Мнагалетнік (у культуры двухлетнік) вышынёй 30—100 см, з тоўстым верацёнападобным коранем і прутападобнымі галінкамі. Прыкаранёвае лісце доўгаэліпсападобнае, выемчата-перыстараздзельнае, у разетцы. Кветкавыя кошыкі блакітныя, іншы раз ружовыя.
Святлалюбная расліна. Сустракаецца ва ўмераным і трапічным клімаце Еўразіі, ад Скандынавіі да Міжземнамор’я і ад Брытанскіх астравоў да Усходняй Сібіры і Індыі на поўдні, расце на Поўначы Афрыкі. Як заноснае сустракаецца ў Паўднёвай Афрыцы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Аўстраліі і Новай Зеландыі.
Звычайна расце на лугах, лясных палянах, травяністых схілах, часта як пустазельная расліна на пустках, палях, каля дарог, паблізу жылля. У гарах падымаецца да сярэдняга горнага пояса. Добра расце на супясчаных камяністых і сугліністых глебах.