Хадза

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Хадза
(Hadza, Hadzabe)
Hadza montage.png
Агульная колькасць 1120 (2014 г.)
Рэгіёны пражывання Танзанія
Мова хадза
Рэлігія культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы магчыма сандавэ, сан

Хадза (саманазвы Hadza, Hadzabe) — усходнеафрыканскі народ, карэнныя жыхары Танзаніі. Жывуць пераважна на паўначы краіны. Агульная колькасць (2014 г.) - 1120 чал.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Хадза лічаць сябе абарыгенамі той мясцовасці, якую насяляюць у наш час. Паводле іх міфалогіі, гісторыя сусвету падзяляецца на 4 буйныя эпохі. У першыя 2 эпохі на Зямлі жылі прымітыўныя гіганты, і толькі ў трэцяю эпоху з'явіліся людзі сучаснага тыпу, якія вынайшлі лук, посуд, лекі. Чацьвёртая эпоха не мае канкрэтных часавых межаў. Яна звязана з узнікненнем і рассяленнем пэўнага рода.

Генетычныя даследаванні паказваюць, што хадза могуць быць сваякамі кайсанцаў. Характэрна, што яны доўгі час мелі лад жыцця, падобны на сан, за што атрымалі мянушку "бушменаў Танзаніі". Каля 1500 гадоў таму хадза разышліся з сандавэ. Генетыкі таксама вызначылі, што ў мінулым хадза мяшаліся з банту больш інтэнсіўна, чым кайсанцы, але значна меней, чым пігмеі і сандавэ.

З XVIII ст. хадза знаходзіліся пад уплывам суседдзяў-банту і дзякуючы ім пазнаёміліся з земляробствам і жывёлагадоўляй. У канцы XIX ст. пачаліся сталыя кантакты з еўрапейцамі. У наш час большасць хадза вядзе аселы лад жыцця. Толькі некалькі сотняў чалавек прытрымліваюцца старых традыцый, займаюцца качавым збіральніцтвам і паляваннем.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Хаціна хадза

Традыцыйна хадза вядуць лад жыцця качавых паляўнічых і збіральнікаў саванны на поўначы Танзаніі. Іх культура адаптавана да мабільнасці. Найважнейшую ролю ў забеспячэнні ежай адыгрывае збіральніцтва. Хадза ужываюць некалькі сотняў відаў раслін, але аддаюць перавагу клубневым і ягадам, таксама збіраюць мёд дзікіх пчол, парасткі баабабаў, ловяць дробных жывёл.

Хадза жывуць адносна невялікімі групамі па 10 - 20 чалавек. Асабістыя кантакты знутры групы вельмі важныя, паколькі пры ўзнікненні ўнутраных канфліктаў група распадаецца. Нямецкія даследчыкі пачатку XX ст. паведамлялі, што на чале груп стаяць правадыры. Але ў наш час аб'яднанні хадза маюць эгалітарны характар, і асоба адзінага правадыра не вылучаецца. Розніца ў статусе чальца групы можа тлумачыцца толькі яго асабістымі здольнасцямі. Кожная група мае сталыя кантакты з іншымі аб'яднаннямі хадза. Цікава, што вынікі вывучэння грамадства хадза вучонымі, аказалі ўплыў пры распрацоўцы тэорыі сучасных сацыяльных сетак.

Сем'і пераважна малыя нуклеарныя, манагамныя, хаця не існуе ніякіх забарон для палігаміі. Выбар партнёра тлумачыцца як яго навыкамі да працы, так і знешняй прывабнасцю. Мужчыны і жанчыны актыўна карыстаюцца касметыкай. Хадза вельмі ганарацца свабодай і ўзаемнай дапамогай.

На часовых стаянках хадза будуюць круглявыя трысняговыя хаціны, падобныя на буданы. Аднак жытлы выкарыстоўваюцца амаль выключна ў дажджлівы сезон. Пры сухім надвор'і многія хадза туляцца пад высокімі хмызнякамі акацый.

Культура хадза вядома сваёй багатай вуснай традыцыяй — міфамі, казкамі і легендамі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова хадза з'яўляецца ізалятам. Некаторыя даследчыкі лічаць, што яна мае адзінае паходжанне з кайсанскімі мовамі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Хадза шануюць сонца як стваральніка жыцця, света жывёл і людзей. Кожны род мае сваіх культурных герояў, якіх лічыць першапродкамі і заступнікамі. Рытуалы прысвечаны цыклам чалавечага жыцця (нараджэння, смерці і сталення), а таксама гадавым сонечным цыклам.

З сярэдзіны XX стагоддзя адбываецца паступовая хрысціянізацыя хадза.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]