Эканоміка Намібіі

Аснову эканомікі Намібіі складаюць горназдабыўная прамысловасць (здабыча алмазаў, урану і каляровых металаў), жывёлагадоўля і рыбалоўства, турызм. У 2025 годзе ВУП Намібіі склаў блізу 38 млрд долараў.[1] Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства ў ВУП склала 6,7 %, прамысловасці — 26 %, сферы паслуг — 67 %.[2]. Намібійская гаспадарка цесна знітаваная з эканомікай ПАР. Намібія мае высокі па афрыканскіх мерках ВУП на душу насельніцтва (больш за 12 000 долараў па ППС). У 2013 годзе Bloomberg назваў эканоміку Намібіі найлепшай рынкавай эканомікай у Афрыцы і 13-й сярод эканомік краін, што развіваюцца. Вялікай праблемай з'яўляецца беспрацоўе, якое трымаецца на ўзроўні 25 - 35 %. З беспрацоўем звязана і жахлівае маёмаснае расслаенне — у Намібіі і ПАР найвышэйшыя ў свеце значэнні каэфіцыента Джыні.
Пачатак фарміраванню сучаснай гаспадаркі Намібіі паклалі нямецкія каланісты: яны распачалі здабычу карысных выкапняў, праклалі чыгункі, стварылі фермы.
Прамысловасць
[правіць | правіць зыходнік]
Асноўнай галіной гаспадаркі з'яўляецца здабыўная прамысловасць (да 20 % ВУП!), развіццё якой грунтуецца на вялікіх мінеральных багаццях. Яе аснову складае здабыча алмазаў і ўрану. Ужо болей за стагоддзе не згасае алмазадайнасць жылы ў ваколіцах Людэрыца. Недалёка ад Свакапмунда знаходзіцца адзін з найбуйнейшых у свеце кар'ераў па здабычы ўрану (Росінг). Распрацоўваюцца паклады свінцу, медзі, цынку, волава, серабра, вальфраму. Маюцца заводы па выплаўцы чарнавой медзі.
Сельская гаспадарка і рыбалоўства
[правіць | правіць зыходнік]У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля мяснога кірунку і качавога характару. Маецца значнае пагалоўе каракулевых авечак. Халодныя воды Бенгельскага цячэння багатыя на рыбу (патэнцыйна могуць даваць 1,5 млн тон рыбы за год), што спрыяе развіццю рыбалоўства. Аснову ўлова складаюць сардзіны, анчоўсы, хек, скумбрыя.
Сфера паслуг
[правіць | правіць зыходнік]Намібія мае развіты і вельмі сучасны банкаўскі сектар.
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]
Нягледзячы на слабую заселенасць, у Намібіі створана добрая транспартная інфраструктура, што ўключае шашы, вузкакалейныя чыгункі, аэрапорты, а таксама марскі порт рэгіянальнага значэння Уолфіш-Бэй, па сумяшчальніцтве, галоўны рыбалоўчы порт. Намібія прэтэндуе стаць рэгіянальным хабам і транспартным правадніком для суседзяў, што не маюць выхаду да мора (Батсваны, Замбіі). З гэтай мэтай будуюцца новыя шашы праз Калахары і паласу Капрыві
Турызм
[правіць | правіць зыходнік]Новай важнай галіной гаспадаркі стаў турызм. Сёння турысты прыносяць 14 % ВУП і ствараюць 18 % працоўных месцаў. З падзеннем рэжыму апартэіду ў ПАР, чыёй калоніяй была Намібія, краіна становіцца ўсё папулярнейшай сярод турыстаў. Развіта інфраструктура як для «цывілізаванага» адпачынку (напрыклад, у Віндхуку, або Свакапмундзе, які захоўвае атмасферу старога каланіяльнага гарадка), так і для актыўнага турызму (асабліва папулярныя нацыянальныя паркі Этоша і Бераг шкілетаў, а таксама Сасусфлей і Дамараленд)[3].
Знешні гандаль
[правіць | правіць зыходнік]70 % экспартнай выручкі дае прадукцыя горназдабыўной прамысловасці (траціна прыпадае на алмазы, яшчэ столькі ж — на медную руду і чарнавую медзь). Экспартуюцца таксама ўран і цынк. Астатняя частка экспарту прыпадае на прадукцыю рыбалоўства і сельскай гаспадаркі. Асноўныя пакупнікі — афрыканскія суседзі і краіны Еўропы (Бельгія, Швейцарыя). Большую частку спажывецкіх тавараў і прадуктаў харчавання, усю тэхніку і паліва, Намібія вымушана імпартаваць. Гэта адбіваецца на ўзроўні цэн: жыццё ў гарадах Намібіі вельмі дарагое. 54 % імпарту ў 2016 прыйшлося на ПАР, яшчэ 14 % — на Батсвану.[4]
Зноскі
- ↑ https://www.imf.org/external/datamapper/profile/NAM
- ↑ https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/wa.html Архівавана 30 мая 2015.
- ↑ Namibia. Golden Sunsets, rough coasts and majestic dunes. sunsafaris.com. Архівавана з першакрыніцы 10 лістапада 2011. Праверана 3 красавіка 2012.
- ↑ http://atlas.cid.harvard.edu/explore/?country=155&partner=undefined&product=undefined&productClass=HS&startYear=undefined&target=Partner&tradeDirection=import&year=2016