Ідал

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

І́дал (ад грэч.: éidōlon), багі, балваны, куміры, каменныя бабы, стоды (ад стар.-сканд.: stoð — слуп, калона[1]) — матэрыяльны прадмет, які з'яўляецца аб'ектам культавага пакланення ў політэістычных рэлігіях. Першапачаткова ідаламі былі натуральныя прадметы — камяні, дрэвы, рэкі; радзей жывёлы[2]. Найчасцей ўяўлялі сабой драўляныя, каменныя або металічныя выявы старажытных язычніцкіх багоў. Ідалы ў асноўным былі антрапаморфныя, або зрэдку зоаморфныя[3]. Падчас пакланення ідалу у капішчах, на ахвярных алтарах маглі рабіцца ахвярапрынашэнні[2].

У пераносным сэнсе ідал — аб'ект сляпога, ірацыянальнага пакланення. У сучасным свеце своеасаблівымі «ідаламі» або кумірамі могуць лічыцца асобныя музыканты, спевакі, акцёры, якія маюць мноства фанатычных прыхільнікаў.

Слова ідал таксама мае этымалагічныя сувязі са словам eidos (эйдас, ідэя).

Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш старажытныя антрапаморфныя выявы, якія прынята лічыць ідаламі, знойдзеныя пры раскопках паселішча позняга неаліту і ранняга бронзавага веку (2 тыс. да н.э.) каля в. Асавец (Бешанковіцкі раён). Вядомыя таксама амаль 30 каменных і металічных ідалаў 1-га — пачатка 2-га тыс. н.э[3]. У большасці выпадкаў скульптуры ідалаў вырабляліся з дрэва і, таму яны да нашых дзён не захаваліся[4].

У часы язычніцтва ідалы былі аб'ектамі пакланення: іх ушаноўвалі, ім рабілі ахвярапрынашэнні, часам нават чалавечыя, размяшчалі на свяцілішчах. Найхутчэй, кожны быў увасабленнем пэўнага язычніцкага бога. Звычайна каменныя ідалы былі 0,6 — 1,2 м вышынёй, металічныя — меншых памераў, з 1 — 4 тварамі. Калісьці ідал у выглядзе слупа з чатырма тварамі стаяў на поплаве Дняпра пры дарозе з Рэчыцы ў Бабруйск. Каменныя ідалы з трыма тварамі, т. зв. Трыглаў, выяўлены каля в. Млыны Камянецкага і в. Багуслаўцы (Пружанскі раён; не захаваліся)[3].

Большасць стодаў былі аднатварымі. Найбольш вядомыя: Слонімскі, Шклоўскі (пад назвай Ёлап), знойдзеныя ў в. Астрамечава (Брэсцкі раён), на Ваўкавыскім замчышчы, каля в. Хажова (Маладзечанскі раён), Чаплі (Кобрынскі раён), Ульянавічы (Сенненскі раён), Міжэвічы і Юхнавічы (Слонімскі раён), непадалёк ад Оршы і Клецка (усе не захаваліся). Вядомыя і іншыя ідалы ў розных мясцінах краіны[3].

Пасля прыняцця хрысціянства царква спрабавала прыстасаваць язычніцкія абрады да хрысціянскіх, таму вядомыя выпадкі, калі ідалам надавалі форму крыжа або на іх выбівалі крыж. Такія стоды выяўленыя каля вёсак Даўгінава (Вілейскі раён; стаіць на месцы), Грабаўцы і Залуззе (Жабінкаўскі раён; абодва захоўваюцца ў Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі). Значная ж частка ідалаў пасля хрышчэння была знішчана, скінута ў вадаёмы ці балоты, закапана ў зямлю[3].

Зноскі

  1. Либерис А. Литовско-русский словарь. 2-е изд. Вильнюс, 1988. С. 717.
  2. 2,0 2,1 Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6 Укладальнік: Эдуард Дубянецкі
  3. 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 ІДАЛЫ
  4. Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 1: Ад старажытных часоў да другой паловы XVI cт. ; [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал.рэд.) [і інш.] ; рэд. тома С. В. Марцэлеў, Л. М. Дробаў ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1987. — 303 с. : iл.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Менск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6 Укладальнік: Эдуард Дубянецкі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]