гэта пагадненне дазволіла Генрыху пачаць падрыхтоўку да ўдзелу ў крыжовым паходзе пад правадырствам Генрыха VI, да якога ён і далучыўся ў 1197 годзе[7]. Імператар у Святую зямлю так і не прыбыў, сканаўшы ад ліхаманкі 28 верасня 1197 года. Герцаг Брабанта прыбыў у Святую зямлю 22 верасня[8], а ўжо ў кастрычніку таго ж года ўдзельнічаў ва ўзяцці Сідона і Бейрута[9] і разам з архібіскупам Майнца Конрадам Вітэльсбахскім аблажыў стратэгічна важную крэпасць Тарон (суч. Тыбнін). Нягледзячы на тое, што аблога была паспяховай і Тарон быў гатовы капітуляваць, аблога была знята: войска дасягнулі чуткі пра смерць імператара і, улічваючы, што адзінаму сыну Генрыха VI было тры гады і прадбачачы барацьбу за імператарскі прастол Конрад Вітэльсбахскі і яго бароны паспяшаліся ў Германію[9].
Паміж Вельфамі і Гогенштаўфенамі (1197—1218)
[правіць | правіць зыходнік]У сваёй палітыцы Генрых імкнуўся да пашырэння ўладанняў паміж Шэльдай і Рэйнам і да кантролю над гандлёвым шляхам з Бругэ ў Кёльн, што заўважна па значнай[10] колькасці населеных пунктаў, якія атрымалі пры Генрыху статус горада. Сярод іншых, падобны статус быў нададзены[10] Хертагенбосу (да 1196 года), Ландэну (каля 1210 года), Жадоні (1211). Гэта прыводзіла Генрыха да рэгулярных супрацьстаянняў з яго сюзерэнам[11]: так, пасля смерці Генрыха VI ён разам з жонкай Мацільдай падтрымаў кандыдата Вельфаў Атона Браўншвайгскага[1]. Больш таго, у 1202 годзе яму ўдалося схіліць на бок Вельфаў свайго праціўніка, графа Гелдэрна[12]. Тым не менш, пасля перамогі Філіпа-Аўгуста над Іаанам Беззямельным і пасля перамогі ў Германіі кандыдата Гогенштаўфенаў Філіпа Швабскага над Атонам Браўншвайгскім, якога падтрымлівала Англія, Генрых змяніў бок і зблізіўся з французскім каралём і Гогенштаўфенамі.
У 1204 годзе ўдзячны Філіп Швабскі прызнаў спадчыннасць герцагскага тытула, у тым ліку і па жаночай лініі, а таксама перадаў Генрыху Нівель, Німвеген[11] і Маастрыхт[14]. За кошт гэтага Маастрыхт, які належаў да гэтага льежскаму біскупству, стаў кандамініумам, гэта значыць, саўладаннем біскупа Льежа і герцаг Брабанта. Дэвіз горада абвяшчаў: «Адзін гаспадар — няма гаспадара, два гаспадары — гаспадар» (нідэрл.: Eén heer is geen heer, twee heren zijn één heer). Прынесеная ім у наступным годзе прысяга на вернасць Філіпу-Аўгусту азначала штогадовую рэнту ў 200 марак срэбрам[11].
Забойства Філіпа Швабскага ў 1208 годзе азначала для Генрыха чарговую змену лагера[11]: ён ізноў падтрымаў Атона IV. Адлучэнне Атона IV ад царквы ў 1210 годзе паслужыла нагодай для аднаўлення вайны з льежскім біскупам, які, падпарадкаваўшыся рашэнню папы, адышоў ад імператара. Генрых дамогся, каб яму даручылі прывесці біскупа да падпарадкавання. Іншай нагодай да ваенных дзеянняў паслужыла смерць далёкага сваяка Генрыха, графа Моа (1212), які не пакінуў спадчыннікаў мужчынскага полу і адпісаў свае ўладанні біскупству. Прычынай канфлікту герцага з Льежскім біскупствам, служыла геаграфічнае становішча апошняга: пасярэдзіне паміж Брабантам і Рэйнам, адкуль у Брабант цякло багацце[11]. 3 мая 1212 года Генрых захапіў Льеж і аддаў яго на разрабаванне. Такім чынам яму ўдалося завалодаць пераходам цераз Маас і атрымаць кантроль над гандлёвым шляхам з Германіі ў Нідэрланды.
У красавіку 1213 года[11] Генрых ажаніўся з Марыяй Французскай (каля 1198—1224), дачкой караля Францыі Філіпа II Аўгуста і Агнэсы Меранскай, і тым самым, перайшоў на бок французскага караля. У кастрычніку Генрых працягнуў баявыя дзеянні супраць Льежскага біскупства, аднак гэтым разам кампанія была менш удалай: 13 кастрычніка 1213 года ён пацярпеў разгромнае паражэнне ў бітве пры Стэпе ад атрадаў льежскай гарадской міліцыі, падмацаваных часцямі, якія прыбылі з графства Лоан. Бітва пры Стэпе была першай у гісторыі Нідэрландаў бітвай[11], у якой атрады гарадской міліцыі паспяхова супрацьстаялі феадальнай арміі. Уражанне, аказанае гэтай перамогай на сучаснікаў, можна ацаніць па «Гутарках пра цуды» Цэзарыя Гайстэрбахскага: ён піша пра найвялікшую бойку дэманаў, якія захапілі на полі бітвы вялікую здабычу[15]. У выніку паражэння пры Стэпе льежскія войскі ўвайшлі на тэрыторыю Брабанта і Генрыху прыйшлося на каленах прасіць льежскага біскупа зняць з яго адлучэння ад царквы (28 лютага 1214 года)[11]. Рэакцыяй Генрыха на падобнае публічнае зневажэнне стала вяртанне ў стан Вельфаў, якое адзначылася шлюбам дачкі Генрыха Марыі і Атона IV 19 мая 1214 года. Менавіта таму 27 ліпеня таго ж года пры Бувіне Генрых змагаўся супраць французскага караля Філіпа II Аўгуста. Гісторыкі Філіпа Аўгуста паведамляюць, што Генрых здрадзіў сваім саюзнікаў[16]. Перамога Філіпа Аўгуста пры Бувіне і разгром вельфаў азначала для Генрыха заканчэнне палітыкі балансавання паміж Вельфамі і Гогенштаўфенамі. Генрых далучыўся да пераможцаў, прынёс прысягу Фрыдрыху II (жнівень 1218 года[1]) і атрымаў ад яго прызнанне сваіх правоў на Маастрыхт[11].
Апошнія гады
[правіць | правіць зыходнік]Ужо ў 1192 годзе Генрых надаў правы жыхарам Вілвардэ, аднаго з найстарэйшых алодаў Брабанцкага дому. У той час як жыхары Вілвардэ не з’яўляліся прыгоннымі, яны таксама не мелі цывільных правоў, супастаўных з правамі жыхароў іншых гарадоў. Правы нададзеныя Генрыхам абмяжоўвалі сітуацыі, у якіх з іх мог спаганяцца падатак; рэгламентавалі пытанні судаводства; вызвалялі жыхароў Вілвардэ ад вайсковай павіннасці па-за граніцамі герцагства. Генрых адмяняў паншчыну (за выключэннем абавязку касіць сена на герцагскіх угоддзях і прасушваць яго), і г.д.[1]. У 1211 годзе Генрых выдаў для Лёвена законы, якія рэгулявалі пытанні гандлю і крымінальных пакаранняў, у 1213 годзе — заснаваў васьмідзённы кірмаш у Заўтлеу.
Тым не менш, пік падобнага роду законатворчай актыўнасці Генрыха прыпадае на апошні перыяд яго жыцця[1]. У 1221 годзе статус горада быў нададзены Херэнталсу, праз год жыхары Ваўра атрымалі правы, супастаўныя з правамі жыхароў Лёвена, у 1229 годзе свой «крымінальны кодэкс» атрымаў Брусель, а Эйндхавен стаў горадам у 1232. У той жа час Генрых заснаваў некалькі кляштараў: Тэр Банк каля Лёвена (1216), Св. Бернарда на Шэльдзе (1233); больш таго, ён стаў штогод, пачынаючы з 1221 года, выплачваць пэўную суму вікарыю алтара Трох каралёў у кёльнскім саборы[17], а ў 1224 годзе перадаў дзесяціну некалькіх вёсак брусельскім канонікам[18].
B 1224 годзе ён вызваліў ад падаткаў жыхароў Бюнсвейка ў абмен на абавязацельства выкарыстоўваць яго герб у час ваенных аперацый[19]: падобная шчодрасць звязана з неаднаразовымі спробамі захапіць ці забіць чалавека з уплывовым гербам. Так, у вышэйзгаданай бітве пры Стэпе герб Генрыха нёс Генрых Гульдэнбергскі, які заплаціў за гэта сваім жыццём[19], а сам Генрых планаваў забойства графа Лоана[19].
У 1235 годзе Генрых суправаджаў у Майнц нявесту Фрыдрыха II Ізабелу Англійскую. 5 верасня[20], на зваротным шляху, ён захварэў і памёр.
Надмагілле Генрыха, яго першай жонкі Мацільды і іх дачкі Марыі знаходзяцца ў царкве Св. Пятра ў Лёвене.
Вобраз Генрыха I у мастацтве
[правіць | правіць зыходнік]Да нас дайшоў партрэт Генрыха, адчаканены на яго манетах. Генрых быў першым уладаром Лёвена ці Брабанта, які выкарыстоўваў выяву льва на манетах[13].
Пазней партрэты Генрыха I часта ўключаліся ў «цыклы кіраўнікоў», у тым ліку ў апублікаванай каля 1600 Адрыянам ван Барландам і Янам Марэтусам «Хроніцы герцагаў Брабанцкіх». У дзевятнаццатым стагоддзі з незалежнасцю Бельгіі падобныя цыклы былі створаны Хендрыкам Лейсам і Альфонсам Петэрсам для ратушы Антверпена, Полем Дзюбуа для т.з. «дома караля» ў Бруселі і Шарлем Фрэкенам для прытулку Пашэко (фр.: Hospice Pachéco) там жа[21]. Задуманы для антверпенскай ратушы трыпціх Лейса з выявай Готфрыда Бульёнскага, Генрыха і Іаана I застаўся незавершаным з прычыны смерці мастака ў 1869 годзе. Па рашэнні горада на месцы ненапісанай панэлі з выявай Готфрыда Бульёнскага знаходзіцца надпіс, які тлумачыў рашэнне горада не завяршаць трыпціх у памяць пра Лейса[22].
Шлюбы і дзеці
[правіць | правіць зыходнік]Генрых быў жанаты двойчы. Першы раз, у 1179 годзе ён ажаніўся з Мацільдай Булонскай (1170—1210). У гэтым шлюбе нарадзіліся:
- Адэлаіда (1190—1265), графіня Булонская, у шлюбе з:
- Марыя (1190—1260), у шлюбе з
- (1214) Атонам IV (1177—1218), імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі[24]
- (1220) Вільгельмам I (1167—1223), графам Галандыі[14]
- Маргарыта (1192—1231), выйшла ў 1206 годзе замуж за Герхарда III, графа Гелдэрна (пам. 1229)[25]. Гісторыя яе цяжкіх родаў у прысутнасці жонка і бацькі згадваецца Цэзарыем Гайстэрбахскім у дзясятай главе «Жыція Св. Лізаветы» («Vita Sanctae Elisabethae de Thuringia»)[26].
- Мацільда (1200—1267), замужам за
- (1212) Генрыхам VI (II) (пам. 1214), пфальцграфам Рэйнскім
- (1224) Флорысам IV (1210—1234), графам Галандыі[27]
- Генрых II (1207—1248), герцаг Брабанта
- Готфрыд (1209—1254), валадар Гасбека
Заўдавеўшы, Генрых ажаніўся ў 1213 годзе з Марыяй Французскай (каля 1198—1224), дачкой караля Францыі Філіпа II Аўгуста і Агнэсы Меранскай. У гэтым шлюбе нарадзіліся дзве дачкі:
- Лізавета (пам. у 1272) у шлюбе з
- Марыя, памерла ў дзяцінстве
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л David, Jan-Baptist. Vierde hoofdstuk. Vijfde hoofdstuk // Vaderlandsche Historie. — Лёвен: Vanlinthout et Cie, 1855. — Т. 5. — С. 147-210. — 648 с.
- ↑ Camps, H. P. H. Het stadsrecht van Den Bosch van het begin (1184) tot het Privilegium Trinitatis (1330). — Хільверсум: Verloren, 1995. — С. 56. — 75 с. — ISBN 90-6550-272-6.
- ↑ Паводле David «Vaderlandsche». Jacobs (гл. ніжэй) лічыць, што ў крыжовы паход у 1183 годзе выправіўся бацька Генрыха Готфрыд, а Генрых прыняў на сябе кіраванне Брабантам. Shakell лічыць, што Генрых быў на Святой зямлі на момант смерці Фрыдрыха Барбаросы, гэта значыць, у 1190 годзе:
- Shackell, Joseph. Illustrations of History. // The Olio, or, Museum of entertainment. — 1831. — Т. 1. — С. 141. — 444 с.
- ↑ David у «Vaderlandsche» паказвае на непрыдатнасць Альберта Рэтэльскага да кіравання епархіяй, са спасылкай на «Gesta pontificum Leodiensium» Жана Шапавіля, Шапавіль у сваю чаргу прыводзіць словы Эгідзія Арвальскага, сучасніка апісаных падзей. Тым не менш, Driessen лічыць, што сведчанні Эгідзія Арвальскага не варта браць у разлік, таму што ён у першую чаргу бачыў у Альберце Рэтэльскім канкурэнта Св. Альберта, чыё жыціе Эгідзій Арвальскі і склаў:
- Driessen, Frans Albert de Rethel(фр.) // Biographie nationale de Belgique / Académie Royale de Belgique. — Брусель: H. Thiry-Van Buggenhoudt, 1866. — Т. 1.
- ↑ David, Jan-Baptist. Geschiedenis van St. Albertus van Leuven, bisschop van Luik. — 2-е.. — Антверпен: J. P. Van Dieren en Comp., 1845. — С. 237. — 243 с.
- ↑ Jacobs, Roel. Een kleine geschiedenis van Brussel. — Тылт: Lannoo, 2004. — С. 31. — 301 с. — ISBN 90-209-5269-2.
- ↑ De Tielse kroniek: een geschiedenis van de Lage Landen van de Volksverhuizing tot het midden van de vijftiende eeuw met een vervolg over de jaren 1552-1566 = Chronicon Tielense / Kuys, Jan. — Амстэрдам: Verloren, 1983. — С. 68. — 199 с. — ISBN 90-6550-004-9.
- ↑ Folda, Jaroslav. Crusader art in the Holy Land: from the Third Crusade to the fall of Acre, 1187-1291. — Cambridge University Press, 2005. — С. 59. — 714 с. — ISBN 9780521835831.
- ↑ а б Hosten, Jan. De tempeliers: de tempelorde tijdens de kruistochten en in de Lage Landen. — 2-е выд. — Амстэрдам: Pearson Education Benelux, 2006. — С. 136. — 384 с. — ISBN 978 90 430 1061 0.
- ↑ а б Janssen, Hans. 's Hertogenbosch, een novum oppidum in de Meijerij ca. 1200—1350. De stadsarcheologie als bron voor de kennis van groei en stagnatie van middeleeuwse steden(гал.) // Jaarboek voor Middeleeuwse Geschiedenis. — Хілверсум: Verloren, 2007. — В. 10. — С. 95-146. — ISSN 13886649.
- ↑ а б в г д е ё ж з Пиренн А. Средневековые города Бельгии. — С. 178,183.
- ↑ Ubachs, P. J. H. Handboek voor de geschiedenis van Limburg. — Хілверсум: Verloren, 2000. — С. 86. — 544 с. — (Maaslaandse monografieёn, 63). — ISBN 90-6550-097-9.
- ↑ а б в De Witte, Alphonse. Histoire monetaire des comtes de Louvain, ducs de Brabant et marquis du Saint Empire Romain. — Антверпен: Veuve de Backer, 1894. — Т. 1. — С. 32-65. — 212 с.
- ↑ а б Blok, Petrus Johannes. Hoofdstuk IV. De strijd der feodale machten onderling // Geschiedenis van het Nederlandsche volk. — 3-e перапрацаванае. — Лейдэн: A. W. Sijthoff's uitegeversmaatschappij, 1923. — Т. 1. — С. 186. — 704 с.
- ↑ Цэзарый Гайстэрбахскі. 16 De tornamento occisorum iuxta Montenake // Гутаркі пра цуды = Dialogus miraculorum. — Кёльн: J. Strange, 1851. — Т. XII. — С. 327.
- ↑ Delaborde, Henri-François. 2. Philippide de Guillaume le Breton // Œuvres de Rigord et de Guillaume le Breton, historiens de Philippe-Auguste. — Парыж: Librairie Renouard, 1885. — Т. X, 671. — С. 309. — 512+XII с.
- ↑ van Dalen-Oskam, Karina. Studies over Jacob van Maerlants Rijmbijbel. — Хілверсум: Verloren, 1997. — С. 85. — 269 с. — ISBN 90-6550-294-7.
- ↑ de Ridder, Paul. Inventaris van het oud archief van de kapittelkerk van Sint-Michiel en Sint-Goedele in Brussel. — Брусель: Algemeen Rijksarchief, 1988. — Т. 1. — С. 12. — 525 с. — (Inventaires (Archives generales du Royaume (Belgium))), 239).
- ↑ а б в Boffa, Sergio. Warfare in medieval Brabant, 1356-1406. — Вудбрыдж: The Boydell Press, 2004. — С. 69, 70, 184. — 312 с. — ISBN 1 84383 061 2.
- ↑ David у «Vaderlandsche» называе ў якасці даты смерці 5 лістапада.
- ↑ Koninklijk Instituut voor het Kunstpatrimonium. De online fototheek . Архівавана з першакрыніцы 14 жніўня 2011. Праверана 25 мая 2010.
- ↑ Koninklijk Instituut voor het Kunstpatrimonium. De online fototheek. X029455 . Архівавана з першакрыніцы 14 жніўня 2011. Праверана 25 мая 2010.
- ↑ а б David, Jan-Baptist. Vierde hoofdstuk. Vorderingen der Berthouten te Mechelen // Geschiedenis van de stad en de heerlykheid van Mechelen. — Лёвен: Vanlinthout et Cie, 1854. — С. 53. — 550 с.
- ↑ Van Wijk, P. Vinc. De naam Maria: over zijn beteekenis en velerlei vormen, zijn verspreiding en verering. — Лейден: E. J. Brill, 1936. — С. 64. — 193 с.
- ↑ Van Houtte, J. A. Algemene geschiedenis der Nederlanden. — Утрехт, Антверпен: W.de Haan / Standaard Boekhandel, 1958. — Т. 2. De volle meddeleeuwen.
- ↑ van Moolenbroek, J. J. Mirakels historisch: de exempels van Caesarius van Heisterbach over nederland en Nederlanders. — Хилверсум: Verloren, 1999. — С. 291. — 361 с. — ISBN 90-6550-063-4.
- ↑ Cordfunke, E. H. P. Een graaf, drie graafschappen(гал.) // 1299, één graaf, drie graafschappen: de vereniging van Holland, Zeeland en Henegouwen : Сб. — Хилверсум: Verloren, 2000. — С. 9-22. — ISBN 90-6550-091-X.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Пиренн А. Средневековые города Бельгии. — СПб.: Издательская группа «Евразия», 2001. — 512 с. — 2 000 экз. — ISBN 5-8071-0093-X.
- David, Jan-Baptist. Vierde hoofdstuk. Vijfde hoofdstuk // Vaderlandsche Historie. — Лёвен: Vanlinthout et Cie, 1855. — Т. 5. — С. 147-210. — 648 с.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- DUKES of BRABANT 1191-1404 (англ.). Foundation for Medieval Genealogy. Праверана 18 мая 2010.