Штаб-кватэра ААН

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Штаб-кватэра ААН
Краіна
Месцазнаходжанне
Архітэктурны стыль інтэрнацыянальны стыль
Колькасць паверхаў 39[4]
Колькасць ліфтаў 20
Плошча
Уласнік Арганізацыя Аб’яднаных Нацый
Архітэктар Оскар Німеер[5][4], Ле Карбюзье[5][4], Harrison & Abramovitz[d], Хуліа Віламаха[d][5], Ховард Робертсан[d][5], Skidmore, Owings and Merrill[d][5], Лян Сычэн[d][5], Эрнест Карм’е[d][5], Свен Маркеліус[d][5], Бест Аверэнд[d][5][6], Уолес Гарысан[d][5][4] і Гастон Брунфо[d][5]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Цэнтральныя ўстановы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, або Штаб-кватэра ААН  — комплекс будынкаў у Нью-Ёрку (ЗША), якія служаць афіцыйным офісам для асноўных рабочых органаў ААН.

Будынкі размешчаны ва ўсходняй частцы Манхэтэна паміж 42-й і 48-й вуліцамі, Першай авеню і пралівам Іст-Рывер. Участак зямлі ўнутры гэтага квадрата займае плошчу ў 18 акраў (~ 73 000 м²) і з’яўляецца міжнароднай тэрыторыяй, якая належыць усім дзяржавам-членам. Тым не менш, у адпаведнасці з пагадненнем паміж ЗША і ААН Pub. L. No. 80-357, 61 Stat. 756 (1947), раён штаб-кватэры застаецца ў межах судовай юрысдыкцыі Злучаных Штатаў.

Акрамя будынкаў у Нью-Ёрку, ААН мае яшчэ тры дапаможныя рэгіянальныя штаб-кватэры: у Жэневе (Швейцарыя), Вене (Аўстрыя) і Найробі (Кенія). Аднак найбольш важныя рашэнні арганізацыі прымаюцца менавіта ў Нью-Ёрку, так як тут праходзіць большасць пасяджэнняў Генеральнай Асамблеі і Савета Бяспекі ААН.

Усяго ў рабочых органах, агенцтвах і цэнтрах ААН па ўсім свеце працуе парадку 61 тыс. супрацоўнікаў з прыкладна 170 дзяржаў. У штаб-кватэры ў Нью-Ёрку размяшчаецца каля траціны ад усяго персаналу арганізацыі.

Выбар месца[правіць | правіць зыходнік]

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый была ўтворана 24 кастрычніка 1945 года і першапачаткова не мела ўласнага будынка. Першыя паседжанні Генеральнай Асамблеі і Савета Бяспекі Арганізацыі прайшлі ў Лондане. Рашэнне аб размяшчэнні ААН блізу Нью-Ёрка было прынята Генеральнай Асамблеяй на яе першай сесіі 14 лютага 1946 года ў Лондане пасля таго, як ад многіх краін свету былі атрыманы прапановы аб сталым месцы размяшчэння Арганізацыі. З 16 жніўня 1946 года штаб-кватэра ААН часова размясцілася ў вёсцы Лэйк Саксес, Лонг-Айлэнд. 14 снежня 1946 года Генеральная Асамблея прыняла прапанову Джона Д. Ракфелера-мал. аб выдзяленні 8,5 млн дал. ЗША на куплю цяперашняга ўчастка для будаўніцтва пастаяннай штаб-кватэры ААН.

Супраць будаўніцтва штаб-кватэры ў Нью-Ёрку, як стала вядома па апошніх даных, у свой час прагаласавалі Францыя, Вялікабрытанія і Нідэрланды. Акрамя Нью-Ёрка меліся іншыя кандыдатуры на гэтую ролю. Напрыклад, Канада прапанавала размясціць цэнтральныя ўстановы ААН на востраве Нэві, Антарыа. Гэта месца, якое размешчана на мяжы дзвюх дзяржаў недалёка ад Ніягарскага вадаспаду, лічылася многімі ідэальнай кандыдатурай. Аднак канчаткова выбар быў зроблены на карысць участка ў квартале Цёртл-Бі на беразе праліва Іст-Рывер.

Будаўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Будынак Сакратарыяту ААН і Крайслер-білдынг на заднім фоне.

У лістападзе 1947 года Генеральная Асамблея ААН зацвердзіла архітэктурны план будучай штаб-кватэры. Праз дзевяць месяцаў з урадам ЗША было заключана пагадненне аб прадастаўленні ААН беспрацэнтнага крэдыту на суму 65 млн дол. ЗША для правядзення будаўнічых работ. Цырымонія закладкі падмурка прайшла 24 кастрычніка 1949 года, а афіцыйнае адкрыццё штаб-кватэры адбылося 10 студзеня 1951 года.

Для стварэння комплексу будынкаў ААН былі запрошаны архітэктары, дызайнеры і інжынеры з усяго свету. У гэтую групу ўвайшлі Мікалай Басоў (СССР), Макс Абрамовіч (ЗША), дырэктар па планаванні, Оскар Німеер (Бразілія), Уладзімір Бадзянскі (Францыя), інжынер-кансультант, Эрнст Кормье (Канада), Уоллес К. Гарысан (ЗША), галоўны архітэктар, Шарль І. Ле Карбюзье (Францыя), Свен Маркеліус (Швецыя), Г. А. Свайё (Аўстралія), Лян Сычэн (Кітай), а таксама кансультанты Энтані Антаніадэс (Грэцыя), Мэцью Навікі (Польшча) і Эрнэст Вайсман (Югаславія).

Група стварыла 50 розных праектаў і пасля праведзенага адбору спынілася на канцэптуальнай ідэі Ле Карбюзье. Згодна з яго праектам комплекс будынкаў павінен умела спалучаць разнастайнасць стыляў: высокія шкляныя панэлі для офісаў і нізкі круглы купал для залы Генеральнай Асамблеі. Да моманту завяршэння будаўніцтва штаб-кватэра ААН лічылася ўзорам самага сучаснага архітэктурнага дызайну на Манхэтэне.

Комплекс[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш вядомым у структуры комплексу, безумоўна, з’яўляецца 39-павярховы будынак, у якім размяшчаецца Сакратарыят. Акрамя таго, на тэрыторыі штаб-кватэры размясціліся будынак Генеральнай Асамблеі, Бібліятэка імя Дага Хамаршэльда і Цэнтр для наведвальнікаў. З фасаднага боку комплексу расцягнуўся шэраг флагштокаў, на якіх узняты сцягі 193 дзяржаў-членаў ААН у англійскім алфавітным парадку, а таксама сцяг Арганізацыі па цэнтры.

Зала Генеральнай Асамблеі

Таксама маецца шэраг другарадных збудаванняў ААН. Гэта два вялікія офісных будынкі, якія занятыя спецыялізаванымі агенцтвамі Арганізацыі па тыпу ПРААН. Яны носяць назвы DC-1 і DC-2, так як размешчаны па адрасе Плошча ААН, 1 і 2 адпаведна. На 46-й вуліцы знаходзіцца служба ідэнтыфікацыі (identification office), якая ажыццяўляе выдачу пропускаў для загадзя акрэдытаваных дыпламатаў, журналістаў і іншых асоб. Дом ЮНІСЕФ (Плошча ААН, 3) і будынак ЮНІТАР (Плошча ААН, 807) таксама з’яўляюцца часткай комплексу.

У сувязі з трухленнем будынкаў комплексу арганізаваны капітальны рамонт штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку. Да прыкладу, у будынку Генеральнай Асамблеі, дзе рэгулярна збіраюцца кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў, часткова працякае дах. На ўхіленне падобнага роду праблем выдаткавана 1,9 мільярда даляраў ЗША. Рамонтныя работы, пасля якіх збудаванні сталі больш сучаснымі і больш бяспечнымі, скончыліся ў 2013 годзе[7].

Паштовая служба ААН[правіць | правіць зыходнік]

Паштовая служба ААН

Адрас штаб-кватэры ААН — Плошча Аб’яднаных Нацый (Плошча ААН), 760, Нью-Ёрк, NY 10017, ЗША. Міжнародны статус цэнтральных устаноў дазваляе ААН друкаваць уласныя паштовыя маркі. Усе лісты, якія адпраўляюцца са штаб-кватэры Арганізацыі, маюць аанаўскі штэмпель. Дадзеная паслуга карыстаецца вялікай цікавасцю ў наведвальнікаў комплексу, асабліва ў філатэлістаў. Паштовае аддзяленне ААН размешчана на цокальным паверсе Цэнтра для наведвальнікаў.

Мастацкія творы ў штаб-кватэры ААН[правіць | правіць зыходнік]

Шырокую вядомасць набыла арт-калекцыя ААН. Творы сусветна вядомых жывапісцаў і скульптараў, прысвечаныя тэматыцы міжнароднага супрацоўніцтва і талерантнасці, размясціліся ў парку пры штаб-кватэры і ў яе вестыбюлях. Так, Арганізацыя ў розныя гады атрымлівала ад краін-удзельніц наступныя дары: скульптуру «Перекуём мячы на аралы» — ад СССР, «Скручаны пісталет» — ад Люксембурга, «Звон свету» — ад Японіі. Падарункам ЗША стала мазаіка на аснове карціны Нормана Роквеллу «Залатое правіла», дзе напісана выслоўе: «Do unto Others as You Would Have Them Do unto You» («І як хочаце, каб рабілі вам людзі, так і вы ім рабіце»). З Францыі Марк Шагал перадаў Арганізацыі каляровы вітраж вышынёй прыкладна ў 3,5 метры, на якім сімвалічна намаляваная барацьба за мір і вяршэнства любові. Кітай уручыў скульптуру з васьмі слановых біўняў, на якіх з дзіўнай дакладнасцю выразаны ўчастак чыгункі на поўначы краіны. Маятнік Фуко, служачы наглядным доказам вярчэння Зямлі, быў падараны Нідэрландамі. Таксама ў калекцыі ААН маецца і кавалачак Берлінскай сцяны[8].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б archINFORM — 1994. Праверана 31 ліпеня 2018.
  2. Google Maps — 2005. Праверана 2 лістапада 2019.
  3. Guide vertMichelin, 1926. Праверана 2 лістапада 2019.
  4. а б в г д http://architectuul.com/architecture/united-nations-headquarters Праверана 2 лістапада 2019.
  5. а б в г д е ё ж з і к Emporis (Firm) Emporis Building DirectoryDarmstadt: Emporis GmbH. Праверана 2 лістапада 2019.
  6. http://architectuul.com/architect/acheson-best-overend Праверана 2 лістапада 2019.
  7. После ремонта здание штаб-квартиры в Нью-Йорке будет более «зеленым» — Центр новостей ООН, 03.02.2009 (руск.)
  8. Piece of Berlin Wall, a gift of Germany, unveiled at UN garden (англ.)(недаступная спасылка). UN News (4 красавіка 2002). Архівавана з першакрыніцы 9 студзеня 2019. Праверана 9 студзеня 2018.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]