Шклоўскі ідал

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Фота з архіва Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Фота з архіва Інстытута гісторыі НАН Беларусі.
Шклоўскі ідал. X стагоддзе
Матэрыял Пясчанік
Памеры 1,2 м ×  см
Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі, Мінск

Шклоўскі ідал — скульптурная выява паганскага бажаства, знойдзеная ў 1963 г. каля г. Шклова, на беразе р. Серабранка. Захоўваецца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі ў Мінску.

Адкрыццё[правіць | правіць зыходнік]

Шклоўскі ідал знойдзены ў 1963 г. хлопчыкамі з вёскі Стары Шклоў на беразе р. Серабранка ва ўрочышчы Зязюлін роў. Ідал быў выкапаны дарослымі, якія далі яму назву «ёлуп»[1]. Перавезены ў Мінск археолагам Л. Д. Побалем. Пры транспартыроўцы ў кузаве грузавіка, ідал атрымаў пашкоджанні: моцна пацёрся, быў крыху счасаны твар[2].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Шклоўскі ідал уяўляе з сябе пагрудную выяву мужчыны. Тулава цыліндрычнае, ніжняя частка апрацавана ў выглядзе пастамента. Фігура абчасана, мае выгляд слупа. Фігура высечана з пясчаніку, мае вышыню 1,2 м і вагу каля 250 кг[3]. У навуковы зварот быў уведзены Г. В. Штыхавым[4]

Стод мае акрэслены твар з індывідуальнымі рысамі: выразна прасочваюцца вочы, прычым падобныя на заплюшчаныя, рот і вусы. Між тым, Шклоўскі ідал мае дакладныя фалічныя абрысы.

Праблемы атрыбуцыі[правіць | правіць зыходнік]

Агляд асноўных тэорый добра быў адлюстраваны ў дакладзе Р. Забашты[5]. Праблемы з атрыбуцыяй ідала, часам стварэння і этнакультурнай прыналежнасцю насельніцтва, якое пакланялася яму, выкліканы пазакомплекснасцю знаходкі, а таксама адсутнасцю прыдатных для атрыбуцыі прыкмет у знаходкі. Паводле шырокараспаўсюджанай версіі, высунутай Г. В. Штыхавым, ідал адносіцца да Х ст., паводле іншых — у VІ—Х стст., VІ—VII стст., VІ—XIII стст. Усе версіі з'яўляюцца гіпатэтычнымі і не маюць надзейнага абгрунтавання. Яшчэ адну версію высунуў Р. Забашта, які на падставе датыроўкі археалгічных помнікаў у ваколіцах знаходкі — селішча XII—ХVII стст., курганнага могільніка таго ж часу, гарадзішча і селішча ля яго Х—ХVІ ст., а таксама датыроўкі падобных паганскіх ідалаў з Туму (Польшча) XII ст. і Рыгі (Латвія) XII—XIII стст., зрабіў выснову, што Шклоўскі ідал адносіцца да перыяду XII—XIII стст[6].

Р. Забашта таксама схіляецца да версіі, што ідал пакінула славянскае насельніцтва[7], але разам з тым, адзначае падабенства з балцкімі ідаламі з Рыгі, верагоднымі слупападобнымі ідаламі са свяцілішч Тушамля, Гарадок, Прудкі (Смаленшчына)[8].

Таксама немагчыма суаднесці ідал з пэўным божаствам, але абапіраючыся на ўскосныя дадзеныя, як, напрыклад, заплюшчаныя вочы стода, можна выказаць здагадку аб прыналежнасці божаства да хтанічнага свету, свету памерлых продкаў. Фалічная форма можа сведчыць аб функцыі плоднасці і ўрадлівасці.

Зноскі

  1. Дучыц Л., Ракіцкі В. Ідалы — багі, істуканы, куміры, ёлупы…
  2. Корбут В. «Кумир» с берегов Серебрянки
  3. Дучыц Л. У. Звесткі аб язычніцкіх ідалах на тэрыторыі Беларусі. С. 88.
  4. Штыхов Г. В. Интересная находка // Искусство. 1964. № 4
  5. Забашта Р. До питання атрибуциi Шкловського ідола // Гісторыя Беларусі: жалезны і век і сярэднявечча. Мінск, 1977. С. 21-24.
  6. Забашта Р. До питання атрибуциi Шкловського ідола // Гісторыя Беларусі: жалезны і век і сярэднявечча. Мінск, 1977. С. 22-23.
  7. Забашта Р. До питання атрибуциi Шкловського iдола // Гісторыя Беларусі: жалезны і век і сярэднявечча. Мінск, 1977. С. 25.
  8. Забашта Р. Язичницька монументальна скульптура Бiлорусiï (Контекстуальнi паралелi й зближення). С. 34

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Штыхов Г. Интересная находка. // Искусство. № 4. 1964.
  • Шклоўскі ідал // Беларуская Савецкая Энцыклапедыя. Т. ХІ. Мінск. 1974. С. 330—331.
  • Шклоўскі ідал // Археалогія і нумізматыка Беларусі. Энцыклапедыя. Мінск. 1993. С. 653.
  • Штыхаў Г. Шклоўскі ідал. // Энцыклапедыя Гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т.6. Кн. II. Мінск. 2003. С. 207.
  • Штыхаў Г. В. Шклоўскі ідал. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 17. Мінск. 2003. С. 426.
  • Герасімаў В. Шклоўскі ідал. // Герасімаў В. Выбраныя творы. Койданава. 2010. С. 5-6.