Дэлавэрская чайка даўжынёй ад 41 да 49 см, размах крылаў складае ад 112 да 124 см. Целасклад стройны, галава буйная. Доўгія, тонкія крылы завостраныя на канцы. Хвост кароткі, прамы. Задні палец ногі не тычыцца зямлі. Дзюба адносна кароткая і тонкая, з кручкападобнай вяршыняй.
У дарослай чайкі светла-шэрая спіна і крылы. Вяршыні махавых пёраў чорныя. Астатняе апярэнне белае. Ногі і радужыны жоўтыя. Вока акружана тонкім, чырвоным і неапераным кольцам. У шлюбным уборы галава чыста белая, жоўтая дзюба мае чорную папярочную паласу перад вяршыняй.
Спектр харчавання дэлавэрскай чайкі шырокі — ад рыб і бесхрыбтовых, такіх як насякомыя, ігласкурыя, чарвякі, слімакі і малюскі, да падалі. Рыбу птушкі актыўна вылоўліваюць з вады, а чарвякоў і насякомых здабываюць на лугах. Пошукі харчавання вядуць таксама ў гарадах, напрыклад, на звалках смецця. На ўзбярэжжы і берагах корміцца малюскамі і іншымі бесхрыбтовымі. У перыяд гнездавання чайка селіцца на ўнутраных вадаёмах. Гняздо будуецца на зямлі ў зарасніках травы. Яно ўяўляе сабой конусападобную пабудову з расліннага матэрыялу, такога як трава, чарот, лісце і іншае з ямкай у цэнтры. Птушкі гняздуюцца калоніямі.
Зноскі
↑Welcome(англ.). IOC World Bird List (v). Праверана 16 жніўня 2021.