V Усебеларускі з’езд Саветаў
Пя́ты Усебелару́скі з’езд саве́таў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 9 — 15 студзеня 1924 года ў Мінску.
Прадстаўніцтва на з’ездзе
[правіць | правіць зыходнік]Прысутнічала 236 дэлегатаў з рашаючым і 90 з дарадчым голасам.
Парадак дня
[правіць | правіць зыходнік]- аб міжнародным і ўнутраным становішчы СССР (В. А. Багуцкі);
- справаздача ўрада БССР (А. Р. Чарвякоў);
- справаздача аб выкананні дзяржаўнага і мясцовага бюджэту за 1923 і зацвярджэнне на 1924 год (С. Я. Талунціс);
- аб раянаванні Беларусі і рэарганізацыі савецкага апарату;
- даклад Наркамата земляробства БССР аб плане землеўпарадкавальных работ на 1924 год і аб сельгаскрэдыце (А. С. Славінскі, Н. Л. Аксючыц);
- даклад Наркамата асветы БССР (У. М. Ігнатоўскі, А. В. Баліцкі);
- аб зацвярджэнні Канстытуцыі СССР (А. Х. Гетнер);
- выбары членаў Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР і дэлегатаў на II Усесаюзны і VI Надзвычайны Усебеларускі з’езды Саветаў;
- бягучыя справы.
Рашэнні з’езда
[правіць | правіць зыходнік]З’езд ухваліў дзейнасць СНК БССР, у тым ліку па ўтварэнні СССР, зацвердзіў пастановы ЦВК і СНК БССР аб уступленні Беларускай ССР у Саюз ССР; адобрыў праект Канстытуцыі СССР і даручыў ЦВК прывесці Канстытуцыю БССР у адпаведнасць з Канстытуцыяй СССР. Вітаў рашэнне працоўных Гомельскай, Віцебскай і Смаленскай губерняў уключыць у склад БССР раёны гэтых губерняў з большасцю беларускага насельніцтва, даручыў ураду БССР падрыхтаваць з адпаведнымі органамі ўлады РСФСР і СССР аб’яднанне і зацвердзіць яго на VI Надзвычайным Усебеларускім з’ездзе Саветаў. З’езд адзначыў, што эканоміка БССР развіваецца паспяхова і зацвердзіў бюджэт рэспублікі на 1923—1924 гады.
З’езд прыняў рашэнне аб плане ўвядзення Усеагульнага навучання (на працягу 10 гадоў) і ліквідацыі непісменнасці насельніцтва Беларусі; прызнаў неабходным перагледзець сістэму народнай асветы (сувязь з вытворчасцю, развіццё прафесіянальнай адукацыі), звярнуў увагу на развіццё культурна-асветніцкай работы сярод працоўнага сялянства, умацаванне сеткі культурна-асветніцкіх устаноў.
З’езд паслаў прывітанні ЦК РКП(б) і У. І. Леніну.
З’езд прадоўжыў паўнамоцтвы ЦВК, выбранага на Чацвёртым Усебеларускім з’ездзе Саветаў, да склікання VI Надзвычайнага Усебеларускага з’езда Саветаў; выбраў 4 дэпутата ў Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР (адно месца пакінуў Віцебскай губерні), 19 дэлегатаў з рашаючым і 6 з дарадчым голасам на II Усесаюзны і 115 з рашаючым і 115 з дарадчым голасам на VI Надзвычайны Усебеларускі з’езды Саветаў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Постановления Пятого Всебелорусского съезда Советов. Мн., 1924;
- Съезды Советов Союза ССР, союзных и автономных советских социалистических республик: С6. док. Т. 5. М., 1964.