Call of Duty: Modern Warfare

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Call of Duty: Modern Warfare
Распрацоўшчык Злучаныя Штаты Амерыкі Infinity Ward
Выдавец Activision
Частка серыі Call of Duty
Дата анонсу 30 мая 2019
Даты выпуску 25 кастрычніка 2019
Жанр шутар ад першай асобы
Стваральнікі
Кампазітар
Тэхнічныя даныя
Платформы PlayStation 4, Windows і Xbox One
Гульнявы рухавічок IW Engine 8.0
Рэжымы гульні Аднакарыстальніцкі
Шматкарыстальніцкі
Мовы інтэрфейсу англійская і руская
Носьбіты Blu-ray Disc[d], лічбавае распаўсюджванне[d] і аптычны дыск
Кіраванне клавіятура, мыш, геймпад
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Call of Duty: Modern Warfare»англ. — Кліч абавязку: Сучасная вайна) — камп’ютарная гульня ў жанры шутар ад першай асобы, шаснаццатая гульня ў серыі «Call of Duty».

Гульня выйшла 25 кастрычніка 2019 года. Гульня з’яўляецца перазапускам падсерыі Modern Warfare, і не з’яўляецца прамым працягам Modern Warfare 3.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Дзеянні гульні адбываюцца, апроч рэальна існуючых дзяржаў, у выдуманых краінах Кастовія (якая з’яўляецца алюзіяй на ўсходнія рэгіёны Украіны) і Урзыкстан (якая з’яўляецца алюзіяй на Сірыю) у 2019 годзе.

У пачатку гульні агент ЦРУ пад імем Алекс адпраўляецца разам з атрадам марпехаў у Кастовію на сакрэтны завод па вытворчасці хімічнай зброі, які належыць галоўнаму антаганісту гульні — рускаму генералу Раману Баркову. У ходзе аперацыі Алекс бярэ ўзор хімічнай зброі, але пры адыходзе з завода амерыканскі атрад трапляе ў засаду невядомых баевікоў. Падчас засады ўвесь атрад, акрамя Алекса, гіне, і баевікі крадуць узор хімічнай зброі.

Дзеянне гульні пераносіцца ў Лондан, дзе група паліцэйскіх пад кіраўніцтвам сяржанта Кайла Гэрыка адсочвае групоўку тэрарыстаў Аль-Каталы (алюзія на Аль-Каіду), якая збіраецца здзейсніць тэракт на плошчы Пікадзілі. З-за таго, што атрад Гэрыка прамарудзіў, на плошчы адбыўся выбух, які перарос у перастралку паміж паліцыяй Лондана і тэрарыстамі. Паступова паліцыя зачышчае ўсю плошчу ад тэрарыстаў. Для зачысткі апошняга будынка прыбывае капітан SAS Джон Прайс (які, апроч іншага, ратуе Гэрыка ад смяротніка). У будынку знаходзіцца закладнік, да якога прычэплена ўзрыўчатка на таймеры. Гэрыку і Прайсу даводзіцца ім ахвяраваць дзеля выратавання астатніх закладнікаў.

Дзеянне гульні перамяшчаецца ва Урзыкстан. ЦРУ ўкараняе Алекса ў рэгіён Урзыкстану, які акупаваны расійскімі войскамі, каб ён аказаў дапамогу ўрзыкстанскаму апалчэнню і знайшоў скрадзеную хімічную зброю. Ва Урзыкстане ён знаёміцца з лідэрам апалчэння — Фарай Карым. Апалчэнцы задумалі штурм расійскай авіябазы, але для гэтага ім трэба адцягнуць асноўныя расійскія сілы. Для гэтага Алекс разам з Фарай падрывае расійскія верталётныя пляцоўкі. Пасля адцягнення асноўных сіл апалчэнне атакуе і, у канчатковым выніку, захоплівае авіябазу.

Дзеянне гульні зноў пераносіцца ў Лондан, дзе Кайл Гэрык (які перайшоў у SAS) разам з капітанам Джонам Прайсам і трыма атрадамі брытанскага спецназа зачышчае лонданскую рэзідэнцыю Аль-Каталы, дзе хаваліся ўдзельнікі тэракту на Пікадзілі. Падчас зачысткі спецназаўцы знаходзяць ноўтбук, на якім знаходзіцца інфармацыя аб месцазнаходжанні лідэра Аль-Каталы — Ваўка. Дадзеная інфармацыя перадаецца амерыканскай разведцы.

Інфармацыя аб месцазнаходжанні Ваўка перадаецца Алексу і апалчэнню Урзыкстана. Ён знаходзіцца ў шпіталі ў адным з гарадоў Урзыкстану. У штурме шпіталя, акрамя Алекса і ўрзыкстанскага апалчэння, удзельнічаюць і амерыканскія марпехі. Падчас штурму Ваўка бяруць у палон і адвозяць у амбасаду ЗША ва Урзыкстане для допыту. Аднак неўзабаве амбасаду акружаюць прыхільнікі Аль-Каталы пад кіраўніцтвам намесніка Ваўка — Мясніка. Тэрарысты атакуюць амбасаду і, нягледзячы на намаганні Алекса, Фары Карым і прыбылых да іх Гэрыка і Прайса, вызваляюць Ваўка.

Ваўку трэба пакінуць горад, каб яго назад не ўзялі ў палон апалчэнцы. Адзіным шляхам адыходу з горада з’яўляецца так званая «дарога смерці», дзе апалчэнцы разам з Фарай, Алексам і Хадзірам (братам Фары) і ладзяць засаду. Засада не атрымоўваецца, бо ў Аль-Каталы ўсё роўна лікавая перавага. Аднак сітуацыю ратуюць расійскія войскі, якія знішчаюць тэрарыстаў, але атакуюць і апалчэнцаў. Апалчэнне не можа стрымліваць напад рускіх, і Хадзір, нечакана для ўсіх, ужывае расійскую хімічную зброю. Высвятляецца, што тады ў Кастовіі на Алекса і амерыканцаў напаў Хадзір з яго прыхільнікамі, а не баевікі Аль-Каталы. Таксама высвятляецца, што Хадзір у тайне ад Фары дамовіўся з Ваўком і Мясніком на кааліцыю супраць расійскіх войскаў.

Гульня пераносіцца на 20 гадоў таму, у 1999 год. У гэтым годзе расійская армія пачала ўварванне ва Урзыкстан. Гульня паказвае матывацыю Фары і Хадзіра змагацца супраць расійскага войска і генерала Баркова. Так, пры пачатку ўварвання з-за дзеянняў расійскіх войскаў загінулі маці і бацька Фары і Хадзіра, а самі дзеці былі змешчаныя ў турму для дысідэнтаў.

Дзеянне гульні пераносіцца ў сучаснасць. Алекс перадае свайму начальніку Кейт Ласвэл інфармацыю аб супрацоўніцтве Хадзіра з Аль-Каталай. У сваю чаргу, Кейт перадае меркаваныя каардынаты месцазнаходжання Ваўка і дае загад на яго знішчэнне. Атрад з Фары, Прайса, Гэрыка і Алекса накіроўваецца па каардынатах, знішчае Ваўка і вяртаецца на базу. На базе яны даведваюцца, што урзыкстанскае апалчэнне ўнесена ў міжнародны рэестр тэрарыстаў, а значыць, і Фара Карым становіцца ворагам ЗША і ўсяго свету. Нягледзячы на гэта, Алекс прымае рашэнне застацца ў шэрагах апалчэння і працягнуць барацьбу з Барковым і Аль-Каталай.

Дзеянне гульні ізноў пераносіцца ў мінулае, у 2009 год. Гульня паказвае, як ужо пасталелыя Хадзір і Фара Карым збягаюць з расійскай турмы для дысідэнтаў з дапамогай тады яшчэ лейтэнанта SAS Джона Прайса.

Гульня вяртае нас у сучаснасць, у Санкт-Пецярбург, куды адправіліся Гэрык і Прайс з мэтай злову Мясніка. У лаўленні Мясніка ім дапамагае рускі лаяліст Мікалай. У выніку Мясніка ловяць, катуюць, выкарыстоўваючы пры гэтым яго жонку і сына. Мяснік выдае дадзеныя аб месцазнаходжанні расійскай хімічнай зброі і Хадзіра. Гулец, у сваю чаргу, можа зрабіць выбар — забіць ці пашкадаваць Мясніка. Калі гулец пашкадуе Мясніка, то яго арыштуе расійская паліцыя.

Прайс і Гэрык накіроўваюцца ў Баурчы, у Малдову, у рэзідэнцыю генерала Баркова, дзе Хадзір рыхтуе на яго замах. Гэтага нельга дапусціць, бо забойства Баркова ад рук Хадзіра можа выклікаць сусветную вайну. Брытанцы прадухіляюць замах, бяруць у палон Хадзіра і перадаюць яго Кейт Ласвэл, якая, у сваю чаргу, перадасць былога апалчэнца ў рукі Расіі. Пры гэтым SAS атрымлівае ад Хадзіра інфармацыю аб месцазнаходжанні яшчэ аднаго завода хімічнай зброі Баркова, які знаходзіцца ў Баржомі.

Кааліцыйныя сілы ЦРУ, SAS і урзыкстанскага апалчэння накіроўваюцца ў Грузію на завод Баркова з мэтай знішчэння прадпрыемства і рускага генерала. Падчас штурму Алекс гіне, завод знішчаецца, а Фара Карым забівае Рамана Баркова.

Гульня заканчваецца эпілогам, у якім расказваецца, што Віктар Захаеў стаў новым лідэрам Аль-Каталы, аб’яднаў пад крылом Аль-Каталы расійскіх сепаратыстаў і ўльтранацыяналістаў, і гэтая групоўка пачала нападаць на расійскія ваенныя базы. Для барацьбы з гэтай тэрарыстычнай арганізацыяй Джон Прайс стварае спецпадраздзяленне АТГ-141, якое складаецца з Кайла Гэрыка, Джона Мактавіша і Саймана Райлі.

Крытыка[правіць | правіць зыходнік]

У Расіі на гульню звярнулі ўвагу федэральныя тэлеканалы. У рэпартажы ад РЕН ТВ было згадана, што спецыяльна для рускай лакалізацыі змякчылі тэрміны, а «расійскае войска» ў субтытрах замянілі на «наймітаў Баркова» — выдуманага дзейнага генерала расійскай арміі. Таксама былі ўзятыя інтэрв’ю ў расійскага стрымера Іллі Мэдзісана і гульнявога журналіста і стрымера Антона Логвінава — першы распавёў пра амерыканскую прапаганду, а другі аказаўся незадаволены тым, што распрацоўшчыкі не да канца раскрылі тэму жахаў вайны[15]. Следам за РЕН ТВ свой сюжэт аб гульні выпусціў канал Расія-24, у якім рэпарцёры адзначылі некаторыя разыходжанні з рэальнасцю, дзе ў выдуманым свеце Расіі прыпісваюць злачынствы, якія здзейснілі ЗША (Шаша смерці)[16].

Зноскі

  1. Call of Duty: Modern Warfare for PC Reviews. Metacritic. CBS Interactive. Архівавана з першакрыніцы 6 лістапада 2019. Праверана 10 студзеня 2019.
  2. Call of Duty: Modern Warfare for PlayStation 4 Reviews. Metacritic. CBS Interactive. Архівавана з першакрыніцы 8 снежня 2019. Праверана 10 студзеня 2019.
  3. Call of Duty: Modern Warfare for Xbox One- Metacritic. www.metacritic.com. Архівавана з першакрыніцы 1 лістапада 2019. Праверана 1 кастрычніка 2019.
  4. Call of Duty: Modern Warfare for PC- GameRankings. www.gamerankings.com. Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2019. Праверана 2 снежня 2019.
  5. Call of Duty: Modern Warfare for PlayStation 4 - GameRankings. www.gamerankings.com. Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2019. Праверана 2 снежня 2019.
  6. Call of Duty: Modern Warfare for Xbox One - GameRankings. www.gamerankings.com. Архівавана з першакрыніцы 5 снежня 2019. Праверана 2 снежня 2019.
  7. Call of Duty: Modern Warfare (англ.). OpenCritic. Архівавана з першакрыніцы 31 снежня 2019. Праверана 2 снежня 2019.
  8. Reiner, Andrew. Call of Duty: Modern Warfare Review – A New Theater of War. Game Informer (24 кастрычніка 2019). Архівавана з першакрыніцы 27 кастрычніка 2019. Праверана 27 кастрычніка 2019.
  9. Plagge, Kallie. Call of Duty: Modern Warfare Review - Horrors of War. GameSpot (26 кастрычніка 2019). Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2019. Праверана 29 кастрычніка 2019.
  10. West, Josh. Call of Duty: Modern Warfare review: clearer in its vision and execution than its spiritual predecessor. GamesRadar+ (24 кастрычніка 2019). Архівавана з першакрыніцы 25 кастрычніка 2019. Праверана 27 кастрычніка 2019.
  11. Обзор Call of Duty: Modern Warfare (руск.). Игры Mail.ru. Праверана 29 лістапада 2019.
  12. Обзор Call of Duty: Modern Warfare (2019) - Для тех, кому за 30 (руск.). PlayGround.ru. Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2019. Праверана 30 кастрычніка 2019.
  13. Обзор Call of Duty: Modern Warfare. Хорошая игра, плохие русские (руск.). Гульняманія. Архівавана з першакрыніцы 31 кастрычніка 2019. Праверана 31 кастрычніка 2019.
  14. Call of Duty: Modern Warfare — кривое зеркало современного мира. Рецензия (руск.). 3DNews (2 лістапада 2019). Архівавана з першакрыніцы 2 лістапада 2019. Праверана 2 лістапада 2019.
  15. Что рассказали в репортаже «Рен-ТВ» о скандальной Call of Duty: Modern Warfare?. Гульняманія. Архівавана з першакрыніцы 29 кастрычніка 2019. Праверана 30 кастрычніка 2019.
  16. «Есть такие люди — геймеры»: о чём репортаж «Первого канала» про Call of Duty: Modern Warfare. Гульняманія. Архівавана з першакрыніцы 30 кастрычніка 2019. Праверана 30 кастрычніка 2019.