Юзаф Казімір Касакоўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Юзаф Казімір Касакоўскі
Juzef Kazimier Kasakoŭski. Юзэф Казімер Касакоўскі (J. Damiel, 1812).jpg
Юзаф Казімір Касакоўскі
POL COA Ślepowron.svg
Герб «Слепаўрон»
Тытулярны біскуп цыненскі
1775 — 1781
Біскуп-суфраган троцкі
1775 — 1781
Пераемнік: Францішак Алаіз Гзоўскі
Інфлянцкі біскуп
1781 — 1794
Папярэднік: Антоні Мацей Серакоўскі
Пераемнік: Ян Непамуцэн Касакоўскі
 
Дзейнасць: аўтар, перакладчык, пісьменнік, ксёндз
Член у:
Веравызнанне: каталіцтва
Нараджэнне: 16 сакавіка 1738(1738-03-16)[1]
Смерць: 9 мая 1794(1794-05-09)[1] (56 гадоў)
Дынастыя: Род Касакоўскіх
Бацька: Дамінік Касакоўскі[d]
Маці: Марыяна з Забелаў
 
Узнагароды:
Ордэн Белага арла
Ордэн Святога Станіслава

Юзаф Казімір Касакоўскі[3] (польск.: Józef Kazimierz Korwin Kossakowski; 16 сакавіка 1738, Шылы, Ковенскі павет, цяпер Ёнаўскі раён, Каўнаскі павет, Літва — 9 мая 1794, Варшава, цяпер Польшча) — рымска-каталіцкі і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Пісар вялікі літоўскі1775), тытулярны біскуп цыненскі і біскуп-суфраган троцкі (17751781), біскуп інфлянцкі1781).

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

З шляхецкага роду Касакоўскіх герба «Слепаўрон», сын Дамініка і Марыяны з Забелаў. Меў братоў: гетмана Шымана, кашталяна Антонія і ваяводу Міхала.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Ковенскі езуіцкі калегіум. Падчашы ковенскі ад 1758, потым суддзя земскі, пасол на сойм. У 1761 высвечаны на святара, навучаўся ў Віленскай акадэміі, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі, і Варшаве. Выконваў абавязкі пробашча ў Воўпе і каноніка ў Вільні. Ад 1764 кусташ віленскі. Прыхільна ставіўся да Барскай канфедэрацыі, для яй падтрымкіразам з братам Шыманам спрабаў стварыць Генеральную канфедэрацыю Вялікага Княства Літоўскага, за што яго ўзялі пад арышт расійскія ўлады.

13 сакавіка 1775 прызначаны тытулярным біскупам Цыну з абавязкамі біскупа-суфрагана троцкага Віленскай дыяцэзіі, адначасна — пісар вялікі літоўскі. Варагаваў з Антоніем Тызенгаўзам, пасля адстаўкі якога перавёў шмат рамеснікаў з Гродна ў свае маёнткі. 17 верасня 1781 прызначаны інфлянцкім біскупам, быў таксама адміністратарам Курляндскай дыяцэзіі. У 1783 інфлянцкая дыяцэзія на кароткі час увайшла ў склад Магілёўскай архідыяцэзіі.

У 1778 годзе атрымаў Ордэн святога Станіслава, а ў 1781 годзе — Ордэн Белага Арла.

Для ўласнага ўзбагачэння шмат займаўся фінансавымі махінацыямі і ашуканствам. Быў прыхільнікам прарасійскай партыі, у 1787 пачаў атрымліваць сталую пенсію з расійскае пасольства, быў пратэжэ пасла Ота Магнуса фон Штакельберга, з яго намінацыі засядаў у 17821786 у Пастаянным Савеце17841786 старшыня дэпартамента справядлівасці). Удзельнічаў у працы Чатырохгадовага сойма 1788—1792. 19 снежня 1791 прызначаны біскупам-каад'ютарам віленскім.

Ю. К. Касакоўскі. Невядомы мастак, пасля 1780

Супрацьстаяў Канстытуцыі 3 мая, разам з братам Шыманам узначальваў Таргавіцкую канфедэрацыю ў Вялікім Княстве Літоўскім. З дапамогай расійскіх войскаў фактычна атрымаў уладу на Літве, якую намагаўся далучыць да Расіі. Для адарвання Вялікага Княства ад Кароны спрыяў утварэнню асобных дзяржаўных камісіяў ВКЛ, якімі фактычна кіраваў[4].

Падчас паўстання на чале з Касцюшкам 22 красавіка 1794 яго маёнтак канфіскаваў паўстанцкі ўрад[5], а самога яго неўзабаве асудзілі і павесілі ў Варшаве як здрадніка.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Займаўся літаратурнай творчасцю. У 1786 надрукаваў два раманы Ксёндз Плябан (польск.: Ksiądz Pleban), у якім паказаў найдасканальнейшую парафію эпохі Асветніцтва, і «Паніч гаспадар» (польск.: Panicz gospodarz). У 1787 напісаў раман «Абывацель» (польск.: Obywatel), а ў 1791 — Czarownica (Чараўніца). Перакладаў з французскай мовы, аўтар мемуараў.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1032807490 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 4 мая 2014.
  2. Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1032807490 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 1 студзеня 2015.
  3. Таксама Язэп Казімір Касакоўскі — Крыніца: Алег Дзярновіч. Плач па Вялікім Княстве // METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Том II. — Мн.: Athenaeum — Аддзел спецыяльных гістарычных навук ІГ НАНБ, 2003. — 260 с. (Athenæum VIII)
  4. Валерый Пазднякоў. Касакоўскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 69.
  5. Kronika powstań polskich 1794—1944. — Warszawa: Wydawnictwo Kronika, 1994. ISBN 83-86079-02-9. — S. 30.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]