Ястрамбельская сядзіба
сядзібна-паркавы комплекс | |
Сядзібна-паркавы комплекс Катлубаяў | |
---|---|
| |
53°01′52,25″ пн. ш. 25°57′33,6″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Ястрамбель |
Архітэктурны стыль | эклектыка |
Дата пабудовы | другая палова XIX стагоддзя |
Будынкі | |
палац • бровар | |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 112Г000733 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ястрамбельская сядзіба — сядзібна-паркавы комплекс Катлубаяў у вёсцы Ястрамбель Баранавіцкага раёна, размешчаны на беразе ракі Мышанка.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У пачатку XIX стагоддзя сядзіба стала спадчынным гняздом Катлубаяў, род якіх мае татарскае паходжанне. Сядзіба перайшла да іх згодна з пагадненнем паміж Міхаілам Катлубаем і Казімірам Рдултоўскім ад 3 мая 1851 года[1].
Першым вядомым уласнікам Ястрамбеля быў Міхаіл Катлубай, які служыў рахунаводам пры Радзівілаўскай Камісіі, затым гаспадаром сядзібы стаў сын Міхаіла — паручнік Генрык Катлубай, які атрымаў сядзібу ў 1864 г.[2] Да Генрыка ў маёнтак часта заязджаў яго старэйшы брат — вядомы гісторык і дваровы летапісец Радзівілаў Эдвард Катлубай (1822—1879), які нарадзіўся ў Вільні і валодаў маёнткам Курклішкі ў Троцкім павеце Віленскай губерні[2]. За ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў у Катлубаяў быў сканфіскаваны адзін з маёнткаў у Троцкім павеце. Пасля Эдварда палацам валодаў яго сын Генрык, удзельнік руска-турэцкай вайны, вядомы ваенны доктар. Пазней гаспадарамі сталі два сыны Генрыка — Міхаіл і Эдвард. Апошнім уласнікам палаца (да ўключэння ў 1939 г. Заходняй Беларусі ў склад БССР) стаў Зыгмунт Катлубай (1885—1940)[2].
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Ансамбль уключаў мураваны палац, пабудаваны ў 1897 г., парк, капліцу, бровар, стайню, вазоўню і іншыя гаспадарчыя аб'екты.
Палац
[правіць | правіць зыходнік]Палац мае форму асіметрычнага ступеньчатага збудавання. Вертыкальнай дамінантай з'яўляецца чатырох'ярусная шатровая вежа з галерэйкай. Аснова кампазіцыі — двухпавярховы прамавугольны будынак палаца, да якога далучаны рознавялікія аб'ёмы пад самастойнымі дахамі. Галоўны фасад вылучаны па цэнтры неглыбокім рызалітам з балконам на двух масіўных пілонах. Да параднага ўваходу вядзе двухбаковы пандус з балюстрадай, па якім конныя экіпажы траплялі да саміх дзвярэй. Дваровы фасад за кошт гульні рознавялікіх выступаючых аб'ёмаў вылучаецца большай дынамічнасцю, будынак ахінае тэраса. Фасады апрацаваныя рустам, карнізамі з сухарыкамі, прамавугольныя і паўцыркульныя аконныя праёмы дэкарыраваны пілястрамі і паўкалонамі, налічнікамі, разеткамі, што надае палацу прывабны выгляд і асаблівую арыгінальнасць. Планіроўка палаца заснавана на кампаноўцы рознавялікіх памяшканняў вакол вестыбюля і калідора з тарцовай міжпавярховай лесвіцай. Палацавая капліца выступае з паўночна-заходняга боку паўкруглай апсідай. Да капліцы далучана чатырох'ярусная шатровая званіца, якая займае ў агульнай кампазіцыі дамінуючае становішча. Дынамічна-асіметрычная пабудова палаца абумовіла складаную арганізацыю ўнутранай планіроўкі. Апартаменты разнастайныя па канфігурацыі і плошчы, маюць самастойныя злучэнні з цэнтральным калідорам. Некаторыя залы маюць выхад на дваровую тэрасу. Разнастайнасць памяшканняў абумоўлівала і іх індывідуальную мастацка-стылёвую трактоўку, аб чым сведчаць фрагменты керамічнай і паркетнай падлогі, розныя аконныя праёмы. Скляпеністыя сутарэнні пад палацам прызначаліся пад службовыя памяшканні і жыллё дваровых.
Парк
[правіць | правіць зыходнік]Палац і яго гаспадарчыя збудаванні акружаны невялікім пейзажным паркам перыяду эклектыкі. Парк займае роўную, злёгку паніжаную, прамавугольную тэрыторыю плошчай 6 гектараў. Уяздная кляновая алея вельмі шырокая (10 м), яе дрэвы высаджаны праз чатыры метры. Яна ішла перпендыкулярна асноўнай восі кампазіцыі, перасякаючы ўсю сядзібу, ад брамы, якая фланкіравана карпусамі стайні і карэтнай. За ўсходняй параднай часткай сядзібы размешчана штучная сажалка, злучаная каналам і плацінай з ракой Мышанкай. Вось перспектывы ад палаца падкрэслена парай куліс з Populus alba, другая такая ж пара куліс на беразе сажалкі, па якім высаджаны дрэвы вярбы белай ніцай. Перад палацам захаваліся асобныя экзэмпляры лістоўніцы еўрапейскай (Larix decidua). У парку растуць Populus alba, вярба белая ніцая (Salix alba), лістоўніца еўрапейская (Larix decidua), ліпа (Tilia), каштан конскі (Aesculus hippocastanum), дуб чырвоны (Quercus rubra), хвоя веймутава (Pinus strobus). Заходняя частка парка перапланавана ў рэгулярным стылі з выкарыстаннем лінейных пасадак ліпы, каштана конскага, дуба чырвонага. З паркам аб'яднаны фруктовы сад.
Сажалка парку мела не толькі планіровачны-дэкаратыўнае значэнне, але і была акумулятарам вільгаці, прымаючы ваду па бакавым каналам. Лішкі вады па цэнтральным канале сцякалі ў раку Мышанку. Водная сістэма сёння парушаная, каналы абмялелі. Парк у значнай ступені відазменены. Тут пабудавана шмат новых будынкаў школы-інтэрната, у выніку чаго палац прыйшоў у занядбаны стан.
Зноскі
- ↑ Деревня Ястрембель — когда-то роскошный дворец Котлубаев теперь попросту разваливается Архівавана 5 сакавіка 2016. (руск.)
- ↑ а б в Федорук 2006, с. 515.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна // Г. К. Кісялёў (галоўны рэдактар), Р. Б. Венцэль, М. К. Дзёмін і інш. (рэдкал.), М. І. Бернат (укладальнік). — Мн.: БЕЛТА, 2000. — 736 с.: іл. — ISBN 985-6302-28-5. — С. 639—640.
- Несцярчук Л. М. Палацы, паркі, замкі Баранавіцкага раёна. Гісторыя, стан, перспектывы. — Брэст, 1999. — С. 67—70.
- Федорук А. Т. Старинные усадьбы Берестейщины (руск.) / А. Т. Федорук; ред. Т. Г. Мартыненко. — 2-е изд. — Мн.: БелЭн, 2006. — 576 с: ил. — 1 500 экз. — ISBN 985-11-0383-7.
- Aftanazy, R. Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej : w 11 t. / R. Aftanazy. — Wrocław – Warszawa – Kraków : Zaklad im Ossolinskich, 1991. — Cz. 1. Wielkie księstwo Litewskie. Inflanty. Kurlandia. — T. 2. Województwa brzesko-litewskie, nowogródzkie. — 474 s.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Ястрамбельская сядзіба на Вікісховішчы |
- Ястрамбельская сядзіба на сайце Radzima.org
- Ястрамбельская сядзіба на сайце Глобус Беларусі (руск.)