III Усебеларускі з’езд Саветаў
Трэ́ці Усебелару́скі з’езд Саве́таў рабо́чых, салда́цкіх і чырво́наарме́йскіх дэпута́таў. Адбыўся 10 — 16 снежня 1921 года ў Мінску.
Прадстаўніцтва на з’ездзе
[правіць | правіць зыходнік]Прысутнічалі 183 дэлегаты з рашаючым і 33 з дарадчым голасам ад шасці паветаў Мінскай губерні (Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі).
Парадак дня
[правіць | правіць зыходнік]- справаздачы ЦВК і СНК БССР (А. Р. Чарвякоў),
- справаздача Надзвычайнай Камісіі БССР (Я. К. Ольскі),
- справаздача Наркамата земляробства БССР (А. С. Славінскі),
- справаздача Наркамата асветы БССР (У. М. Ігнатоўскі),
- міжнароднае і ўнутранае становішча савецкіх рэспублік (В. Г. Кнорын),
- новая эканамічная палітыка і работа Эканамічнай нарады (А. І. Вайнштэйн),
- аб правядзенні харчпадатку ў БССР (І. А. Адамайціс),
- аб працоўнай і гужавой павіннасці (Б. Э. Аршанскі),
- аб аднаўленні прамысловасці Беларусі (Вайнштэйн),
- аб савецкім будаўніцтве і арганізацыі ўлады на месцах (Я. А. Адамовіч),
- аб рабоце БДУ (У. І. Пічэта),
- аб кааперацыі (Я. Л. Дыла),
- аб сялянскіх камітэтах узаемадапамогі (М. А. Мар’ясін),
- аб падатковай палітыцы (Л. М. Шагаль),
- аб дапамозе галадаючым Паволжа (Я. А. Адамовіч),
- Даклады:
- Адміністрацыйнай камісіі па пытаннях адміністрацыйнага падзелу БССР,
- мандатнай камісіі,
- выбары ЦВК БССР,
- выбары дэлегатаў на IX Усерасійскі з’езд Саветаў.
Рашэнні з’езда
[правіць | правіць зыходнік]З’езд падвёў вынікі дзейнасці ЦВК і СНК БССР і ацаніў іх як станоўчыя. Адзначалася, што палітыка суцэльнай нацыяналізацыі прамысловасці і харчразвёрстка скончыліся крахам, з 2-й паловы 1921 года пачаўся перавод прамысловасці Беларусі на рэйкі новай эканамічнай палітыкі (нэпа). Гэты працэс суправаджаўся цяжкасцямі, бо эканоміка краю ў выніку войнаў і акупацый прыйшла ў заняпад. 3 увядзеннем нэпа ўзнікла пытанне пра адраджэнне гаспадарчых сувязей паміж рабочымі і сялянамі, пераход ад харчразвёрсткі да харчпадатку, ад прадуктаабмену да таварна-грашовых рыначных адносін.
У дакладзе аб аднаўленні прамысловасці гаварылася пра закрыццё нерэнтабельных і зняцце з дзяржаўнага забеспячэння шэрагу прадпрыемстваў, выкарыстанне прыватнага капіталу. Урад дазволіў здаць стратныя фабрыкі і заводы ў арэнду кааператывам і прыватным асобам, даў магчымасць развівацца саматужнай прамысловасці і дробнаму рамяству. У рэзалюцыі па гэтым пытанні звернута ўвага на разумнае выкарыстанне лясных багаццяў (адзначалася, што яны знішчаны на 20 гадоў наперад), развіццё электратэхнічнай прамысловасці, рээвакуацыю вывезеных у час вайны металургічных заводаў, здабычу торфу, неабходнасць наладжвання гаспадарчых сувязей, далучэння да БССР Магілёўшчыны, Смаленшчыны і Віцебшчыны, якія маюць тыя ж нацыянальна-культурныя і эканамічныя асаблівасці, што і Міншчына.
З’езд канстатаваў, што рэквізіцыя збожжа ў сялян па хачразвёрстцы выклікала шматлікія ўзброеныя выступленні, якія савецкая ўлада называла бандытызмам, а паўстанцаў — бандытамі. Вясной—летам 1921 года сялянскія паўстанні ўспыхнулі ў многіх паветах і для барацьбы з імі быў створаны Рэўваенсавет Мінскага раёна. Ухвалена дзейнасць Надзвычайнай камісіі (ЧК) па падаўленні сялянскіх выступленняў. З’езд вызначыў мерапрыемствы па ўздыме і развіцці сельскай гаспадаркі. Замена харчразвёрсткі харчпадаткам выклікала зацікаўленасць у селяніна да паляпшэння сваёй гаспадаркі, давала магчымасць прадаваць лішкі на рынку. Падкрэслівалася неабходнасць размеркавання памешчыцкіх зямель, прапаганды лепшых спосабаў гаспадарання, арганізацыі кааператываў на вёсцы, ператварэння маёнткаў у савецкія гаспадаркі (саўгасы), свабоднага выбару форм землекарыстання. Паведамлялася, што харчпадатак у БССР выкананы на 60%. З’езд заклікаў да канца года закончыць яго збор, а ў адносінах да тых, хто ўтойваў колькасць пасеваў, дазволіў ужываць «самыя рашучыя кары».
У рэзалюцыі па народнай асвеце звярталася ўвага на пашырэнне беларускай школы на вёсцы, правядзенне культурна-асветніцкай работы на мясцовых мовах, ліквідацыю непісьменнасці, актывізацыю выдання кніг, размяшчэнне школ у нацыяналізаваных маёнтках.
Шмат увагі з’езд аддаў абмеркаванню пытання дапамогі галадаючым Паволжа. Фонд дапамогі фарміраваўся з адлічэнняў з зарплаты рабочых і служачых, шляхам самаабкладання сялян. Акрамя адпраўкі збожжа і грошай Беларусь павінна была прыняць 1 300 дзяцей з Чувашыі (яшчэ да з’езда ў рэспубліку прыехалі ўжо «самацёкам» 1,5 тысячы чалавек).
З’езд выбраў ЦВК БССР з 60 членаў і 12 кандыдатаў, дэлегатаў на IX Усерасійскі з’езд Саветаў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Трэці Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн. : БелЭн — С. 535.
- Трэці Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, салдацкіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16). — С. 17—18